У час падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі асноўная ўвага АДС была сканцэнтраваная на ўмацаваньні кааліцыі і на ўзгадненьні працэдуры вызначэньня адзінага кандыдата ад кааліцыі. У пэўны перыяд пытаньне пра тое, хто ж будзе вылучаны ад АДС у якасьці кандыдата ў прэзідэнты зрабілася ці не найважнейшым у перадвыбарчых спрэчках у межах кааліцыі. Гэта было аб’ектыўна абумоўлена наяўным станам у беларускай апазыцыі і канкурэнцыяй паміж рознымі сіламі ў межах дэмакратычнага лягеру. Аднак пры гэтым відавочна ў баку засталіся надзвычай важныя пытаньні, пытаньні стратэгічнага характару, якія мусілі быць вырашаныя да пачатку кампаніі. Сканцэнтраваўшыся на спрэчках «адзін кандыдат ад АДС альбо некалькі», «левы альбо правы кандыдат» і засяродзіўшыся пасьля на мэханізме вызначэньня пэрсоны гэтага адзінага кандыдата, АДС пакінула ў баку задачу выпрацоўкі будучай перадвыбарчай стратэгіі. Пытаньні развіцьця кааліцыі і пляны абраньня адзінага кандыдата былі аддзеленыя ад стратэгіі перамогі гэтага кааліцыйнага кандыдата на выбарах. Замест распрацоўкі стратэгіі перамогі мелі месца толькі некаторыя прынцыповыя дапушчэньні, якія аднак не былі кадыфікаваныя і часьцей за ўсё не былі ўзгодненыя. Як такога пляну будучага захопу ўлады ў апазыцыі не было.
Уступаючы ў перыяд дзейснай падрыхтоўкі да перадвыбарчай кампаніі ўдзельнікі АДС грунтаваліся на пэўных дапушчэньнях стратэгічнага характару. Гэтыя тэзы мелі характар аксіёмаў, на якіх мусіла будавацца геаметрыя будучай кампаніі.
Бадай што галоўнай з гэтых аксіёмаў была негалосная тэза пра немагчымасьць правядзеньня ў сучаснай Беларусі шчырых і справядлівых выбараў. Ніхто ў АДС не чакаў ад Лідзіі Ярмошынай шчырага падліку галасоў — пасьля досьведу парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 года амаль ўсіх партыйных дзеячоў яднала думка, што выбараў у Беларусі не будзе. У такім выпадку выбарчая кампанія павінная была стаць усяго толькі нагодай для перахопу ўлады. Такая тэза памяшчала беларускі апазыцыйны праект 2005–2006 гг. у адзін шэраг з так званымі «каляровымі рэвалюцыямі», якія сталіся ў апошнія гады распаўсюджанай мадэльлю пераходу ад постсавецкага аўтарытарызму да дэмакратычнага шляху развіцьця. Зыходзячы з гэтай неарэкуляванай тэзы адбылася нестыкоўка стратэгічных падыходаў АДС: ішлі-та сапраўды на выбары, але ўслых разважалі пры гэтым пра рэвалюцыю. Але ж — ішлі на выбары, і рыхтаваліся — да выбараў.
На гэтым фоне вялікі ўплыў меў досьвед украінскіх падзеяў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2004 года, калі абураны фальсіфікацыямі народ выйшаў на вуліцы і прымусіў палітычныя эліты збочыць з аўтарытарнага шляху (паводле мадэлі «пераемнік») на карысьць дэмакратычнага парадку вызначэньня кіраўніка дзяржавы. Падзеі ў Украіне ў лістападзе-сьнежні 2004 года сталіся для беларускіх дэмакратаў узорам грамадзянскага дзеяньня на карысьць свабоды і народаўладдзя. Шмат хто з дзеячоў беларускай апазыцыі пабываў на кіеўскім Майдане Незалежнасьці і прынёс адтуль захапленьне падобным сцэнаром захопу ўлады. З іншага боку, і беларускі рэжым быў відавочна напалоханы магчымасьцю перакідваньня рэвалюцыйнага пажару з поўдню на тэрыторыю Беларусі.
Цягам 2005 года амаль агульнапрынятым было меркаваньне, што будучая беларуская рэвалюцыя будзе рабіцца паводле ўкраінскага ўзору. Але гэта вымагала пабудовы ў Беларусі гэтак званай «інфраструктуры надзеі», без якой мадэль «каляровай рэвалюцыі» была б немагчымая: трэба было вызначыць моцнага і агульнапрызнанага альтэрнатыўнага лідэра, стварыць сыстэму альтэрнатыўнага падліку галасоў, ініцыяваць шырокія грамадзкія рухі супраць несправядлівых і сфальшаваных выбараў.
Усё гэта магло працаваць толькі пры наяўнасьці эфэктыўных каналаў камунікацыі палітычнай альтэрнатывы з грамадзтвам, у першую чаргу праз незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Аднак беларускія дэмакратычныя сілы былі сканцэнтраваныя толькі на стварэньні першай з гэтых перадумоваў, на вызначэньні легітымнага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Мэханізмы забеспячэньня перамогі гэтага кандыдата засталіся на пэрыфэрыі ўвагі: сыстэма незалежнага назіраньня за падлікам галасоў апынулася па-за ўплывам АДС (а пасьля яе разгрому сіламі КДБ альтэрнатыўная сетка партыйнага назіраньня так і засталася фікцыяй), грамадзянскія рухі, здольныя ініцыяваць масавыя пратэсты, успрымаліся АДС як канкуруючыя палітычныя структуры (у тым ліку АДС спрабавала пазбавіць іх фінансаваньня ад замежных донараў), а пытаньне пра альтэрнатыўныя медыі (асабліва электронныя, няхай сабе і з-за мяжы) так і не было вырашанае ажно да самых выбараў. У гэтых умовах кандыдату ад аб’яднанай апазыцыі нельга было разлічваць на электаральную перамогу, але нават атрымаўшы бальшыню галасоў ён не меў бы механізма, каб адстойваць сваё права на ўладу. Нягледзчы на гэта, АДС зрабіла стаўку на здабыцьцё электаральнай перамогі і абарону гэтай перамогі шляхам грамадзкіх пратэстаў.
