Мабілізацыйны патэнцыял любой палітычнай сілы ўяўляе сабой здольнасць яе арганізатараў выводзіць сваіх прыхільнікаў на акцыі ў падтрымку ці супраць адпаведнага палітычнага курсу. Гэта пакажчык эмпірычнай палітычнай навукі, які даволі проста вызначаецца. У беларускіх умовах склалася ўнікальная сітуацыя, пры якой аўтаномны ўдзел праўрадавых партый і арганізацый, такіх як КПБ ці БРСМ, напрыклад, практычна зведзены да нуля. Гэта тлумачыцца тым, што ўзгаданы патэнцыял залежыць ад волі ці жадання адной асобы: А. Лукашэнкі. Ён жа імкнецца да падтрымкі палітычнай пасіўнасці насельніцтва. Такое імкненне кіраўніка дзяржавы дасягае пікавых пакажчыкаў ва ўмовах эканамічнага крызісу, які зараз і перажывае наша краіна. У існуючых умовах незалежны палітычны ўдзел, у тым ліку і ўдзел у акцыях пратэсту, цалкам кладзецца на плечы беларускай апазіцыі, якой даводзіцца вельмі няпроста існаваць пры панаванні аўтарытарнага рэжыму.
Усё сказанае вышэй трэба прыняць да ўвагі, калі казаць, што мабілізацыйны патэнцыял апазіцыі складае ў сучасны момант 1,5-3 тысячы чалавек. Менавіта столькі людзей прынялі ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка 2016 г. [1] Гэта вельмі нізкі пакажчык і параўнаць яго практычна немагчыма з ніводнай краінай былога СССР, якая знаходзіцца ў Еўропе. Параўноўваць даводзіцца толькі з самой Рэспублікай Беларусь. Трэба дадаць, што акцыя апазіцыі на Дзень Волі не была адзінай за апошні перыяд. Праходзілі нефармальныя сходы, якія з верасня 2015 году рэгулярна ладзіць Мікола Статкевіч, былы палітвязень № 1, датэрмінова вызвалены А. Лукашэнкам у жніўні 2015 г. Таксама праходзіла акцыя прадпрымальнікаў. Тым не менш ніводная з іх не дасягнула па ступені ўдзелу і арганізаванасьці святкавання Дня Волі ў гэтым годзе. Некаторыя журналісты Радыё Свабоданазвалі яе «самым разняволеным і вясёлым мерапрыемствам за апошнія пяць гадоў, якія прайшлі з моманту разгону акцыі апазіцыі на плошчы Незалежнасці ў 2010 годзе». [2]
Цікава толькі чаму ў святкаванні брала ўдзел так мала людзей? Магчыма, беларусы проста развучыліся смяяцца і весяліцца і разам бавіць час пасля снежня 2010 г.? А можа гэта проста нейкая рыса нацыянальнай свядомасці. Да такой высновы прыйшоў на поўным сур’ёзе вядомы публіцыст і рэгулярны аўтар Радыё Свабоды Алесь Чайчыц, які стала жыве ў Маскве. Параўноўваючы пратэстныя паводзіны беларусаў і расіян, ён адзначыў, што «існуе погляд, што расіяне больш схільныя да сцёбу, да сарказму, а беларусы народ сур’ёзны: што ўлада, што апазіцыя». [3]
Напэўна ў гэтым ёсць доля праўды, але яна не дазваляе нам патлумачыць, чаму ў афіцыйна дазволенай акцыі святкавання Дня Волі пры добрым надвор’і брала ўдзел не 10.000 актывістаў, а ўсяго толькі 3000? Калі мы не здолеем адказаць на гэта пытанне, то будзем не ў стане ў будучым падвысіць мабілізацыйны патэнцыял беларускай апазіцыіі, кіраўніцтва якой валодае маральным правам заклікаць грамадзян да удзелу ў змаганні з аўтарытарным рэжым. Пра прычыны нечаканага для мене выніка Дня Волі ўжо напісана. Я ж паспрабую толькі выказаць сваю згоду альбо нязгоду з пазіцыямі добра вядомых аўтараў, а потым перайду да параўнальнага аналізу «Дня Волі» 2016 і «Плошчы» 2006, 10-я гадавіна якой мінула ў сакавіку гэтага году. Яна, на маю думку, якраз і адрознівалася ад цэлага шэрагу іншых акцый апазіцыі сваім высокім арганізацыйным патэнцыялам і дастатковым удзелам.
