У № 30 «Нашай Нівы», прысьвечаным 15-годзьдзю незалежнасьці Беларусі, зьявіліся два артыкулы, два погляды на бягучую палітычную сытуацыю, аўтары якіх робяць супрацьлеглыя высновы.
Сяргей Навумчык адкамэнтаваў адкамэнтаваў знойдзенае ім у Інтэрнэце фатаграфічнае сьведчаньне таго, што камісія па міжнародных справах палаты прадстаўнікоў засядае пад расейскімі дзяржаўнымі сымбалямі: «Зьлева — чырвона-зялёны сьцяг, а справа — сьцяг Расейскай Фэдэрацыі. А на сьценцы, разам з лукашэнкаўскім гербам, прымацаваны расейскі дзьвюхгаловы арол». Аўтар піша:
«На пачатку 1990-х мы, тагачасныя актывісты БНФ, казалі, што дзяржаўныя сымбалі і мова — гэтак жа важныя, як і эканоміка.
Мы памыляліся.
У параўнаньні са сьцягам, з гербам, з мовай, эканоміка (…) ня мае ніякага значэньня. Удакладняю: яна ня проста менш істотная ці мала істотная — яна ўвогуле ня мае значэньня, калі на карту прастаўлены лёс сымбаляў і мовы. (…)
Гісторыя мае шмат прыкладаў, калі эканоміка адраджалася за некалькі гадоў (…) — Нямеччына на мяжы 1940–1950-х. Але няма ніводнага прыкладу, калі б насельніцтва, якое згубіла нацыянальныя арыенціры, дасягнула б дабрабыту».
Віталь Тарас у сваім эсэ «Незалежнасьць за даляглядам», творы аптымістычным празь «не магу», задаецца пытаньнем: «Дык усё ж ткі ці быў шанец на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў пачаць будаваць „ня толькі незалежную, але й свабодную“ беларускую дзяржаву?» — і карпатліва перабірае страчаныя магчымасьці і набыты досьвед.
Без настойлівага, пры патрэбе — вельмі працяглага, бязьлітаснага аналізу памылак мінулага пэрыяду, гісторык ня зможа напісаць яго гісторыю, а палітык — адгарнуць новую старонку.
«У беларускага народу шанец пабудаваць свабодную й незалежную дзяржаву ня толькі быў, але застаецца», — падсумоўвае эсэіст. Публіцыст С. Навумчык, наадварот, завяршае свой артыкул трывожным: «Некалькі гадоў я спрачаюся з палітолягамі, якія лічаць, што „Незалежнасьці Беларусі нічога не пагражае“. Аргумэнтам яны ня вераць. Магчыма, цяпер яны павераць уласным вачам?»
Спадзяваньне на «раптам»
15 гадоў незалежнасьці — сапраўды істотны часавы адрэзак, каб прыпыніцца і агледзецца.
Калі я пачаў ужо занатоўваць разважаньні, справакаваныя тымі артыкуламі, на сайце «Беларуская салідарнасьць» (www.bielarus.net) зьявіўся новы артыкул Зянона Пазьняка.
«Калі б цяпер раптам абваліўся рэжым Лукашэнкі, то да ўлады ў Беларусі (пры дапамозе Масквы, калякіных і лябедзек) прыйшлі б зноў антыбеларускія сілы», — піша ў ім лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Больш за пагардлівае стаўленьне да палітычных апанэнтаў мяне ў ім зачапіла гэтае «раптам».
Бо рэжым — які б несправядлівы ён ні быў, нават такі нялюдзкі, як Кімаў у Карэі, нат такі карумпаваны, як у Азэрбайджане, — ніколі не абвальваецца раптам. Ён можа абваліцца толькі ў выніку дзеяньня, ці, па-грэцку кажучы, прагмы тых, хто зычыць Беларусі іншага жыцьця. Настойлівых выхадаў на Плошчу, галасаваньняў супраць, байкотаў, падтрымак і г. д.