Крытыкі мадэлі «каляровай рэвалюцыі» заўважалі на надзвычай жорсткі характар рэжыму Лукашэнкі: шырыня і інтэнсіўнасьць рэпрэсій у Беларусі значна пераўзыходзяць тое, што мела месца ў іншых краінах, дзе адбылася каляровая рэвалюцыя. Да таго ж была відавочная запалоханасьць рэжыму пагрозай рэвалюцыі (выбараў рэжым не баяўся), з-за якой на парасткі згаданай «інфраструктуры надзеі» абрынуліся жорскія рэспрэсіі. Адсутнасьць хоць нейкага асяродку свабоды не давала магчымасьці рэвалюцыйным сілам замацавацца на нейкім пляцдарме для падрыхтоўкі рэвалюцыйнага выступу падчас выбараў. Не было сыстэмы, якая была б гатовая сапраўды даць альтэрнатыўныя вынікі падліку галасоў, вартыя хоць нейкага даверу — магчымасьці назіраньня і здабыцця вынікаў падліку галасоў ужо даўна былі зьведзеныя ў Беларусі да нуля. Адсутнічала незалежная прэса ў будзь-якім значным выглядзе, а абяцанае радыё- і тэлевяшчаньне з-за мяжы так і не сталася значным фактарам. Але быццам бы «самы галоўны» аргумэнт супраць мадэлі клясічнай «каляровай рэвалюцыі» — Лукашэнка сапраўды можа набраць большасьць галасоў выбаршчыкаў. Апошняя тэза разбурала ўсе электаральныя стратэгіі апазыцыі: прызнаючы немагчымасьць чэсных выбараў і не абапіраючыся пры гэым на большасьць выбаршчыкаў АДС самі сабе заганялі б ў кут.
Таму другое прынцыповае дапушчэньне, якім цешыла сабе апазыцыя — гэта падтрымка дэмакратычыных пераменаў большасьцю выбаршыкаў. Толькі перамога дэмакратычнага кандыдата праз здабыцьцё большасьці галасоў разглядалася аб’яднанымі дэмакратамі як легітымная нагода для зьмены ўлады. Зразумела, гэта не стасавалася з тэзай пра немагчымасьць шчырага падліку галасоў і з адсутнасьцю сыстэмы эфэктыўнага назіраньня. Тым не меньш, дэмакратычныя сілы бесперапынна цьвердзілі пра тое, што іх дэмакратычныя праекты падтрымлівае ці не большасьць насельніцтва. Маўляў, маючы падтрымку большасьці насельніцтва, варта толькі арганізавацца, сабраць адзін мільён подпісаў у падтрымку дэмакратычнага кандыдата, вывесьці сто тысяч чалавек на плошчу — і далей механізм «каляровай рэвалюцыі» будзе запушчаны. Дэмакраты ўжо адчувалі сабе бальшынёй — трэба было толькі гэтую бальшыню прадэманстраваць, зрабіць яе яўнай. Пры гэтым сама апазыцыя цуралася слова «рэвалюцыя», ужываючы замест яго разнастайныя эўфэмізмы.
Тут назіралася несупадзеньне са стратэгіяй грамадзянскіх структураў, некаторыя з якіх дзейнічалі ў сугуба рэвалюцыйным ключы. Дэкляруючы немагчымасьць прыходу да ўлады ў Беларусі электаральным шляхам, палітычная апазыцыя быццам бы ўзяла на ўзбраеньне стратэгію «каляровай рэвалюцыі», аднак на тактычным узроўні засталася ў межах звычайнага выбарчага працэсу. Была пастаўленая тактычная задача дасягнуць электаральнай перамогі (большасьці галасоў выбаршчыкаў) для дэмакратычнага кандыдата, што павінна было быць палітычнай нагодай для пачатку рэвалюцыі.
З-за такога разыходжаньня стратэгічных мэтаў і тактычных задачаў адбыліся супярэчаньні ў пасьлявыбарчых дзеяньнях: настроеныя на рэвалюцыйнае развіцьцё падзеяў масы сутыкнуліся з адсутнасьцю рэвалюцыйнага пляна дзеяньняў у палітычных структураў і ў рэшце рэшт з прызнаньнем апазыцыяй электаральнай паразы. Але гэтая параза не проста была лёкка прагназаваная — яна была папросту непазьбежная. Палітычны цэнтр паставіў задачу дасягненьня электаральнай бальшыні для дэмакратычнага кандыдата — і гэтая невыканальная тактычная задача зрабіла неактуальнай стратэгічную мэту рэвалюцыйнага захопу ўлады. У выніку такой карэкцыі мэтаў дзейнасьць грамадзянскіх структураў, нават падпарадкаваных палітыкам, апынулася як быццам бы непатрэбнай для палітычнай апазыцыі. Усе структуры павінныя былі збіраць подпісы і агітаваць за адзінага дэмакратычнага кандыдата, а пытаньні мабілізацыі людзей да негвалтоўнага пратэсту, выкрыцьцё фальсіфікацыяў і мірны супраціў фальсіфікацыям адыходзілі ў далёкую перспектыву. Гэтыя пытаньні належыла разглядаць толькі пасьля здабыцьця электаральнай большасьці.
Адзначым, што процідзеяньне ўладаў электаральным памкненьням АДС было экстэнсіўнае, заснаванае на ранейшых адпрацаваных мехзанізмах маніпуляцыі вынікамі выбараў і абмежаваньня агітацыйных’ магчымасьцяў — а супраць рэвалюцыйных праектаў яны змагаліся творча, выкарыстоўваючы невядомыя раней прыёмы і адчувальна ўзмацніўшы ўзровень рэпрэсіў. Менавіта ў рэвалюцыйным праекце рэжым бачыў для сабе галоўную небяспеку.
Такім чынам, дэмакратычныя сілы Беларусі па-сутнасьці імкнуліся паўтарыць сцэнар 2001 году, але пры гэтым не дапусьціць зробленых тады памылак і скарыстацца найноўшым досьведам пасьпяховых рэвалюцыйных праектаў. Для апазыцыйных палітычных партыяў галоўнай задачай было вылучэньне легітымнага кандыдата ад АДС. І для посьпеху пераўтварэньняў не важна, хто ім стане — важна проста даць адказ на банальнае пытаньне «Хто замест Лукашэнкі?». Асноўныя спрэчкі стратэгічнага характару палягалі менавіта ў гэтай сферы. Вядомыя беспартыйныя грамадзкія дзеячы і некаторыя з «малых» суб’ектаў АДС, якія мелі ўласныя прэзідэнцкія амбіцыі, крытыкавалі ідэю аб вылучэньні аднаго кандыдата ад апазыцыйных сілаў. Уся гэтая крытыка палягала не проста ў рэчышчы электаральнага праекта, а мела на ўвазе прынцыповую магчымасьць у Беларусі звычайнага выбарчага працэсу.