Большая частка крытычных заўваг тычыцца не арганізатараў гэтай акцыі, а беларускай улады, якая толькі напалову дазволіла гэтае свята. З аднаго боку, Мінгарвыканкам дазволіў шэсце і мітынг, але не той маршрут і не ў тым месцы, якое прапаноўвалі арганiзатары. [4] Добра ведаючы негатыўнае стаўленне М. Статкевіча і многіх іншых актывістаў да збору на плошчы Бангалор у Мінску, якую справядліва называюць «сабачай пляцоўкай», менавіта яна і была выбрана ў якасці месца ўрачыстага мітынгу. Тым самым улада фактычна правакавала ўдзельнікаў акцыі на парушэнні, таму што нельга ў гэты святы дзень ісці адзначать Дзень незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі разам з братамі нашымі меншымі ў парку каля плошчы Бангалор.
Тое, што ўдзельнікі маршу спыніліся каля універсаму Рыга па прапанове Вячаслава Сіўчыка — лідэра руху Салідарнасці Разам, а не пайшлі далей, нягледзячы на прапановы некаторых людзей ісці да канца, сведчыць пра маральную перавагу гэтага нешматлюднага натоўпау над сілай улады, якая па-ранейшаму застаецца антыбеларускай. Па вельмі простаму пытанню: ці дазволіць правесці ў нармальных умовах свята незалежнасці ад Расіі першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў, альбо як і раней схіліцца пад рускім «бізуном» і абяцаным «пернікам», наша суверэнная ўлада выбрала другое, а не першае. Гэта сведчыць, што Ул. Пуцін павінен у сваім «нататніку», насупраць прозвішча А.Лукашэнкі паставіць плюс. У сучасных умовах гэта азначае, что яго ўладу будуць трываць хаця б напрацягу году, да новых выбараў прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, а потым рашуча дзейнічаць па Крымскаму сцэнару.
Негатыўнае стаўленне беларускай улады да Дня Волі ў 2016 годзе ўключала ў сябе не толькі дазвол напалову, але і маральны ціск на ўдзельнікаў акцыі людзей у цывільным, як пад час «маўклівых акцый», прысутнасць вялікай колькасці міліцыі, адміністратыўныя суды супраць найбольш актыўных удзельнікаў пасля свята. Усё сказанае вышэй не дазваляе мне падзяліць думку вядомага беларускага публіцыста Валера Булгакава аб тым, што «Дзень волі — гэта ня тая нагода, калі варта выстаўляць палітычныя лозунгі. Беларусы перастаюць баяцца страты дзяржаўнай незалежнасьці. Для маладога пакалення і нават пакалення сярэдняга ўзросту яна (незалежнасць — заўв. аўтара) ўспрымаецца як нешта само сабой зразумелае, што не трэба бараніць пры дапамозе патэтыкі. На гэта ўплываюць змены, якія адбываюцца ў „індустрыі беларушчыны“. Моўныя курсы, разнастайныя праекты — яны ў апошнія гады ўсё больш разьвіваюцца ў фармаце шоў». [5]
Калі б гэта на самой справе было так, а я асабіста вельмі сумняваюся ў гэтым, таму што патрэбныя дадзеныя сацыялагічных апытанняў, а не разважанні публіцыста, Ул. Пуцін павінен паставіць у сваім узгаданым «нататніку» яшчэ адзін плюс, насупраць некаторых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі. Яны, у адрозненне ад украінцаў, і не збіраюцца змагацца за незалежнасць, а трываюць нейкую квазі-мадэль, што падаравала Беларусі давераная яму асоба — А. Лукашэнка, які ўтрымлівае пад сваім пільным кантролем вялікую тэрыторыю на захадзе былога СССР. Гэты квазі-суверэнітэт з’яўляецца часовым, таму што лідэр Беларусі рэалізуе выгадную толькі Расіі палітыку русіфікацыю ўласнай культуры, а Днём незалежнасці прывучыў насельніцтва лічыць дзень вызвалення Мінска войскамі чырвонай арміі ў 1944 годзе.
Мне таксама вельмі цяжка зразумець, як спадар Булгакаў збіраецца канкураваць з дзяржавай, якая не адыйшла ад палітыкі русіфікацыі ні на крок пры А. Лукашэнку. Яна валодае велізарнымі перавагамі над тымі людзьмі, якія шчыра гатовыя ўносіць уласны ўнёсак у справу «беларушчыны», стваралі і стварюць якасныя праекты на беларускай мове ў галіне адукацыі, СМІ, мастацкай культуры, але як у сцяну ўпіраюцца ў пазіцыю чынавенства, якое ведае, што А. Лукашэнка больш выдаткоўвае часу і грошай на хакей, чым на культуру, асабліва на беларускай мове. Яна для яго застаецца не дастаткова развітай ў параўнаннні з рускай. Адзіным выйсцем застаецца пайсці палітычным шляхам: прапанаваць уладзе радыкальныя рэформы і падтрымаць новы палітычны курс масавымі акцыямі беларускай апазіцыі.
