Апошнім часам у асяродку беларускай дэмакратычнай апазыцыі актуалізавалася пытаньне пра вызначэньне адзінага кандыдата на наступныя прэзідэнцкія выбары. Кіраўніцтва АГП і БХД заяўляе пра неабходнасьць вызначэньня адзінага кандыдата праз працэдуру праймэрыз, якую ў часе папярэдняга электаральнага цыклю не атрымалася прасунуць у якасьці легітымнага і прынятага асноўнымі апазыцыйнымі суб’ектамі мэханізма. У межах сітуатыўнага партнэрства паміж Рухам «За свабоду!», кампаніяй «Гавары Праўду» і Партыяй БНФ вядзецца перамоўны працэс пра магчмасьць аднаўленьня Кангрэсаў дэмакратычных сілаў у якасьці воргана, ад імя якога можа быць вылучаная легітымная кандыдатура адзінага кандыдата. Параўнальна пасьпяховы прыклад выбараў праз інтэрнэт сябраў каардынацыйнай рады расейскай апазыцыі падштурхнуў некаторых суб’ектаў да прапановы перанесьці працэс вызначэньня адзінага кандыдата ў вірутальную прастору.
Пакуль што няма яснасьці з перспэктывамі кожнага з гэтых варыянтаў. Больш за тое, не выключана, што азначаныя працэдуру могуць быць рэалізаваныя сепаратна, і ў такім выпадку беларуская апазыцыя можа здзейсьніць «парад кандыдатаў» па ўзоры выбараў 2010 года (толькі цяпер — адзіных кандыдатаў ад розных сітуацыйных груповак, з’явіўся нават тэрмін «мультыадзіны кандыдат»).
Пры гэтым неабходна ўлічваць, што вызначэньне адзінага кандыдата (праз выбары, альбо іншым шляхам) з’яўляецца толькі элементам пэўнага сцэнара дзеяньняў апазыцыі ў межах супрацьстаяньня аўтарытарнай уладзе. І нават у межах сцэнара «каляровай рэвалюцыі», наўрадці ўжо актуальнага для сёньняшняй сітуацыі, адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі зусім не з’яўляецца абавязковай фігурай — больш істотнай уяўляецца еднасьць апазыцыі на ўзроўні стратэгіі, наяўнасьць спачуваюцай групоўкі ў асяроддзі ўладнай эліты, пэўная свабода СМІ, неўтральнасьць сілавых структураў. У межах такой канструкцыі вызначэньне адзінага кандыдата можа спрыяць электаральнаму посьпеху, але каб ім скарыстацца, неабходна мець яшчэ і мэханізм прадукаваньня альтэрнатыўных вынікаў падліку галасоў (што практычна малаверагодна ў сёньняшняй Беларусі) і механізм іх абароны.
Тым не меньш, паколькі вызначэньне адзінага кандыдата ёсьць адным з нешматлікіх фактараў выкарыстаньня выбараў дзеля дэмакратычных пераўтварэньняў, якія залежаць наўпроста ад апазыцыі, а таксама ў сілу таго прывабнага статусу фаварыта дэмаратычнага электарата, які аўтаматычна здабывае адзіны кандыдат, беларуская апазыцыя слушна надае гэтау пытаньню вялікае значэньне.
Спрэчкі адносна мэханізмаў вызначэньня адзінага кандыдата дастаткова важныя. Але пыр гэтым не трэба забывацца, што задачай гэтага мэхнізма зусім не ў першую чаргу з’яўляецца вызначэньне найбольш прывабнага для электарата кандыдата. Большае значэньне мае наданьне мэханізму вызначэньня адзінага ў вачах грамадзтва, што немагчымае без уключэньня ў працэс максімалльнай колькасьці дэмакратычных партыяў і рухаў, а таксама знакавых для апазыцыйнай грамадзкасьці асобаў.
У гісторыі беларускай апазыцыі былі дзьве спробы вызначэньня адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. І калі вызначэньне адзінага кандыдата на выбарах 2001 года было збольшага працэсам кулуарным, то рэалізаваны ў 2005 годзе мэханізм вызначэньня адзінага кандыдата на выбары 2006 года быў публічным і даступны цяпер для аналізу.
Мэтай дадзенай публікацыі з’яўляецца абагульненьне досьведу выбараў адзінага дэмакратычнага кандыдата ў 2005 годзе. Гэты досьвед можа быць вывучаны комплексна ў межах трох кампанентаў, якія з’яўляюцца прадметам дасьледваньня: кааліцыйнае разбудова суб’екта, які вылучаў адзінага кандыдата (1), выпрацоўка стратэгіі і тактычнага пляну ўдзелу апазыцыі ў выбарах, у межах якога здзяйсьняўся працэс выхаду на адзінага кандыдата (2) і, нарэшце, уласна кампанія вызначэньня адзінага кандыдата праз скліканьне Канрэсу дэмакратычных сілаў (3).
***
Час паміж сумешчанымі з канстытуцыйным рэфэрэндумам парлямэнцкімі выбарамі 2004 года і абвяшчэньнем трэціх прэзідэнцкіх выбараў 2006 года стаў для беларускай апазыцыі перыядам актыўнага ўнутранага развіцьця. Мэтай унутранай трансфармацыі і перагрупаваньня апазыцыйных структураў была падрыхтоўка да кампаніі па выбарах прэзідэнта. Менавіта прэзідэнцкія выбары мусілі стаць фокусам высілкаў апазыцыі — гэтая будучая падзея вызначала хаду ўсіх палітычных працэсаў унутры палітычнай апазыцыі ў той перыяд і была крытэрам для ацэнкі апазыцыяй вонкавага грамадзка-палітычнага атачэньня.