Крытыкі адзначалі, што некалькі апазыцыйных кандыдатаў рознай ідэялягічнай скіраванасьці здолеюць больш актыўна разбурыць электаральную базу Лукашэнкі — трэба толькі, каб падчас агітацыйнай кампаніі гэтыя кандыдаты не канкуравалі паміж сабою, а канцэнтравалі свае атакі выключна на дзеючым прэзідэнце. Да таго ж, наяўнасьць ідэялягічна адрозных кандыдатаў дазволіць усім ідэялягічным сэгмэнтам беларускага грамадзтва знайсьці выяўляльніка сваіх інтарэсаў, прыцягнуць больш новых актывістаў і матэрыяльных рэсурсаў, а пры вылучэньне аднаго «сярэдняга» кандыдата ягоная праграма непазьбежна будзе дэідэялягізаванай, уясрэдненай, што ў выніку адштурхне ідэялягічна настроеных выбаршчыкаў. Адзначалася, што наяўнасьць двух кандыдатаў можа пры пэўных абставінах дапамагчы дамагчыся друга тура. Таксама ў пэўных колах дыскутавалася ўяўная перавага беспартыйнага кандыдата над партыйным і наадварот. Гэтыя спрэчкі не мелі аніякага сэнсу ў сілу прыняцьця тэзы пра немагчымасьць у Беларусі звычайнага выбарчага працэсу і падліку галасоў увогуле, але для іх пераадоленньян АДС спатрэбілася шмат часу, гэтая справа заняла прыктычна увесь перыяд з вясны па восень 2005 г. Пытаньне пра тое, якім чынам дэмакратычны кандыдат будзе перамагаць, засталося нявырашаным.
Стратэгічныя пытаньні будучай кампаніі былі закранутыя яшчэ адной грамадзка-палітычнай групоўкай, якая разгарнула бурную дзейнасьць напрыканцы 2005 — напачатку 2006 года. Свае прапановы што да дзеяньняў у часе будучай палітычнай кампаніі высунулі грамадзкія актывісты, аб’яднаныя ў Грамадзянскую ініцыятыву «Разам» (у розны час у яе ўваходзіла да дваццаці лідэраў беларускіх няўарадавых арганізацыяў якія, збольшага, раней не супрацоўнічалі з палітычнымі партыямі ў межах палітычных кампаніяў, у тым ліку маладзёвыя, адукацыйныя, сацыяльныя, экалягічныя арганізацыі). Гэтая група прапанавала пры дапамозе метада арганізацыйна-дзейснай гульні (выкананай Агенцыяй Гуманітарных Тэхналёгіяў на чале з Уладзімірам Мацкевічам) дасягнуць адзінага бачаньня і разуменьня ролі апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у будучай палітычнай кампаніі. Гульня адбылася ў сакавіку-красавіку 2005 года, і выпрацаваная па яе выніках стратэгія сталася спробай узгадненьня розных падыходаў што да кампаніі ў выглядзе несупярэчлівага пасьлядоўнага пляну дзеяньняў па актывізацыі грамадзтва і ажыцьцяўленьні негвалтоўнай зьмены палітычнага рэжыму. Гэты плян не супярэчыў тагачасным устаноўкам АДС, паколькі быў разлічаны на час пасьля вызначэньня адзінага кандыдата ад кааліцыі, пра што тады АДС асабліва не задумваліся. Гэты падыход мог бы зрабіцца падставай для выпрацоўкі скаардынаваных супольных дзеяньняў грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў у межах будучай кампаніі. Але АДС як кааліцыя ўхіліліся ад супрацы з гэтым суб’ектам і выпрацаваным ім плянам, хоць асобныя партыі і палітычныя лідэры ўзаемадзейнічалі з групай «Разам», спрабаваў карыстацца здабыткамі гульні і Аляксандр Мілінкевіч. Пазьней перамовы адносна выкарыстаньня напрацовак гэтай стратэгіі вяліся ўжо ў час утварэньня штаба адзінага кандыдата, але таксама скончыліся безвынікова. Напэўна, гэта было выкліканае насяцярожаным стаўленьнем дзеячоў АДС да асобы У. Мацкевіча, паколькі прыняцьцё стратэгіі аўтаматычна азначала далучэньне да яе рэалізацыі галоўнага яе распрацоўшчыка. Да таго ж, шмат хто з палітыкаў успрыняў літаральна правакатыўную заяву Мацкевіча адносна таго, што ў выпадку адсутнасьці прагрэсу ў стратэгічных напрацоўках АДС ён гатовы сам выставіць сваю кандыдатуру на прэзідэнта, маўляў, ягоныя шанцы ў гэтым выпадку будуць не меньшыя чым у адзінага кандыдата без эфэктыўнай стратэгіі.
Як бы там не было, да пачатку выбарчай кампаніі стратэгіі перамогі АДС не абвесьціў: не прагучала нічога акрамя рашучых заклікаў ісьці да канца, да перамогі. Пазьней нястача стратэгічных ідэяў, неабходнасьць у бягучым рэжыме прымаць вызначальныя рашэньні і супярэчаньні ў падыходах адбіліся і на самім ходзе кампаніі адзінага кандыдата, якой бракавала мэтаскіраванасьці. Кампанія адзінага кандыдата была вымушаная часьцей рэагаваць на падзеі, чым вызначаць іх хаду. Але трэба прызнаць, што галоўнай тактычнай пасылкі — адзіны каныдыдат ад усёй апазыцыйнай кааліцыі, які легітымна прадстаўляе ўсе дэмакратычныя сілы — АДС трымалася цьвёрда. У выніку плян па вызначэньні гэткага кааліцыйнага кандыдата быў распрацаваны і пасьпяхова рэалізаваны, а пляну па дасягненьні перамогі гэтага кандыдата так і не было створана. На момант вызначэньня адзінага кандыдата сьведчаньнем наяўнасьці стратэгіі перамогі былі выключна словы саміх прэтэндэнтаў на месца адзінага кандыдата пра тое, што яны ведаюць як перамагаць.
Такім чынам, замест стратэгічных задачаў плянавая дзейнасьць АДС была сканцэнтраваная збольшага на вырашэньні тактычнай задачы, якую трэба было вырашыць да пачатку кампаніі: якім чынам вызначыць легітымнага адзінага кандыдата ад кааліцыі? Метад вызначэньня адзінага кандыдата мусіў забяспечыць легітымную перамогу аднаго з наяўных моцных прэтэндэнтаў ад буйных суб’ектаў кааліцыі — гэта было неабходнай умовай далейшага эфэктыўнага ўдзелу АДС у кампаніі. З іншага боку, ён не павінны быў адштурхнуць ад працэсу дробных і слабейшых кандыдатаў, якім нічога не сьвяціла. Важнасьць прапрацоўкі гэтага пытаньня была ўзмоцненая тым негатыўным досьведам, якім суправаджалася вызначэньне адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі ў 2001 годзе. АДС былі поўныя рашучасьці не паўтарыць ранейшых памылак, таму працэдуры вызначэньня адзінага кааліцыйнага кандыдата надавалася самая вялікая ўвага.
