Гл.:Эвалюцыя інстытутаў палітычнай сістэмы Беларусі ў 1994–2001 гадах (II)

Эвалюцыя інстытутаў палітычнай сістэмы Беларусі ў 1985–1994 гадах (I)

За апошнія пятнаццаць гадоў у нашай краіне адбывалася не проста замарожванне інстытутаў улады на узроўні 1996 г., але, хутчэй, назіралася іх дэградацыя і ўзрастанне персаналізацыі. І Канстытуцыя, і ўрад з парламентам, і выбары абслугоўвалі толькі адну асобу — Аляксандра Лукашэнку. Яны прыстасоўваліся да ўсіх яго патрэбаў і свавольстваў. Напрыклад, у 2004 г. быў праведзены рэферэндум, які ўнёс змены ў Канстытуцыю 1996 г. У адпаведнасці з яго афіцыйнамі вынікамі, 79,42% прыняўных ў ім удзел грамадзян, пагадзіліся з тым, што ў дзеючага прэідэнта павінна быць права вылучаць сваю кандыдатуру на кожных выбарах кіраўніка дзяржавы колькі заўгодна разоў. Агалошванне вынікаў плебісцыта было ўспрынята многімі беларусамі, як прыклад сапраўднай фальсіфікацыі. Гэта выклікала стыхійныя пратэсты ў Мінску, якія працягваліся некалькі дзён.

Фармальныя паўнамоцтвы галінаў улады, у адпаведнасці з Асноўным законам, папраўленым на рэферэндуме 1996 г., нагадваюць нам прэзідэнцка-парламенцкую (гібрыдную) рэспубліку. Прэзідэнт і ніжняя палаты абіраюцца насельніцтвам на пяць гадоў на ўсеагульных выбарах. Прэзідэнт фармуе ўрад і прызначае прэм’ер-міністра для ажыццяўлення функцый кіраўніка выканаўчай улады (яго паўнамоцтвы могуць быць істотнымі толькі тады, калі на склад кабінета ўплываюць вынікі парламенцкіх выбараў). Ніжняя палата зацвярджае прэм’ера і асноўных міністраў, яна таксама можа прагаласаваць вотум недаверу ўраду. Гэты крок дэпутатаў мусіць быць падставай для прэзідэнта, каб накіраваць у адстаўку кабінет і прызначыць датэрміновыя выбары. Аднак распускать парламент кіраўнік дзяржавы можа і па ўласнай ініцыятыве. У дэмакратычных краінах ён ідзе на такі крок, калі папулярнасць партыі прэзідэнта рэзка ўзрастае. Акрамя таго, у кіраўніка дзяржавы ёсць права выдаваць дэкрэты, але ён павінен рабіць гэта са згоды прэм’ер-міністра і дэпутатаў парламента.

Аднак механізм ажыццяўлення ўлады прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь сур’ёзна адрозніваецца нават ад гэтай не самай дэмакратынай мадэлі. Ён зводзіцца да фактычнага падпарадкавання ўсіх асноўных інстытутаў палітычнай сістэмы асабіста прэзідэнту А. Лукашэнцы. Напрыклад, згодна з Канстытуцыяй 1996 г., кіраўнік дзяржавы не з’яўляецца адначавова і кіраўніком выканаўчай улады ў Беларусі. Для ажыццяўлення дадзеных паўнамоцтваў ствараецца Савет міністраў (урад), падсправаздачны перад прэзідэнтам і парламентам. Яго старшыню (прэм’ер-міністра) «прызначае прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне па гэтаму пытанню прымаецца ніжняй палатай у тэрмін не пазней чым два тыдні ад моманту, калі прапанова па кандыдатуры пррэм’ера з’явілася. У выпадку двухразовай адмовы даць згоду на прызначэнне прэм’ер-міністра Палатай прадстаўнікоў, прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа прызначыць выконваючага абавязкі прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары». [1] Кіраўнік дзяржавы прызначае таксама і ўсіх міністраў. Больш за тое, у прэзідэнта ёсць права адправіць прэм’ера альбо міністраў у адстаўку, не чакаючы вынясення вотуму недаверу дэпутамі ніжняй палаты парламента.

У рэчаіснасці, у парушэнне Канстытуцыі 1996 г., сапраўдным кіраўніком выканаўчай улады ў Беларусі, выступае прэзідэнт. У адрозненне ад дэмакратычных краін з гібрыднай формай кіравання, у Рэспубліцы Беларусь так і не склаўся так званы двухгаловы выканаўчы орган улады (TwoheadedExecutive), які прадугледжвае пэўны падзел паўнамоцтваў паміж кіраўнікамі дзяржавы і ўраду. Беларускі прэзідэнт звычайна з’яўляецца старшынёй на паседжаннях Савету міністраў. Ён дае заданні асобным сябрам урада, крытыкуе іх за невыканне дадзеных даручэнняў, робіць публічныя разносы і адпраўляе ў адстаўку тых, хто вінаваты. Напрацягу першых пятнаццаці гадоў XXI стагодзя беларускі ўрад ператварыўся ў сапраўдную гаспадарча-адміністратыўную структуру пры прэзідэнце. Ініцыяванне новай палітыкі — гэта прэрагатыва кіраўніка дзяржавы; задачай жа міністраў і прэм’ера з’яўляецца безумоўнае выкананне даручэнняў, якія былі атрыманы імі ад А. Лукашэнкі.

Падсправаздачнасць урада перад дэпутатамі Нацыянальнага схода, пачынаючы з 1996 г., набыла фармальны характэр. З тых часоў не было ніводнага выпадку, таго каб Палата прадстаўнікоў прагаласавала за вотум недаверу ўраду. Адхіленне ад пасады асобных міністраў і прэм’ера пераўтварылася ў выключна прэзідэнцкую задачу. Ён звычайна ідзе на такія крокі, калі эканамічныя праблемы краіны абвастраюцца. Тады асноўнай функцыяй урада становіцца гуляць ролю «ахвярнага барана», на якога прэзідэнт з задавальненнем перакладае адказнасць за ўласныя памылкі. На мяжы 2000х гадоў у Беларусі даволі часта мянялі кіраўнікоў урада і міністраў. Аднак з 2003 г. пасаду прэм’ера трывала ўтрымліваў у сваіх руках С. Сідорскі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. кіраўнік дзяржавы замяніў яго на былога старшыню сваёй адміністрацыі, а потым прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук М. Мясніковіча. Перад чарговымі выбарамі кіразўніка дзяржавы ў 2015 г. і ў сувязі з эканамічнымі праблемамі краіны, якія абвастраюцца, Міхаіла Мясніковіча памянялі на былога кіраўніка адміністрацыі, прарасійскага палітыка Андрэя Кабякова. [2]

Урад Рэспублікі Беларусь, тасама як і парламент, сваімі паўнамоцтвамі і ўлалай істотна саступае такім структурам, як Адміністрацыя прэзідэнта і Савет бяспекі. Яны набылі канстытуцыйнае замацаванне ў Асноўным законе ў 1996 г. Згодна з Артыкулам 84, п. 5., «прэзідэнт утварае, скасоўвае і рэарганізуе Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя органы дзяржаўнага кіравання, а таксама кансультатыўна-дарадчыя і іншыя структуры пры прэзідэнце». Пункт 27 таго ж артыкула кажа аб тым, што «прэзідэнт фармуе і ўзначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь; прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі». [3]

Адміністрацыя прэзідэнта з`яўляецца найважнейшым рэзервуарам кадраў для вышэйшых падраздзяленняў дзяржаўнага кіравання ў цэнтры і на месцах. Яго шматлікія аддзелы дублююць працу міністэрстваў і ведамстваў урада, задаючы ім пэўны вектар развіцця, як у свой час гэта рабілі аддзелы ЦК КПБ у адносінах да савецкага ўрада. Акрамя таго ў Адміністрацыі засяроджаны сілы, якія забяспечваюць ‘кіруючую і накіроўваючую’ ролю прэзідэнта ў яго ўзаемадзеянні са структурамі заканадаўчай і судовай улады. Гэта, у прыватнасці, знаходзіць сваё адлюстраванне ў тым, што менавіта ў сценах Адміністрацыі адбываецца распрацоўка асноўных законапраектаў, якія потым спускаюцца дэпутатам парламента для зацвярджэння. У 2008 г. кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта быў прызначаны У. Макей, які доўгі час выконваў абавязкі першага памочніка прэзідэнта. У 2012 г. яго замянілі на А. Кабякова. У 2015 г. гэтая прэстыжная пасада апынулася ў руках былога «віцебскага губернатара» Аляксандра Козінца.[4]