Пасьля перамогі Лукашэнкі на рэфэрэндуме 2004 года было зьнішчанае апошняе канстытуцыйнае абмежаваньне для адзінаасобнага панаваньня прэзідэнта. Ва ўмовах кансалідацыі ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму пэрсанальнай дыктатуры прэзідэнта Лукашэнкі, беларуская апазыцыя мусіла выпрацаваць эфэктыўную праграму здабыцьця дзяржаўнай ўлады ў краіне дзеля вяртаньня Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцьця. Ідэялягічныя спрэчкі паміж удзельнікамі дэмакратычнай апазыцыі канчаткова адыходзяць на другі плян перад галоўнай задачай — зьвяржэньня дыктатуры ў Беларусі. Толькі ўсталяваньне плюралістычнай палітычнай сыстэмы ў краіне дазволіла б партыям надалей дамагацца рэалізацыі сваіх асобных партыйных праграмаў. Плян гэткіх пераўтварэнняў быў прапанаваны дэмакратычнымі палітычнымі партыямі, якія аб’ядналіся ў кааліцыю пад шыльдаю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), вызначылі агульную стратэгію перадвыбарчай працы, прадпрынялі захады па ўзгадненьні гэтай стратэгіі з іншымі дэмакратычнымі актарамі, са структурамі грамадзянскай супольнасьці і з ключавымі замежнымі суб’ектамі. Паводле распрацаванага пляну, быў вызначаны адзіны кандыдат ад апазыцыі, які мусіў стаць апанентам Лукашэнкі на выбарах і дасягнутае пагадненьне наконт падтрымкі гэтага адзінага кандыдата ўсімі суб’ектамі АДС. Пазьней пад фігуру адзінага кандыдата былі разбудаваныя структуры, якія мусілі забяспечыць ягоную перамогу ў выніку выбараў.
Менавіта суб’ектнасьць АДС цікавая як аб’ект дасьледаваньня, паколькі акурат гэтае палітычнае ўтварэньне зрабілася напярэдадні выбараў галоўным актарам, які процістаяў дзеючаму кіраўніку дзяржавы і ягонаму апарату. У гэтай частцы будзе дасьледаваны працэс фармаваньня дэмакратычнай кааліцыі АДС і падзеі, зьвязаныя з вызначэньнем пэрсоны адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазыцыі.
Падмуркам для стварэньня дэмакратычнай кааліцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў былі ранейшыя аб’яднаўчыя структуры апазыцыі. Ядро гэтых структураў у сучасным выглядзе было сфармаванае ў 2003–2004 гг., у перыяд пасьля мінулых выбараў мясцовых саветаў і напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2004 года. Гэтыя структуры ў розны час фігуравалі пад рознымі назвамі, у розны час складаліся з розных суб’ектаў, але самаідэнтыфікаваліся і атаесамляліся ў грамадзкай сьвядомасьці ды ў вачах зьнішніх назіральнікаў як «аб’яднаная апазыцыя». Яны прыйшлі на зьмену ранейшым аб’яднаўчым утварэньням дэмакратычнай апазыцыі, такім як Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў, Каардынацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў. Зрэшты, па сваім складзе старыя і новыя структуры былі амаль тоесныя, але яны адрозьніваліся сваім механізмам функцыянаваньня і прыняцьця рашэньняў, а таксама мелі розныя стратэгічныя ўстаноўкі і зьнешнепалітычную арыентацыю. У параўнаньні з прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года (а таксама з наступным перыядам развіцця апазыцыі пасьля 2006, і, асабліва, пасьля 2010 года), у новай перадвыбарчай кампаніі павялічылася роля палітычных партыяў, менавіта яны зрабіліся асноўнымі гульцамі на апазыцыйным полі, пацясьніўшы непартыйныя палітычныя структуры і непартыйных кандыдатаў у прэзідэнты ад дэмакратычнага лягеру. Новыя структуры да пачатку прэзідэнцкай кампаніі пасьпелі адпрацаваць мэханізмы ўнутранага ўзаемадзеяньня і здабылі досьвед сумеснага ўдзелу у палітычных працэсах, у тым ліку ў выбарчых кампаніях.
Штопраўда, эфэктыўнасьць кааліцыі на этапе парлямэнцкіх выбараў па шэрагу прынцыповых пытаньняў была не дужа высокай, напрыклад, не атрымалася пазьбегнуць канкурэнцыі кааліцыйных кандыдатаў у межах акругаў. Але працяглы перыяд прыціркі, дыскусіяў, прыняцьця супольных рашэньняў, дасягненьня кансэнсусу па спрэчных пытаньнях, пераадоленьня асабістых забабонаў і вырашэньня міжпартыйных ідэялягічных канфліктаў дазволіў закласьці арганізацыйны і кадравы падмурак, на якім была збудаваная кааліцыйная кампанія дэмакратычных сілаў падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Ядром новага кааліцыйнага ўтварэньня напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2004 года стала аб’яднаньне АГП, ПБНФ, ПКБ, БСДГ і тады яшчэ зарэгістраванай БПП. Гэты працэс распачаўся адразу ж пасьля мясцовых выбараў увесну 2003 года ў выглядзе рэгулярных шматбаковых кансультацыяў партыйных лідэраў пры пасярэдніцтве і падтрымцы замежных структураў. 