Рознаскіраваныя і часам супярэчлівыя зацікаўленасьці суб’ектаў кааліцыі і іншых палітычных актараў апазыцыйнага поля ускладнялі працэс распрацоўкі гэтага пляну. Відавочна, што нават пры адсутнасьці стратэгічнага пляну вызначыць адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі трэба было як мага хутчэй. Але не ўсе сілы ў межах кааліцыі былі зацікаўленыя ў хуткім працяканьні гэтага працэсу. Некаторыя імкнуліся выйграць час, здабыць падтрымку, скласьці канкурэнцыю прызнаным лідэрам прэтэндэнцкай гонкі. Для іншых удзел у самім працэсе і маніпуляваньне ўласнымі прэзідэнцкімі амбіцыямі зрабілася галоўным палітычным рэсурсам.
Распрацоўка пляну вызначэньня адзінага кандыдата ад АДС пачалася напрыканцы 2004 года, адразу пасьля афармленьня кааліцыі «дзесяткі». Асноўным органам, які выконваў гэтую задачу, была Плянава-аналітычная група АДС. Пазьней на яе былі ўскладзеныя і некаторыя функцыі па рэалізаацыі выпрацаванага пляну ў межах грамадзянскай кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата і арганізацыйнага камітэту Нацыянальнага Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў.
Спачатку паўстала мадэль вызначэньня адзінага кандыдата праз працэдуру сваеасаблівых праймэрыз, папярэдніх выбараў. Гэтая ідэя была высунутая прадстаўнікамі АГП і падавалася дзейснай: яна магла бы забяспечыць дэмакратызм і адкрытасьць працэсу вылучэньня адзінага кандыдата, дапамагчы далучыць да дэмакратычнага працэсу шырокія колы грамадзкасьці. Падабалася гэтая ідэя і замежным партнэрам АДС, паколькі ўкладалася ў амерыканскую мадэль вызначэньня найбольш прыймальнага сярод некалькіх прэтэндэнтаў. Але рэалізваць такую працу ў беларускіх умовах было б вельмі складана па тэхнічных прычынах і недзе ў лютым 2005 года яна перастала гучаць. Праект праймэрыз так і застаўся на ўзроўні палітычных дэклярацыяў, не падмацаваных прапановай канкрэтнага пляну дзеяньняў. Потым гэтая гісторыя паўторыцца і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
У якасьці кампраміснай схемы была прынятая мадэль трохступенёвай грамадзкай кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата, якая б не была ўнутрыкааліцыйнай і закрытай ад грамадзтва, але і магла быць рэалізаваная наяўнымі сіламі і сродкамі. Мэтамі грамадзкай кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата былі: вылучэньне адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад АДС, кансалідацыя дэмакратычных сілаў і мабілізацыя ўсіх рэсурсаў у падтрымку адзінага кандыдата, прадстаўленьне грамадзтву прывабнай альтэрнатывы ў выглядзе адзінай праграмы адзінага кандыдата ад адзінай дэмакратычнай кааліцыі. Асновай для правядзеньня грамадзкай кампаніі былі праграмныя прынцыпы АДС: забеспячэньне годнага ўзроўню жыцьця для ўсіх грамадзянаў Беларусі; захаваньне незалежнасьці і ўмацаваньне сувэрэнытэту Беларусі; вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцьця, забеспячэньне захаваньня правоў чалавека; аднаўленьне на Беларусі вяршэнства закона, падзелу ўлады, незалежнасьці судовай сыстэмы, паўнамоцтваў парламэнта і ўрада, сыстэмы мясцовага самакіраваньня; аднаўленьне павагі да Беларусі ў сьвеце і дабрасуседзкіх адносінаў з усімі замежнымі краінамі, інтэграцыя Беларусі ў эўрапэйскую супольнасьць.
На першым этапе грамадзкай кампаніі прадугледжвалася вылучэньне прэтэндэнтаў у адзіныя кандыдаты. Правам вылучэньня валодалі вышэшыя органы партыяў і партыйных аб’яднаньняў, а таксама абласныя і Менская гарадзкая канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў. Апошні орган склікаўся структурамі кааліцыі ў рэгіёне з ліку абласных структураў партыяў-удзельніц СНДС, грамадзкіх аб’яднаньняў, якія прымалі ўдзел у выбарчых кампаніях 2001–2004 гг., а таксама незалежных прафсаюзаў. Да таго ж, пры жаданьні ў канфэрэнцыі мог прыняць удзел любы паўнагадовы грамадзянін Беларусі, які падтрымліваў праграмныя прынцыпы АДС. Абласныя канфэрэнцыі мусілі праходзіць галосна і публічна, яны мусілі прыцягваць да АДС максімальную колькасьць рэгіянальных і грамадзкіх арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў і мясцовай прэсы. Фактычна вынесьці сваю кандыдатуру на разгляд абласной канфэрэнцыі мог любы грамадзянін Беларусі, які па сваім прававым статусе мог быць кандыдатам у прэзідэнты — дастаткова было толькі падпісаць заяву ўдзельніка кампаніі, у якой прызнаваліся праграмныя прынцыпы АДС, парадак вызначэньня адзінага кандыдата ад АДС і прымаўся абавязак актыўна падтрымліваць адзінага кандыдата пасьля яго вызначэньня. Тыя, хто падаў падобныя заявы ў Сакратарыят грамадзянскай кампваніі, уключаліся ў бюлетэні для галасаваньня на абласных канфэрэнцыях і карысталіся падтрымкай кааліцыі ў арганізацыі сходаў з сябрамі дэмакратычнага актыву рэгіёну. Вылучынымі лічыліся прэтэндэнты, якія набралі больш за 50% галасоў удзельнікаў любой з сямі канфэрэнцыяў, пры гэтым мінімальная колькасьць удзельнікаў канфэрэнцыі складала 75 чалавек, а галасаваць можна было за неабмежаваную колькасьць прапанаваных кандыдатураў. Не выключалася таксама падвойнае вылучэньне — вылучаная партыяй альбо партыйным аб’яднаньнем кандыдатура магла таксама быць вынесеная на разгляд абласной канфэрэнцыі прэтэндэнтам асабіста альбо праз упаўнаважанага прадстаўніка. Вылучаныя такім чынам кандыдаты мелі падтрымку АДС дзеля рэалізацыі інфармацыйна-агітацыйнай кампаніі праз сумесныя і індывідуальныя рэгіянальныя паездкі прэтэндэнтаў, сумесныя і індывідуальныя улёткі, публікацыі ў медыях.