Іначай мы мусілі б пагадзіцца зь іншай думкай В.Тараса: «Незалежнасьць звалілася на Беларусь як сьнег на галаву». Ад яе недалёка і да каляніяльнага адмаўленьня галоўным лукашэнкаўскім ідэолягам Рубінавым суб’ектнасьці беларусаў, наяўнасьці ў іх палітычнай волі, інстынкту незалежнасьці:
«Ведь Беларусь смогла стать самостоятельным государством не вопреки, а благодаря усилиям советской страны, прежде всего братского российского народа. Без его деятельной помощи мы никогда не смогли бы в столь короткие сроки развиться из бедной, аграрной, малограмотной окраины Российской империи в мощную страну с развитой наукой, образованием, промышленностью, культурой, с подготовленными институтами государственного управления. И вовсе не борьба за национальную независимость привела к отделению Беларуси от Союза, а тектонические исторические процессы, которые произошли вопреки воле и желанию белорусского народа» («Советская Белоруссия», 28 ліпеня) — і ўпартага нежаданьня прызнаць фактам стогадовую дзейнасьць беларускіх «будзіцеляў нацыі», якія почасту плацілі за яе ў Трасьцянцах і Курапатах, але насеньне якой прарасло праз жоўты пясочак.
Старэйшыя беларускія палітыкі сфармаваліся як палітыкі ў пэрыяд «тэктанічных», як піша Рубінаў, зрухаў, часам непадуладных чалавечаму ўспрыманьню (нават Буш-старэйшы, самая абазнаная асоба ў сьвеце, за лічаныя месяцы да путчу ў 1991 годзе ў Кіеве засьцерагаў Украіну ад незалежнасьці). Але цяпер іншы палітычны пэрыяд — стабільнасьці, які яшчэ толькі гадоў дзесяць таму пачаўся, а, значыць, да канца якога мусіць быць далёка. Разважаньні пра «раптам», пра «што было б, калі» цікавыя літаратурна, але бессэнсоўныя, нясвоечасовыя палітычна.
Грэх летуценнасьці
Віталь Тарас піша пра віну інтэлігенцыі за тое, што здарылася ў Беларусі ў 1995–2000 гадах: за патаптаньне нацыянальнай культуры, а сьледам і палітычных свабодаў.
Гэта нечакана. Раней вінавацілі іншых. Палітыкі — палітолягаў, інтэлігенцыя — палітыкаў, народ — правадыроў. В.Тарас абвінаваціў сябе. Мая павага яму за гэта. Але я хацеў бы тройчы ўдакладніць ягонае абвінавачаньне.
1) Найбольшую віну я бачу ня ў тым, што беларуская інтэлігенцыя 90-х не пачала пераменаў зь сябе, не перайшла на мову. Якраз-такі перайшла, не аддала сьвятыні псам. Віна наша бачыцца мне ў тым, што інтэлектуалы не былі рэалістамі. Была пара суцэльных летуценьняў. Ня мелі Масарыка, ня мелі Бальцаровіча. Эстэтыка нязбытнага — гэтым захаплялася і «Наша Ніва». Праекты, бясконцыя праекты, якія часта ня мелі аніякага грунту пад сабою, прыгожыя ідэі паветраных замкаў, забаўныя містыфікацыі замест дробязнай, малапрыемнай арганічнай працы — «Беларускія егерскія службы» і «Правыя рэваншы» замест Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. Форма мела больш значэньня за зьмест. Хараство — за трываласьць.
Гэта ўсё было трэба. Так, мы мелі сплянаваць нацыянальны дзяржаўны дом, адбудаваць яго цалкам наноў з савецкай панэльнай руіны, а для таго мусілі даць сабе натхняльныя ідэі, апладніць крэатывам пякельна цяжкую працу. Напэўна, мы былі малаверныя, раз столькі сілаў у нас пайшло проста на тое, каб захапіць сябе. Але адно дакладна: мы не маглі замяніць дом на новы, мы будавалі не з нуля, мусілі ўлічваць асаблівасьці канструкцыі таго будынку, які мелі.
2) Нацыянальныя палітыкі 90-х паходзілі з інтэлігенцыі. Няма чаго каму процістаўляць. І от гэтае дактрынёрства і пражэкцёрства — яно было аднолькава ўласьцівае інтэлектуалам і палітыкам.