У Адміністрацыі прэзідэнта працуе сем галоўных упраўленняў: па кадравай палітыцы, ідэалагічнае, дзяржаўна-прававое, арганізацыйнае, па ўзаемадзеюнню са структурамі заканадаўчай і судовай улады, эканамічнае, па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў. Два ўпраўленні: па знешняй і рэгіянальнай палітыцы. Тры адзелы: па працы з грамадскімі аб’яднаннямі, па падрыхтоўцы прамоў прэзідэнта, па пытаннях грамадзянства і памілвання. Адзін сектар: стратэгіі развіцця сельскай гаспадаркі. У А. Козінца ёсць адзін першы намеснік і два намеснікі. Інфармацыя аб фінансаванні Адміністрацыі прэзідэнта не з’яўляецца даступнай для вывучэння ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь. [5]

У адпаведнасці з Кастытуцыяй 1996 г., беларускі парламент складаецца з двух структурных падраздзяленняў: Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі. Ніжняя палата ўключае ў свой склад 110 дэпутатаў, якія непасрэдна абіраюцца грамадзянамі на пяць гадоў. У верхнюю палату ўваходзіць 64 чалавекі. Яны фармуюцца наступным чынам: ад кожнай вобласці і горада Мінска восем чалавек абіраюцца на паседжанні дэпутаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, восем сяброў прызначаюцца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. [6]Менавіта Нацыянальны сход у складзе двух яго палат з’яўляецца «вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам улады». Але, як і ў выпадку з урадам, дадзеная канстытуцыйная норма не выконваецца, таму што прэзідэнт А.Лукашэнка ‘ўзваліў на свае плечы’ ўвесь цяжар выканання заканадаўчых паўнамоцтваў. На першы погляд здаецца нонсэнсам наяўнасць бікамеральнай структуры прадстаўнічага сходу ў невялікай краіне з гамагенным у нацыянальным плане складам насельніцтва і ўнітарным уладкаваннем дзяржавы. Ніжэй мы ўбачым, што верхняя палата ў Беларусі служыць дадатковым істытуцыянальным механізмам у руках прэзідэнта для забеспячэння яго поўнага кантролю над заканадаўчым працэсам і кадравай палітыкай.

Калі параўнаць функцыі дэпутатаў беларускага Нацыянальнага схода з тымі, якія выконваюць парламентарыі дэмакратычных краін, то кідаецца ў вочы поўнае бяссілле народных абраннікаў у Рэспубліцы Беларусь. Асноўнай функцыяй кожнага парламента з’яўляецца легіслатыўная(Legislative), звязаная з распрацоўкай і прыняццем законаў. Беларускія дэпутаты яе фактычна не выконваюць, таму што гэта задачай прэзідэнта і яго адміністрацыі. Як адзначае вядомы беларускі юрыст Фадзеяў, «шэраг абмежаванняў для парламента прадугледжаны працэдурай прыняцця законаў. Справа ў тым, што паводле частак другой-чацвёртай арт. 99 Канстытуцыі 1996 г., „заканапраекты, следствам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне выдаткаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды прэзідэнта, альбо, паводле яго даручэння, ўрадам… Прэзідэнт альбо ўрад маюць права ўносіць прапановы ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі аб разглядзе таго альбо іншага праекту закона як тэрміновага. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў гэтым выпадку павінны разгледзець дадзены законапраект на працягу дзесяці дзён з моманту ўключэння яго ў парадак дня сэсіі. Па патрабаванню прэзідэнта альбо, з яго згоды, урада, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі на сваіх пасяджэннях прымаюць рашэнні, галасуючы ў цэлым за ўвесь унесены прэзідэнтам або ўрадам праект або яго частку, захаваўшы толькі тыя папраўкі, якія прапанаваны або прыняты прэзідэнтам або Саветам міністраў…

Фармальна кожны дэпутат парламента валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Аднак ён абавязаны ўзгадніць законапраект з адпаведнымі органамі выканаўчай улады, акрамя таго, практычна да любога праекту можна ўжыць частку другую арт. 99 Канстытуцыі 1996 г. Таму ў цяперашні час (2006 — заўв. аўтара) практычна адсутнічаюць Законы Беларусі, падрыхтаваныя дэпутатамі»». [7] Дакладней будзе сказаць, што такія законы насілі адзінкавы характар. Нічога не змянілася ў лепшы бок і за апошнія восем гадоў. Прэзідэнт Беларусі практычна пераўтварыўся ў адзінкавы і самы асноўны інстытут заканадаўчай улады, што само па сабе груба парушае прынцып падзелу ўлады.

Беларускі парламент кепска спраўляецца і з выкананнем функцыі рэкрутавання, (Recroutment), звязанай з абраннем, зацвярджэннем альбо адхіленнем ад пасады асоб у структурах выканаўчай і судовай улады. Не абіраемая насельніцтвам верхняя палата — Савет Рэспублікі, валодае куды большымі паўнамоцтвамі ў гэтай галіне, чым ніжняя і фармальна абіраемая — Палата прадстаўнікоў. Разам з тым, як справядліва адзначае беларускі палітолаг Чарноў, «Канстытуцыя не дазваляе верхняй палаце ўплываць на рашэнні прэзідэнта аб вызваленні службовых асоб ад займаемай пасады. Акрамя таго ў рэчаіснасці прэзідэнт прадстаўляе Савету Рэспублікі не кандыдатаў на пасады, а ўжо прызначаных сваім указам кіраўнікоў. Фактычна роля Савета Рэспублікі ў гэтых выпадках зводзіцца да безумоўнага зацвярджэння кадравых прызначэнняў, якія ўжо адбыліся. Пачынаючы з 1996 г., Савет Рэспублікі ніводнага разу не адхіліў прапанаваныя прэзідэнтам прызначэнні, нават тады, калі для гэтага былі пэўныя падставы». [8] А. Лукашэнку даводзіцца самому выпраўляць уласныя кадравыя памылкі, не дапускаючы да гэтай дзейнасці парламент.

Традыцыйна вельмі істотную ролю ў дзейнасці кожнага парламента адыгрывае рэалізацыя ім кантрольнай функцыі за дзейнасцю ўрада і кіраўніка дзяржавы. Сітуацыя ў Беларусі далёкая ад нормы. Яшчэ ў 1995 г. А. Лукашэнка ліквідаваў Кантрольную палату Вярхоўнага Савета. Створаны ёй узамен, Камітэт дзяржаўнага кантролю падсправаздачны толькі прэзідэнту краіны. Праўда, у беларускіх дэпутатаў яшчэ захоўваецца такая форма кантролю, як зацвярджэнне дзяржаўнага бюджэту і справаздач па яго выкананні, а таксама — праграм урада, але яны носяць у вышэйшай ступені фармальны характар.

Аналіз прававой практыкі ў нашай краіне дазваляе зрабіць выснову аб залежнасці судовай улады ад прэзідэнта. Як адзначае былы суддзя Канстытуцыйнага суда Пастухоў, такі стан рэчаў не павінен здзіўляць «Фінансавае, матэрыяльна-тэхнічнае і іншае забеспячэнне судоў стала справай органаў выканаўчай улады. Пытанні падбору кадраў, прызначэння суддзяў на пасаду і вызвалення ад пасады — таксама прэрагатыва органаў кіравання. Даходзіць да таго, што памер выплаты прэмій суддзям вызначаецца па ўзгадненні з начальнікам упраўлення юстыцыі аблвыканкама (Мінгарвыканкама)». [9] Разам з іншым судзёй Кастытуцыйнага суда Вашкевічам, ён заўважыў, што «з новай рэдакцыі Канстытуцыі знікла права Канстытуцыйнага суду даваць заключэнне аб парушэнні Канстытуцыі прэзідэнтам (!). Замест гэтага з`явілася норма аб неабходнасці па прапанове прэзідэнта даваць заключэнне пра наяўнасць фактаў сістэматычнага альбо грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента. З Асноўнага Закона знікла палажэнне аб тым, што пастановы Канстытуцыйнага суду з`яўляюцца канчатковымі і не могуць быць апратэставаныя, а таксама норма аб тым, што прамое або ўскоснае ўздзеянне на Канстытуцыйны суд і яго сяброў, у сувязі з дзейнасцю па ажыццяўленні канстытуцыйнага кантролю, недапушчальна і цягне за сабой адказнасць па законе… Такім чынам, змены, унесеныя ў заканадаўства, якія тычацца інстытута канстытуцыйнага кантролю пасля правядзення рэферэндуму 1996 г., не носяць прагрэсіўнага характару, звужаюць гарантыі незалежнасці суддзяў і ставяць Канстытуцыйны суд і яго сяброў у жорсткую залежнасць ад волі аднаго чалавека». [10]

Такім чынам, «у выніку палітычнай і прававой трансфармацыі статус Канстытуцыйнага суда ў сістэме органаў дзяржаўнай улады панізіўся. Суд, хутчэй, выконвае ролю дэкарацыі, а не уплывовай структуры канстытуцыйнага кантролю». [11] Такую ж выснову неабходна зрабіць і ў дачыненні да ўсёй судовай улады, яна згубіла свой незалежны характэр, а ў 2011 г. адкрыта выконвала ролю карнага інструмента прэзідэнта ў яго змаганні з апазіцыяй і тымі, хто выступаў супраць таго, каб палітычны рэжым асабістай улады ў Беларусі стаў пажыццёвым.