19 студзеня 2004 года гэтая праца прывяла да аб’вяшчэньня Народнай кааліцыі «Пяцёрка плюс», хоць ужо да таго часу асноўныя суб’екты кааліцыі мелі досьвед супольных палітычных дзеяньняў у межах новапаўсталай структуры. Традыцыйна асобую пазыцыю заняла БСДП (НГ), якая адмовілася ад хаўрусу з іншымі партыямі і напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2004 года ініцыявала ўтварэньне асобнай кааліцыйнай структуры «Эўрапэйская кааліцыя „Свабодная Беларусь“. Прадказальна негатыўна да новага аб’яднанаўчага ўтварэньня паставілася КХП-БНФ, якая не бачыла перспектываў ва ўдзеле ў парлямэнцкіх выбарах і расцэньвала іншыя апазыцыйныя партыі як несамастойныя, кіраваныя звонку структуры. У баку ад аб’яднаўчых працэсаў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў стаялі таксама некаторыя іншыя палітычныя структуры, якія мелі на ўвазе ўласны палітычны праект падчас тых выбараў (Беларуская партыя жанчын „Надзея“ і Хартыя-97, якія далучыліся да „Эўрапэйскай кааліцыі“, Малады Фронт, дэпутацкая група „Рэспубліка“ таксама) і ў рознай ступені дыстанцыяваліся ад „Пяцёркі плюс“, альбо адкрыта канкуравалі з ёй. Пасьля ж выбараў і рэфэрэндуму 2004 года гэтыя суб’екты былі настроеныя на перамовы і далейшае супрацоўніцтва з аб’яднанай апазыцыяй. Яны па розных матывах і ў рознай ступені далучыліся да падтрымкі плянаў АДС напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Тым не меньш, яшчэ да парлямэнцкіх выбараў 2004 года новая кааліцыя здолела прыцягнуць у сваю арбіту пэўную колькасьць іншых грамадзка-палітычных суб’ектаў (Партыя зялёных, палітызаваныя няўрадавыя арганізацыі, некаторыя маладзёвыя аб’яднаньні) і заняць месца вядучай апазыцыйнай сілы ў беларускай палітычнай прасторы. Нягледзячы на тое, што падчас выбараў 2004 года Народная каліцыя «Пяцёрка-плюс» не здоліла правесьці ў парлямэнт ніводнага дэпутата, яна засталася цэнтрам, які быў здольны прыцягваць іншых палітычных суб’ектаў, цэнтрам канцэнтрацыі апазыцыйных рэсурсаў, цэтрам вызначэньня нормаў і генераваньня канцэпцыяў для апазыцыйных сілаў.
Пазітыўны вынік парлямэнцкіх выбараў 2004 года для апазыцыі быў менавіта ў фармаваньні дзейснай кааліцыі. Не апошняе значэньне мела таксама і легітымнасьць новай апазыцыйнай структуры, якая была ўпаўнаважаная вызначаць агульнапрынятыя нормы палітычнай дзейнасьці, вызначаць правілы гульні ў апазыцыйным сектары. Таксама вельмі важным было афармленьне ў шэрагах партыйных функцыянэраў з розных палітычных партыяў групы асобаў, далучаных да супольнай працы ўнутры кааліцыі — у 2003–2005 гадах аформілася групоўка партыйных дзеячоў, якія зьвязвалі ўласныя перспектывы і пэрсанальныя жыццёвыя пляны менавіта з дзейнасьцю ў межах кааліцыі. Вялікае значэньне мела падтрымка замежных суб’ектаў, якія віталі ўзбуйненьне апазыцыйнага хаўрусу і ўсялякім чынам падтрымлівалі гэты працэс. Чым бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, тым больш павялічвалася вага гэтай кааліцыі.
Пасьля рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў увосень 2004 года быў распачаты працэс перафарматаваньня кааліцыі з улікам задачы падрыхтоўкі апазыцыі да прэзідэнцкіх выбараў. Назва «Пяцёрка плюс» фармальна была зьнятая з ужытку, хоць у дачыненьні да кааліцыі ею карысталіся даволі працяглы час: казалі пра ранейшыя «партыі „пяцёркі“, пра кааліцыю „пяцёрка“, паколькі даволі доўга новае больш шырокае аб’яднаньне не мела назвы альбо хоць нейкага адзінага брэнду. Але ў гэты час кааліцыя узбуйняецца, прыцягвае да сабе новых удзельнікаў і здабывае новую якасьць і большую палітычную вагу.
З пашырэньнем кола палітычных хаўрусьнікаў эвалюцыянуе структура кіраваньня кааліцыяй. 20 лістапада 2004 года ў Вільні падпісаньнем аб’яднаўчага пагадненьня была пакліканая да жыцьця Сталадзеючая нарада дэмакратычных сілаў (СНДС), у якую ўвайшлі дзесяць суб’ектаў — лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў (было абвешчана, што хаўрус утвораны «дзеля выпрацаваньня, прыняцьця й рэалізацыі мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах»). Гэтае ўтварэньне хутка пачалі па аналогіі называць «дзесяткай». Падобны орган (які таксама называўся Сталадзеючай нарадай) ужо існаваў у часы «Пяцёркі плюс» у выглядзе нарады лідэраў партыяў-удзельнікаў кааліцыі з прыцягненьнем кіраўнікоў спачуваючых грамадзкіх аб’яднаньняў, але ў новым узбуйненым фармаце ён стаў больш шырокім і зазнаў пэўную ступень фармалізаванасьці. У гэтую структуру ўваходзілі шэсьць палітычных партыяў ад Народнай кааліцыі «Пяцёрка плюс» (АГП, ПБНФ, ПКБ, БСДГ, Беларуская партыя Зялёных і юрыдычна зліквідаваная ўладамі БПП), тры партыі ад «Эўрапэйскай кааліцыі „Свабодная Беларусь“ (БСДП (НГ), Беларуская партыя жанчын „Надзея“ і незарэгістраваная Партыя свабоды і прагрэса) і як самастойны суб’ект — кааліцыя „Маладая Беларусь, прадстаўленая незарэгістраванай маладзёвай арганізацыяй „Малады Фронт“. Не толькі па сваім складзе, але і па механізму прыняцьця рашэньняў і па арганізацыйнай пабудове „дзясятка“ была спадкаемцам „пяцёркі“, была лагічным вынікам развіцьця і ўзбуйненьня гэтай аб’яднаўчай палітычнай структуры.
