Першы этап выбарчай кампаніі ў парламент чакана паказаў, што беларускае кіраўніцтва не жадае адыходзіць ад традыцыйнага сцэнару правядзення выбараў. Гэты сцэнар прадугледжвае фармаванне поўнасцю лаяльнага дзейнаму прэзідэнту дэпутацкага корпуса. Улады цалкам кантралююць ход парламенцкай кампаніі, а фарміраванне выбарчых камісій з «надзейных» і «правераных» кадраў павінна застрахаваць кіраўніцтва ад нечаканасцяў у перавагах выбарцаў. Удзел у камісіях прадстаўнікоў апазіцыі і незалежнай грамадзянскай супольнасці з\`яўляецца мінімальным. У сваю чаргу, апазіцыйныя партыі і актывісты падчас правядзення кампаніі пакуль не выходзяць за рамкі, вызначаныя прэзідэнцкай адміністрацыяй. Пры гэтым большасць насельніцтва застаецца ў баку ад палітычнай кампаніі, што выклікана як нізкай актыўнасцю прэтэндэнтаў у кандыдаты, так і інфармацыйнай палітыкай уладаў.
На першым этапе выбараў улады традыцыйна імкнуцца пазбягаць палітызацыі беларускага грамадства. Насельніцтва амаль не заўважае галоўнай палітычнай падзеі гэтага года з-за адмысловай інфармацыйнай палітыкі дзяржавы. Падача ў дзяржаўных СМІ інфармацыі аб выбарах абмяжоўваецца фармальнымі і кароткімі паведамленнямі. Адначасова па некаторых выбарчых акругах ў сітуацыі адсутнасці альтэрнатыўных прэтэндэнтаў ўлады выкарыстоўваюць тактыку вылучэння двух «лаяльных» кандыдатаў, адзін з якіх гуляе ролю спарынг-партнёра. Пры гэтым у асяроддзі наменклатуры замацоўваецца роля парламента як інстытута, які забяспечвае для рэгіянальных кіраўнікоў ганаровы і высокааплатны выхад на пенсію. Значная колькасць праўладных прэтэндэнтаў з\`яўляюцца кіраўнікамі мясцовых дзяржаўных адміністрацый і арганізацый перадпенсійнага ці пенсійнага ўзросту. Пры гэтым паспяховай рэалізацыі афіцыйным Мінскам традыцыйнага сцэнару правядзення выбарчай кампаніі спрыяюць некалькі чыннікаў.
Звычайна афіцыйны Менск імкнецца выкарыстаць парламенцкую кампанію для паляпшэння адносін з Еўрасаюзам, што прадугледжвае некаторую лібералізацыю ў правядзенні выбараў. Аднак сёлета напружанне ў беларуска-еўрапейскіх адносінах, якое набывае хранічны характар, з\`яўляецца негатыўным фонам для правядзення парламенцкай кампаніі. Дыпламатычны канфлікт са Швецыяй, які развіваецца на фоне выбарчай кампаніі, зніжае верагоднасць паляпшэння стасункаў афіцыйнага Мінска з еўрапейскімі сталіцамі. Адпаведна, беларускае кіраўніцтва абірае больш жорсткі варыянт правядзення парламенцкай кампаніі.
Яшчэ больш кансервуе сітуацыю ў справе правядзення выбараў падтрымка беларускага кіраўніцтва з боку Расіі. Падчас візіту ў Беларусь міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў абяцае беларускаму прэзідэнту садзейнічаць у міжнародным прызнанні парламенцкіх выбараў. Такім чынам, беларускі прэзідэнт атрымлівае дадатковыя гарантыі далейшай палітычнай падтрымкі з боку афіцыйнай Масквы на міжнародным узроўні. Акрамя таго візіт афіцыйных прадстаўнікоў Расеі мае вялікае значэнне для ўнутранай легітымізацыі беларускіх эліт. Значная частка насельніцтва Беларусі традыцыйна звязвае стабільнасць беларускага рэжыму з падтрымкай з боку афіцыйнай Масквы.
