7 октября в Венесуэле состоятся президентские выборы. Каковы шансы действующего президента Чавеса на победу? Чем рискует Беларусь в случае его проигрыша?
Сяргей Богдан. Прызначаныя на нядзелю прэзыдэнцкія выбары ў Вэнэсуэле найбольш праўдападобна скончацца перамогай цяперашняга кіраўніка Уга Чавэса, які праводзіць буйнамаштабную палітыку сацыялістычнай мадэрнізацыі краіны, да якой прыцягвае таксама беларускія арганізацыі і фірмы.
Вэнэсульская апазыцыя раней ужо неаднаразова крытыкавала стасункі зь Беларусяй. Гэтыя выбары адметныя тым, што беларуская тэматыка гучна ўзгадвацца ў апазыцыйным мэйнстрыме — асноўным апазыцыйным кандыдатам Энрыке Капрылесам Радонскім. Капрылес як ніхто іншы за 14-гадовы пэрыяд кіраваньня Чавэса наблізіўся да таго, каб зьмяніць дзейнага прэзыдэнта праз выбары.
Фактычна выбары зьяўляюцца двубоем двох папулістаў. Капрылес пазыцыянуе сябе як левацэнтрыст, прыхільнік больш прыязнай да бізнэса «бразыльскай» эканамічнай мадэлі сацыяльна арыентаванага разьвіцьця, але паводзіць сябе ў панібрацкім стылі Чавэса. Разам з тым, падчас кампаніі выказваліся сумненьні ў шчырасьці галоўнага апазыцыйнага кандыдата і публікаваліся дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра яго прыхаваныя намеры ажыцьцявіць нэалібэральныя пераўтварэньні.
Трэба зазначыць асаблівасьці вэнэсуэльскай палітыкі, для якой характэрныя радыкальныя падыходы як зь левага, так і з правага флянгаў. Як паведаміланавінавая агенцыя «Ройтэрз», Капрылес безапэляцыйна патрабуе спыненьня адносінаў зь Беларусяй. «Што супольнага мы маем з Іранам, апрача нафтаздабычы. Альбо Беларусяй? Хіба ейны прэзыдэнт не зьяўляецца дыктатарам? Вось скажэце мне! Мы прымалі Кадафі двойчы. Ці гэтыя адносіны патрэбныя Вэнэсуэле? Не!»
Можна не сумнявацца, што ў выпадку прыходу да ўлады апазыцыя ў асобе Капрылеса (ды і каго іншага) сапраўды можа выканаць свае радыкальныя лёзунгі (якія датычаць перагляду і куды больш прагматычных праграмаў супрацы, напрыклад у мэдычнай галіне з Кубай). Рэч у тым, што незалежна ад таго, хто знаходзіцца ва ўладзе, любы вэнэсуэльскі ўрад можа дазволіць сабе пагарджаць грамадзтвам, бо валодае фактычнай аўтаноміяй дзеяньняў, якую даюць яму велізарныя прыбыткі ад нафты (на сырую нафту і нафтапрадукты прыпадае да 93% экспарту).
Як вынік адзінай важнай галіной для ўрада зьяўляецца нафтавая, тады як на ўсіх астатніх напрамкох такі ўрад можа ажыцьцяўляць самыя радыкальныя і неабгрунтаваныя захады. То бок, як Чавэс валявым рашэньнем прывёў у краіну дзясяткі беларускіх фірмаў, часам не зусім здатных да выкананьня даручаных праектаў, так і апазыцыйныя сілы могуць валявым рашэньнем зачыніць нават плённыя і карысныя для Вэнэсуэлы беларускія праекты.
Прэцэдэнты страты замежных рынкаў у Беларусі былі. Самым вядомым выпадкам зьяўляецца поўнае спыненьне на колькі гадоў эканамічных стасункаў з Іракам пасьля скіданьня рэжыму Садама. Праўда, ужо ў 2009 г. новы ірацкі ўрад пачаў настойліва спрабаваць стасункі адбудаваць, і на сяньня якраз беларускі бок замаруджвае аднаўленьне адносінаў.
З Вэнэсуэлай становішча выглядае інакш. Па-першае, у Іраку на зьмену антыамэрыканскаму дыктатару прыйшлі палітычныя сілы, якія маюць неадназначныя адносіны з заходнімі краінамі, якія ня бачаць праблемы ў кантактох зь беларускім урадам. У Вэнэсуэле ж апазыцыя мае выразную радыкальную праграму пераарыентацыі на ЗША. Па-другое, беларускія стасункі з Іракам складваліся больш паступовым і натуральным чынам цягам даволі працяглага часу, што дазволіла беларускаму боку сапраўды заняць пэўную нішу ў гэтай краіне. З Вэнэсуэлай дачыненьні расьлі вялікімі скачкамі — прыкладам у 2006–2009 гг. таваразварот вырас у сто разоў, што прымушае задумацца над палітычным складнікам і аб\`ектыўнай абгрунтаванасьцю многіх беларускіх пачынаньняў у Вэнэсуэле.
Каб замацавацца на вэнэсуэльскім рынку, беларусам патрэбны час, але, як паказвае аналягічны досьвед іншых краінаў, па вялікім рахунку вэнэсуэльскі ўрад любой арыентацыі, абапіраючыся на нафтавыя грошы, можа праводзіць надзвычай адвольную палітыку, і таму любыя праекты ў гэтай краіне, незалежна ад іх эканамічнай абгрунтаванасьці, залежацьмуць ад яго добрае волі.