Усе апазіцыйныя партыі з разгалінаванымі рэгіянальнымі структурамі арыентаваны на паўнавартасны ўдзел у парламенцкіх выбарах 2016 і вылучэнне максімальнай колькасці прэтэндэнтаў у дэпутаты. Узмаценне пазіцый «Гавары праўду» і экс-кандыдата ў прэзідэнты Т. Караткевіч падштурхнула іншыя арганізацыі да пошуку саюзнікаў і стварэння новых альянсаў для захавання свайго уплыву ў апазіцыйнай палітыцы. Хутчэй за ўсё несанкцыянаваная вулічная актыўнасць будзе спадаць з-за адсутнасці выніковасці такой дзейнасці і новых падыходаў беларускіх уладаў да супрацьдзеяння афіцыйна недазволенай апазіцыйнай дзейнасці.
Прэзідэнцкія выбары 2015 года фактычна замацавалі знікненне кааліцый, у рамках якіх апазіцыйныя структуры супрацоўнічалі з часу парламенцкіх выбараў 2012 года. Разам з вылучэннем у якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Таццяны Караткевіч спынілася супрацоўніцтва ў рамках кампаніі «Народны рэферэндум», якую ініцыявалі рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», партыі БНФ і БСДП (Грамада). Вылучэнне прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ад двух асноўных удзельнікаў кааліцыі «Талака» — лідараў Анатоля Лябедзькі ад АГП і Сяргей Калякіна ад «Справядлівага свету» — засведчыла знікненне і гэтага апазіцыйнага альянсу. Яшчэ да абвяшчэння прэзідэнцкай кампаніі была замарожана перамоўная пляцоўка, з дапамогай якой семь найбуйнейшых арганізацый — удзельнікаў альянсаў «Народны рэферэндум», «Талака» і партыя БХД — планавалі выйсці на вылучэнне адзінага апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў пачынае складвацца новая канфігурацыя апазіцыйных партый і кааліцый, што выклікана як знешнепалітычнымі абставінамі, так і дастаткова ўдалым удзелам у выбарчай кампаніі Т. Караткевіч. Так, заходнія сталіцы прынялі рашэнне працягнуць урэгуляванне адносін з афіцыйным Менскам пасля сканчэння выбараў, што было матывавана мяккімі адносінамі да апанентаў і вызваленнем палітвязняў. У сваю чаргу нармалізацыя стасункаў паміж беларускімі ўладамі і Брусэлем ставіла пад пагрозу ўплыў апазіцыі на парадак дня беларуска-еўрапейскіх дачыненняў, што прымусіла апазіцыйныя партыі выступаць з адзінай пазіцыяй у стасунках з еўрапейскімі партнёрамі. Напрыклад, дэкларацыя аб стварэнні правацэнтрысцкай кааліцыі была агучана лідарамі партый падчас візіту ў Брусэль на запрашэнне Еўрапейскай народнай партыі.
Правы цэнтр: чарговая спроба аб’яднання
Асноўным матывам стварэння правацэнтрысцкага блоку з трох арганізацый — партый АГП і БХД, руха «За свабоду» — быў прадэклараваны сумесны ўдзел у парламенцкіх выбарах 2016 і вылучэнне адзінага кандыдата ад кааліцыі на прэзідэнцкія выбары 2020. Нягледзячы на першапачатковую згоду, партыя БНФ устрымалася ад больш цеснага супрацоўніцтва з правацэнтрыстамі на перыяд парламенцкіх выбараў. Пасля шматлікіх няўдалых спробаў апазіцыі наладзіць доўгатэрміновае кааліцыйнае супрацоўніцтва ініцыятары кансерватыўна-ліберальнага альянсу пакуль знаходзяцца ў пошуку варыянтаў для больш шчыльнага супрацоўніцтва і робяць асцярожныя заявы аб далейшых планах кааліцыі.