Пры гэтым, нягледзячы на? нізкія рэйтынгі афіцыйных інстытутаў улады беларускае кіраўніцтва не адчувае крызіс легітымнасці. Прэзідэнцкая адміністрацыя ўпэўненая ў сваіх магчымасцях забяспечыць неабходную яўку насельніцтва на выбарчыя ўчасткі. Паводле апытанняў НІСЭПД палова грамадзян выяўляе гатоўнасць прыняць удзел у галасаванні. Адначасова неўключэнне прадстаўнікоў ад апазыцыйных сілаў і незалежных НДА ў выбарчыя камісіі робіць немагчымым кантроль за ходам галасавання з боку грамадзянскай супольнасці. Гэта дазваляе прэзідэнцкай адміністрацыі цалкам кантраляваць вынікі галасавання і рэалізоўваць абраны беларускім кіраўніком сцэнар фармавання дэпутацкага корпуса.
Пры гэтым кансалідацыі і мабілізацыі апазіцыйна настроенай часткі грамадства перашкаджае выкарыстанне апазіцыйнымі партыямі і рухамі розных тактык правядзення парламенцкай кампаніі.Адначасова ў параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі заўважным з’яўляецца зніжэнне актыўнасці апазіцыі, асабліва ў рэгіёнах. Паўнавартасная кампанія па зборы подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата праводзіцца нязначнай колькасцю прэтэндэнтаў, у асноўным у сталіцы і буйных гарадах. Раней апазіцыйныя сілы выкарыстоўвалі этап збору подпісаў у якасці дадатковай магчымасці для правядзення агітацыі за сваіх кандыдатаў. Аднак пры правядзенні выбарчай кампаніі 2012 значная колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый і рухаў аддаюць перавагу вылучэнню цэнтральнымі органамі сваіх партый, што пазбаўляе іх ад неабходнасці збору подпісаў.
Варта адзначыць, што парламенцкая кампанія спрыяльна ўплывае на перафарматаванне апазіцыйнага поля, збліжэнню і ўзаемадзеянню паміж партыямі і рухамі, якія па-рознаму бачаць трансфармацыю беларускага рэжыма.
Сутыкнуўшыся з жорсткім супрацьдзеяньнем уладаў пры правядзенні кампаніі байкоту, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) наладжвае супрацоўніцтва з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй (АГП). Стаўшы сябрамі АГП на час парламенцкай кампаніі, шэраг актывісты БХД атрымліваюць магчымасць легальнага правядзення ў сталіцы пікетаў з заклікам да байкоту выбараў, што на некаторы час нейтралізуе процідзеянне ўлад. Пры гэтым, як АГП, так і БХД рэалізуюць тактыку байкоту выбараў, выкарыстоўваючы толькі розныя формы правядзення кампаніі. Варта зазначыць, што паміж структурамі «канфрантацыйнай» плыні апазіцыі, як АГП, БХД, «Еўрапейская Беларусь», моладзевай кааліцыі «Ігнор» і інш., назіраецца павелічэнне ўзроўню супрацоўніцтва, аднак пакуль без стварэння фармалізаваных структур.
У сваю чаргу палітычныя сілы «канструктыўнай» плыні апазіцыі таксама імкнуцца ўзмацніць свой патэнцыял за кошт аб’яднання. На гэты момант стуктуры «канструктыўнай» апазіцыі абіраюць паўнавартасны ўдзел у выбарчай кампаніі. Адначасова частка арганізацый («Гавары Праўду» і партыя БНФ) адкладваюць дату прыняцця канчатковага рашэння наконт фармату ўдзелу на болей позні час, або пакідаюць прыняццё гэтага рашэння за самымі кандыдатамі («Рух „За свабоду“ і БСДП (Г).