Такім чынам, структуры Народнай кааліцыі «Пяцёрка плюс» захавалі катрольны пакет у новым кіруючым органе і вызначалі палітыку новага кааліцыйнага ўтварэньня. Галасоў на СНДС гэтым структурам хапала для здабыцьця гарантаванай большасьці па любым пытаньні, хоць у межах СНДС дзейнічаў прынцып «кансэнсус мінус адзін голас» і пры гэтым не лічыліся галасы ўстрымаўшыхся альбо непрысутных асобаў. Гэта значыць, што рашэньне прымалася, калі дзевяць з дзесяці прагаласаваўшых падтрымлівалі яго — але рэальна мела значэньне таксама тое, што шмат хто ўстрымліваўся ці не хадзіў на пасяджэньні. Нязгодныя з прынятым рашэньнем мелі права не выконваць яго, але абавязваліся не перашкаджаць астатнім бакам. Такім чынам амаль усе рашэньні прымаліся пад ціскам былых удзельнікаў «пяцёркі». Пасяджэньні СНДС ладзіліся на тэрыторыі адной з палітычных партыяў-удзельнікаў кааліцыі паводле ратацыі згодна з альфабэтам. Прымаючы бок вёў пасяджэньне і браў на сабе адказнасьць за забеспячэньне тэхнічнага боку, падрыхтоўку матэрыялаў да парадку дня, вядзеньне пратакола пасяджэньня і падрыхтоўку выніковага прэс-рэлізу. Інфармацыя пра прынятыя рашэньні публікавалася на партыйных сайтах удзельнікаў кааліцыі, аднак існавала праблема захаваньня пратаколаў пасяджэньняў: з-за адсутнасьці адзінага архіву і канцэлярыі кааліцыі бракавала інстытуцыянальнай памяці і таму шмат якія рашэньні не выконваліся альбо іх выкананьне не кантралявалася.
Нягледзячы на пэўную зьмену канфігурацыі з павелічэньнем кола ўдзельнікаў кааліцыі, рэальна стратэгічыя пытаньні па-ранейшаму вырашаліся падчас узаемадзеяньня і ўзгадненьня пазыцыяў паміж трыма найбольш уплывовымі палітычнымі структурамі — АГП, ПБНФ, ПКБ. Гэтак было ў часы «Пяцёркі плюс» — і збольшага так засталося і ў часы «дзесяткі». Пэўнае структураваньне кааліцыі (напрыклад па лініі «правыя-левыя» альбо «нацыяналісты-інтэрнацыяналісты», альбо з-за ранейшых асабістых спрэчак паміж лідэрамі ці крыўдаў паміж структурамі) час ад часу назіралася, яле яно не мела вялікага значэньня ў дачыненьні да прынцыповых пытаньняў. Сярод жа вузкага вырашальнага ядра кааліцыі ў выглядзе трох уплывовых партыяў сталадзеючая угода аб доўгатэрміновым фармаце палітычных пазыцыяў не была магчымая. Не магло быць нават гаворкі пра тое, што нейкія дзьве буйныя партыі могуць скласьці стратэгічны пакт супраць трэцяй буйной партыі — усё вырашалася сытуатыўна і ў залежнасьці ад канкрэтных палітычных зацікаўленасьцяў суб’ектаў, у залежнасьці ад канкрэтных абставінаў. Такім чынам, у залежнасьці ад зьместу пытаньня назіраліся часовыя хаўрусы ПКБ і ПБНФ супраць АГП, альбо ПКБ і АГП супраць ПБНФ (апошні пакт ўмацаваўся ўлетку 2005 безпасярэдне ў часе раённых сходаў па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс і захаваўся да Кангрэсу). Адзначым таксама, што БПП часцяком ішла ў фарватэры рашэньняў, што прасоўваліся ПКБ. Але гэткія фракцыі не мелі пэрманэнтнага характару, расстаноўка сілаў увесь час сітуатыўна зьмянялася. Такая сыстэма стрымак і процівагаў працавала сапраўды на дэмакратычных пачатках і не дазваляла ніводнай палітычнай сіле захапіць уладу ў кааліцыі. З іншага боку, часам гэта прыводзіла да непасьлядоўнасьці ў прыняцьці рашэньняў і выяўлялася ў нерацыянальным блякаваньні пэўных ініцыятываў ды ў замаруджваньні працы.
Далучэньне да кааліцыі новых сілаў трохі трансфармавала ранейшы расклад на пэўны кароткі перыяд. Адбылося гэта не за кошт уплыву дробных суб’ектаў альбо іх хаўрусу, а за кошт БСДП (НГ) як новага моцнага ўдзельніка кааліцыі. Сацыял-дэмакраты здолілі акмуляваць вакол сабе шэраг дробных суб’ектаў (іншыя удзельнікі былой «Эўрапэйскай кааліцыі „Свабодная Беларусь“ і „Малады Фронт“), а таксама зноў узьняць некаторыя спрэчныя пытаньні што да прэзідэнцкіх выбараў, якія да таго ўжо былі ўзгодненыя ў межах старога кола ўдзельнікаў кааліцыі. Замест трыюмвірату на кароткі час паўстала сыстэма чатырох вядучых партыяў. Але яна не праіснавала доўга — з канфліктам унутры БСДП (НГ) і абраньнем Аляксандра Казуліна кіраўніком гэтай партыі вага фракцыі БСДП (НГ), прадстаўленай у кааліцыі Міколам Статкевічам, зьменьшылася. З асуджэньнем у чэрвені 2005 года Міколы Статкевіча да абмежаваньня волі сыстэма канчаткова вярнулася да ранейшага фармату кіруючага трыюмвірату буйных партыяў. Адзначым, што ў пэўны перыяд (сьнежань 2004 — травень 2005) неафіцыйна праводзіліся таксама нарады былых парлямэнцкіх кааліцыяў — „Пяцёркі плюс“ і „Эўрапэйскай кааліцыі“. Але ж пасьля асуджэньня Статкевіча „Эўрапэйская кааліцыя „Свабодная Беларусь“ перастала існаваць як палітычны суб’ект, і структуры былой „Пяцёркі плюс“ канчаткова занялі бясспрэчна вызначальную пазыцыю ў межах СНДС.
