Дзейнасць апазіцыйных кандыдатаў у парламент у рамках электаральных мерапрыемстваў станоўча паўплывала на пацяпленне грамадска-палітычнай атмасферы ў краіне. На гэтых парламенцкіх выбарах заўважна большая канкурэнцыя ў асяродку наменклатуры за месца ў парламенце, што звязана з зацяжным эканамічным крызісам і змяншэннем каардынацыі ўнутры дзяржапарата. Па ўсёй верагоднасці, партыйнае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце парламента можа павялічыцца, аднак выключна за кошт прадстаўнікоў праўладных партый.

Па выніках першага этапа выбарчай кампаніі на рэгістрацыю ў якасці кандыдата вылучана 630 чалавек на 110 месцаў у заканадаўчым органе краіны[1]. У 2012 годзе колькасць прэтэндэнтаў была амаль на траціну менш — 494 чалавек[2]. Прычым палітычныя партыі дэлегавалі напалову больш кандыдатаў (387) у параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі (264).

У гэтым годзе асаблівай актыўнасцю адзначаюцца апазіцыйныя партыі, якія павялічылі колькасць сваіх вылучэнцаў да 206 чалавек (128 — 2012 г.). Так, АГП вылучыла 67 кандыдатаў (48 — 2012 г.), БНФ — 60 (33 — 2012 г.), БСДП (Грамада) — 28 (15 — 2012 г.), «Зялёныя» — 5 (0 — 2012 г.) і Справядлівы свет — 46 (32 — 2012 г.). Варта адзначыць, што актывісты ад незарэгістраваных структур (БХД, «За свабоду» і «Гавары праўду») вылучаліся ад іншых палітычных партый або шляхам збору подпісаў грамадзян. Хрысціянскія дэмакраты спрабуюць зарэгістраваць сваіх кандыдатаў ад АГП, актывісты руху «За свабоду» ад БНФ. У сваю чаргу 25 актывістаў «Гавары праўду» і 10 актывістаў руху «За свабоду» падалі дакументы на вылучэнне ад грамадзян, сабраўшы болей за 1000 подпісаў.

Хутчэй за ўсё на больш актыўны ўдзел у парламенцкай кампаніі апазіцыі паўплываў менш жорсткі ціск з боку ўладаў на сваіх апанентаў. З самага пачатку ўкраінскага крызісу афіцыйны Менск відавочна імкнецца палепшыць беларуска-еўрапейскія адносіны. Гэта прывяло да вызвалення палітзняволеных яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 і змены падыходаў з таго часу да супрацьдзеяння пратэстнай актыўнасці. Жорсткія разгоны падчас несанкцыянаванай вулічнай актыўнасці спецслужбы замянілі высокімі штрафамі для апазіцыянераў, якія аказаліся не менш эфектыўнымі за затрыманні. Акрамя таго, пасля выбараў 2012 года ўлады заканадаўча забаранілі агітацыю за байкот, што аўтаматычна яшчэ болей звузіла і так невялікія магчымасці для камунакацыі апазіцыі з грамадствам.

Варта адзначыць, што апазіцыйным кандыдатам атрымалася ў рамках электаральных мерапрыемстваў выклікаць пэўны рэзананс у грамадстве дзякуючы нестандартным формам камунікацыі — сумесных пікетаў правацэнтрысцкай кааліцыі, міні-акцый і канцэртаў. Напрыканцы этапу вылучэння Центрвыбаркам нават вымушаны быў даваць нервовую ацэнку дзейнасці асобных апазіцыйных лідараў. Напэўна, улады заклапочаны станоўчым водгукам выбарцаў на дзейнасць апазіцыйных палітыкаў на фоне стомленасці грамадства ад існуючага дзяржаўнага курсу і чаканняў грамадства па яго змене. Тым не менш, у першыя дні арганізатары выбараў і праваахоўныя органы дастаткова лаяльна ставіліся да перадвыбарчых мерапрыемстваў апазіцыі.

Разам з невысокімі рэйтынгамі дзяржаўных інстытутаў назіраецца ажыўленне лаяльных уладам партый — Камуністычнай партыі Беларусі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычнай партыі і Беларускай патрыятычнай партыі. Паводле апытанняў НІСЭПД А. Лукашэнка губляе арэол «народнага прэзідэнта» з апорай на пенсіянераў, жыхароў сельскай мясцовасці і «простых людзей”[3]. У сваю чаргу кандыдаты ад КПБ і РППС павінны адцягнуць ад апазіцыі з левай ідэалогіяй патэрналісцкі настроены электарат, які незадаволены існуючай дзяржаўнай палітыкай. Разам са скарачэннем дзяржавай сацыяльных гарантый і пагрозай страты падтрымкі сярод традыцыйнага электаральнага ядра ўладаў узрастае колькасць вылучэнцаў ад праўладных камуністаў да 52 чалавек (23 кандыдаты у 2012 г.) Пры гэтым кандыдаты ад ЛДПБ павінны зменшыць падтрымку лідараў ад правых апазіцыйных партый.

Аднак кандыдаты ад КПБ, РППС і ЛДПБ з’яўляюцца ўжо традыцыйнымі ўдзельнікамі выбарчага працэсу і заўсёды вылучаюць сваіх кандыдатаў у парламент. Беларуская патрыятычная партыя, на чале якой стаіць атаман беларускіх казакоў Мікалай Уласевіч, упершыню так шырока ўдзельнічае ў электаральным працэсе.