Пасля падачы дакумантаў на рэгістрацыю кандыдатаў «Рух „За свабоду“, кампанія „Гавары Праўду“, партыя БНФ, БСДП (Грамада) і Беларуская партыя аб’яднаных левых „Справядлівы свет“ праводзяць сустрэчу для абмеркавання далейшых магчымасцяў супрацы падчас і пасля выбарчай кампаніі. Пры гэтым у групе „канструктыўнай“ апазіцыі вылучаюцца два цэнтры, якія фарміруюць свае доўгатэрміновыя стратэгіі і складаюць адзін аднаму канкурэнцыю.З аднаго боку, кампанія „Гавары Праўду“, да якой належыць 25 прэтэндэнтаў у дэпутаты, актыўна папулярызуе сярод сваіх выбарцаў канцэпцыю „Грамадзянскай дамовы“. З іншага боку, партыя БНФ і „Рух“ За свабоду» пачалі папулярызацыю сваёй стратэгічнай ініцыятывы» Народная праграма», вакол якой аб’ядналіся 54 прэтэндэнта ў дэпутаты.
Варта зазначыць, што беларускае кіраўніцтва па-рознаму рэагуе на актыўнасць апазіцыйных партый у залежнасці ад фармату правядзення імі парламенцкай кампаніі. Улады не аказваюць сур\`ёзнага супрацьдзеяння апазіцыйным партыям, якія прытрымліваюцца тактыкі паўнавартаснага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. У сваю чаргу кампанія байкоту выбараў выклікае актыўнае супрацьдзеянне з боку сілавых органаў.
Яшчэ на старце выбарчай кампаніі мясцовыя ўлады адхілілі ўсе заяўкі на правядзенне пікетаў, пададзеныя актывістамі кампаніі байкоту ў буйных гарадах. Затым Цэнтральная выбарчая камісія фактычна падтрымала мясцовыя ўлады і прапанавала разглядаць правядзенне агітацыі за байкот у рамках заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Дазвол на падобныя мерапрыемствы атрымаць ад мясцовых органаў улады фактычна немагчыма ўжо на працягу некалькіх апошніх гадоў. Да таго ж, як у рэгіёнах, так і ў сталіцы шэраг апазіцыйных актывістаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у кампаніі байкоту, апынуліся пад пераследам з боку сілавых органаў і пракуратуры. Аднак падобнае супрацьдзеянне беларускіх уладаў прывяло да ўзмацнення каардынацыі сярод арганізацый, якія выкарыстоўваюць тактыку байкоту выбараў.
Пры гэтым, на дадзены момант адсутнічаюць фактары, якія маглі б перашкодзіць беларускім уладам у рэалізацыі традыцыйнага сцэнару правядзення выбарчай кампаніі. Прэзідэнская адміністрацыя захоўвае поўны кантроль за ходам парламенцкай кампаніі, што гарантуе фармаванне дэпутацкага корпуса парламента ў адпаведнасці з абраным прэзідэнтам варыянтам. Да таго ж, па меры развіцця выбарчай кампаніі і ўзмацнення палітызацыі грамадства павялічваецца верагоднасць больш жорсткіх дзеянні ўладаў у дачыненні да сваіх апанентаў, асабліва актывістаў кампаніі «байкота».
Падчас выбарчай кампаніі працягвае павялічвацца разыходжанне «канструктыўнай» і «канфрантацыйнай» плыняў апазіцыі. Пры гэтым у асяроддзі «канструктыўнай» апазіцыі назіраецца ўзмацненне канкурэнцыі і барацьбы за лідэрства «стратэгічных ініцыятываў», якія плануюцца ў якасці асновы для прэзідэнцкай кампаніі 2015: «Грамадзянская дамова» (кампанія «Гавары Праўду») і «Народная праграма» («Рух» За свабоду » і партыя БНФ).
Пры гэтым у асяроддзі «канфрантацыйнай» апазіцыі выдзяляецца ініцыятыва АГП — кампанія «За свабодныя выбары без Лукашэнкі», якой пакуль не складаюць канкурэнцыю альтэрнатыўныя ініцыятывы іншых прыхільнікаў канфрантацыі з дзеючай уладай.