На наступным этапе грамадзянскай кампаніі мусілі быць праведзеныя сходы ў кожным з раёнаў і гарадоў Беларусі дзеля абраньня дэлегатаў на Нацыянальны Кангрэс Дэмакратычных Сілаў. Разам, згодна з адміністратыўным падзелам краіны, прадугледжвалася правядзеньне 150 сходаў у тэрмін не пазьней чым за 15 дзён да меркаванай даты правядзеньня Нацыянальнага Кангрэса Дэмакратычных Сілаў. У сходах мелі права прымаць удзел прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў і ініцыятываў, а таксама мог прыняць удзел любы паўнагадовы грамадзянін Беларусі, які падтрымліваў праграмныя прынцыпы АДС. Раённы сход рэйтынгавым галасаваньнем мусіў выбраць двух дэлегатаў на Нацыянальны Кангрэс Дэмакратычных Сілаў, пры гэтым сход не мог накласьці на дэлегата абавязку галасаваць на Кангрэсе за канкрэтнага кандыдата. Мінімальная колькасьць удзельнікаў сходу была вызначаная ў 25 чалавек, але пазьней для некаторых раёнаў чарнобыльскай зоны ў Гомельскай вобласьці і іншых дэпрэсіўных мясцінаў гэты цэнз быў зьніжаны да 15 і нават да 12 удзельнікаў, якія маглі вылучыць аднаго дэлегата.
На завяршальным этапе грамадзянскай кампаніі прадугледжвалася правядзеньне Нацыянальнага Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў, на якім былі б прадстаўленыя ўсе дэлегаты раённых сходаў, а таксама прадстаўнікі суб’ектаў кааліцыі і грамадзкіх аб’яднаньняў, прафсаюзаў, кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2004 г. (зарэгістраваныя або тыя, хто сабраў і падаў неабходную колькасьць подпісаў), а таксама асабіста запрошаныя ганаровыя госьці. Падрабязны падзел па квотах не быў уключаны ў агульны парадак грамадзянскай кампаніі і быў прыняты асобна напярэдадні Кангрэсу ягоным аргкамітэтам, які быў створаны СНДС. Папярэдне толькі было вызначана, што ў Кангрэсе павінныя прыняць удзел прыблізна 750 дэлегатаў. Мэтай правядзеньня Кангрэсу мусіла быць абраньне адзінага кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад АДС, далейшая кансалідацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, дэманстрацыя народу і міжнароднай супольнасьці адзінства дэмакратычных сілаў Беларусі і іх рашучасьці ісці па шляху дэмакратызацыі краіны. Было прадугледжана, што галасаваньне па выбарах адзінага кандыдата будзе праводзіцца таемным галасаваньнем пры кворуме ў палову ад агульнай колькасьці ўдзельнікаў (дэлегатаў) Кангрэсу. Кожны з дэлегатаў Кангрэсу меў адзін голас, які не мог быць перададзены іншаму дэлегату альбо іншай асобе.
Накіроўваць увесь гэты працэс мусіў Арганізацыйны камітэт Кангрэсу, створаны СНДС пасьля вызначэньня спісу кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у грамадзкай кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата ад АДС. У гэты орган уваходзілі не толькі прадстаўнікі партыяў-удзельніц кааліцыі, але таксама і прадстаўнікі непартыйных кандыдатаў. У ягоную кампетэнцыю ўваходзіла распрацоўка сцэнару Кангрэсу і пляну зьвязаных з ім мерапрыемстваў, запрашэньне, згодна з квотамі і рашэньнямі рэгіянальных сходаў, дэлегатаў і гасьцей, а таксама стварэньне часовых рабочых групаў для вырашэньня бягучых пытаньняў. Пасяджэньні Арганізацыйнага камітэту Кангрэсу адбываліся не радзей чам раз на тыдзень, старшынстваваў на іх кіраўнік Арганізацыйнага камітэту, лідэр БПП Аляксандр Бухвостаў, ягонымі намесьнікамі абраныя Віктар Івашкевіч (БНФ) і Аляксандр Дабравольскі (АГП).
Таксама быў створаны Сакратарыят у складзе трох чалавек, які збіраў і сыстэматызаваў дакументы па правядзеньні грамадзкай кампаніі. Кіраваў Сакратарыятам іншы прадстаўнік БПП, Уладзімір Страх. Плянава-аналітычная група са сваяго боку мусіла забяспечваць бягучае плянаваньне кампаніі, экспертную ацэнку, распрацоўку праектаў інфармацыйных і агітацыйных матэрыялаў, плянаваньне інфармацыйных і агітацыйных мерапрыемстваў. Таксама на плянава-аналітычную групу ўскладалася функцыя ўзгадненьня сацыялягічных дасьледаваньняў дзеля патрэбаў АДС і грамадзянскай кампаніі. Для вырашэньня спрэчных пытаньняў прадугледжвалася стварэньне узгадняльнай камісіі. Для вырашэньня канкрэтных задачаў, што могуць паўстаць падчас ажыцьцяўленьня грамадзкай кампаніі прадугледжвалася стварэньне адмысловых арганізацыйных групаў. Гэты механізм быў зацьверджаны рашэньнем СНДС 21 сакавіка 2005 года і паказаў сабе дзейсным і рэальна ажыцьцяўляльным. Пры зацьвярджэньні гэтага парадку гучала крытыка з боку суб’ектаў былой «Эўрапэйскай кааліцыі „Свабодная Беларусь“, але рашэньне было прынятае.
У зацьверджаным парадку не быў вызначаны час правядзеньня Кангрэсу, таму да грамадзянскай кампаніі прыступілі, яшчэ дакладна ня ведаючы, якім чынам і калі яна скончыцца. Папярэдне было вырашана, што да восені 2006 года Нацыянальны Кангрэс Дэмакратычных Сілаў не адбудзецца, а працэс грамадзянскай кампаніі будзе пачаты з красавіка 2005 года. Зразумела, некаторыя суб’екты патрабавалі як мага хутчэйшага правядзеньня Кангрэсу: ПБНФ і Аляксандр Мілінкевіч казалі пра патрэбу вызначэньня адзінага кандыдата ўжо ў траўні-чэрвені 2005 года. Таксама і Асамблея дэмакратычных дэпутатаў мясцовых Саветаў, якая яднала каля 100 дэпутатаў па усёй краіне, зьвярнулася з заклікам да кіраўніцтва дэмакратычных сілаў правесьці абраньне адзінага кандыдата напрыканцы траўня. Але рэалізацыя заплянаванай грамадзкай кампаніі вылучэньня і тэхнічная падрыхтоўка кангрэсу рабілі такое прыспешваньне немагчымым. З іншага боку, некаторыя з слабых прэтэндэнтаў (напрыклад, Мікола Статкевіч) заяўлялі пра мэтазгоднасьць правядзеньня кангрэсу ўвесну 2006 года — у такім выпадку падобнага развіцьця падзеяў апазыцыя магла бы прызначыць вызначэньне сваяго адзінага кандыдата на час пасьля рэальнай рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, альбо нават пасьля выбараў. Аднак гэтыя пазыцыі не знайшлі паразуменьня ў іншых удзельнікаў кааліцыі, якія былі зацікаўленыя правесьці рэальную кампанію ў ягоную падтрымку. Праблема часу правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў таксама зьвязаная і са стратэгічнай няпэўнасьцю: некаторыя назіральнікі адзначалі, што ў выпадку правядзенньня Кангрэсу ў траўні 2005 году, абранаму адзінаму кандыдату папросту не застанецца чаго рабіць да восені, маўляў «мы пакуль ня вызначыліся, што будзем рабіць пасьля Кангрэсу, таму лепей бы зацягнуць працэс абраньня адзінага падолей і правесьці Кангрэс недзе ў верасьні-кастрычніку 2005 года».