У мэтах замацавання створанай сістэмы ўлады, перадачы яе ў спадчыну нашчаткам, а таксама для падвышэння ступені легітымнасці ўлады А. Лукашэнкі, у Беларусі ў 2003 г. была распрацавана так званая дзяржаўная ідэалогія. Рэжым асабістай улады ў нашай краіне нельга назваць жорстка ідэалагізаваным. Гэта адрознівае яго ад таталітарызму. Разам з тым у грамадскую свядомасць улады ўносяць антыдэмакратычныя і антызаходнія ідэі. Прапагандуецца панславізм. Рэспубліка Беларусь малюецца як фарпост, які стрымлівае далейшае распаўсюджанне ў свеце тлятворных ліберальных каштоўнасцяў. Стварэнне дзяржаўнай ідэялогіі дало падставу некаторым палітолагам і апазіцыйным палітыкам казаць аб таталітарный трансфармацыі рэжыма Лукашэнкі. На нашу думку, такая трансфармацыя насіла яскравы султанісцкі характэр. Султанісцкае кіраўніцтва звычайна не абапіраецца на добра распрацаваную пануючую ідэалогію, але яно можа выкарыстоўваць заявы лідэраў, якія прэтэндуюць на ідэалагічны статус. «Яна носіць маніпулятыўны характэр і, што яшчэ важней, не разглядаецца як нешта, што стрымлівае правадыра. Гэтыдухоўны канструкт захоўвае сваю рэлевантнасць да таго часу, пакуль яго выкарыстоўвае лідэр». [12] Фармуецца так званая квазіідэалогія.

Нам падаецца, што нешта падобнае і збудавалі дарадцы беларускага прэзідэнта. Дзяржаўная ідэалогія носіць павярхоўны характар. Светапоглядавая частка ўключае ў сабе эклектычны набор некаторых марксісцка-ленінскіх, ліберальных і кансерватыўных пазіцый. Як адзначаецца ў дакладзе А. Лукашэнкі: «Такім чынам, марксісцка-ленінская, кансерватыўная і ліберальная ідэалогіі ў рознай ступені, у розных, скажам, колькасцях павінны быць уласцівы і нам. Ды і ў некаторай ступені былі ўласцівы. Чагосьці больш, чагосьці менш… Беларуская ідэалогія павінна мець арыентацыю на традыцыйныя для нашай цывілізацыі каштоўнасці: здольнасць працаваць не толькі дзеля нажывы, але і для карысці грамадства, калектыву іншых людзей… Па сутнасці, ва ўсходнеславянскім (а калі ўлічыць пражыванне на нашых прасторах і іншых народаў) ва ўсходнееўрапейскім свеце мы засталіся адзінай краінай, якая адкрыта прапаведуе вернасць нашым традыцыйным цывілізацыйным каштоўнасцям. Усё гэта дазваляе гаварыць, што часам, лёсам, сітуацыяй Беларусь высунулася на, мусіць, вялікую ролю духоўнага лідэра ўсходнееўрапейскай цывілізацыі». [13]

Як сведчыць практыка ідэалагічнай працы напрацягу васьмі гадоў, гэтая сістэма ідэй і поглядаў ніяк не абмяжоўвае дзеючую ўладу, але, наадварот, служыць для забеспячэння дасягнення прагматычных мэтаў Лукашэнкі: узмацнення яго асабістага кантролю над дзяржаўным апаратам, сістэмай адукацыі і СМІ. [14] Нарэшце, у гэтую ідэалогію «не верыць ні атачэнне лідэра, ні падданыя, ні вонкавы свет», што, паводле Лінца і Стэпана, уласціва менавіта султанізму.

Эканамічны і сацыяльны плюралізм у нашай краіне застаецца, але ніхто не гарантуе іх актараў ад свавольнага ўмяшальніцтва ў іх справы збоку ўлады. Вяломыя амерыканскія палітолагі Лявіцкі і Уэй у сваім апісанні Беларусі прывялі выказванні некаторых рэспандэнтаў, якія даволі ўдала апісалі сітуацыю, што склалася: «Гэта — кантралюемая дзяржавай карпарацыя, BelarusInc, — шматузроўневы кангламерат з прыбыткам каля 25 млрд. даляраў ЗША. На яе працуе больш за 4 мільёны працоўных, яна кантралюе таксама сферу паслугаў, сектары аховы здароўя і адукацыі».[15] Але А.Лукашэнка кантралюе не толькі дзяржаўны сектар эканомікі, які па-ранейшаму дасягае 75-80%, але і ўсіх прыватных прадпрымальнікаў. «Дадзены кантроль практычна пазбавіў апазіцыю магчымасцяў атрымліваць дапамогу ад бізнесу. У 2006 годзе верагоднасць далучэння каго-небудзь з высокапастаўленых кіраўнікоў эканамічнай сферы да апазіцыі раўнялася нулю. Такі шырокі ахоп дзяржавы даваў А. Лукашэнцы каласальныя магчымасці задушыць апазіцыю раней, чым яна здолее набраць сілу». [16] На выбарах 2010 г. паўтарылася тая ж самая сітуацыя. Усе гэта сведчыла аб высокай стуені адзінства грамадскіх сфераў прыватнагаі публічнага — адной з асноўных адрозных рысаў палітычнага рэжыму султанізма.

Да актараў сацыльнага плюралізма належаць таксама няўрадавыя арганізацыі. Кампанія так званай перарэгістрацыі няўрадавых арганізацый у 1999 г. прывяла да скарачэння колькасці НДА прыкладна на 1200 арганізацый. Да 2009 г. колькасць іх не дасягнула таго ўзроўню ў 2500 арганізаццый, які быў устаноўлены перад пачаткам кампаніі. Уладай быў уведзены так званы дазваляльны прынцып рэгістрацыі замест заяўляльнага; была створана таксама неканстытуцыйная структура — Камісія па рэгістрацыі і перарэгістрацыі пры прэзідэнце РБ, якая пагражала жорсткім пераследам тых НДА, што працягвалі сваю актыўнасць пасля атрымання адмовы ў рэгістрацыі ці перарэгістрацыі ад урада. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 г. адміністратыўная адказнасць за такую дзейнасць была заменена на крымінальную. Усе гэта груба парушала правы грамадзян на стварэнне асацыяцый. Дадзеная сітуацыя захоўваецца і па сёняшні дзень. [17]

Рэпрэсіі супраць сапраўдных няўрадавых арганізацый былі дапоўнены стварэннем квазі-НДА, якія атрымалі назау GONGO (Governmentorganized/runNonGovernmentalOrganizations). Яшчэ ў жніўні 2003 г. А. Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб фармаванні дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў, якія павінны выконваць задачы, што маюць важнае значэнне для дяржавы. Квазі-НДА ствараліся таксама і для манапалізацыі функцыіі прадстаўніцтва пэўных сацыяльных інтарэсаў адпаведнымі і падкантрольнымі кіраўніку дзяржавы структурамі. Раней за іншых прэзідэнт забяспечыў такую манаполію Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі (БРСМ), які паўстаў яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў. Прыклад «лукамола» (так сталі называць арганізацыю недабразычліўцы) імкнуўся паўтарыць цэлы шэраг старэйшых таварышаў, якія хацелі гарантаваць сабе дзяржаўныя субсідыі пад дзейнасць як быццам бы няўрадавай арганізацый. Але ўсіх апярэдзіла створанае ў 2007 г. грамадскае аб’яднанне Белая Русь, якое ставіла сабе на мэце: «забяспечыць шырокую грамадскую падтрымку палітыцы прэзідэнта А. Лукашэнкі». [18]

Сродкі масавай інфармацыі даўно жорстка кантралююцца ўрадам. Радые і тэлебачанне цалкам знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Створаная не так даўно незалежная тэлевізійная кампанія Белсат, якая вядзе перадачы з-за мяжы, пакуль не можа канкураваць з БТ, ОНТ, СТВ альбо Трэцім каналам з-за многіх прычын. Напрыклад, Белсатуз’яўляецца складана хутка рэагаваць на важныя падзеі, што адбываюцца. Журналістаў і экспертаў з Беларусі пакуль не ўдалося гарантаваць ад затрыманняў беларускай міліцыяй. За паслугі Белсату трэба плаціць, а беларускія грамадзяне не прызвычаіліся да гэтага (ім звычайна навязваецца пакет танных паслуг кабельнага тэлебачання ў ЖЭС). Многія тэлегледачы робяць выбар на карысць прагляду перадач гэтай кампаніі ў Інтэрнэце, што з’яўляецца больш ананімным і бяспечным. Белсату не хапае і больш якаснай рэкламнай капмпаніі.