Спробы разбурыць гэты балянс шляхам уцягваньня ў гульню больш дробных палітычных суб’ектаў былі марныя — наадварот, з набліжэньнем часу выбараў вага суб’ектаў кааліцыі другога шэрагу падала, яны ўсё больш займалі пасіўную ролю выканацаў рашэньняў кіруючага трыўмвірату. Гэта таксама стрымлівала некаторыя іншыя палітычныя структуры ў справе далучэньня да кааліцыі. Што датычыцца магчымасьці ідэялягічнага падзелу ўнутры кааліцыі, то з набліжэньнем часу выбараў у яе кіраўніцтве ўсё болей дамінаваў прагматычны, тэхналягічны падыход — ідэялягічна абгрунтаваныя прапановы не атрымлівалі падтрымкі, разьмежаваньня па ідэялягічнай прыкмеце не адбылося нягледзячы на пастаяннае правакаваньне такога падзелу вонкавымі ў дачыненьні да кааліцыі сіламі.
Пазьней, з высоўваньнем Аляксандра Мілінкевіча ў якасьці фаварыта спаборніцтва за статус адзінага кандыдата ад апазыцыі, сыстэма падтрыманьня балянсу зазнала пэўныя зьмены: тактычны саюз паміж АГП і ПКБ супраць ПБНФ склаўся дзеля процідзеяньня ўзвышэньню ПБНФ, вылучэнец якой стаў усё ж адзіным кандыдатам ад кааліцыі. Пасьля ж Кангрэсу ўсе ранейшыя саюзы былі скасаваныя і пачалося перафарматаваньне канфігурацыі кіраваньня кааліцыяй. Але любая новая схема мусіла захаваць балянс роўнасьці паміж кожным з трох асноўных суб’ектаў кааліцыі. Новыя схемы дасягненьня раўнавагі зараньне шкодзілі інтарэсам ПБНФ і ставілі гэтую партыю ў нязручнае становішча, паклькі ейны фармальны вылучэнец усё ж такі з’яўляўся беспартыйным і функцыянальна абапіраўся на іншыя сілы акрамя ПБНФ, партыя для яго не была галоўнай крыніцай падтрымкі. Падчас самой кампаніі гэтая схема падтрыманьня раўнавагі не мела вялікага значэньня, але яна зноўку вельмі моцна паўплывала на кааліцыйныя працэсы і дзеяньні апазыцыі ў перыяд па заканчэньні выбараў, што ў рэшце рэшт прывяло да адмовы ад вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на выбарах 2010 года.
Іншым важным органам кааліцыі была Плянава-аналітычная група АДС, якая таксама была сфармаваная яшчэ ў час падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў увосень 2003 года. Гэты орган выконваў функцыі распрацоўшчыка праектаў палітычных рашэньняў і плянаў кампаніяў па замове СНДС. У ім былі прадстаўленыя розныя партыі і структуры грамадзянскага сэктару, аднак удзельнікі групы працавалі не як прадстаўнікі партыяў, а ў індывідуальнай якасьці. Гэта быў сталадзеючы экспертны орган, які пры неабходнасьці прыцягваў да сваёй працы самых розных адмыслоўцаў з галіны сацыялёгіі, палітаёгіі і палітычных тэхналёгіяў. Мнавіта гэты орган распрацоўваў праекты і пляны дзеяньняў, якія пазьней выносіліся на палітычны разгляд і зацьвярджэньне СНДС. На практыцы амаль у абсалютнай большасьці выпадкаў прапанаваныя Плянава-аналітычнай групай рашэньні прымаліся СНДС з мінімальнымі праўкамі, хоць часам і з вялікай крытыкай. Такі фармат выпрацоўкі палітычных рашэньняў паказаў сваю эфэктыўнасьць падчас усіх этапаў падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі, паколькі дазваляў развесьці пытаньні палітычнага і тэхналягічнага характару. Дзякуючы гэтай мадэлі працы, пляны кааліцыі збольшага распрацоўваліся эфэктыўным чынам, без увагі на прыватныя палітычныя зацікаўленасьці асобных суб’ектаў кааліцыі — гэта былі менавіта кааліцыйныя распрацоўкі. Фактычна, Плянава-аналітычная група ў час да Кангрэсу дэмакратычных сілаў была адзіным сапраўды кааліцыйным органам у складзе кааліцыі, які замацоўваў яе ў адзінае цэлае. Таксама на Плянава-аналітычную групу была ўскладзеная задача падрыхтоўкі кааліцыйнага бюлетэня і іншых інфармацыйных матэрыялаў, якія былі сродкамі камунікацыі кааліцыі з насельніцтвам у час да афіцыйнага абвяшчэньня выбараў. Пазьней, з абраньнем на Нацыянальным кангрэсе адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў і фармаваньнем ягонага штаба, Плянава-аналітычная група была расфармаваная, а ейная кампетэнцыя была падзеленая паміж некалькімі падраздзяленьнямі штабу.
Перад новапаўсталай кааліцыяй АДС задоўга да прэзідэнцкіх выбараў паўсталі задачы, без вырашэньня якіх кааліцыя не магла разлічваць на эфэктыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Гэтыя задачы былі зьвязаныя з прыцягненьнем у кааліцыю як мага большага кола палітычных суб’ектаў і з наладжваньнем стасункаў з тымі, хто да кааліцыі па тых альбо іншых прычынах не далучыўся. Таксама трэба было вызначыць фармат удзелу АДС у выбарах і выпрацаваць мэханізм вылучэньня кандыдата альбо некалькіх кандыдатаў. Выпрацоўка агульнай праграмы і стратэгіі будучай выбарчай кампаніі была б немагчымая, калі б палітычная апазыцыя ня здоліла прыйсьці да палітычнай і арганізацыйнай кансалідацыі задоўга да выбараў. Толькі дасягнуўшы згоды ўнутры дэмакратычнага лягеру можна было б ісьці да грамадзтва з візіяй новай дэмакратычнай Беларусі.