Нарэшце, 3). Аналізуючы, ці мелі мы шанец, ці магла Беларусь застацца дэмакратычнай краінай, не спаўзьці да васальнай залежнасьці ад Масквы, В.Тарас не зьвяртаецца да эканамічных фактараў. Між тым бяз гэтага немагчыма зразумець найноўшую гісторыю Беларусі. Аналіз аднаго толькі стану элітаў, нават калі ўсё гэта робіцца ў комплексе з аналізам гістарычных перадумоваў, духоўнага стану краіны і значэньня асобы А.Лукашэнкі, няздатны патлумачыць унікальную для Цэнтральнай Эўропы эвалюцыю Беларусі, калі не дапоўніць яго заглыбленьнем у эканамічныя працэсы, што адбываліся ў краіне й рэгіёне.
БНФ і эканоміка
С.Навумчык у сваёй новай кнізе «Сем гадоў Адраджэньня, альбо Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)», апублікаванай у часопісе «ARCHE», вычарпальна паказвае, якім чынам Народнаму Фронту і Пазьняку, гэтаму генію палітычнай тактыкі, у 1991-м удалося выціснуць з рэвалюцыйнай сытуацыі максымум пры мінімуме рэсурсаў. Але аўтар фактычна ўнікае аналізу прычыны паразаў Народнага Фронту на выбарах 1990-га і 1994–1995 гадоў. Ён абмяжоўваецца канстатацыяй слабасьцяў нацыянальнага руху і неспрыяльнасьці абставінаў.
С.Навумчык не наважваецца прызнаць: у тых палітычных кампаніях і іхных вулічных працягах БНФ прайграў, бо ня здолеў перацягнуць на свой бок большасьці насельніцтва. А чаму ня здолеў?
Таму што беларуская сьвядомасьць зарадзілася позна і не пасьпела ўмацавацца. Таму што пасьляваенная нацыянальная інтэлігенцыя масава загразла ў калябарацыі й канфармізьме. Таму што структура беларускай эканомікі прывязвала насельніцтва да Расеі. Так, так, але гэта мінулае, гэта дадзенасьць, зь якой трэ было працаваць.
«Будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага», — зьвяртаўся да францускіх студэнтаў-бунтароў Жан-Поль Сартр. Тыя студэнты пацярпелі ганаровую паразу. Якую можна назваць і маральнай перамогай. Ці ня тое самае здарылася з БНФ?
У сваёй кнізе С. Навумчык прызнае, што бізнэс на пачатку 90-х не падтрымліваў БНФ, але не гаворыць, што БНФ не зрабіў, лічы, нічога, каб зацікавіць бізнэс. Ён ня здолеў даць пераканаўчых аргумэнтаў для тых, для каго эканоміка значыць найбольш. І гэта тыя, хто найбольш уплывае: кіраўнікі прадпрыемстваў і лідэры бізнэсу. Больш за тое, ён пасьлядоўна аб’яўляў бой «чырвоным памешчыкам». БНФ, да прыкладу, дэкляраваў апору на фэрмэраў, якіх у краіне было 3000, а не на калгасьнікаў, якіх было 500 000. (Да слова, тая самая «падтрымка фэрмэраў і ўсіх формаў уласнасьці» прыкачавала ў сваёй незаплямленасьці да праграмы А.Мілінкевіча.)
Лідэр БНФ абмяжоўваўся, і лідэры КХП БНФ і ПБНФ дагэтуль абмяжоўваюцца, вельмі агульнымі эканамічнымі пастулятамі. БНФ амаль ня меў эканамістаў (куды, дарэчы, падзеўся сп.Заблоцкі, якога апазыцыя БНФ меркавала ў прэм’еры?), ня меў рэалістычнае эканамічнае праграмы, дый нават эканамічных інтарэсаў, але пры гэтым ідэя кампрамісу зь сіламі, якія такія кадры мелі, такія інтарэсы мелі, была лідэрам Фронту не да разгляду.
Яны баяліся людзей, якіх слаба зналі, баяліся страціць чысьціню сваёй формы. Народны Рух Украіны, як відно з вышыні гадоў, баяўся гэтага меней.
Лепей памерці ў гордай цноце, чым перамагчы сярод бруду, прыкладна так, мяркую, мысьлілі многія нацыянальныя палітыкі-інтэлігенты 90-х. У выбарах — ня ўдзельнічаць. Эканоміку ігнараваць, бо ў ёй сам чорт нагу зломіць. Зь бізнэсам ня мець нічога супольнага, каб ня дай Бог не запэцкаць рук. Лукашэнку як здрадніка Радзімы не заўважаць. За палітычныя памылкі пачатку 90-х прыйшло пакараньне. Цяпер палітычнае жыцьцё ў краіне адстунічае, а магчымасьці колішніх лідэраў думак зводзяцца да пісаньня адозваў і разьмяшчэньня іх у Інтэрнэце.