Незалежныя газэты з-за эканамічнага ціску з боку ўлады і непрыхаваных рэпрэсій, накіраваных супраць журналістаў, якія там працуюць, вымушаны былі скараціціць наклады сваіх выданняў. Шматлікія папулярныя выданні былі зачынены за вострую крытыку А. Лукашэнкі, альбо пазбаўлены доступу да дзяржаўнай сітстэмы распаўсюджання перыядычных выданняў. Як адзначае палітычны аглядальнік незалежнага выдання Беларусы і рынак Быкоўскі: «Некаторыя СМІ маюць негагосную забарону на друк у беларускіх друкарнях і вымушаны друкавацца за мяжой, што робіць выданне газэты больш дарагім працэсам і не гарантуе дастаўку кожнага канкрэтнага нумара да чытача». [19] Да гэтага варта дадаць, што Інтэрнэт, які ўплываў у 2010 г. на выбар 10% выбаршчыкаў, таксама з’яўляецца аб’ектам дзяржаўнага рэгулявання. Але, нягледзячы на гэта, ён застаецца самым свабодным СМІ ў Беларусі, колькасць яго карыстальнікаў у пачатку 2014 г. перавышала 4.8 мільёнаў чалавек. [20]

Палітычны плюралізм у Беларусі сутыкнуўся з сур’ёзнымі абмежаваннямі напрацягу апошніх пятнаццаці гадоў. Палітычныя партыі былі пазбаўлены магчымасцей весці канкурэнтную барацьбу ў нармальных умовах. Яны не маглі мець сваіх прадстаўнікоў у парламенце і мясцовых структурах улады, агітаваць прыхільнікаў з дамамогай сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку электронных, і таму апынуліся ў ізадяцыі ад беларускага грамадства. Большая іх частка мала чым адрозніваецца ад палітычных клубаў і няўрадавых арганізацый. Некаторыя партыі паспрабавалі запоўніць вакуум, што паўстаў, «вулічнакй палітыкай» (мабілізацый прыхільнікаў на акцыі пратэсту). Аднак яе магчымасці апынуліся абмежаванымі з-за драконаўскага заканадаўства, прынятага ў Беларусі супраць арганізатараў несанкцыяваных дэманстрацый і мітынгаў, а таксама з-за памылак самых арганізатараў. Слабасць беларускіх палітычных партый можна патлумачыць «антыпартыйнай ментальнасцю» многіх груп насельніцтва, асаблівасцямі выбарчай сістэмы, вельмі вузкай сацыяльнай базай, на якую могуць абаперціся партыі. Аднак, самая галоўная прычына — гэта прынцып, якім кіруецца палітычны рэжым ў нашай краіне: «у беларускай палітыцы не павінна быць іншага суб’екта, акрамя самой ўлады». [21]

Выбары ў Рэспубліцы Беларусь не ўмацоўваюць палітычныя партыі, у не залежнасці ад іх ідэалогіі, альбо палітычнай арыентацыі: выступаюць яны «за», альбо «супраць» прэзідэнта. Такая унікальная для сучаснай еўрапейскай краіны сітуацыя стала амаль што сацыялагічным законам, не саступаючым па дакладнасці добра вядомым законам Дзювэржэ-Сатроры. [22] За апошнія адзінаццаць гадоў прайшлі пяць агульнанацыянальных кампаній парламенцкіх (2004, 2008, 2012) і прэзідэнцкіх (2006, 2010) выбараў. На ўсіх афіцыйна перамагалі людзі са спіса А. Лукашэнкі, альбо сам дзеючы кіраўнік дзяржавы. Ніводнае электаральнае спаборніцтва не было прызнана свабодным і дэмакратычным назіральнікамі ад АБСЕ. Але вышэйшая ўлада ў краіне ставіла перад сабой і іншую задачу: забяспечыць далейшую дэпалітызацыю і дэпартызацыю беларускага парламента і мясцовай улады: вызвалення гэтых структур ад прадстаўнікоў палітычных арганізацвй наогул. З апошняй задачай вышэйшая ўлада краіны справілася бліскуча.

Парламенцкія выбары 2004 г. суправаджаліся рэферэндумам аб прадаўжэнні паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта. Параза на мясцовых выбарах 2003 г., а таксама ціск з боку некаторых міжнародных арганізацый прымусіў кіраўніцтва беларускіх апазіцыйных арганізацый сесці за стол перамоваў для фармавання адзінага аб’яднання перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў трэцяга склікання. Зрабіць гэта да канца не атрымалася, таму ў выбарчую кампанію апазіцыя ўступіла дзвюма калонамі. Улетку 2003 г. ПБНФ, АГП, БСДГ, ПКБ і БПП сталі сябрамі аб`яднання Народная кааліцыя V+(пяцёрка плюс). Лацінскае напісанне гэтага лічэбніка азначала скіраванасць удзельнікаў на перамогу — victoria; «плюс» сімвалізаваў адкрытасць кааліцыі і яе арыентацыю на далейшае пашырэнне. Увосень 2003 г. было абвешчана аб фармаванні Еўрапейскай кааліцыі Свабодная Беларусь. У яе склад увайшлі БСДП (НГ), партыя Надзея, блок Свабодная Беларусь, за якім стаяла вядомая грамадзянская ініцыятыва Хартыя`97. Аб падтрымцы гэтага аб`яднання заявілі такія ўплывовыя маладзёжныя арганізацыі, як Зубр і Малады фронт.

Перад выбарамі актывізавала сваю дзейнасць група Рэспубліка, створаная з ліку асобных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Яна беспаспяхова спрабавала правесці праз парламент папраўкі ў выбарчае заканадаўства.Мэтамі створаных апазіцыйных кааліцый было фармаванне ўзгодненага спісу кандыдатаў у большасці акруг, канцэнтрацыя палітычных рэсурсаў, зрыў планаў улады атрымаць перамогу на магчымым рэферэндуме аб падаўжэнні паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. Апошняя задача здавалася цалкам пад сілу беларускім дэмакратам, таму што яшчэ ў чэрвені 2004 г. 50,9% выбаршчыкаў выступалі «хутчэй супраць» і «супраць» чарговай змены Канстытуцыі і толькі 35,2% былі прыхільнікамі такіх захадаў улады. [23]

У сітуацыі, што склалася, усім апазіцыйным кандыдатам варта было зрабіць паразу А. Лукашэнкі на рэферэндуме агульнай і адзінай задачай палітычнай кампаніі. Замест гэтага абедзьве кааліцыі захапіліся ўдзелам у несвабодных парламенцкіх выбарах. Як варта было чакаць, ніводны прадстаўнік апазіцыі ў парламент не патрапіў. Скарацілася і агульная колькасць партыйных дэпутатаў. Так у Палату прадстаўнікоў трэцяга скліккання прайшлі толькі 8 сяброў Камуністычнай партыі Беларусі, 3 сябры Аграрнай партыі і 1 прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Ім стаў лідэр ЛДП С. Гайдукевіч, якому давялося справай даказваць свой няўдзел у апазіцыі. Па аднаму сябру КПБ і АП апынуліся ў Савеце рэспублікі.