Кааліцыя, кіроўным органам якой выступаў СНДС, напачатку 2005 года стала узгадвацца у прэсе пад шыльдай «Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы». Хоць афіцыйнага абвяшчэньня пра гэткую назву не рабілася, яле гэткае словазлучэньне перайшло да новай структуры ад Народнай кааліцыі «Пяцёрка плюс», што часам ужывала яго ў сваіх матэрыялах (заўважым, што ўжо на этапе парлямэнцкіх выбараў адбыўся канчатковы адыход ад паняцьця «апазыцыйныя сілы» на карысьць паняцьця «дэмакратычныя сілы»). Пазьней, з вясны 2005 года, гэты тэрмін пачынае ўжывацца самімі ўдзельнікамі кааліцыі ў якасьці саманазвы, ён пашыраецца ў палітычным лексіконе і паступова замяняе ранейшы неафіцыйны тэрмін «дзясятка». Новы назоў сьвядома падкрэсліваў манапольны стан гэтага аб’яднаньня на апазыцыйным палітычным полі, нагледзячы на тое, што пэўныя структуры заўжды заставаліся па-за межамі гэтай кааліцыі.
Найбольш прынцыпова і выразна была выказаная пазыцыя КХП-БНФ, якая выявіла абсалютнае нежаданьне далучыцца да аб’яднанай кааліцыі: «Вядома, што ўся гэтая „аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя“ была ўтворана на прыканцы 1990-х гадоў сумеснымі намаганьнямі палітслужбаў Расеі і Нямеччыны з мэтай аслабленьня нацыянальнага супраціву беларускага народу, дэзынфармацыі і дэзарыентацыі беларускай і міжнароднай грамадзкасьці. Іх аб’ядноўвае адно — жаданьне атрымаць за сваю прыстасавальніцкую дзейнасьць гранты з Захаду і Усходу. Лёс Беларусі, нашага народу іх не цікавіць. Яны гатовыя выканаць любую каманду з Масквы і Брусэлю, хоць бы яна была не на карысьць Беларусі.» (заява Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, 9 кастрычніка 2005 г). Такім чынам, КХП-БНФ не проста ухілілася ад аб’яднаньня з іншымі дэмакратычнымі сіламі, а заняла агрэсіўна адмоўную пазыцыю, абвінавачваючы АДС у злачыннай змове супраць беларускага народа, якая быццам бы кіруецца замежнымі і беларускімі спэцслужбамі.
Усе астатнія палітычныя сілы ў той альбо іншай ступені віталі ўтварэньне АДС і шчыра альбо няшчыра дэманстравалі гатоўнасьць на пэўных умовах далучыцца да кааліцыі. Дробныя палітычныя ўтварэньні (групоўка Андрэя Клімава, Рушэньнне Ўладзіміра Мацкевіча, Беларуска-расейскі Фонд «За новую Беларусь» Васіля Лявонава, Рада інтэлігенцыі Уладзіміра Коласа, групоўкі акадэміка Аляксандра Вайтовіча і генерала Валерыя Фралова, астатнія парэшткі былой дэпутацкай групы «Рэспубліка» і інш.) спрабуючы граць уласную гульню вялі перамовы з АДС. Часьцей за ўсё прадметам перамоваў было вызначэньне ўмоваў іх далучэньня да АДС з улікам загадзя няроўнай палітычнай вагі гэтых суб’ектаў. Збольшага гэтыя групоўкі былі кіраваныя лідэрамі, чыі амбіцыі штурхалі іх да ўласнага вылучэньня ў якасьці кандыдата ў прэзідэнты, але яны не мелі фінансавых, структурных і чалавечых рэсурсаў для ажыцьцяўленьня агітацыйнай кампаніі — галоўным іх рэсурсам былі гэтыя самыя амбіцыі лідэраў. Усе гэтыя структуры і лідэры раней ці пазьней заявілі пра падтрымку АДС і будучага адзінага кандыдата ад АДС, шмат хто з іх далучыўся да працы па вызначэньні адзінага кандыдата, а некаторыя нават і агітавалі на ягоную карысьць. Да выбараў адзінага кандыдата на Кангрэсе дэмакратычных сілаў усе пазапартыйныя адзінаасобныя лідэры выказаліся пра прыняцьцё будучага рашэньня Кангрэсу і пра падтрымку будучага кандыдата ад АДС у якасьці легітымнага прадстаўніка ад усёй дэмакратычнай апазыцыі.
Сярод гэтых дробных палітычных праектаў з самага пачатку вылучаўся сваёй вагой Рух «Воля народа», ініцыяваны напачатку 2005 года былым рэктарам БДУ Аляксандрам Казуліным. Заява аб стварэньні гэтага грамадзкага руху была апублікаваная 19 лютага 2005 года і яе падтрымаў шэраг грамадзкіх дзеячоў і структураў грамадзянскай супольнасьці (Саюз пісьменьнікаў, Газэта Народная Воля, некаторыя прафсаюзныя структуры). Газэта «Народная воля» апублікавала прозьвішчы тысячаў грамадзянаў, якія падпісаліся пад зваротам аб стварэньні руху «Воля народа», аднак пазьней высьветлілася, што сотні прозвішчаў былі ўпісаныя ў спісы сымпатызантаў новага руху папросту з розных іншых спісаў і старых падпісных лістоў. З боку старой апазыцыі на адрас новай структуры кідалі абвінавачаньні ў празэлітызме і подкупе рэгінальных актывістаў. Нягледзячы на такія абставіны, менавіта з гэтага накірунку зыходзіла галоўная стратэгічная небяспека адзінству дэмакратычных сілаў. Палітычная праграма Казуліна адпачатку была неразрыўна зьвязаная з крытыкай і процідзеяньнем АДС — пазыцыянаваньне Казуліна будавалася як антытэза аб’яднаўчым працэсам у традыцыйнай апазыцыі.
