А Лукашенко назначил губернаторов Минской и Гродненской областей. При этом бывший гродненский губернатор, получив назначение на Минскую область, был призван равняться на своего предшественника Батуру, только что с треском изгнанного. В чем смысл кадровой политики последнего времени в регионах и в высшем руководстве страны?
Зьміцер Кухлей. Кадравая палітыка дзеючага кіраўніка дзяржавы на працягу ўсяго перыяду яго кіравання прадугледжвае перыядычную ратацыю вышэйшых чыноўнікаў. Гэты падыход дазвяляе прэзідэнту А. Лукашенка прадухіліць фармаванне ўстойлівых сувязяў сярод наменклатуры, а таксама стварэнне рэгіянальных кланаў.
Прыкладам, Сямён Шапіра пасля свайго прызначэння на пасаду губернатара Гарадзеншчыны пачаў актыўна прасоўваць па службовай лесвіцы нейкага Сяргея Ложачніка. У 2013 годзе 32-х гадовы С. Ложачнік стаў самым маладым у краіне кіраўніком раёна. Прычым відавочцы сведчаць пра актыўную ролю ў гэтым працэсе старшыні Гарадзенскага аблвыканкама, які здолеў зламаць супраціў мясцовага дырэктарата і кіраўніцтва, у тым ліку сілавых структур.
У сваю чаргу разам з заменай чыноўнікаў А. Лукашэнка спісвае правалы дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі на былых выканаўцаў. Пры гэтым жорсткая рыторыка прэзідэнта ў адносінах да чыноўнікаў-кіраўнікоў, якіх беларускае грамадства па традыцыі недалюблівае, спрыяе падтрыманню электаральнага рэйтынга прэзідэнта.
Аднак часцей за ўсё пасля вербальнага «адкручвання галоў» прэзідэнт не прадпрымае радыкальных дзеянняў у адносінах да вінаватых. Кадравы рэзерв кіраўніка дзяржавы істотна абмежаваны — у асноўным, адны і тыя ж асобы пераходзяць па гарызанталі на раўназначныя пасады або пераводзяцца кіраваць рэгіёнамі.
Пры гэтым разам са старэннем самаго А. Лукашэнкі яго рэжым усё болей набывае рысы герантакратыі: на вышэйшыя палітычныя пасады прызначаюцца асобы перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Чыноўнікі, якім дзеючы кіраўнік дзяржавы у апошні час давярае вышэйшыя палітычныя пасады, пачалі свае кар’еры яшчэ падчас існавання Савецкага Саюза. Пераважная большасць з іх пазбаўлена асабістых палітычных амбіцый, у тым ліку і з-за ўзроставых асаблівасцяў.
Адсутнасць новых вартых даверу асобаў у асяроддзі прэзідэнта падкрэслівае перыядычнае вяртанне А. Лукашэнкам у сваё бліжэйшае асяроддзе ветэранаў беларускай палітыкі — В. Шэймана і П. Пракаповіча. Нягледзячы на тое, што пры П. Пракаповічу беларусы перажылі жорсткі валютны крызіс і дзве дэвальвацыі, ён зноў вярнуўся ў вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы — спярша на пасаду памочніка прэзідэнта, а потым і віцэ-прэм’ера. Пры гэтым 70-ці гадовы пенсіянер Пётр Пракаповіч зараз займае каля 20-ці кіраўнічых пасадаў і з’яўляецца адказным за мадэрнізацыю эканомікі. Аднак за фактычны правал мадэрнізацыйных праектаў адказнасць нясуць іншыя выканаўцы.
Трэба таксама зазначыць, што прэзідэнт А. Лукашэнка раўніва адносіцца да папулярных чыноўнікаў і імкнецца адразу ліквідаваць пагрозу з іх боку. Адразу пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 года Сяргей Сідорскі пазбавіўся пасады прэм’ер — міністра і быў прызначаны на незаўважную пазіцыю ў Еўразійскай камісіі. Нягледзячы на поўную лаяльнасць прэм’ера, які да гэтага часу пазбягае палітычных заяў, прэзідэнт А. Лукашэнка пабачыў у яго дзеяннях пагрозу сваёй аднаасобнай уладзе. Яшчэ ўлетку 2010 года спроба былога прэм’ера абараніць інтарэсы беларускіх вытворцаў і рабочых выклікала сутычку з кіраўніком дзяржавы, які заўважыў: «Я палітык, я павінен думаць пра людзей, а вы павінны думаць пра эканоміку і фінансы. Вы голы эканаміст». Варта зазначыць, што расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін аддаваў перавагу ў перамовах прэм’еру С. Сідорскаму, ігнаруючы прэзідэнта А. Лукашэнку, супраць якога ў расійскіх СМІ вялася інфармацыйная вайна. У сваю чаргу сярод беларускага чынавенства многія прыхільна ставіліся да вылучэння Сяргея Сідорскага ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта, з чым пагаджалася і гатовая была падтрымаць частка апазіцыйнага актыву. Такой папулярнасці С. Сідорскаму у немалой ступені паспрыяла яго доўгае знаходжанне на пасадзе прэм’ера — 7 год, а таксама значны рост эканомікі і прыбыткаў насельніцтва у гэты перыяд. Падаецца, А. Лукашэнка зрабіў адпаведныя высновы, пра што сведчаць апошнія перамяшчэнні вышэйшых рэгіянальных і ўрадавых чыноўнікаў.
Такім чынам, перыядычныя ратацыі палітычнага кіраўніцтва дзяржавы з’яўляецца адным з асноўных механізмаў захавання аднаасобнай улады прэзідэнтам А. Лукашэнка. Аднак кіраўніку дзяржавы ўсё цяжэй знаходзіць новыя кандыдатуры на вышэйшыя пасады. У Беларусі сфармавалася закрытае кола вышэйшага кіраўніцтва, якое фактычна не абнаўляецца і старэе разам са сваім нязменным лідарам.