Ахметаў і ўкраінская культура
Украінскі алігарх Рынат Ахметаў, які стаіць за Партыяй рэгіёнаў Украіны і Віктарам Януковічам, сёлета стварыў Фундацыю падтрымкі ўкраінскай культуры і прызначыў яе кіраўніком… ідэоляга Майдану, рэктара Кіева-Магілянскай акадэміі Вячаслава Брухавецкага. Гэты фонд, сярод іншага, мае адбудоўваць легендарную казацкую сталіцу Батурын, зруйнаваны дашчэнту Пятром І.
Аляксандар Фядута, які працуе ва Ўкраіне апошні год, тлумачыць гэта ў шырэйшым кантэксьце тым, што ўкраінскія прамыслоўцы, украінскі капітал усьвядомілі: іхны палітычны і эканамічны інтэрас палягае на ўмацаваньні незалежнасьці, адкрыцьці рынку Эўразьвязу — шматабяцальнага для ўкраінскіх тавараў, і атрыманьні ад ЭЗ сродкаў на мадэрнізацыю эканомікі.
Сямашка і птушкі
Кажуць, першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка моцна ганарыцца тым, што за час сваёй працы не пусьціў у Беларусь ніводнага расейскага прадпрымальніка. Кажуць, дырэктарскі корпус ад віцэ-прэм’ера Сямашкі проста ў захапленьні. Кажуць, што ў сапраўднасьці ўстаноўку Сямашку дае той чалавек, які заўважыў яго на сярэднепэрспэктыўным заводзе «Гарызонт» і адправіў ва ўрад. Кажуць, што страўні зь мілымі сэрцу нацыяналістаў назвамі «Салодкі фальварак» і «Ракаўскі бровар» (»…дэмакратаў апошні фарпост…», як сьпявае Бартосік) належаць пэўнаму спадару Чыжу, якому някепска лётаецца ў Драздах, а «Талака» й «Мірскі замак» — сыну іншай дамы з птушыным прозьвішчам.
Для іх расейскі арол у кабінэце ўраджэнца Смаленскай вобласьці Вадзіма Папова нічога ня значыць — маленькая ваенная хітрасьць у вялікай палітычнай вайне за гандлёвыя прэфэрэнцыі і скідкі на энэрганосьбіты. Дзеяньні віцэ-прэм’ера Сямашкі нагадваюць мне дзеяньні ўкраінскага мільярдэра Ахметава. Рэспубліка Беларусь Лукашэнкі дзейнічае як фінансава-прамысловая група. Яна клапоціцца пра абарону сваіх пазыцый, імкнецца памнажаць капітал, дабіваецца зьніжак і льготаў. Калі б яна мела шанец захапіць Маскву, яна б, не вагаючыся, пайшла б на яе захоп. Капітал ня мае бацькаўшчыны. Але такога шанцу «беларуская ФПГ» ня мае і ніколі болей мець ня будзе. Таму нашы Ахметавы бачаць свае эканамічныя інтарэсы ў іншым, хоць пакуль ня бачаць у беларускай культуры гарантыі свайго дабрабыту.
Вышэй я гаварыў на яркім прыкладзе КХП БНФ, але тая самая прыроджаная хвароба няўвагі да эканомікі ўласьцівая ўсёй беларускай дэмакратыі. Многія апазыцыйныя палітыкі й публіцысты мэнтальна застаюцца калі не ў 1991-м, дык у 1999-м. Ігнаруецца нараджэньне новых эканамічных інтарэсаў беларускага бізнэсу і адміністрацыі, якія пагадзіліся на нявыгаднасьці падпарадкаваньня эканамічнага патэнцыялу краіны замежнаму капіталу, дапушчэньня адплыву з краіны прыбавачнай вартасьці. І тое ігнараваньне аказваецца ўзаемным. Беларускі бізнэс ігнаруе палітыкаў, што дэманстратыўна ігнаруюць яго існаваньне і інтарэсы.