Далейшае пераўтваврэньне Казуліна ў лідэры сацыял-дэмакратычнай партыі і ягоны выхад на нацыянальную палітычную сцэну нанеслі адчувальны ўдар па АДС: дэмакратычная кааліцыя не толькі згубіла адну з буйных партыяў ва ўласных шэрагах, але і атрымала ср’ёзнага палітычнага праціўніка ў выглядзе альтэрнатыўнага дэмакратычнага цэнтру. Гэтыя абставіны на пэўны час вызначылі канфігурацыю дэмакратычных сілаў ў Беларусі і абумовілі асноўныя перашкоды ў рэалізацыі перадвыбарчай кампаніі дэмакратаў.
У сьнежні 2004 года ў БСДП (НГ), якая да таго часу ўжо далучылася да АДС, адбыўся раскол. Шэраг партыйных дзеячоў заявілі пра недавер старшыні партыі Міколе Статкевічу, супраць якога ў гэты час была ўзбуджаная крымінальная справа за арганізацыю масавых пратэстаў пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндума ў кастрычніку 2004 года. Сярод гэтых асобаў завадатарамі былі спадары Уладзімір Нісцюк і Анатоль Ляўковіч, якія ініцыявалі працэс выкючэньня М. Статкевіча з партыі. У адказ з падачы М. Статкевіча 8 сьнежня Мінскі гарадзкі камітэт партыі выключыў Нісцюка і шэраг іншых ягоных прыхільнікаў з партыі, быццам бы «за нявыплату сяброўскіх унёскаў». На ІХ пазачарговым з’ездзе БСДП (НГ) 15 студзеня 2005 года М. Статкевіч і шэраг іншых сяброў партыі былі выключаны з яе, на падставе абвінавачаньняў у парушэньні статута партыі, высунутых… іншым рашэньнем таго ж Мінскага гарадзкога камітэту партыі ад 11 сьнежня пад кіраўніцтвам ужо выключанага Нісцюка. Сярод абвінавачаньняў, якія былі прад’яўленыя М. Статкевічу, было ў тым ліку і памкненьне да стварэньня Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі на базе БСДП (НГ) і часткі сябраў БСДГ. Насамрэч, напрыканцы лістапада 2004 года адбыўся арганізацыйны сход Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, у якую акрамя БСДП (НГ) увайшлі Беаруская партыя жанчын «Надзея» і рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».
СНДС не прызнала рашэньня калегаў па кааліцыі і захавала за Статкевічам месца ў кіруючым органе кааліцыі, хоць фракцыя, якая яго падтрымлівала ў межах партыі і сыйшла разам з ім у выгнаньне, была зусім невялікая. Але канчатковым арбітрам у партыйнай спрэчцы выступіла Міністэрства юстыцыі, якое прызнала выключэньне з партыі Нісцюка і ягоных памагатых неправамерным, а выключэньне Статкевіча — законным і адпавядаючым статуту партыі. Выконваючым абавязкі старшыні партыі Міністэрства юстыцыі прызнала (а фактычна прызначыла) Уладзіміра Нісцюка, які пазьней у ходзе студзеньскага з’езду саступіў сваё месца Анатолю Ляўковічу. Фактычным наступствам гэтай сытуацыі стаў адыход БСДП (НГ) ад кааліцыі АДС.
Такім чынам, БСДП (НГ) апынулася без легітымнага лідэра: і Ляўковіч, і Нісцюк не мелі ўласных кандыдацкіх амбіцыяў на прэзідэнцкія выбары і хутчэй бачылі сабе шэрымі кардыналамі. Але новае кіраўніцтва БСДП (НГ) пацьвердзіла прынятае яшчэ напачатку 2004 года рашэньне ісці на выбары асобна ад іншых дэмакратычных сілаў, вылучыўшы ўласнага кадыдата — пра далучэньне да агульнадэмакратычнай кааліцыі было вырашана забыць, як быццам бы гэта была адна з прыватных ініцыятываў ранейшага аўтарытарнага лідэра.
Адначасова з гэтым унутрыпартыйным канфліктам працягваўся працэс аб’яднання дзвюх сацыял-дэмакратычных партыяў — БСДП (НГ) імкнулася паглынуць БСДГ. Згодна з першымі дамоўленасцямі, узначаліць партыю павінна была асоба, якая дагэтуль не ўваходзіла ў склад кіраўніцтва партый-папярэдніц. Адным з прэтэндэнтаў на гэтую пасаду лічыўся генерал Валеры Фралоў, якога шмат хто бачыў ініцыятарам змовы супраць Статкевіча. Але у працэсе працяглых перамоваў выбар паў на А. Казуліна: 19 сакавіка 2005 года адбылося «аб’яднанне» БСДП (Г) (былая БСДП (НГ), з назвы якой было прыбранае слова «Народная») і БСДГ шляхам уваходжання невялікай часткі сяброў БСДГ у склад БСДП (Г), а кіраўніком «аб’яднанай» партыі быў абраны Аляксандр Казулін. Спробы правесці з’езд БСДП (Г) рабіліся некалькі разоў, 19 скавіка, 10 красавіка, 24 ліпеня, але ўлады або адмаўлялі ў памяшканні, альбо не прызнавалі з’езд правамоцным, таму канчатковай датай абрання А. Казуліна старшынём партыі лічыцца 24 ліпеня 2005 г. У юрыдычным сэнсе аб’яднаньня двух партыяў не адбылося і БСДГ не зьнікла як самастойная палітычная сіла. На момант прыходу ў БСДП (Г) Казуліна ў ёй існавалі тры канкурэнтныя між сабой групы: А. Ляўковіча, У. Нісцюка і А. Караля, фракцыя якога адкалолася ад БСДГ ужо маючы на ўвазе праект Казуліна. Найбольш уплывовай сярод іх была менавіта група У. Нісцюка.
