Вось ужо які дзень краіна жыве ў рэжыме «жэстачайшэй» эканоміі рэсурсаў. А ўсё праз тое, што мы чакаем «другую хвалю сусветнага крызісу», пра што днямі папярэдзіў А. Лукашэнка. Мабілізацыйная рыторыка мілая сэрцу аўтарытарных лідэраў, а нам і не прывыкаць, бо ў «жэстачайшэм» рэжыме мы знаходзімся ўжо 17 год.

Прыклад эканоміі рэсурсаў паказаў сталічны губернатар Батура. На пытанне ці праўда, што аблвыканкам збіраецца закупіць дзесяць бездарожнікаў па USD70 тысяч за штуку, начальнік вобласці заявіў што аўто закупаюцца для патрэбаў райвыканкамаў, кошт кожнага не перавысіць Br 300 млн. (USD 35 тыс.) і будуць яны раздавацца чыноўнікам са службовымі машынамі ад 7 да 10 год. Рэакцыю жвавых інтэрнаўтаў прадказаць было няцяжка — узгадалі і пра Мытны Саюз з УАЗ «Патриот», пра айчынныя Саманды і пра тое што ў раёнах сямігадовая машына лічыцца шчасцем. Лішні раз стала зразумела, хто будзе эканоміць, а хто будзе пра гэта гаварыць.

На ахове здароўя быццам бы эканоміць не збіраюцца. Наадварот асцярожны аптымізм прэм’ера Мясніковіча, які абяцаў не пашкадаваць грошай на медыцыну, атрымаў канкрэтныя абрысы ў новым бюджэце. Заяўлена пра рост выдаткаў у 1,8 раз адносна бягучага году (у Мінску — у 1,6 раз). Па-ранейшаму аптымізм і веру псуюць два фактары — інфляцыя ў 207% [1] у бягучым годзе і непазбежны рост курса даляра (хоць бы да запланаваных урадам 9150 рублёў) у наступным.

Бюджэт плануецца ў рублях, а пераважная большасць выдаткаў ў медыцыне рэалізуецца ў валюце, таму росту не будзе — хоць бы не вельмі балюча ўпасці. У экспертным дыскурсе апошняга часу нават тэрмін новы завёўся — «лекарственный дефолт» — немагчымасць адэкватнага фінансавання бюджэтных закупак неабходных імпартных прэпаратаў. Сродкам ад гэтае хваробы магло бы стацца дадатковае фінансаванне, якое кампенсавала бы інфляцыю, але гэта не наш выпадак. Наш — эканомія сродкаў, імпартазамяшчэнне і, вядома, адміністрацыйны рэсурс. Апошняя грымаса згаданага –настойлівая рэкамендацыя Мінздрава ўсім уладальнікам ліцэнзій на фармацэўтычную дзейнасць (чытай — прыватным аптэкам) у першую чаргу прапаноўваць наведвальнікам лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці [2]. Матывацыя — «забеспячэнне даступнасці лекавых сродкаў людзям з розным узроўнем даходаў». Асмелюся нагадаць, што на кожную прыватную аптэку прыпадае як мінімум адна дзяржаўная, першая задача якой — забеспячэнне даступнасці лекаў для людзей. Да таго ж усім аптэкам любой формы ўласнасці было дадзена жорсткае ўказанне мець і падтрымліваць пэўны асартымент «сацыяльна значных» медпрэпаратаў. Але самі сябе лекі не прадаюць, і кошт у 600 рублёў за 10 таблетак Анальгіна зусім не гарантуе чаканых вынікаў. Адсюль і «настойлівыя рэкамендацыі».

