Альфрэд Хічкок быў непераўзыйдзеным майстрам МакГафінаў. У ягоных фільмах героі шукалі МакГафіны, хаваліся ад МакГафінаў і кантрабандаю МакГафіны перавозілі.
Калі Хічкока спыталі, а што такое МакГафін, рэжысэр адказаў: «Гэта прылада для паляваньня на ільвоў у Горнай Шатляндыі.» — «Але ў Шатляндыі няма ільвоў!» — «Значыць, і МакГафіна ніякага няма.»
МакГафін — няправільнасьць, нішто, абсурд. Гэта элемэнт, які парушае лягічнае апавяданьне, але надае яму імпэту, зьнішчае нуду — і выклікае азарт у герояў апавяданьня.
МакГафін — небясьпечны агент, якога ніколі не існавала («На Поўнач праз паўночны Захад»), тамы інструкцый — вывучаныя на памяць (!) («39 прыступак») і дзіцячая песенька — у якасьці шпіёнскага коду («Лэдзі зьнікае»).
Гарошына ў казцы Андэрсэна, туфлік Папялушкі і эліксір неўміручасьці — таксама МакГафіны. Джульета выпівае зёлкі, якія мусяць надаць ёй на суткі выгляд памерлай. Але такіх зёлак не было аніколі — і гэта найтыповейшы МакГафін.
Лэдзі Макбэт то сьцвярджае, што выкарміла дзяцей малаком, то прызнаецца, што дзяцей у яе не было — і гэта прадуманая бязглуздасьць МакГафіна. Але ніхто не абвінаваціць Шэксьпіра ў няпраўдзе й нелягічнасьці. Абсурду не заўважаюць стагодзьдзямі, бо менавіта такі МакГафін.
У культавае карціне «Касабланка» Майкла Кертыца нацысцкія віжы, героі й выпадковыя рызыканты палююць за супэрвізамі. Гэтыя візы-МакГафіны адкрываюць дарогу ў Амэрыку — і выданыя яны генэралам дэ Голем. Неверагодна, каб у фашыстоўскай Нямеччыне лічыліся законнымі дакумэнты за подпісам кіраўніка Супраціву — але ні творцаў, ні гледачоў гэта анітрохі не засмучае.
Абсурдовыя МакГафіны нат выклікалі судовыя працэсы… за сваю праўду. Так у фільме Эйзэнштэйна «Браняносец „Пацёмкін“ бунтоўных матросаў растрэльваюць, накінуўшы на іх брызэнт. І знайшоўся чалавек, які вырашыў спагнаць з творцаў грошы за „экранізаваныя факты“ сваёй біяграфіі.
«Я пад брызэнтам стаяў», — было самым забойным аргумэнтам у судзе. Але небаракаў ніколі не растрэльвалі пад брызэнтам. Для экзэкуцыі брызэнт раскладалі на палубе — каб яе не запэцкаць. На здымках кансультанты хапаліся за галаву, калі Эйзэнштэйн зьмяніў дыслякацыю тканіны ў кадры. «Гэтай няпраўдзе ніхто не паверыць!»
Але МакГафінам вераць з радасьцю.
У 1944 годзе законапаслухмяны, баязьлівы Хічкок трапіў пад пільны нагляд адмысловых службаў. Сэр Альфрэд проста прыдумаў чарговы МакГафін.
У карціне «Благая слава» МакГафінам стаўся… уран, схаваны ў вінных бутэльках. «Як вы выведалі пра атамную бомбу за год да Хірасімы?» — пыталіся ў Хічкока. Але Хічкок нічога не выведываў. «Гэта толькі МакГафін… Ім могуць быць і прамысловыя алмазы», — усё, што заўгодна.
Хічкок інтуітыўна выйшаў на навуковы й палітычны МакГафін. Але палітыка перанасычаная МакГафінамі.
І ў гэтых МакГафінаў ёсьць свае правілы.