На шчасце, думка Булгакава пакуль не стала дамінуючай (mainstream, як пішуць заходнія аўтары) у настроях удзельнікаў Дня Волі-2016. Мне асабіста вельмі спадабаліся разважанні двух асоб: Аляксея Янукевіча, лідэра Партыі БНФ і Паўла Севярынца, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Яны аргументавана адзначылі, што свята Дня Волі ў сучаснай Беларусі, дзе яшчэ існуе супярэчнасць паміж свабодай і незалежнасцю, павінна захоўваць палітычны кантэкст.
На думку Янукевіча, «Беларусь сёння з’яўляецца незалежнай не цалкам, таму што да гэтага часу існуе пагроза страціць свой суверэнітэт. За незалежнасць краіны ахвяравалі сваімі жыццямі шматлікія пакаленні беларусаў. Калі вам хто-небудзь кажа, што незалежнасць звалілася на нас зверху, гэта няпраўда. Мы павінны быць гатовымі да таго, што імперская Расія не пагодзіцца з еўрапейскім выбарам Беларусі. Калі мы адкінем ярмо дыктатуры, мы павінны быць гатовымі абараняць Беларусь. Сёння вельмі важна несці беларускую ідэю, беларускую думку, каб наш народ стаў сапраўдным гарантам незалежнасці краіны. Наша ідэя пераможа, таму што яна вартая, яна грунтуецца на спадчыне тысячагодзяў».[6]
На мітынгу ў Купалаўскім скверы Павел Севярынец звярнуў увагу на тое, што «ў беларускай мове слова „воля“ азначае і „свабоду“ і „рашучасць“. Гэта адзін з вельмі нямногіх прыкладаў у свеце. Такім чынам, сама наша мова аб’ядноўвае якасці, якія так неабходныя беларусам. На працягу 22 гадоў Беларусь імкнуліся ўтаптаць у бруд, ператварыць у калгас, з брыгадзірам і свінарнікамі і чырвонымі вугламі. Але гэтаму не быць! СССР знік, Расійская імперыя развальваецца на вачах, час Лукашэнкі мінуў. Беларусь больш ніколі не будзе калгасам». [7]
Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі таксама выступаў з палітычных пазіцый, але ўласныя патрабаванні да ўлады ён трансфармаваў у даволі радыкальны заклік: «Драздуны зыходзьце»! Пад апошнімі разумеліся тыя, хто жыве ў вёсцы Дразды, і якія нясуть адказнасць за пагаршэнне ўмоў жыцця беларусаў. «Яны забралі ў нас права выбара, нам неабходная іншая эканамічная палітыка, нам неабходныя еўрапейская будучыня. За той час пакуль яны знаходзіліся пры ўладзе, яны забяспечылі будучыню толькі сабе. Што атрымалі пенсіянеры, якія іх падтрымлівалі? Што атрымалі прадпрыймальнікі, якія верылі ў добрага цара? Ніхто не вырашыць праблемы беларусаў, акрамя іх самых. Улада будзе лічыцца з народам, толькі тады, калі на вуліцы вядуць сотні тысяч чалавек».[8]
Паколькі ўдзельнікаў Дня Волі было істотна меней, а многія з іх выйшлі святкаваць, а не пратэставаць, словы лідэра АГП не былі ўспрыняты ўсур’ез. Як падкрэслівае Віталь Цыганкоў з Радыё Свабода, «плакаты Аб’яднанай грамадзянскай партыі і выступ А. Лябедзькі былі пераважна сацыяльна-палітычнымі. Але гэта, здаецца, не знаходзіла вялікага водгуку. Большасць удзельнікаў укладалі ў акцыю святочнае, альбо палітычнае значэнне, але ніяк не сацыяльнае». [9]
На нашу думку, паколькі ўлады пад ціскам Расіі не здолелі памяняць сваё негатыўнае стаўленне да Дня Волі, абмежаванае святкаванне стала адзіным фарматам удзелу. У яго і паспрабавалі ўціснуць свае намаганні большасць прадстаўнікоў апазіцыі. Але сам гэты фармат не можа карэнным чынам вырашыць пытанні, якія востра стаяць перад нашай краінай.Даўно настала пара пераходзіць ад святочных мерапрыемсваў да сапраўднай палітычнай барацьбы.