Ідэя пра тое, што час правядзеньня Кангрэсу павінны быць зьвязаны не толькі з завяршэньнем галоснага працэсу вылучэньня прэтэндэнтаў і наяўнасьцю тэхнічных і рэсурсовых магчымасьцяў, але і з выпрацоўкай стратэгічных палажэньняў праграмы дзеяньняў будучага адзінага кандыдата, не знаходзіла падтрымкі ў колах палітычных дзячоў. Такім чынам, правядзеньне Кангрэсу вымагала падрыхтоўкі па трох вымярэньнях — палітычным, тэхнічным і стратэгічным. Калі палітычная падрыхтоўка была праведзеная шляхам грамадзянскай кампаніі па вылучэньні кандыдатаў і дэлегатаў кангрэсу, а тэхнічная падрыхтоўка была здзейсьненая сіламі Арганізацыйнага камітэту, то стратэгічная падрыхтоўка апынулася па-за ўвагай дэмакратычных сілаў і засталася не рэалізаваная.
Нягледзчы на тое, што шэраг прынцыповых момантаў не знайшоў сваяго адлюстраваньня ў Парадку правядзеньня грамадскай кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прыняцьцё гэтага дакумента мела не толькі тэхнічнае, але і вялікае палітычнае значэньне. Суб’екты дэмакратычнай кааліцыі здолілі ўзьняцца над палітычнымі амбіцыямі лідэраў, ахвяравалі прыватнымі інтарэсамі асобных партыяў і заключылі пагадненьне што да прынцыаў працэдуры важнага палітычнага працэсу. Яны не пабаяліся запрасіць да гэтага працэсу ўсе астанія сілы, што яшчэ пакуль не былі далучаныя да кааліцыі: дзьверы да аб’яднаўчага працэсу заставаліся адчыненымі да самага яго завяршэньня. Прапанова далучыцца да праграмных прынцыпаў АДС і падпісаць заяву аб згодзе зняць сваю кандыдатуру на карысьць найлепшага з прэтэндэнтаў, якая была зробленая кааліцыяй ўсім патэнцыйным прэтэндэнтам, стала для гэтых асобаў тэстам на палітычную сталасьць. Тэст гэты пацьвердзіў, што не ўсе тыя, хто заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, на самой справе палітычна дараслі да такой ролі. Тыя з патэнцыйных кандыдатаў, хто не далучыўся да кааліцыі, збольшага так альбо інакш былі вымушаныя падтрымаць у выніку ейнага кандыдата. Нажаль, для дасягненьня гэткага выніку прыйшлося выдаткваць шмат часу і высілкаў, якія маглі бы быць выкарыстаныя іншым, больш рацыянальным чынам.
Прэтэндэнты
Прадстаўнікоў дэмакратычнага лягеру, што заяўлялі пра свой намер браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах альбо разглядаліся ў гэтай якасьці грамадзкасьцю, можна падзяліць на тры клясы ў залежнасьці ад іх дачыненьня да працэса вызначэньня адзінага кандыдата ад АДС.
Да першай клясы можна аднесьці лідэраў, высунутых палітычнымі партыямі былой Народнай каліцыі «Пяцёрка плюс». Яны безумоўна ўдзельнічалі ў працэсе вызначэньня адзінага кандыдата ад АДС і гралі ў ім вызначальную ролю. Гэта палітычныя цяжкавагавікі, ініцыятары і ў вялікай ступені распрацоўшчыкі працэдуры вызначэньня адзінага кандыдата. Іх крытыкавалі за тое, што сама гэтая працэдура была быццам бы пабудавана з разлікам на гэтыя асобы. Аднак хутчэй за ўсё такое абвінавачваньне не зусім справядлівае: працэдура была сканструявана дзеля вызначэньня наймацнейшага сярод кандыдатаў, які карыстаўся б найбольшай падтрымкай дэмакратычнай супольнасьці і мог зрэалізаваць агульнанацыянальную кампанію сумесна з іншымі палітычнымі суб’ектамі АДС. Тобок сярод важных крытэраў была не толькі пэрсанальная «абіральнасьсь» прэтэндэнта, якая ва ўмовах інфармацыйнай блякады апазыцыі была ва ўсіх суб’ектаў прыкладна аднолькава мізэрная, але і здольнасьць прэтэндэнта аб’яднаць вакол сабе розныя палітычныя сілы, з’яднаць усе арганізацыйныя рэсурсы апазыцыі. Натуральна, што такі кандыдат верагодна мусіў з’явіцца ў асяроддзі сталых удзельнікаў дэмакратычнай кааліцыі, якія мелі досьвед узаемадзеяньня паміж сабою і былі гатовыя да далейшай супрацы.
Такім чынам, да гэтай страты належылі вылучэнцы партыяў-удзельніц АДС:
Сяргей Калякін — 53-гадовы першы скратар ПКБ, вылучаны гэтай партыяй. Шмат хто казаў пра малаверагоднасьць абраньня камуніста адзіным кандыдатам ад АДС, хоць рэальныя праграмныя прынцыпы ўзначаленай ім партыі сталі цяпер блізкія да сацыял-дэмакратыі. З гэтай прычыны ён меў мала шанцаў вылучыцца у межах схемы з адзіным дэмакратычным кандыдатам. Аднак у межах згаданага трыюмвірату кіруючых у кааліцыі партыяў ПКБ грала прынцыповую ролю, дазваляючы падтрымліваць балянс паміж АГП і ПБНФ. Таксама і вылучэньне Калякіна мусіла быць сродкам дасягненьня раўнавагі паміж іншымі асноўнымі кандыдатамі, вылучанымі ад гэтых партыяў. Да таго ж, удзел кіраўніка ПКБ у прэтэндэнцкай гонцы і надалей у кампаніі быў залогам ідэялягічнай збалансаванасьці дэмакратычнага праекта, дэманстрацыяй таго, што супраць Лукашэнкі з’ядналіся ўсе здаровыя сілы грамадзтва. Такім чынам, фігура Калякіна займала прынцыпова важнае месца ў працэсе вылучэньня адзінага кандыдата, хоць яе наўрадці можна было лічыць рэальна прахадной кандыдатурай. У далейшым падчас кампаніі палітык заняў пасаду кіраўніка штаба адзінага кандыдата.