Пачынаючы з так званых парламенцкіх выбараў 2004 г., у Рэспубліцы Беларусь дзейнічае напэўна ўнікальная ў сучаснай Еўропе практыка правядзення выбараў. Прэзідэнцкая адміністрацыя ставіць перад Цэнтральнай выбарчай камісіяй, а тая перад ніжэйшымі камісіямі, заданне: які адцотак галасоў павінен атрымаць адпаведны кандыдат, хто можа патрапіць у парламент і мясцовыя саветы, а хто не. Падчас выбараў уся вертыкаль улады, усе чыноўнікі дзяржаўных органаў працуюць над выкананнем гэтага плана. Фактычна рэальны падлік галасоў ужо не вядзецца, таму што кіраўнікі камісій робяць усё магчымае і немагчымае для выканання гэтага плану, таму што ад гэтага залежыць іх кар’ера і далейшы лёс. Укараненне дадзенай практыкі ў РБ, пераўтварыла выбары ў механізм палітычнай мабілізацыі цэрыманіяльнага кшталту, уласцівы для рэжыму султанізма.

У парламенцкіх выбарах 2008 г. дэмакратычныя сілы ўдзельнічалі дзвюма калонамі. Галоўную ролю ў намінацыі кандыдатаў і правядзенні агітацыйнай кампаніі адыгрывалі Аб`яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС). З 98 прэтэндэнтаў ад гэтай кааліцыі рэгістрацыйныя пасведчанні ўдалося атрымаць 78. У далейшым з-за ціску ўлады і немагчымасці рэальна займацца агітацыяй 12 прадстаўнікоў дадзенай групы знялі свае кандыдатуры. Гэтая парламенцкая кампанія рэанімавала і другі цэнтр прыцягнення апазіцыйных сіл — Еўрапейскую кааліцыю Свабодная Беларусь. У яе склад на той момант уваходзілі аргкамітэт па ўзнаўленні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) на чале з М. Статкевічам, незарэгістраваная Партыя свабоды іпрагрэсу (ПСП), лідэрам якой з`яўляецца экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былы лідэр маладзёжнай структуры АГП У. Навасяд, Малады фронт (гэтая арганізацыя, праўда, байкатавала выбары) і Каардынацыйная рада прадпрымальнікаў. Еўрапейская кааліцыя вылучыла 60 прэтэндэнтаў, але здолела дамагчыся рэгістрацыі толькі 22. Перад выбарамі пазбавілася рэгістрацыйнага пасведчання адна з самых вядомых беларускіх партый — Надзея, а неўзабаве пасля галасавання у лютым 2009 г. прайшоў устаноўчы з`езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі(БХД), адным з лідэраў якой з’яўляецца вядомы палітык, былы лідэр Маладога фронту П. Севярынец.

Нягледзячы на прысутнасць інтрыгі і абяцанне А. Лукашэнкі правесці выбары па ‘еўрапейскіх паняццях’, гэтага не адбылося. Ніводны прадстаўнік апазіцыі ў Палату прадстаўнікоў так не патрапіў. Назіральнікі ад АБСЕ вымушаны былі канстатаваць, што і на гэты раз галасаванне ў Беларусі было далёкім ад нормаў свабоднага і справядлівага волевыяўлення грамадзян. У выніку гэтых выбараў скарацілася і прадстаўніцтва лаяльных рэжыму партый у парламенце. Так пралукашэнкаўскія камуністы змаглі правесці ў ніжнюю палату толькі 6 сваіх прадстаўнікоў, а аграрыі — 1. Ліберальна-дэмакратычная партыя загадзя заявіла аб сваім няўдзеле ў кампаніі з-за яе несвабоднага характэру і неабходнасці лепш падрыхтавацца да выбараў прэзідэнта. [24]

Як адзначае беларускі палітолаг Казакевіч, «узровень палітычнай актыўнасці і самаарганізацыі дэпутатаў парламента з’яўляецца вельмі нізкім, як і іх роля ў фармуляванні і адстойліванні грамадскіх інтарэсаў, хаця ў іх і застаюцца магчымасці лабіраваць інтарэсы бізнэс-структураў, якіх-небудзь рэгіянальных груп і насельніцтва выбарчых акругаў. У выніку, партыі ў Нацыянальным сходзе займаюць маргінальнае месца, а дэпутацкія групы не ствараюцца з 2004 г. Акрамя таго, дэпутацкі мандат не з’яўляецца прыступкай для кар’ернага роста асобы (прыклады, якія супярэчаць гэтаму правілу, даволі рэдкія». [25]

Парламенцкія выбары 2012 г. толькі падцвердзілі гэтую ісціну. Палітычная апазіцыя вельмі доўга не магла дамовіцца аб фармаце свайго ўдзелу ў кампаніі, нягледзячы на нездавальняючую статыстыку мінулых выбараў і пераўтварэнне Нацыянальнага сходу ў цалкам безуладную структуру, не папулярную ў насельніцтва. Здавалася б, гэта не пакідаў сумневаў: у 2012 г. апазіцыя павінна выбраць стратэгію байкоту парламенцкіх выбараў. Але гэтага не здарылася. Па такому жыццёва важнаму пытанню яна не змагла дамовіцца і раскалолася на прыхількаў безумоўнага байкоту, умоўнага байкота, байкоту і ўдзела, умоўнага ўдзелу, поўнага ўдзелу.

Першую пазіцыю займаў КХП-БНФ, другую Беларускі Рух (частка ПБНФ, якая не прызнала вынікі з’езду партыі 2010 г.) і БХД, трэцюю — прыхільнікі грамадзянскай кампаніі Кажы праўду (У. Някляева), чацвёртую — АГП, ПБНФ, рух За свабоду, пятую — экскамуністы С. Калякіна з Беларускай партыіі аб’яднаных левых Сумленны свет. Аднак пад ціскам шараговых сяброў, сталі больш блізкімі пазіцыямі па гэтаму пытанню паміж БХД, АГП і ПБНФ, якія прынялі ўдзел у кампаніі актыўнага байкоту. Яны ўдзельнічалі ў кампаніі, але патрабавалі абавязковага зняцця сваіх прэтэндэнтаў з перадвыбарчай гонкі, а таксама ўзгаднілі працэс назірання за галасаваннем. Гэта дазволіа пазней некаторым лідэрам палітычных арганізацый казаць аб іх маральнай перамозе над рэжымам.

Як сведчаць дадзеныя апытанняў НІСЭПД, выбары па краіне ў асноўным адбыліся, але з-за нізкай яўкі выбаршчыкаў, праваліліся ў Мінску і некаторых буйных гарадах. [26] Прычына гэтага палягае ў вялікай палітычнай пасіўнасці людзей пасля крызісу 2011 г., а не ў паспяховай стратэгіі апазіцыі. Атрымала працяг і тэндэнцыя дэпартызацыі Палаты прадстаўнікоў: у 2012 г. у ёй апынулася толькі 5 партыйных дэпутатаў (3 сябры КПБ, 1 сябр АП і 1 прадстаўнік Рэспубліканскай партыіі працы і справядлівасці).

У сучаснай Беларусі прэзідэнцкія выбары заўсёды адыгрывалі куды большую ролю, чым парламенцкія. З дапамогай гэтага палітычнага спаборніцтва ўсё яшчэ фармальна магчыма памяняць вышэйшую ўладу ў краіне. Звычайна не толькі ўрад, але і апазіцыя бяруць удзел дадзеных кампаніях, легітымізуючы поспех дзеючага кіраўніка дзяржавы і тыя фальсіфікацыі, якія ўлада выкарыстоўвае, каб дасягнуць пастаўленнай мэты.

На выбарах прэзідэнта ў 2006 г. апазіцыя пацярпела чарговую паразу. Паводле дадзеных ЦВК, у галасаванні прыняло ўдзел 92,9% выбаршчыкаў (31% з іх прагаласавалі датэрмінова). А. Лукашэнка атрымаў 83% галасоў, А. Мілінкевіч — 6,1%, С. Гайдукевіч — 3,5%, А. Казулін — 2,2%. Па дадзеных НІСЭПД, за дзеючага прэзідэнта аддалі галасы 58,2%, А. Мілінкевіча — 18,8%, А. Казуліна — 4,7% выбаршчыкаў. Гэта азначае, што адзіны кандыдат ад апазіцыі выступіў значна слабей, чым У. Ганчарык на папярэдніх выбарах 2001 г. [27]

У чым жа палягае прычына паразы апазіцыі? Перад усім, у тым што дамінуючы палітычны актар валодаў істотнай перавагай унутраных і знешніх рэсурсаў над сваімі апанентамі, што і прывяло да даволі хуткага іх падаўлення. Нягледзячы на вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл, барацьбу з А. Лукашэнкам вялі два прэтэндэнты. Штабы двух дэмакратычных прэтэндэнтаў так і не здолілі дамовіцца паміж сабой аб эфектыўным узаемадзеянні. Адзіны кандыдат у вачах выбаршчыкаў быў прадстаўніком ізаляванай апазіцыйнай субкультуры, таму ён з самага пачатку мог разлічваць на падтрымку толькі цвёрда сфакусаванага свайго электарату, які з гадамі паменшыўся ў аб`ёме. Праграма А. Мілінкевіча насіла яскравы ліберальны характар і была добрай для заходняй аўдыторыі, перад якой кандыдат даволі часта выступаў, зарабляючы персанальныя дывідэнды. Але праводзіць палітычную кампанію даводзілася ў Беларусі, дзе амаль 60% жыхароў лічыла сябе савецкімі людзьмі.