Яшчэ да аптэк падобнымі абавязкамі азадачылі ўсіх лекараў дзяржустаноў Беларусі — у сваіх рэкамендацыях яны мусяць быць перадусім патрыётамі, а толькі потым прафесіяналамі — выпісваючы перш за ўсё беларускія танныя прэпараты. У выніку значная частка медычнай супольнасці па-ранейшаму скептычна ставіцца да айчынных прадуктаў — рэкамендуюць што лічаць патрэбным, пакідаючы айчынным лекам месца хіба што ў ільготных рэцэптах. Ёсць падставы чакаць, што так будзе і з аптэкамі. Магчыма першы час продажы і ўзрастуць на фоне пазапланавых візітаў у аптэкі прадстаўнікоў органаў ліцэнзавання, але пасля таго, калі факт будзе зафіксаваны ў статыстыцы і трансляваны БЕЛТА, чыноўніцкі імпэт значна абмялее. Да таго ж айчынны фармбізнес, як і любы наш бізнес, майстар у абыходжанні розных перашкод. Шкада толькі, што ніхто з яго прадстаўнікоў так услых і не абурыцца чарговым замахам на парушэнне свабоды прадпрымальніцтва. А то глядзіш — паціху дойдзем да савецкага: «не выполнил план по заготовке зерна — выполняй план по валке леса». Выключна з мэтай «забеспячэння даступнасці лекавых сродкаў людзям з розным узроўнем даходаў».

Зрэшты аптымізацыя збыту — толькі адна з новых для Мінздрава задач па кіраванні цяжкой спадчынай «Белбіяфарму». Акрамя гэтага — і адказнасць на кошты ў аптэках і імпартазамяшчэнне. Якасны менеджмент вытворчасці (хоць бы і інтуітыўна зразумелай) — няпростая задача для тых, чыя гаспадарка аказвала паслугі, а калі што і вырабляла, то толькі прэпараты крыві. Горш магло быць толькі Косінцу пасля прызначэння на губернатарства.

Новымі камбайнамі авангарда імпартазамяшчэння выступаюць Інстытут біяарганічнай хіміі, а таксама Інстытут фармакалогіі і біяхіміі Нацыянальнай Акадэміі Навук. Апошняму належыць прадпрыемства «Акадэмфарм» у гісторыі якога, як у люстэрку, адбіваецца ўся філасофія беларускага лекавага імпартазамяшчэння. Само прадпрыемства адчынілася ў мінулым годзе, а вядомасць набыло ў сувязі з гісторыяй індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Cipla ў Беларусі. Будучы аднымі з сусветных лідэраў у выпуску танных лекаў для лячэння ВІЧ-інфекціі і анкалогіі, індусы спадзяваліся «замацавацца» тут з далейшай экспансіяй на ўвесь Мытны Саюз. «Акадэмфарм» павінны быў стацца вопытнай пляцоўкай для такога супрацоўніцтва. Перспектывы маляваліся самыя ружовыя — натхнёны сустрэчай з Мясніковічам, дырэктар-індус Юсуф Хамід прапаноўваў развіваць супрацоўніцтва, быў гатовы падзяліцца тэхналогіямі і ствараць у нас новыя заводы поўнага цыклу. Год прайшоў — завод у выніку пабудавалі ў Індыі, а ад супрацоўніцтва застаўся прэпарат Флустоп, які з’яўляецца аналагам сусветна вядомага Таміфлю — сродку для тэрапіі «свінога грыпу». Апрача мясцовага аналага, які па словах СБ ледзь не пераўзыходзіць арыгінал [3], «Акадэмфарм» выпускае зараз шэраг біялагічна актыўных дабавак (БАДаў). Дарэчы, з Флустопам мы чарговы раз выдзеліліся з «шэрай масы цывілізаваных краін».