Анатоль Лябедзька — 44-гадовы старшыня АГП, вылучаны гэтай партыяй. Напэўна, вылучэньне кандыдатуры Лябедзькі было адным з найбольш прадказальных момантаў працэсу вылучэньня адзінана кандыдата: лідэр адной з вядучых апазыцыйных партыяў даўно не хаваў сваяго намеру балятавацца на прэзідэнта. І сам Лябедзька, і ўзначаленая ім партыя рыхтавалася да вылучэньня вельмі доўга і вельмі сур’ёзна. Таму іншым партыям кааліцыі, а асабліва ПБНФ, было лягчэй — ім была вядомая пазыцыя АГП і тое, каго яна вылучыць. Лябедзька меў досьвед працы ў Вярхоўным Савеце 12-га і 13-га скліканьня, а таксама мог пахваліцца посьпехамі ў наладжваньні кантактаў на замежнапалітычнай арэне. Ён быў адной з асноўных фігураў палітычнай апазыцыі, і шмат гадоў з’яўляўся галоўнай мішэньню для лукашэнкаўскай прапаганды. Адным з негатыўных аспектаў вылучэньня ягонай кандыдатуры быў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года ў складзе каманды Лукашэнкі. На карысьць гэтага прэтэндэнта працавала вялікая група палітолягаў і аналітыкаў, з’яднаных каля АГП. Апошні аспэкт дазволіў яму ў часе кампаніі і пасьля яе ўзначаліць Нацыянальны камітэт апазыцыі, што павінны быцў стаць правобразам цегневага ўраду, але насамрэч пераўтварыўся ў «суцяшальны прыз» у выглядзе канала фінансаванеьня праектаў АГП.
Аляксандр Мілінкевіч — 57-гадовы беспартыйны кіраўнік праграм Фонду садзеяння лакальнаму развіццю, вылучаны Беларускай партыяй Залёных, а пасьля гэтага падтрыманы ПБНФ. У час прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Мілінкевіч кірваў штабам кампаніі Сямёна Домаша, вылучаўся ў парлямэнт у 2004 годзе, таму добра ведаў кухню выбарчай гонкі. Будучы навукоўцам, ён таксама меў досьвед працы ў дзяржапараце — быў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкама па справах адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, рэлігіі і аховы гістарычнай спадчыны. За ім стаяла вялізарная сіла беларускіх няўрадавых арганізацыяў, з’яднаных сеткай Беларускай асацыяцыі рэсурсовых цэнтраў. У грамадзкай сьвядомасьці фігура Мілінкевіча амаль адсутнічала, ён меў нулявы рэйтынг вядомасьці. Ідэялягічна ягоная кандыдатура была падтрыманая прыхільнікамі беларускага нацыянальнага праекту. Але ягоная фігура паўстала зьнянацку, нечакана для зьнешніх назіральнікаў — да пачатку 2005 года пра ягоную кандыдатуру ніхто не разважаў. Шмат у чым чгонае вылучэньне ад ПБНФ сталася вынікам слабасьці пазыцыяў старшыні гэтай партыі Вінцука Вячоркі. З іншага боку, вылучэньне беспартыйнага кандытата, да яшчэ папярэдне вылучанага партыяй зялёных, можна было лічыць удалым крокам ПБНФ, які дазволіў абыйсьці негатыўны фактар адмоўнага партыйнага рэйтынгу і адначасова заручыцца падтрымкай рэсурсовых цэнтраў.
Станіслаў Шушкевіч — 70-гадовы старшыня БСДГ, вылучаны гэтай партыяй. Аб’ектыўна лічыўся слабейшым сярод кола «прэтэндэнтаў-сэнатараў», хоць валодаў вялікай палітычнай вагой і агромным аўтарытэтам на зьнешнепалітычнай арэне: асоба першага кіраўніка незалежнай Беларусі і аднаго з далакопаў Савецкага Саюзу была добра вядомая ўсім. І на ўнутраным палітычным полі Шушкевіч мог цягацца па рэйтынгу пазнавальнасьці з Лукашэнкам, чым не мог пахваліцца ні адзін з іншых кандыдатаў апроч Пазьняка. Адзіны з патэнцыйных кааліцыйных кандыдатаў, хто меў досьвед удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата (у 1994 годзе набраў каля 10% галасоў). Але гэтыя вялікія плюсы кампенсаваліся таксама вялікімі мінусамі, зьвязаныя са шматгадовай негатыўнай прапагандай супраць асобы Шушкевіча ў лукашэнкаўскіх медыях. Зрэшты, і сам Шушкевіч не дэманстраваў асаблівага імпэту справе ўласнага вылучэньня. Хутчэй за ўсё, вылучэньне ў якасьці прэтэндэнта на ролю адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі было для яго справай захаваньня ўласнага палітычнага статуса ў ролі палітыка першага шэрагу, а таксама сродкам захаваньня ўплыву БСДГ, якое займала ў межах АДС ролю падпарадкаванай сілы. Пазьней менавіта такі падыход дазволіў Шушкевічу зьняць сваю кандыдатуру на карысьць будучага адзінага кандыдата.
Ужо ўвесну 2005 года, на момант зацьвярджэньня парадку вылучэньня адзінага кандыдата, самымі моцнымі сярод гэтай чацьвёркі прэтэндэнтаў лічыліся Мілінкевіч і Лябедзька. Пры гэтым напачатку кампаніі відавочную перавагу меў Мілінкевіч, што выразна праявілася падчас абласных канферэнцыяў у красавіку-траўні 2005 года. З гэтай прычыны ягоная група падтрымкі, і ПБНФ у тым ліку, выступалі за хутчэйшае скліканьне Кангрэсу дэмакратычных сілаў, няхай сабе на шкоду дэмакратычнасьці і прадстаўнічасці гэтага органа. Але пазьней у выніку працяглай барацьбы на раённых сходах, мабілізацыі ўласных сымпатыкаў, шэрагу ўдалых палітытчных інстрыгаў і наладжваньня сувязяў з незаангажаванымі сіламі Лябедзька адыграў балы. Напярэдадні кангрэсу ўжо ніхто не мог прадказаць выніку галасаваньня, хоць большасьць экспэртаў казала, што шалі схіляюцца на бок вылучэнца ад АГП.