1. Па-першае, МакГафін мусяць быць улучаны ў дакладнае і — у выпадку з палітыкаю — зазвычай простае апавяданьне;
2. Абсурднасьць МакГафіна ня мусіць кідацца ў вочы — ён апавяданьнем маскуецца і не выстаўляецца ў кульмінацыях;
3. Энэргія МакГафіна — у масавых жаданьнях, якія ён выклікае. Гэтыя жаданьні апраўдваюць нелягічнасьць і парадоксы;
4. МакГафін — прысутны, але й не належыць цалкам гэтаму сьвету; выпадае зь ягоных правілаў. МакГафін — зьява ня толькі відавочная, але й нематэрыяльная.
Можна вылучыць некалькі тыпаў палітычных МакГафінаў.
Адмоўныя МакГафіны грунтуюцца на хлусьні.
а) МакГафін-правакацыя стварае агрэсіўную й гвалтоўную фікцыю, якая служыць для апраўданьня. Тыповым прыкладам такога МакГафіна зьяўляецца напад нацыстаў, пераапранутых польскімі жаўнерамі, на нямецкую радыёстанцыю — што паслужыла зачэпкаю для вайны. Падпал рэйхстагу таксама быў МакГафінам-правакацыяй, але ён выйшаў з-пад кантролю фашыстоўскага апавяданьня.
b) МакГафін блеф шмат гаворыць, шмат абяцае і ківае на тайны, якія «потым будуць расказаныя». Гэтым МакГафінам любіць карыстацца Лукашэнка: спасылкі на веданьне, якое ў дадзены момант ня можа быць агучанае; пагрозы выкрыць зламысную апазыцыю: «мы раскажам людзям», «яны даведаюцца». Але адзінае, што здольны прадставіць блеф — цішыня й рэдкія нішчымныя правакацыі.
МакГафін нэйтральны. Такавым зьяўляецца.
c) МакГафін няведаньня. Гэты палітычны МакГафін вынікае зь няведаньня правілаў — ці, прынамсі, з імітацыі няведаньня.
Пад МакГафінам няведаньня выступаюць: партыя зялёных, якая заяўляецца ў бундэстаг у джынсах, Сакрат, які прыкідваецца невукам, ці палітарыштант, які выдае сябе за наіўнага і просіць агучыць у судзе ўсю тую лаянку, якую ён быццам бы выкрыкваў.
МакГафін няведаньня — сьвята для літаратараў, якія любяць вывяраць наіўным героем сапсаваны сьвет; гэта вядомы прыём «ачужэньня», які можа стацца магутнаю палітычнаю зброяй.
Калі грамадзяне — «Швейкі», якія «шчыра» падпарадкоўваюцца правілам калгаснага фашызму — то яны даводзяць яго да абсурду, выкрываюць ідыятызм сыстэмы дый абвальваюць яе сьмехам.
Калі МакГафін няведаньня стаіць асобна, то МакГафіны станоўчыяцесна зьнітаваныя паміж сабою:
d) МакГафін-надзея абапіраецца на нематэрыяльную, але надзвычай моцную зьяву. Надзея перасякае апавяданьне і сьведчыць пра надыходнае прышлае, якое МакГафін-надзея й зьдзяйсьняе.
Чаканьне лепшага, увасобленыя прароцтвы, выйсьце з-за межы жывёльнага існаваньня — гэта ўсё МакГафін-надзея.
e) За МакГафінам-надзеяй ідзе МакГафін-ідэя. Ідэі свабоды, чалавечай годнасьці, незалежнасьці здаюцца рабам недарэчнымі — але ідэі ёсьць акрасай апавяданьня, іхнімі нябачнымі прысмакамі й глыбіннаю праўдай.
f) МакГафін-учынак ёсьць увасобленасьцю ідэі. Для рацыянальнае лёгікі — ён немагчымы, але МакГафін-учынак скалынае эпохі. Так 2000 гадоў таму сьмерць Сына Божага на крыжы разбурыла папярэднія апавяданьні й стварыла новыя. Кожны ўчынак-МакГафін — неверагодны, скандальны й антыбюракратычны акт.
2006 год у Беларусі запомніцца ні «праграмаю дзеяньняў дэмакратычнае кааліцыі», ні чарговай «бітвай за ўраджай» са сжатым зернем і скрадзенымі галасамі — але чынам на Плошчы Каліноўскага — сапраўдным МакГафінам надзеі, ідэі і ўчынку.
Без МакГафінаў ніякая палітыка немагчымая.
Але іх яшчэ трэба навучыцца зьдзяйсьняць.