Задачай кандыдатаў ад БПП з’яўляецца фармаванне падкантрольнай уладам палітычнай сілы з прыхільнікаў «рускага свету». Варта адзначыць, сам праект БПП падтрымліваўся ўладамі ў замарожаным стане з сярэдзіны 1990-х, калі была ўтворана гэта партыя (1996). Яшчэ тады на тэрыторыі Беларусі пачалі паўставаць разнастайныя прарасейскія арганізацыі з пракрамлёўскай ідэалогіяй. У апошнія гады нарастанне агрэсіўнай прапагандысцкай кампаніі з боку Крамля па пашырэнню «рускага свету» выклікала заклапочанасць сярод вышэйшага кіраўніцтва беларускай дзяржавы. Пасля крамлёўскай анэксіі Крыма і развязваннем канфлікту на Данбасе ў Беларусі таксама актывізаваліся да гэтага публічна незаўважныя казацкія напаўмілітарныя аб’яднанні. Удзел лідара БПП казака М. Улаховіча надаў большую публічнасць гэтай асобе і партыі, якую ён узначальвае. Відавочна гэтая публічнасць скіравана ў першую чаргу для прыцягнення ўвагі жыхароў Беларусі, незадаволеных палітыкай дзеючага беларускага кіраўніцтва ў пытаннях збліжэння з Расіяй. Так, яшчэ ў 2012 годзе кіраўніцтва БПП зусім не вылучала сваіх кандыдатаў, а ўжо ў 2016 іх лічба вырасла да 18 чалавек. Некаторыя аглядальнікі падкрэсліваюць вялікую верагоднасць таго, што казак М. Улаховіч можа патрапіць у парламент. Такі сцэнар з’яўляецца цалкам магчымы і прымальны для беларускіх уладаў, якія зацікаўлены ў захавання вагі падкантрольнага ім казака М. Улаховіча ў асяроддзі «рускага свету» ў Беларусі.

Конкурс на месца ў парламенце павялічваецца не толькі з-за ўдзелу партыйных вылучэнцаў, пераважная большасць з якіх не маюць надзей патрапіць у заканадаўчы орган. У гэтым годзе павялічваецца колькасць наменклатурных вылучэнцаў у ніжнюю палату парламента. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з двума чыннікамі: заяўленым прэзідэнтам А. Лукашэнкам чарговым этапам аптымізацыі дзяржаўнага апарата і спробай высокіх чыноўнікаў пераседзець крызісныя часы ў больш камфортных умовах. Дэпутаты фактычна не нясуць ніякай адказнасці за прымаемыя ў парламенце рашэнні ў адрозненне ад кіраўнікоў выканаўчай улады, з якіх патрабуецца выкананне паказнікаў і падтрыманне сацыяльнай стабільнасці на сваіх тэрыторыях.

Вылучэнне некалькіх праўладных прэтэндэнтаў у парламент, якія маюць сур’ёзны намер змагацца за дэпутацкі мандат, сярод іншага сведчыць аб змяншэнні каардынацыі ўнутры дзяржаўнага апарата і некаторай разбалансаванні вертыкалі. Падчас апошніх выбарчых кампаній рашэнне аб кандыдатуры дэпутата прымалася ўладамі яшчэ да старту кампаніі і ўжо на стадыі вылучэння вертыкаль прадстаўляла асноўнага канкурэнта на месца ў парламенце. Зараз жа ў некаторых акругах спрабавалі вылучыцца адразу некалькі моцных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.

Улады па-ранейшаму не дазваляюць апазіцыі кантраляваць арганізатараў выбараў. Нягледзячы на большую празрыстасць пры фармаванні ўчастковых камісій, у выбаркамы патрапілі адзінкі апазіцыянераў. Так, чытыры зарэгістраваныя апазіцыйныя партыі (БПЛ «Справядлівы свет», БСДП «Грамада», АГП, БНФ) вылучылі 514 кандыдатаў на 65865 месцаў у выбаркамы нізавога ўзроўню.[4] З іх ўключана ў камісіі толькі 53 апазіцыянеры. Прычым улады імкнуліся проста не пагоршыць паказьнікі электаральнай статыстыкі для міжнародных назіральнікаў. Апазіцыянераў уключалі ў камісіі на закрытыя ўчасткі або/і на акругах з моцнымі наменклатурнымі вылучэнцамі і высокай яўкай, што не дазваляе незалежным назіральнікам не толькі пракантраляваць, але ж і папросту выявіць самі механізмы забеспячэння вертыкаллю неабходных вынікаў выбараў. Партыйнае прадстаўніцтва ва ўчастковых камісіях забяспечана выключна за кошт праўладных партый, пераважная большасць з якіх нават не вылучалі сваіх кандыдатаў.

Такім чынам, улады адфільтруюць пэўную частку вылучэнцаў для змяншэння рэзананснасці агітацыйнай кампаніі апазіцыі. Пры гэтым беларускае кіраўніцтва відавочна не зацікаўлена ў павелічэнні жорсткасці ў адносінах да сваіх апанентаў для захавання дынамікі беларуска-еўрапейскага дыялогу.


[1] Сведения о выдвижении кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-Elect9.pdf

[2] СВЕДЕНИЯ о выдвижении кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS5-Sved13.pdf

[3] ИЮНЬ 2016: ГЛОБАЛЬНЫЙ ТРЕНД: http://www.iiseps.org/?p=4715

[4] Сведения о выдвижении представителей в состав участковых избирательных комиссий по выборам депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва: http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-Elect10.pdf