На выбарах правацэнтысты плануюць выступіць з агульнай платформай ад свайго блоку і сфармаваць супольны спіс прэтэндэнтаў у парламент. Пры гэтым правацэнтысцкая кааліцыя разлічвае мець сваіх кандыдатаў на ўсіх 110 выбарчых акругах. Партыі ўжо зрабілі заявы аб магчымай колькасці сваіх вылучэнцаў для ўдзелу ў кампаніі — каля 50 ад АГП, каля 30 ад БХД і столькі ж ад руху «За свабоду».
Удзельнікі кааліцыі не лічаць, што пацяпленне беларуска-еўрапейскіх адносінаў прымусіць улады змяніць правілы правядзення выбараў. Лідары партый зрабілі заявы аб вядзенні перамоваў наконт працягу дзейнасці кандыдатаў-лідараў пасля выбарчай кампаніі ў рамках супольнай міжпартыйнай ініцыятывы — «народны парламент» альбо «грамадскі форум».
Прычым кожная з структур «Правага цэнтра» мае прыярытэтныя кірункі дзейнасці, напрацоўкі і сферу адказнасці, якія дазваляюць арганізацыям больш плённа супрацоўнічаць без празмернага напружання паміж імі. Традыцыйна, на АГП ускладзена адказнасць за эканамічную праграму, БХД арыентуецца на распрацоўку пераўтварэнняў у сацыяльнай сферы, у той час як сфера інтарэсаў руху «За свабоду» палягае ў выпрацоўцы рашэнняў па забеспячэнню незалежнасці і інтэграцыі Беларусі з Еўропай.
Партыя БНФ, якая вырашыла ўстрымацца ад больш шчыльнага супрацоўніцтва з іншымі апазіцыйнымі арганізацыямі, разлічвае самастойна правесці паўнавартасную парламенцкую кампанію. Фронтаўцы збіраюцца вылучыць болей за 50 патэнцыйных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў [1].
Варта адзначыць, што большая колькасць прэтэндэнтаў у дэпутаты ад партыйных структур тлумачыцца магчымасцю цэнтралізаванага вылучэння ад партыі. У той час як вылучэнцы ад незарэгістраваных ініцыятыў і ад грамадскіх аб’яднанняў перш чым стаць кандыдатамі павінны атрымаць падтрымку не меней за 1 тыс. выбарцаў. Працэс вылучэння будзе ўскладняццца з-за таго, што збор подпісаў у падтрымку апазіцыйных кандыдатаў выпадае на летні сезон адпачынкаў.
Экс-кандыдат Т. Караткевіч і «Гавары праўду»: чужыя сярод сваіх
Адным з матываў аб’яднання правацэнтрэсцкіх партый з’яўляецца імкненне захаваць уплыў у апазіцыйнай палітыцы і сбалансаваць вагу экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта на выбарах 2015 Таццяны Караткевіч і кампаніі «Гавары праўду». Паводле незалежных сацыёлагаў з НІСЭПД Т. Караткевіч на прэзідэнцкіх выбарах атрымала 15,7% адсоткаў падтрымкі выбарцаў [2], што нават больш за агульны рэйтынг даверу да ўсіх апазіцыйных партый — 12,6% [3].
Пры гэтым кампанія «Гавары праўду» фактычна апынулася ў ізаляцыі ад іншых апазіцыйных структур. Усе партыі крытычна паставіліся да ўдзелу Т. Караткевіч ў прэзідэнцкай кампаніі. Пры гэтым супрацоўніцтва часткі сябраў БСДП (Грамада) з кампаніяй «Гавары праўду» выклікала сур’ёзны крызіс сярод сацыял-дэмакратаў. Аднак у выніку жорсткай унутрыпартыйнай барацьбы за выбар далейшай стратэгіі, кампанія «Гавары праўду» згубіла апошняга партыйнага саюзніка — БСДП (Грамада). На апошнім з’ездзе дэлегаты ў чарговы раз абралі лідарам партыі Ірыну Вештард, якая крытычна адносіцца да супрацоўніцтва з экс-кандыдатам Т. Караткевіч.