Кампанія прадэманстравала непадрыхтаванасць адзінага кандыдата да выканання вельмі важнай ва ўмовах аўтарытарызму ролі «вулічнага палітыка». А. Казулін у гэтай якасці прадэманстраваў сябе больш упэўненым, таму ўлады і адправілі кандыдата ад БСДП (Г) за краты, абвінаваціўшы яго ў злосным хуліганстве (у зняволенні А. Казулін правёў два з паловай гады). Як сцвярджае Карбалевіч, «падзеі 19-25 сакавіка (масавыя акцыі пратэсту і абарона намётавага лагера на Кастрычніцкай плошчы. — заўв. аўтара) сталі моцным узрушэннем для пратэстнага электарату, які дагэтуль знаходзіўся ў стане здранцвення і летаргічнага сну. Да гэтага не былі падрыхтаваны не толькі ўлады, але і лідэры апазіцыі, якія з цяжкасцю паспявалі за ходам падзей». [28]

Прэзідэнцкія выбары 2010 г. праходзілі ва ўмовах часовага і кантралюемага зверху плюралізму. Выбарчая кампанія не пераўтварылася ў ашаламляльныя выбары (StunningElections), калі зусім нечакана для ўлады, яна церпіць паразу, альбо вымушана ісці на істотныя саступкі апазіцыі. [29] На такі сцэнар разлічвала апазіцыя, але абсалютна безпадстаўна. Усе прэзідэнцкія кампаніі пасля 1994 г. былі фактычна самапрызначэннем А. Лукашэнкі на прэзідэнцкую пасаду ў чарговы раз. Каб дасягнуць пастаўленнай мэты вышэйшая ўлада ішла на грубыя парушэнні электаральнага заканадаўства, якія фіксаваліся ўсімі маніторынгавымі місіямі АБСЕ. Не адрозніваліся ад дадзенага ўзору і ‘выбары’ кіраўніка дзяржавы 2010 г.

Па дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, у якія цяжка паверыць, «за А. Лукашэнку прагаласавала 79,6% беларускіх грамадзян, далей ідуць: А. Саннікаў (2,43%), Я. Раманчук (1,98%), Р. Кастусёў (1,97%), У. Някляеў (1,78%), В. Цярэшчанка (1,19%), В. Рымашэўскі (1,09%), М. Статкевіч (1,05%), А. Міхалевіч (1,02%), Д. Вус (0,39%). Супраць усіх прагаласавала 6,4%».[30] Але, як адзначаюць беларускія сацыёлагі з Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў, за А. Лукашэнку прагаласавалі 51,1% ад усіх апытаных, г. зн. выбаршчыкаў (у Мінску — 39,9%, на весцы — 62,3%), за У. Некляева, які ідзе ўслед за ім, — 8,3%, А. Саннікава — 6,1%, В. Рымашэўскага — 3,7%, Я. Раманчука — 3,2%, А. Міхалевіча — 2,7%, М. Статкевіча — 1,7%, Р. Кастусёва — 1,6%, В. Цярэшчанку — 0,6%, Д. Вуса — 0,5% (усе апаненты разам узятыя атрымалі 28,4%), супраць усіх — 5,1%, не захацелі адказваць на гэта пытанне — 3,8%. Ад колькасці прыняўшых удзел у выбарах (з улікам таго, як расклаліся галасы тых, хто не захацеў адказваць на дадзенае пытанне) гэта складае, адпаведна, 58%, 9,7%, 7,0%, 4,2%, 3,7%, 3,0%, 1,9%, 1,8%, 0,7%, 0,6% (усе апаненты разам — 32,6%). Нагадаем, што 19 сакавіка 2006 г. А. Лукашэнка атрымаў (ад колькасці прыняўшых удзел у выбарах) 63,1%, а тры яго апаненты (уключаючы С. Гайдукевіча) — 30,3%. Такім чынам, А. Лукашэнка зноў выйграў прэзідэнцкія выбары (што прадказвалі і ўсе нашы перадвыбарчыя апытанні) і мог бы абыйсціся без «пераразмеркавання» амаль 1.350.000 галасоў і масавых рэпрэсіяў». [31]

Такім чынам, беларускія ўлады выступілі адносна няўдала на гэтых выбарах.Нягледзячы на тое, што вертыкаль улады ў нашай краіне можа гарантаваць атрыманне кіраўніком дзяржавы любога адцотка ўдзелу выбаршчыкаў і галасоў «за» дзеючага прэзідэнта. Аднак механізм фальсіфікацый не спрацаваў як трэба. Толькі гэтым можна патлумачыць адносна нізкі адцотак галасоў за А. Лукашэнку па краіне і яго паразу ў сталіцы краіны — Мінску.

Бяспрэцэдэнтнай асаблівасцю гэтай кампаніі стала не столькі «пераразмеркаванне» галасоў на карысць А. Лукашэнкі, здзесненае па яго загаду, колькі нечуваная па жорсткасці расправа над той часткай беларускай апазіцыі, якая прымала самы актыўны ўдзел у мірнай барацьбе за ўладу. Яна не была справакавана апанентамі рэжыму і з цяжкасццю паддаецца лагічнаму тлумачэнню. Разам з абвінавачанымі і людьмі, што знаходзяцца пад падазрэннем, па справе аб арганізацыі масавых хваляванняў (да 15 гадоў турмы) і па справе аб арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушалі грамадскі парадак (да 3 гадоў турмы) праходзіла больш за 50 чалавек. Сярод іх 7 былых кандыдатаў у прэзідэнты: А. Саннікаў (атрымаў 5 гадоў), М. Статкевіч (атрымаў 6 гадоў), У. Някляеў (умоўны тэрмін), В. Рымашэўскі (умоўны тэрмін), А. Міхалевіч (быў пад аховай, потым падпіскай пра нявыезд, атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі), Р.Кастусёў (пад падазрэннем і падпіскай пра нявыезд), Д. Вус (5,5 гадоў зняволення).

Перамозе дзеючага кіраўніка дзяржавы спрыялі памылкі апазіцыі, якая на гэтых выбарах была ў вышэйшай ступені расколатай на восем незалежных каманд прэтэндэнтаў, якія з цяжкасцю каардынавалі свае намаганні (!) Такога яшчэ не было ў гісторыі суверэннай Беларусі, пачынаючы з 1994 г. Прычыны расколу былі звязаны з памылковай ацэнкай апазіцыяй суадносінаў сіл у грамадстве і рэсурсаў улады. А.Саннікаў і У. Някляеў палічылі, што Расія не будзе падтрымліваць далей мінскага дыктатара, пасля двух гадоў псіхалагічнай вайны паміж вышэйшым расійскім і беларускім кіраўніцтвам. Гэта дазволіла б рэзка змяніць баланс сілаў на сваю карысць. Іншыя прадстаўнікі апазіцыі паверылі ў тое, што на гэты раз А. Лукашэнка будзе вымушаны выканаць дамоўленасці з Еўразвязам, каб не апынуцца ў поўнай ізаляцыі і правядзе больш свабодную кампанію, чым ранейшыя. Таму дзве асноўныя кааліцыі — Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) і Беларускі незалежніцкі блок (БНБ) фактычна не дажылі да самага важнага выпрабавання палітычнага сезона.

Апазіцыя ў 2010 г. не ўяўляла сабой сілу, якая магла заваяваць уладу ў Беларусі. Узел у фінальнай акцыі не быў вельмі масавым (40-50 тысяч чалавек) і скаардынаваным. Прымяненне А. Лукашэнкам супраць апанентаў рэжыму самага жорсткага сцэнара падаўленя сведчыць аб поўнасцю неадэкватнай рэакцыі прэзідэнта на сітуацыю, аб тым што вярхоўгая беларуская ўлада стала закладніцай дэзынфармацыі мясцовых альбо расійскіх спецслужбаў, якія сур’ёзна аслабілі сам рэжым.

