Частка ІI.

Умбэрта Эка ў артыкуле «Вечны фашызм» (ур-фашызм) даў абагульненае апісаньне брунатнай чумы і вылучыў 14 яе прыкметаў. У папярэдняй частцы я разгледзеў, як 5 фашыстоўскіх прыкметаў праяўляюцца ў сёньняшняй Беларусі. Засталося праверыць шчэ 9 рысаў.

6. «Ур-фашызм нараджаецца з індывідуальнай альбо сацыяльнай фрустрацыі… Усе гістарычныя фашызмы абапіраліся на фрустраваную сярэднюю клясу» [1].

У пасьлясавецкіх умовах гаварыць пра сярэднюю клясу цяжка, але, што да фрустрацыі, то яе на пачатку 90-х было ўволю. Цікава, што лукашэнкаўскі рэжым мусіць падтрымліваць гэтую фрустрацыю фальшывымі ці яўнымі ўзгадкамі, калі «ўсе былі жабракі» і «рускія на чамаданах сядзелі».

7. «У аснове фашыстоўскай псыхалёгіі закладзеная апантанасьць ідэяй змовы, па магчымасьці міжнароднай. Месьцічы павінны адчуваць сябе ў асадзе.» [2]

Дастаткова ўключыць беларускую тэлевізію, каб убачыць — і гэтую асаду, і татальную змову. «Ворагі, ворагі, вакол ворагі», «злобная Амэрыка», Эўропа, што падпарадкоўваецца «заморскім гаспадарам», і нават «у Крамлі акапаліся ворагі».

Трапна пазьдзекваліся з гэтага «Навінкі»: у адным зь першых сваіх нумароў яны далі мапу Беларусі з далучанай да яе Расеяй, а вакол — «ворагі, ворагі, ворагі».

Параноя на змовах ёсьць сталаю прыкметаю лукашызму.

8. «Месьцічы мусяць адчуваць сябе пакрыўджанымі праз тое, што ворагі выстаўляюць напаказ сваё багацьце, выхваляюцца сілай… Ворагі малююцца адначасова і як занадта моцныя, і занадта слабыя. Таму фашызмам наканавана заўжды праігрываць войны: яны ня здольныя аб’ектыўна ацаніць баяздольнасьць суперніка.» [3]

Беларуская апазыцыя заўжды малюецца і як магутная, і як лядашчая, дэмакратыі — як моцныя, і нікчэмныя.

Мясцовы фашызм і сабе хлусіць — і непазьбежна пацерпіць паразу.

9. «Пацыфізм тоесны братаньню з ворагам. Пацыфізм заганны, таму што жыцьцё ёсьць вечная барацьба[4]

Карціны Андрэя Кудзіненкі на вайсковыя тэмы выклікалі азлабленьне рэжыму, бо грунтавалаліся на хрысьціянскай маралі, рэжысэр адмаўляўся глядзець на людзей праз аптычны прыцэл. Фільм «Акупацыя. Містэрыі» забаронены на тэрыторыі Беларусі, а паэтычную дакумэнтальную стужку «Плянэта ХХ» абвінавацілі ў прапагандзе «пацыфізму… і фашызму».

Мілітарнасьць — у вайсковых парадах і маршальскім мундзіры, у сутаргах «Беларусьфільму» («Вам заданьне», «Глыбокая плынь») — але культ вечнае барацьбы вялы. Рэжым агрызаецца, а не атакуе, «апошняя вайна» хутчэй была, а не набліжаецца. Хай сабе «Духоўная вайна» і сьцьвярджае вайну пэрманэнтную.

10. «Пагарда да слабага.

Ур-фашызм прапаведуе папулісцкі элітарызм… У такіх грамадзтвах, арганізаваных іерархічна (па мілітарнай мадэлі), кожны асобны правадыр пагарджае, з аднаго боку, вышэйшымі, а зь іншага — падпарадкаванымі. Такім чынам узмацняецца масавы элітарызм[5]

Садамазахісцкая адбудова беларускае вэртыкалі даўно не зьяўляецца сакрэтам ня толькі для самой вэртыкалі, але й для шырокае публікі. Масавая лупцоўка чыноўнікаў на сэлектарных нарадах — гэта знакамітая народная забава, што рэгулярна трансьлюецца ў жывым этэры на ўсю краіну.

11. «У ідэалёгіі ур-фашызму гераізм — гэта норма. Культ гераізму непасрэдна злучаны з культам сьмерці… Герою ур-фашызму карціць памерці.» [6]

Паколькі «вечная барацьба» і «апошняя бойка» для «пастаральнае» дыктатуры хутчэй рытарычныя, то і культ сьмерці нейкі пазаціраны. Ён прысутнічае на палітзанятках у карнікаў [7] — але ў шырокай аўдыторыі выглядае, як анэкдот. Так гадоў зь пяць таму Сева Янчэўскі, тагачасны лідар БРСМ, прызнаўся, што гатовы памерці за Лукашэнку.