БСДП (НГ) часцяком ішла ў разрэз са агульнай стратэгіяй беларускай апазыцыі. Яна не падтрымала ініцыятываў пра байкоты выбараў 1999–2001 гадоў, не далучылася да кааліцыі напярэадні парлямэнцкіх выбараў — захавалася гэтая традыцыя і ў час палітычнай кампаніі 2005–2006 гг. Па сутнасьці партыя БСДП (НГ) была прададзеная Казуліну — і гэты факт асабліва не хаваўся. З іншага боку, меў месца нармальны палітычны працэс — партыя без грошаў і без лідэра знайшла лідэра, гатовага фінансаваць партыйныя структуры і ўласную выбарчую кампанію. А тое, што новы лідэр не меў амаль ніякага дачыненьня да сацыял-дэмакратыі, не мела значэньня ў дэідэялягізаванай і заблытанай прасторы беларускай левай.
Пакуль Казулін не быў лідэрам прызнанай палітычнай партыі, ён заставаўся ў нішы палітычных лёккавагавікоў, якім было наканавана альбо ў рэшце рэшт далучыцца да аб’яднаўчага працэсу, выгандляваўшы сабе больш-меньш прыстойныя умовы, альбо сыйсьці ў нябыт. Але Казулін відавочна быў нязгодны з другараднай роляй, бачыў сабе перспектыўным кандыдатам на прэзідэнта і валодаў вялізарнымі грашовымі рэсурсамі, дастатковымі для разгортваньня ўласнай кампаніі. У гэты час лідэр БСДП (НГ) Мікола Статкевіч апынуўся за кратамі — як раз толькі пасьпеўшы далучыцца да аб’яднанай апазыцыі. Міністэрства юстыцыі стварыла праўныя ўмовы для замены лідэра партыі, прыняўшы даволі сумнеўныя рашэньні аб легітымнасьці яго выключэньня з партыі. Некаторыя лічылі, што гэтыя працэсы кіруюцца з беларускай адміністрацыі. Шмат хто з назіральнікаў у гэты час называў гэткую нізку падзеяў замовай Крамля. Трэця лічылі гэта ўсё простым супадзеньнем. Сам Казулін неаднаразова падкрэсьліваў уласную прарасейскайсьць і спрыяньне беларуска-расейскай інтэграцыі, у яго відавочна расейскі вектар пераважаў над заходнім, што ўдала кампенсавалася заігрываньнямі з беларускімі пісьменнікамі і ТБМ. Адначасова ён акцэнтаваў увагу на тым, што мае пэўную ступень падтрымкі сярод намэнклятуры. Верагодна, і тое і другое ў пэўнай ступені адпавядала рэчаіснасьці.
Стаўшы кіраўніком найбуйнейшай сацыял-дэмакратычнай партыі, Казулін здоліў на роўных размаўляць з іншымі партыйнымі лідэрамі, а фактычна пераўтварыўся ў суб’екта, роўнага па сваім статусе ўсёй кааліцыі АДС. Утварэньне альтэрнатыўнага цэнтру дэмакратычнай кансалідацыі спрыяла падзелу і сярод структураў дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці. Акрамя згаданага Саюзу Пісьменнікаў, да працы на Аляксандра Казуліна далучыліся структуры праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», Беларускага рэспубліканскага клюбу выбаршчыкаў, Маладых сацыял-дэмакратаў, у пэўнай ступені Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і некаторых іншых няўрадавых арганізацыяў, якім была блізкая сацыял-дэмакратычная ідэялёгія. Аднак пераважная большасьць дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў і палітызаваных рухаў усё ж такі арыентавалася на АДС, чакаючы ад палітычнай кааліцыі вылучэньня легітымнага адзінага кандыдата і вызначэньня агульнай перадвыбарчай стратэгіі.
Працэсы ў сацыял-дэмакратыі і выхад на палітычную сцэну Аляксандра Казуліна былі значным вонкавым фактарам, які паўплываў на развіцьцё кааліцыйнага будаўніцтва ў межах Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Гэты фактар меў амбівалентнае значэньне, ён адыграў некаторую пазітыўную і некаторую негатыўную ролю: стаўшы агентам дэстабілізацыі ў агульнай сыстэме апазыцыі, ён тым ня меньш кансалідаваў тыя сілы, якія далучыліся да кааліцыі АДС, яднаў АДС і прысьпешваў кааліцыю да больш актыўных дзеяньняў. Таксама неадназначным быў уплыў Казуліна на развіцьцё падзеяў і ў часе самой выбарчай кампаніі. Так альбо інакш, поўнага аб’яднаньня беларускіх дэмакратычных сілаў у адзіную кааліцыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў так і не адбылося.
Ды і ў самой кааліцыі АДС у гэты час не было згоды — паказальным ёсьць прыклад з давыбарамі дэпутата палаты прадстаўнікоў па Гарадзенскай Цэнтральнай акрузе № 52, што адбыліся 20 сакавіка 2005 года ўжо падчас існаваньня АДС. Дэмакраты і тут ня здолілі дамовіцца пра вылучэньне адзінай кандыдатуры, альбо прынамсі пра адзіную стратэгію процідзеяньня фальсіфікацыям выбараў. У той жа час улады адпрацавалі на гэтай акрузе новы стандарт выбарчага працэсу — з арыштамі, правакацыямі, затрыманьнямі замежных назіральнікаў і журналістаў. Досьвед Гародні засьведчыў, што ступень жорсткасьці будучай перадвыбарчай гонкі будзе надзвычай вялікай.
Пры такіх абставінах было відавочна, што вырашаць праблему рэальнага аб’яднаньня хаця б саміх суб’ектаў АДС — жыцьцёва неабходная задача. Аб’яднаньне гэтае вымагала не проста дэкляратыўнага пагадненьня, якое ўжо было дасягнутае, але і рэальнага аб’яднаньня дзеяньняў на глебе ўзгодненай агульнай стратэгіі.
Працяг будзе