Якім жа чынам гэтыя падзеі звязаны? Беларуская нерэфармаваная эканоміка не стагнавала, як можна было чакаць, але развівалася даволі хуткімі тэмпамі да 2010 г. уключна, што давала А. Лукашэнку пэўныя магчымасці для таго, каб дзяліцца часткам прыбытку з насельніцтвам і тым самым яшчэ больш забяспечываць яго схільнасць да падпараткавання асабістай уладзе. Дадзеная сітуацыя была ўнікальнай, таму што нідзе ў сучасным свеце дзяржаўная эканоміка такіх ‘цудаў’ ужо не дэманструе. Прычны гэтага палягаюць у вельмі значнай падтрымцы ў 40-50 млрд. даляраў у абмен на ваенна-палітычную лаяльнасць і культурна-цывілізацыйны выбар беларускага кіраўніцтва на карысць Расіі. [32]

Сітуацыя з вельмі небяспечнай для незалежнасці краіны арыентацыяй на аднаго знешняга партнёра стала мяняцца толькі пасля датэрміновага вызвалення з турмы галоўнага апанента А. Лукашэнкі на пазамінулых выбарах А. Казуліна ў 2008 г. і прыняцце Беларусі ў праграму Еўразвязу Усходняе партнерства. Пад час сусветнага эканамічнага крызісу былі прадастаўлены крэдыты МВФ і Сусветнага банку, якія дапамаглі беларускім уладам пераадоліць цяжкасці. Здавалася, што заходні вектар знешняй палітыкі стане такім жа значным, што ў усходні. Паколькі курс на збліжэнне з Еўразвязам не суправаджаўся эканамічнымі і палітычнымі пераўтварэннямі, ён паграджаў пераўтварыцца ў дадатковы фактар стабілізацыі рэжыма асабістай улады ў Беларусі. Аднак зачыстка плошчы ў 2010 г. і пераўтварэнне ўчорашніх кандыдатаў у прэзідэнты ў палітзняволенных рэзка паднізіла шансы на гэта. Беларусь апынулася адкінутай у абдымкі пуцінскага рэжыму з-за страху і некампетэнтнасці А. Лукашэнкі. Напрацягу 2011–2014 гг. кіраўніцтва РБ не прыняло нават мінімальных намаганняў для таго каб зменшыць напружаннасць у адносінах з Захадам. Аб гэтым сведчыць тое, што і ў 2015 г. за кратамі знаходзіцца былы кандыдат у прэзідэнты М. Статкевіч.

У несправакаванага апазіцыяй гвалтоўнага сцэнара прэзідэнцкіх выбараў ёсць канкрэтны аўтар, які атрымаў усе дывідэнты. На думку былога расійскага алігарха Б.Беразоўскага, добра знаёмага з сітуацыяй у Беларусі, «падзеі той начы з 19 на 20 снежня 2010 г. былі інспіраваны расійскімі спецслужбамі (супрацоўнікі беларускіх спецслужб працуюць на Расію). Гвалтоўны варыянт расправы з апазіцыяй быў карысны Расіі і катэгарычна не карысны ні Беларусі, ні Захаду. Менавіта Расійская Федэрацыя атрымала неабмежаваны ўплыў на гэтую краіну і загнала беларускую ўладу ў кут. А.Лукашэнку ‘падставіла’ яго бліжэйшае атачэнне, яго ўласныя спецслужбы, якія давалі несапраўдную інфармацыю аб падзеях на плошчы 19 снежня. І гэтыя супрацоўнікі, безумоўна, з’яўляюцца і супрацоўнікамі адпаведных расійскіх спецслужбаў. У першую чаргу, варта назваць дзеючага старшыню КДБ Беларусі».[33]На першае месца па свайму ўплыву на прэзідэнта пасля выбараў выйшлі сілавікі. Адзіная праблема, якую не ў стане вырашыць «бравыя хлопцы» — гэта кіраваць эканомікай.

Ужо праз год пасля выбараў Беларусь сутыкнулася з вострым эканамічным крызісам, які не мог не адбіцца на рэйтынгу даверу і пражэктыўным электаральным рэйтынгу А. Лукашэнкі. «23 мая 2011 г. курс беларускага рубля панізіўся на 56%. А.Лукашэнка адным гэтым крокам адабраў у людзей больш паловы іх месячных заробкаў. З-за дэвальвацыі сярэдні памер пенсій скараціўся ў даляравым эквіваленце са 193 да 115. Пенсіянеры адразу ж сталі бяднейшымі на 40%. Тым часам інфляцыя ў Беларусі ў 2011 г. ужо дасягнула 36%. Але ў рэчаіснасці многія тавары першай неабходнасці сталі даражэйшымі ў 2-4 разы. Пры гэтым нават урад прызнаваў, што кошты будуць расці і далей… У выніку дэвальвацыі памеры ўкладаў насельніцтва скараціліся на 2 млрд. Гэта азначае, што ўкладчыкаў адразу ‘абабралі’ на 1,3 млрд даляраў ЗША». [34]

Цяжкое эканамічнае становішча выклікала абвал рэйтынгу даверу А. Лукашэнкі. У верасні 2011 г. толькі 24,5% заявілі, што давяраюць прэзідэнту. У снежні 2010 г. такіх было 55%. Прагаласавалі б за кіраўніка дзяржавы, калі б выбары адбыліся заўтра, толькі 20,5% апытаных. Гэта рэкорны пакажчык. Такіх нізкі лічбаў не было нават у 2003 г., калі пражэктыўны электаральны рэйтынг «упаў ніжэй за калена», па словах самога А. Лукашэнкі. [35]

У 2012–2013 гг. эканамічнае становічша ў Беларусі крыху стабілізавалася, не ў апошнюю чаргу, і за кошт вяртання пуцінскага кіраўніцтва РФ да мінулай палітыкі падтрымкі свайго «самага надейнага саюзніка на заходніх межах Расіі» ў абмен на поўную лаяльнасць А. Лукашэнкі і яго адмову ад працягу заходнега вектара знешняй палітыкі і згоду на ўдзел Беларусі ў так званым Еўразійскім эканамічным звязе. Аднак у 2015 г. сама Расія сутыкнулася з эканамічным крызісам, выкліканым падзеннем коштаў на энерганосбіты на сусветным рынку і эканамічнымі санкцыямі Захада пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта не магло не адбіцца на праграмах падтрымкі лукашэнкага рэжыму ў РБ. У 2015 г. наша краіна ўступіла ў стане стагнуючай эканомікі. Добра вядома, што гэта год чарговых прэзідэнцкіх выбараў, на вынікі якіх можа ўплываць толькі Расія. Гэта вынік бязглуздай ізаляцыі краіны ад Захада, здеснены А. Лукашэнкам і яго атачэннем з боку сілавікоў.

Такім чынам, на нашу думку, А. Лукашэнка не здолеў і не захацеў інстытуцыялізаваць аўтарытарны палітычны рэжым, таму што хутка будаваў на яго месцы палітычны рэжым султанізма. Ён быў не ў стане адмовіцца ад асабістага панавання, але, наадварот, умацоўваў яго і пашыраў, не аддаючы сабе справаздачы, што менавита «персанальная натура беларускага рэжыму робіць яго слабым». [36] Галоўным спонсарам дадзенай трансфармацыі выступала кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, таму што такім чынам яно спадзявалася, што сам характэр беларускага рэжуму стане натуральным бар’ерам на шляху паляпшэння адносін паміж Беларуссю і краінамі Еўразвязу і ЗША.