Карціць паглядзець на выкананьне гэтага абяцаньня.

12. «Паколькі, як пэрманэнтная вайна, так і гераізм — даволі складаныя гульні, ур-фашызм пераносіць сваю прагу да ўлады на полавую сфэру. На гэтым заснаваны культ мужнасьці (гэта значыць пагарда да жанчыны і бязьлітасны перасьлед любых неканфарміскіх сэксуальных звычак: ад цнатлівасьці да гомасэксуалізму). Паколькі й пол — гэта даволі складаная гульня, герой ур-фашызму граецца зь пісталетам, гэта значыць эрзацам фаласу.» [8]

Дрэнныя дыпляматы, якія «разводзяць галубізну», «апазіцыянэры-пэдэрасты» — лебядзіныя песьні прапагандовай вайны. А калі ворагаў няма — іх прыдумляюць. Тым болей, што галоўны клапатун — зусім не ўзор для сямейнага перайманьня.

Упартая вайна ў жаўнерыкі, вайсковыя парады… Ва ўмовах татальнай «амапізацыі» пісталет заменены гумавымі дручкамі.

Нярэдка зьяўляецца й клюшка…

13. «Ур-фашызм грунтуецца на якасным… папулізме… У вачох ур-фашызму індывідум ня мае правоў асобы, а Народ выступае, як якасьць, маналітнае адзінства з сукупнай воляй. Паколькі ніякая колькасьць чалавечых істотаў насамрэч ня можа мець сукупную волю, Правадыр прэтэндуе на тое, каб прадстаўніцтваваць ад усіх… Народ… існуе як фэномэн выключна тэатральны.

…Ур-фашызм накідваецца на «прагнілыя парлямэнцкія дэмакратыі». Першае, што заявіў Мусаліні у сваёй прамове ў італьянскім парлямэнце, было: «Хацелася бы мне пераўтварыць гэтую глухую, шэрую залю ў спартовы пляц для маіх хлопцаў…

Кожны раз, калі палітык ставіць пад сумнеў легітымнасьць парлямэнту, таму што той быццам бы ўжо не адлюстроўвае «настроя народу» яўна адчуваецца смурод Вечнага фашызму.» [9]

Гэты гаваркі пункт можна пакінуць без камэнтароў.

14. «Ур-фашызм размаўляе на Навамоўі…» [10]

Мова лукашызму — гэта не ўзоры оруэлаўскага Ангсоцу, але на базарнае новамоўе пацягне. Нішчымны савецка-расейскі канцылярыт, разбаўлены кананізаванымі «адмарозкамі», «прынятымі з дакладам», «бітвамі за ўраджай», «дзерьмакратамі» — і другімі няхітрымі словамі лаянкі.

І гэта тройчы бедная мова: як савецкі вылюдак, як чужастэрыльная расейская лексіка — і як афіцыёзныя брыдкаслоўі.

Выказвацца на гэтай мове немагчыма — можна толькі аблайвайць.

Няхай нікога не засмучае, што далёка ня ўсе пункты ур-фашызму ў Беларусі прысутныя, а ключавыя ягоныя рысы — традыцыяналізм і расізм — праявіліся адмыслова.

Як папярэджвае Ўмбэрта Эка, «дастаткова прысутнасьці хаця бы адной з [характарыстык], каб пачала кандэнсавацца фашыстоўская туманнасьць» [11].

Вынаходнік фашызму Бэніта Мусаліні быў пакараны сьмерцю 28 красавіка 1945 году. Ягоны труп, разам зь целам палюбоўніцы, быў падвешаны за нагі.

Канец «букалічнага» фашызму — што ўзгадаваўся ў Беларусі на мяжы ХХІ стагодзьдзя — будзе хутчэй камічным.

______________________________________

[1] Умберто Эко. Вечный фашизм. У кн.: Умберто Эко. Пять эссе на темы этики. СПб: «Симпозиум», 1998, с. 41-42.

[2] Тамсама, с. 42.

[3] Тамсама, с. 42.

[4] Тамсама, с. 42-43.

[5] Тамсама, с. 43

[6] Тамсама, с. 43-44.

[7] У Лацінскай Амэрыцы фашызм актыўна насаджаўся ў сілавых органах: арміі, паліцыі, адмысловых службах (найузорнейшы прыклад Чылі). Сілавы апарат пераўтвараўся ў падабенства фашыстоўскай партыі — без самой партыі. Пры такім раскладзе асобная партыя ўжо непатрэбная.

[8] Тамсама, с. 44.

[9] Тамсама, с. 44-45.

[10] Тамсама, с. 45.

[11] Тамсама, с. 39.