Адначасова лідары кампаніі «Гавары праўду» спрабуюць навязаць больш шчыльны кантакт з прадстаўнікамі ўлады. Пасля выбарчай кампаніі экс-кандыдат Т. Караткевіч неаднаразова наведвала дэпутатаў парламента і іншых афіцыйных асоб. Аднак пакуль відавочнага плёну гэтай актыўнасці не заўважна.
Левыя партыі: па-за кааліцыйнымі працэсамі
У баку ад кааліцыйных працэсаў у беларускай апазіцыі застаецца Беларуская партыя левых «Справядлівы свет». Пры гэтым яе лідар Сяргей Калякін яшчэ раней агучваў незадавальненне ад супрацоўніцтва ў рамках папярэдніх апазіцыйных альянсаў у сувязі з перавагай у іх правых партый.
Не выключана, што «Справядлівы свет» можа ў чарговы раз паспрабаваць рэанімаваць ідэю стварэння левай кааліцыіз удзелам зялёных, сацыял-дэмакратаў з БСДП (Грамада) і Беларускай партыі працоўных.
Левыя партыі плануюць прымаць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Так, лідары «Справядлівага свету» заявілі аб намеры партыі вылучыць 60 кандыдатаў у дэпутаты парламента. Аб намеры прыняць актыўны ўдзел у выбарах таксама заяўляла і кіраўніцтва БСДП (Грамада) [4].
Кангрэс М. Статкевіча: генералы без войскаў
Улады разлічваюць на абвастрэнне супрацьстаяння паміж апазіцыйнымі лідарамі. Відавочна, што ўнутрыапазіцыйныя канфлікты саслабляюць падтрымку лідараў не толькі з боку насельніцтва, але і апазіцыйнага актыву. Ініцыятыва М. Статкевіча па правядзенні кангрэса дэмакратычных сіл можа выклікаць напружанне ў адносінах з кіраўніцтвам шэрагу партый. У дадатак стварэнне на базе кангрэса новай арганізацыйнай структуры выкліча пераразмеркаванне рэгіянальных актывістаў і новыя канфлікты з структураванымі партыямі.
Барацьба за актывістаў ужо выклікала напружаннасць паміж былым палітзняволеным М. Статкевічам і лідарам АГП А. Лябедзькам, абодва з якіх з’яўляюцца прыхільнікамі вулічнай актыўнасці і прэтэндуюць на лідарства ў супрацьстаянні з беларускімі ўладамі.
У сваю чаргу М. Статкевіч заявіў аб намеры правесці не проста апазіцыйны форум для выпрацоўкі агульнай стратэгіі апазіцыйных сіл, але ж на яго аснове «больш шчыльнага аб’яднання» у рамках міжарганізацыйнага аб’яднання. Відавочна, што былы палітзняволены хацеў бы скарыстаць сваю папулярнасць сярод тых рэгіянальных актывiстаў, якія настроены на больш рашучую «вулічную» барацьбу з дзеючым кіраўніцтвам. Лідарства у гэтым міжарганізацыйным аб’яднанні, хутчэй за ўсё, магло бы належаць М. Статкевічу, які ўжо неаднаразова падкрэсліваў свае амбіцыі стаць галоўным апанентам прэзідэнта А. Лукашэнкі.
Пры гэтым М. Статкевіч стаў сімвалам змагання і мужнасці і мае вялікі маральны аўтарытэт. Аднак у лідара БСДП (Народная грамада) адсутнічаюць разгалінаваныя рэгіянальныя структуры і значна абмежаваная колькасць актывістаў. Гэта падштурхнула аргамітэт кангрэса да арганізацыі сустрэч з апазіцыянерамі ў рэгіёнах. Варта адзначыць, што арганізатары апазіцыйнага мерапрыемства разлічваюць на ўдзел у ім не меней за 500 чалавек.