Пераменныя Лінца і Стэпана дазваляюць зрабіць выснову, што менавіта ўвядзенне фактычнага пажыццёвага прэзідэнцтва ў 2004 г. і з’яўленне дынастычных тэндэнцый у 2007 г. (маецца на ўвазе прызначэнне старэйшага сына прэзідэнта Віктара ў Савет бяспекі) яшчэ больш наблізілі Рэспубліку Беларусь да султанізму па пакажчыку характэр кіравання. За апошнія пятнаццаць гадоў беларускія ўлады актыўна ўмешваліся ў прыватны бізнэс, сферу няўрадавых арганізацый, узялі пад свой кантроль практычна ўсе СМІ, зрабілі фармальным палітычны плюралізм, правялі адпаведную дэпалітызацыю і дэпартызацыю парламента і мясцовых структур улады, што адпавядае султанісцкім параметрам, ступені плюралізму. Распрацаваная атачэннем А. Лукашэнкі ў 2003 г. так званай дзяржаўнай ідэалогіі адпавяае класічным узорам квазіідэалогійпры султанізме. Пераўтварэнне выбараў у маніпулятыўны механізм мабілізацыі падтрымкі ўраду, сведчыць аб тым, што і па пакажчыкупалітычная мабілазацыя Беларусь істотна прасунулася наперад да ўстанашлення султанізма, хаця ўладу ўсё яшчэ адмаўляюцца ад выкарыстання парамілітарных структур на рэгулярнай падставе. Толькі па пакажчыку стан правоў асобыРБ застаецца класічным аўтарытарным рэжымам, які прыбягае толькі да выбарачнага іх парушэння. [37]

Калі мы выкарыстаем пункт гледжання аўстрыйскага палітолага Шэдлера, то трэба зрабіць выснову аб тым, што напрацягу апошніх пятнаццаці гадоў быў замацаваны вельмі неразвіты дызайн палітычных інстытутаў, які быў абраны прэзідэнтам у 1996 г. Дамінуючым інстытутам стала асабістая лаяльнасць чыноўнікаў да А. Лукашэнкі, што дазваляе нам патлумачыць адносную працягласць існавання рэжыму і яго адносную стабільнасць. Але жорсткія меры па далейшай персаналізацыі рэжыма, не ўмацавалі сам гэты рэжым, але, хутчэй, зрабілі яго больш хісткім. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў аслабленні становішча бюракратыі. Яна быоа пазбаўлена ўсялякай самастойнасці і павінна ўвесь час угадваць волю дамінуючага актара, каб захаваць хаця б адносны ўплыў. Беларуская вышэйша ўлады таксама не навучылася выкарыстоўваць парламент, мясцовыя струкутуры ўлады, няўрадавыя арганізацыі, СМІ, суды, выбары, партыі і іншыя інстытуты, якія выглядаюць як дэмакратычныя, для кансалідаціі самой аўтарытарнай улады, што робіць яе нетрывалай нават у кароткай перспектыве. [38]


[1] Артыкул 106 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мінск: Беларусь, 2007, с. 32.

[2] Гл.: Прэм’ер — новы, палітыка — старая // Радыё Свабода 15.01. 2015.

[3] Артыкул 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1996 года. Пазнач.твор, с. 19, 21.

[4] Гл.: Александр Косинец.

[5] Гл.: Положение об Администрации президента Республики Беларусь.

[6] Раздзел 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1996 году.Пазнач.твор, с. 23-31.

[7] Фадеев В. Трансформация правовой системы // Президентские выборы в Беларуси: от ограниченной демократии к неограниченному авторитаризму (1994-2006). Новосибирск: «Водолей», 2006, с. 382.

[8] Чернов В. Структуры высшей исполнительной и законодательной власти // Беларусь. Сценарии реформ. Варшава: Фонд имени Стефана Батория, 2004, с. 30.

[9] Гл.: Правовое государство. Судебно-правовая реформа. Нотариат // Материалы международных семинаров. Мн., 2000, с. 5.

[10] Вашкевіч А., Пастухоў М. Канстытуцыйны суд і канстытуцыйны крызіс 1996 г. // Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі. Вільня: Інстытут Беларусістыкі 2006, с. 160-161.

[11] Тамсама, с. 162.

[12] Linz J., Stepan A. Problems of Democratic Transition and Consolidation: Southern Europe, South America and Post-Communist Europe Baltimore: The Johns Hopkins University Press, 1996, p.53.

[13] Лукашенко А. О состоянии идеологической работы и мерах по ее совершенствованию // Материалы постоянно действующего семинара руководящих работников Минск: Академия управления при президенте РБ, 2003, с. 17-21.

[14] Гл.: Гуштын А., Марціновіч Я. Як сын палкоўніка КДБ стаў галоўным беларускім ідэолагам // Наша ніва 14.01, 2015, с. 2-3.

[15] Лявіцкі С., Уэй Л. Дынаміка прымусу пры аўтарытарных рэжымах // ARCHE 2007, № 7-8, с. 103-104. Гэтыя лічбы крыху падраслі. Але дэвальвацыя беларускага рубля ў 2011 г. рэзка панізіла прыбытккі насельніцтва, што не магло не адбіцца негатыўна на сацыяльных праграмах урада. У 2015 год Беларусь уступіла ў стане стагнацыі, якая можа зацягнуцца на некалькі гадоў.

[16] Тамсама, с. 104. Эканамічны крызіс 2011 г. у Беларусі стаў яскравай ілюстрацыяй няздольнасці дяржаўнай эканпмічнай мадэлі эфектыўна працаваць. Спатрэбілася шматмільярдная падтрымка з боку Расіі, якая была аказана, таку што В. Пуцін ужо тады планаваў далучыць Беларусь да Расіі па так званаму «Крымскаму сцэнару» 2014 года.

[17] See: Nations in Transit 2014.Democratization from Central Europe to Eurasia New York, Washington, Budapest: Freedom House, 2014. http://www.freedomhouse.org/report/nations-transit/2014/belarus; Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці — Беларусь [report_belarus_csosi_2014 pdf]

[18] Гл.: Белая И. Правовой контекст развития молодежного третьего сектора // Вклад молодежных организаций в становление гражданского общества в Беларуси. Минск: Фонд имени Ф. Эберта, 2006; Калинкина С. Дурная наследственность. 20.11. 2007.

[19] Гл.: Быковский П. Средства массовой информации // Пазнач. твор, 2006, с. 299.

[20] Гл.: Байнет-2013: первые итоги года http://dw.de/p/1A1SK

Кіраўнік праекту Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч у інтэрв’ю DW адзначыў, што па дадзеных за верасень у Белакрусі 4 мільёны 863 тысяч карыстаюцца Інтэрнетат.

[21] Гл.: Политические партии: Беларусь и современный мир. Минск: Тесей, 2002, с. 141.

[22] See: Duverger M. Duverger’s Law: Forty Years Later // Electoral Laws and Their Political Consequences ed. by B. Grofman and A. Lijphart: N.Y: Agathon Press, 1986, p.69-85: Sartori G. The Influence of Electoral Systems: Faulty Laws or Faulty Method? Op.cit, p.43- 68.

[23] Гл.: Чавусаў Ю. Маніпуляцыі ў інфармацыйнай прасторы і пагроза рэфэрэндуму. Пазнач. твор, с. 466.

[24] Гл.: Ермак Д. В новом составе парламента тон будет задавать вертикаль власти.

[25] Казакевіч А. Парламент: дэкаратыўны элемент законатвоччага працэсу // Белорусский ежегодник 2010. Минск, 2011, с. 46.

[26] Гл: Национальный опрос НИСЭПИ. Ноябрь 2012; Список депутатов Палаты представителей пятого созыва // Белорусские новости. 24.09. 2012.

[27] Гл.: Результаты выборов президента 2006 (Национальный опрос НИСЭПИ).

[28] Карбалевич В. Пазнач. твор, с. 295. Перад саім вызваленнем з турмы А. Казулін быў пазбаўлены пасады старшыні БСДП (Г), яна перайшла ў рукі А. Ляўковіча.

[29] See: Huntington S. The Third Wave.Democratization in the Late Twentieth Century. Norman and London: University of Oklahoma Press, 1991, p.175-188.

[30] Цыт.: Глод У. ЦВК адхіліла скаргу Кастусёва і прызнала вынікі выбараў // Радыё Свабода. 24.12. 2010.

[31] Гл.: Пресс-релиз «Голос народа — для народа». Важнейшие результаты национального опроса НИСЭПИ в декабре 2010 г.

[32] See: Putin’s meeting with the members of the government of Russian Federation(stenographic report) // Naviny.by. 2007. January 15.

[33] Гл.: Беразоўскі: супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў працуюць на Расею // Радыё Свабода. 22.01.2011. У 2012 г. А. Лукашэнка усё ж замяніў кіраўніцтва КДБ, сур`ёзна аслабіўшы яго ўплыў.

[34] Гл.: http://charter97.org/ru/news/2011/7/29/41066/

[35] См.: Хмурая осень// Народная воля. 2011, № 149-150.

[36] Гельман В. Из огня да в полымя, с. 11.

[37] Linz J., Stepan A. Op. cit, p.44-45.

[38] See: Shedler A. The New Institutionalism in the Study of Authoritarian Regimes // CIDE, November 2009.