Ці значыць гэта, што арол у беларускім парлямэнце — гэта нармальна? Не і не. Але даказваць гэта мусім без дэмагогіі і пазэрства — «эканоміка ня мае ніякага значэньня». Нават у якасьці рытарычнага прыёму С. Навумчыку ня варта сьцьвярджаць прыярытэт сымболікі над эканомікай.
Адной зь іншых бедаў нацыянальнага руху 90-х было тое, што публіцыстыка падмяняла і палітыку, і, з другога боку, навуку.
Калі беларускія нацыяналісты хочуць заручыцца падтрымкай народу, ім варта паклапаціцца пра тое, як пазбыцца іміджу дэмагогаў. Іншая хвароба дэмакратычнай апазыцыі — элітызм, які дазваляе лічыць, што палітык можа прыйсьці да ўлады, не заслужыўшы падтрымкі большасьці выбарцаў. За гэтымі «элітнымі тэорыямі» часам хаваецца ня што іншае, як лянота й пагарда да свайго народу.
Дык чаго ж нам баяцца?
У рыторыцы КХП БНФ нязьменна чапляе падкрэсьлена зьняважлівае стаўленьне да канкурэнтаў. Так было ў часы КПСС, Кебіча, Грыба, раньняга Лукашэнкі. У дачыненьні да палітычных праціўнікаў гэта можа і мела палітычны сэнс (з маральным фатальна сэнсам — плякат «Да, я байстрюк, отец — цыган, об’единю я всех славян», які выносілі ў сярэдзіне 90-х, можна сьпісаць на дзейнасьць правакатараў, але цяжка зацерці ў памяці). Так застаецца і цяпер: нацыянал-кансэрватарам няма розьніцы, на каго навешваць ярлыкі.
Гэтыя палітыкі бачаць сваю задачу не ў перакананьні грамадзтва і ягоным пераўтварэньні, не ў перацягваньні іншых палітычных сілаў на бліжэйшыя да сваіх пазыцыі, а ў захаваньні нацыянальнай ідэі ў яе чыстай форме. Што, на маю думку, не набліжае дэмакратычнай трансфармацыі. Перад намі зноў жа прыклад Украіны — такі слаўлёны палітыкамі КХП БНФ. Умовай гістарычнай перамогі нацыянальнага руху там у 2004 годзе было стварэньне шырокага фронту вельмі розных сілаў, часам далёка ня чыстых, нават такіх, проці каторых нашы мадамы з птушынымі прозьвішчамі здаюцца не бруднейшымі за шамякінскую гандлярку.
Калі канстатуецца вострая пагроза беларускай незалежнасьці (Пазьняк, Навумчык):
З усяго, што я ведаю пра так званую беларуска-расейскую інтэграцыю, гэтыя здымкі (расейскага трыкалёру і арла ў палаце. — Рэд.)7 — найбольш яскравае сьведчаньне таго, як далёка зайшоў працэс, які я ўсё ж вызначыў бы як анэксія. У сучасным сьвеце ня трэба (…) уводзіць дывізіі, каб узяць пад кантроль чужую тэрыторыю. Ёсьць мэханізмы палітычнага, эканамічнага, заканадаўчага паглынаньня (дарэчы, апошнім цяпер і занятая «палата», пасьлядоўна праводзячы «ўніфікацыю» беларускага заканадаўства пад расейскае), — то лягічнай рэакцыяй было б шукаць тое, што паядноўвае з самымі нямысьлімымі партнэрамі дзеля яе абароны, а зусім не выпячваньне таго, што падзяляе.
Прагма і працэнты
Неўзабаве выйдзе з друку новая праца Валера Булгакава «Гісторыя беларускага нацыяналізму», яна цяпер друкуецца. Ён прыводзіць дзьве лічбы. На свабодных выбарах ва Ўстаноўчы сход 1917 году за Беларускую сацыялістычную грамаду прагаласавала ўсяго 0,5% выбарцаў. На наступных адносна свабодных выбарах 1994 году за беларускамоўных кандыдатаў у прэзыдэнта прагаласавалі ўжо цэлыя 23% выбарцаў. Для В.Булгакава гэта доказ таго, наколькі за ХХ ст. пашырыўся ўплыў нацыянальнае ідэі. На думку В.Булгакава, толькі наступныя свабодныя выбары, якія шчэ немавед калі адбудуцца, пакажуць, наколькі беларускі нацыяналізм умацаваўся ці аслабеў за гады лукашэнкаўшчыны. В.Булгакаў у апошнім — непрадрашэнец, у тым сэнсе, што ён дапускае магчымасьць і першага і другога ў залежнасьці ад інтэнсіўнасьці прагмы беларускага руху.