Сярод арганізатараў кангрэсу застаюцца дастаткова вядомыя ў незалежным грамадстве асобы. Аднак яны не маюць за сабой арганізацыйнай падтрымкі і актывістаў. Так, акрамя БСДП (Народная Грамада) М. Статкевіча, прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, руха салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, руха «За дзяржаўнасць і незалежнасць» экс-кандыдата Уладзіміра Някляева і партыі БСДГ Станіслава Шушкевіча ініцыятарамі застаюцца толькі асобныя пераважна малалікія ініціятывы.
Ініцыятары правацэнтрысцкай кааліцыі пасля некалькіх месяцаў перамоў адмовіліся ад удзелу ў прапанаваным М. Статкевічам кангрэсе. Варта адзначыць, што гэтыя партыі маюць дастаткова шырокае прадстаўніцтва ў рэгіёнах і адносна вялікі па беларускіх мерках актыў. Прычым, партыйны актыў правацэнтыстаў падрыхтаваны хутчэй не для вулічнай дзейнасці, а для правядзення палітычных кампаній і працы з выбарцамі.
Аргкамітэт кангрэса адмовіўся запрашаць да ўдзелу ў гэтым апазіцыйным форуме яшчэ две буйныя апазіцыйныя арганізацыі — Беларускую партыю левых «Справядлівы свет» і кампанію «Гавары праўду». Ініцыятары кангрэса абгрунтоўваюць гэта рашэнне ідэалагічнымі супярэчнасцямі, у тым ліку рознасцю геапалітычных прыхільнясцяў і стратэгіяў змены дзеючага кіраўнітцва дзяржавы. Так, былыя камуністы з «Справядлівага свету» з’яўляюцца прыхільнікамі далейшай інтэграцыі з Расеяй у адрозненне ад М. Статкевіча, які ў другой палове 2000-х гадоў спрабаваў стварыць шырокую «Еўрапейскую кааліцыю».
У сваю чаргу, стратэгія мірных перамен «Гавары праўду» ўключае кампанент перамоваў з уладамі з мэтай падштурхнуць іх да правядзення рэформаў. Гэта, відавочна, не задавальняе больш рашуча настроеных ініцыятараў кангрэсу, сярод якіх пераважаюць прыхільнікі вулічнай актыўнасці.
Пры гэтым з часу прэзідэнцкіх выбараў улады змянілі свае падыходы да супрацьдзеяння несанкцыяванай апазіцыйнай актыўнасці. Замест жорскіх захадаў і рэпрэсій у адносінах да апанентаў праваахоўныя органы абмяжоўваюцца высокімі штрафамі ў дачыненні да найбольш актыўных апазіцыянераў і прадстаўнікоў незалежных СМІ. Пакуль гэтыя захады сілавых структур не спыняюць вулічную актыўнасць апазіцыі, якая аднак не прыносіць відавочнага плёну арганізатарам мерапрыемстваў акрамя буйных сумаў штрафаў.
Такім чынам, на парламенцкіх выбарах 2016 года чакаецца высокі ўзровень удзелу апазіцыі і афармленне чарговых кааліцыйных структур на бліжэйшыя некалькі год. Хутчэй за ўсё структураванне апазіцыі працягнецца паводле ідэалагічных прыхільнасцяў і супрацоўніцтва ў рамках правых і левых кааліцый.
[1] «БНФ плянуе вылучыць больш за 50 кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў.»Радыё Свабода. Web. 24 Mar. 2016.
[2] «Феномен Короткевич: третья Беларусь.»НИСЭПИ. 2016. Web. 24 Mar. 2016.
[3] «Он выдвигает лозунги без конкретных действий.»НИСЭПИ. 2016. Web. 24 Mar. 2016.
[4] «Партия „Справедливый мир“ планирует выдвинуть на парламентских выборах 60 кандидатов.»Товарищ.online. 17 Jan. 2016. Web. 23 Mar. 2016.