Сярэднюю клясу патэнцыйных прэтэндэнтаў складалі незалежныя, пазапартыйныя кандыдаты і патэнцыйныя самавылучэнцы, якія па рознаму ставіліся да прапанаванай працэдуры абраньня адзінага дэмакратычнага кандыдата. Сюды таксама мусім далучыць «слабога» прэтэндэнта ад кааліцыйнага суб’екта Міколу Статкевіча, шанцы якога рэзка паменьшыліся ў выніку пераварота ў БСДП (НГ), крымінальнай справы і наступнага зьняволеньня. Гэты прэтэндэнт падпісаў заяву аб далучэньні да грамадзянскай кампаніі вылучэньня і фігураваў у спісе апошняй абласной канфэрэнцыі ў Віцебску. Усе астатнія незалежныя прэтэндэнты не далучыліся да агульнага працэсу на этапе абласных канферэнцыяў, але збольшага прысутнічалі на гэтых мерапрыемствах альбо дасылалі на іх сваіх прадстаўнікоў. У выніку частка з іх падтрымала падчас кангрэсу таго альбо іншага з моцных кандыдатаў. Са сваяго боку кааліцыя рабіла ўсё магчымае, каб далучыць да працэсу максімальную колькасьць кандыдатаў другога шэрагу — былога сябра ПБНФ, кінарэжысэра і кіраўніка дэлегалізаванага Беларускага Гуманітарнага ліцэю, лідэра «Рады інтэлегенцыі» Уладзіміра Коласа, беспартыйнага былога спікера Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, акадэміка Уладзіміра Вайтовіча, сябру БСДП (НГ) генерала Уладзіміра Фралова, беспартыйнага былога міністра сельскай гаспадаркі, кіраўніка Беларуска-расейскага фонду «За новую Беларусь» Васіля Лявонава, лідэра Кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, тройчы алімпійскага чэмпіёна, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Уладзімера Парфяновіча. Пэўны час гэтая група прэтэндэнтаў стварыла нешта накшталт прэтэндэнцкага клюбу дзеля супольнай артыкуляцыі пазыцыі адносна неабходнасьці перафарматаваць парадак вызначэньня адзінага кандыдата ад АДС. Аднак ў верасьні 2005 года, напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сілаў, ўсе з пералічаных асобаў разам з кандыдатамі першага шэрагу падпісалі адмысловую Дэклярацыю аб гатоўнасьці працаваць адзінай камандай: «Мы прыкладзём усе высілкі, каб падчас выбарчай кампаніі быў адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. Для перамогі гэтага кандыдата спатрэбіцца падтрымка ўсіх выбарцаў, якія выступаюць за перамены, і высокапрафэсійная каманда аднадумцаў, якія маюць досьвед у розных галінах палітыкі, эканомікі і культуры. Кангрэс дэмакратычных сілаў стане па-сапраўднаму народным сходам тых, хто хоча ў краіне пераменаў». Пры гэтым А.Мілінкевіч і М.Статкевіч падпісалі дакумэнт з уласным дадаткам: «Падтрымліваю дэклярацыю пры ўмове, што адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў будзе абраны ў адпаведнасьці з рашэньнем кааліцыі на Кангрэсе 1-2 кастрычніка». Пазьней у часе прэзідэнцкай кампаніі Уладзімір Фралоў і Аляксандр Вайтовіч адыйшлі ад духу гэтага пагадненьня і зарэгістравалі свае ўласныя ініцыятыўныя групы для збора подпісаў.
Да гэтай групы прэтэндэнтаў таксама дадучаецца група самавылучэнцаў з зусім невялікімі шанцамі заняць месца адзінага кандыдата — беспартыйны Валеры Грыцук, сябра АГП Мікола Бусьнюк, сябра БСДГ Валеры Арцішэўскі. Тры гэтыя асобы спрабавалі вылучацца на абласных канфэрэнцыях дэмакратычных сілаў, аднак практычнай падтрымкі не атрымалі. Сваім удзелам яны адно што засьведчылі адкрытасьць і дэмакратычнасьць грамадзянскай кампаніі па вылучэньні адзінгага кандыдата ад АДС.
Трэцюю групу складалі патэнцыйныя прэтэндэнты, якія не мелі рэальнай зацікаўленасьці ў далучэньні да працэсу вызначэньня супольнай дэмакратычнай альтэрнатывы Лукашэнку, але фігуравалі ў прэсе. Гэта былы сябра АГП, палітзьняволены Андрэй Клімаў, які з лютага 2004 года прыпыніў сяброўства ў партыі і абвнесьціў пра пачатак уласнай кампаніі — пазьней ён выступіў у падтрымку кандыдатуры Агнатоля Лябедзькі і рэальных памкненьняў вылучацца не дэманстраваў. Сябра былой дэпутацкай групы «Рэспубліка» Сяргей Скрабец таксама імкнуўся выставіць сваю кандыдатуру, што было зьвязана не з ягонымі прэзідэнцкімі амбіцыямі, а з пагрозай ягонага крымінальнага перасьледу. Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк, які меў досьвед удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, знаходзіўся на эміграцыі на працягу амаль дзесяці год і таксама не мог рэальна разглядацца ў якасьці альтэрнатыўнага дэмакратычнага кандыдата, хоць і заяўляў пра адназначны намер балятавацца. Такія кандыдаты, як былы міністр замежных справаў Пётра Краўчанка, дачка былога савецкага кіраўніка Беларусі Натальля Машэрава, традыцыйны спарынг партнёр Лукашэнкі, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч ніколі не дэманстравалі жаданьня атрымаць статус адзінага кандыдата ад апазыцыі. Большасьць гэтых і іншых асобаў перасьледвавала свае мэты, слаба зьвязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ўвогуле.
Асобна ад усіх трымаўся Аляксадр Казулін, чыя пазыцыя адносна пляну АДС і прэзідэнцкія амбіцыі штурхалі яго да рэальнага самастойнага ўдзелу у выбарах Толькі Аляксандр Казулін прынцыпова адмовіўся ўдзельнічаць у прапанаваным мэханізме абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі, хоць у яго і былі досыць неблагія шанцы. Пазьней гандль з ім працягваўся ўжо на глебе магчымага аб’яднаньня групаў на ўзроўні роўных суб’ектаў. Але гэтыя перамовы ня скончыліся аніякім вынікам нават ужо тады, калі народ стаяў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
На этапе плянаваньня кампаніі і вызначэньня стратэгіі перамогі апазыцыя была сканцэнтраваная на пытаньні «хто» замест пытаньня «якім чынам».
Заканчэньне будзе