Узорам для мяне застаецца Плошча 2006 году, якая адбывалася з 20 па 24 сакавіка, пасля прэзідэнцкіх выбараў. У дзень галасавання адбылася акцыя, у якой брала ўдзел больш за 20 тысяч чалавек. Але людзі не разыйшліся пасля мітынгу, а насупраць прэзідэнцкага палаца разбілі намётавы лагер, жыхары якога абараняліся ад міліцыі на пряцягу пяці дзен і начэй. Кіраваў гэтым пратэстам вядомы беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык.
Беларусы масава ішлі на плошчу, каб апынуцца ў атмасферы дабразычлівасці, даверу адзін да аднаго і салідарнасці. «Плошча» была не столькі аб’яднаннем «нашых» у барацьбе з «іншымі», колькі ўнікальнай пляцоўкай, дзе месца было ўсім, дзе «міліцыя была разам з народам», нягледзячы на тое, што яе прымушалі не прапускаць людзей з прадуктамі харчавання і цёплай вопраткай, затрымліваць стомленых удзельнікаў, якія вярталіся ў горад, каб адпачыць.
«Плошча» не была агрэсіўнай у дачыненні да рэжыма і яе кіраўніка.Яна хутчэй са здзекам, чым з крыўдай, ставілася да дзеючай улады і яе ўсім зразумелым дурнотам, подласці і непрафесіяналізму. Смех — гэта больш магутная зброя, чым нянавісць. І калі ім інфікуюццатысячы людзей, якія прыйшлі да адміністрацыі прэзідэнта, каб з вуснаў вядучага пачуць новы анекдот пра Лукашэнку, гэта азначала, што дні яго пралічаны, таму што сама сітуацыя нагадвала анекдот. Імідж жахлівага, але справядлівага дыктатара разбураўся на нашых вачах.
Важным адкрыццём сакавіцкіх падзеяў у Мінску, якія можна называць сапраўднай рэвалюцыяй беларускага духу, стала высокая ступень самаарганізацыі і самадысцыпліны зусім яшчэ маладых людзей. Удзельнікі абароны намётавага лагеру цудоўна разумелі навоштаяны прыйшлі сюды. Яны сарвалі цэлы шэраг правакацый у свой адрэс. Сваёй адмовай ад гвалту, яны перамаглі ўзброены да зубоў АМАП, які па загаду Лукашэнкі ўсе ж такі зачысціў плошчу. [10]
«Плошча» мела цэлы шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў, якія так і не былі ўсвядомлены апазіцыяй. Урокі Плошчы-2006 не былі засвоены, што прывяло апазіцыю да паражэння ў 2010 годзе і «катастрофы» ў 2015 годзе, калі не было ўжо каму змагацца. Кіраўніцтва апазіцыі, каб рухацца наперад ў павышэніі свайго мабілізацыйнага патэнцыялу з 1,5-3 тысячы чалавек, павінна ўзяць на узбраенне досвед «Плошчы». Рабіць гэта трэба вельмі хутка, каб апярэдіць пуцінскую Расію ў яе імкненні інкарпараваць Беларусь.
Заўвагі
1. Гл.: Жыве Беларусь! Сёння Дзень незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Анлайн Нашай нівыз акцыі святкавання Дня Волі 25.03. 2016. Да трох тысяч колькасць удзельнікаў узрасла пад час маршу ад Акадэміі навук да універсаму Рыга, згодна са звесткамі Вячаслава Сіўчыка, прадастаўленымі аўтару гэтага тэксту 7 красавіка 2016.
2. Гл.:Як мяняецца стылістыка Дня Волі і стаўленьне да яго ўладаў? // РадыёСвабода27.03.2016.
3. Там сама.
4. Гл.: День Воли-2016 в Минске. До Бангалора не дошли // Белорусские новости 25.03.2016.
5. Як мяняецца стылістыка Дня Волі і стаўленьне да яго ўладаў?
6. День Воли-2016 в Минске.
7. Там сама.
8. Там сама.
9. Як мяняецца стылістыка Дня Волі і стаўленне да яго ўладаў?
10. Гл.: Роўда У. Палітычная сістэма Рэспублікі Беларусь. Вільня: ЕГУ, 2011, с. 290-291; Участие белорусских НПО в политической кампании 2006 // Наше мнение 17.05. 2006.