В.Булгакаў не прыводзіць яшчэ адной лічбы, якая б моцна падкрэсьліла апошнюю ідэю. Паміж 1917-м і 1991-м было яшчэ некалькі часткова свабодных кампаній, у якіх удзельнічалі беларускія сілы. Маю на ўвазе выбары ў польскі сойм у Заходняй Беларусі. У 1922 годзе, усяго праз 5 гадоў пасьля правальнага выніку БСГ, беларускія кандыдаты атрымалі бліскучы вынік. Розьніца толькі ў тым, што 1) беларускія нацыянальныя сілы ішлі на іх арганізавана, чаго не было ў 1917-м, калі рухавік БСГ аказаўся адрэзаны лініяй фронту, 2) яны ішлі зь яснай для выбарцаў канкрэтнай эканамічнай праграмай, 3) яны ўмела выйгравалі на альянсах з палітычна блізкімі сіламі ўнутры і вонкі краіны (і з «калякінымі» ў тым ліку), 4) дзякуючы тым альянсам яны забясьпечылі сябе рэсурсамі (габрэйскія і нямецкія грошы, у прыватнасьці, — яны ішлі ў адзіным, вельмі стракатым сьпісе нацменшасьцяў). Яны дазвалялі сабе часам вольна трактаваць польскія законы і інтарэсы. Але яны нідзе ня здраджвалі нацыянальным беларускім інтарэсам! Хоць пры патрэбе і пад арлом сядзелі, тым іншым, «бялым», бачачы ў тым прагматычную карысьць.
Яны ня ставілі перад сабой задачы ўзяцьця ўлады, бо былі нацыянальнай меншасьцю. Але калі б не прывабнасьць нацыянальнага руху ў тым, заходнебеларускім варыянце, не ягоная масавасьць, рызыкну дапусьціць, што да яго не далучыўся б малады суботніцкі селянін Янка Пазьняк, і тады хто б ведае, якія ідэі высьпелі ў галаве ягонага ўнука Зянона.
Птушкі і гнёзды
«Цяперашняя задача ўсёй нашай беларускай супольнасьці — вярнуць Беларусі нацыянальную палітычную пэрспэктыву, каб мець будучыню», — піша З.Пазьняк. Правільна, але як тое зрабіць? Пакуль беларускія нацыяналісты будуць жыць з фантомнымі ўяўленьнямі пра сваіх палітычных праціўнікаў (і тым больш саюзьнікаў), пакуль яны ня ўзброяцца лепшаю, сучаснаю ведай, у тым ліку пра эканоміку (а яны ня ўзброяцца, дакуль для іх існуюць толькі тыя інтэлектуалы, якія ўваходзяць у іхныя партыйныя палітбюры), зрабіць тое будзе цяжка.
Увагі палітыкаў чакаюць новыя эканамічныя інтарэсы Беларусі, як бізнэсу, так і працоўных. Ня тых ідэальных, з падручнікаў эканомікі, з мрояў інтэлектуала-літаратара, а рэальных, якія працуюць на існых заводах, у сыліконавых далінах і калгасах, і тымі заводамі й далінамі распараджаюцца.
Той, хто зможа пагадзіць эканамічны нацыяналізм Сямашкаў і Чыжоў з культурнымі патрабаваньнямі маладое нацыянальнай сьвядомасьці, атрымае стабільныя палітычныя дывідэнды.
Гэта ня заклік да палітычнага апартунізму, а самая надзейная стратэгія забясьпечыць незалежнасьць нашай краіны, якая нам усім так дарагая. Іначай краіна будзе — пры нашых ці вашых — ляцець з адным крылом. Нацыянальная палітычная пэрспэктыва цэлай нацыі, не адной партыі, ня толькі нацыянальнага руху, беларускамоўных і расейскамоўных, міністраў і калгасьнікаў, залежыць ад нашага ўменьня пагадзіць той нацыяналізм з гэтай сьвядомасьцю.