Справа ў тым, што Таміфлю абаронены патэнтам аж да 2016 года, і выпускаць яго можа толькі кампанія Hoffmann-La Roche. Нашы няспраўджаныя партнёры з Cipla вырабляюць аналаг Таміфлю, таму што патэнт Hoffmann-La Roche быў ануляваны ў Індыі паводле рашэння суда. На пытанне пра тое, ці не парушаем мы ў цэнтры Еўропы, міжнароднае патэнтнае заканадаўства, дырэктар Інстытута фармакалогіі і біяхіміі НАН Беларусі Дз. Раманоўскі спаслаўся на згаданае рашэнне суда і выказаў сваё меркаванне аб тым што «патэнтаванне лекаў амаральна з пункту гледжання стварэння манаполій і можа існаваць толькі як спосаб абароны інтэлектуальных правоў, бо лекі павінны быць даступнымі». Пасыл хоць і без дзяржаўнага падыходу, але цалкам у духу «интеллигентной бессеребренности» — адкуль жа ж паважанаму доктару навук ведаць, што такое распрацоўка лекаў і колькі яна каштуе, калі давераная яму структура НАН РБ нічога сур’ёзней за БАДы так і не здолела выпусціць. І ўвогуле — навошта жыць па закону, калі гэта нязручна і невыгодна?. Тым часам, стварэнне новай субстанцыі і давядзенне яе да масавай фармвытворчасці каштуе велізарнейшых грошай, і штогод у свеце з’яўляецца толькі каля трыццаці сапраўды новых лекаў, пры тым што ў працэс стварэння і выпрабавання ўваходзяць каля трох тысяч. Працэдура патэнтавання існуе, каб распрацоўшчык мог апраўдаць укладзеныя рэсурсы, маючы эксклюзіўныя правы на выпуск новага прадукту на працягу некаторага часу (звычайна каля 10 год). Такія правілы гульні ў цывілізаваным свеце, але, як вядома, нашу краіну за ім не вядуць. Таксама не зразумела якое дачыненне да нашай суверэннай рэчаіснасці мае рашэнне індыйскага суда? Але, нягледзячы ні на што, Hoffmann-La Roche у беларускі суд не звярталася, мясцовыя яго прадстаўнікі дыпламатычна адмаўчаліся перад прэсай, таму «Флустоп» па-ранейшаму застаецца на паліцах аптэк нашай неабсяжнай Радзімы, а пытанні — без адказу.

Другі (і асноўны) складнік «нашага ўсяго» у лекавым імпартазамяшчэнні — Інстытут біяарганічнай хіміі Акадэміі Навук са сваім навукова-вытворчым аб’яднаннем «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» і вытворчым цэнтрам «ХімФармСінтэз». Апошняе прадпрыемства хоць і нованароджанае (адкрыта напрыканцы кастрычніка), але з вялікімі амбіцыямі. Менавіта яны бяруцца за вельмі сур’ёзную справу — выпуск лекавых субстанцый — асновы для вытворчасці медпрэпаратаў. Варта адзначыць, што з 5300 зарэгістраваных у нашай краіне лекавых форм і прэпаратаў, 80% — замежныя і толькі 20% — айчынныя, прычым, айчынных фармсубстанцый, з якіх выпускаюць далей лекі, толькі 59. Да 2015 года Урадам плануецца сінтэз яшчэ 35. Наўрад ці сярод іх будзе хоць адзін цалкам новы для свету лек (а раптам?) — навукоўцы будуць канцэнтравацца на сінтэзе існуючых, але дарагіх і запатрабаваных лекаў для шпітальнага сектару — супрацьпухлінавых, супрацьвірусных ды інш. Пачнуць з прэпаратаў для анкалогіі, першыя камерцыйныя партыі чакаюцца ў 2013–2015 годзе, а зарабляць плануюць каля USD 6 млн., з іх больш за USD 3 млн. за кошт экспарту. Няшмат, вядома, на фоне ёмістасці айчыннага рынку медпрэпаратаў у USD 700 млн., але ўжо нешта.

На экспарт скіраваны і дырэктар аб’яднання «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» Сяргей Усанаў. Па ягоных словах, задача структур аб’яднання — ствараць фармацэўтычную прадукцыю, адпаведную пэўным еўрастандартам, каб далей экспартаваць яе, ў тым ліку і ў краіны ЕС. Задача правільная і своечасовая, але ж вельмі рэсурсапатрабавальная. Вядома, што на стварэнне «ХімФармСнтэзу» было выдаткавана Br 22 млрд. (каля USD 7,5 млн.), але інвестары таксама, як кажуць, welcomed. Чарговых партнёраў знайшлі ва Украіне, а супрацьстаяць мы па іроніі лёсу будзем «экспансіі індыйскіх і кітайскіх кампаній». Што ж, не атрымалася сябраваць — будзем супрацьстаяць. Унёскам Беларусі ў будучы праект з Харкаўскім хімфармзаводам будуць нашы інтэлектуальныя распрацоўкі, а ўкраінскія калегі дапамогуць вытворчым структурам Інстытута біяарганічнай хіміі гатовымі фармсубстанцыямі і сродкамі ад неназванай украінскай камерцыйнай структуры.

Хочацца пажадаць поспехаў айчынным навукоўцам, але непазбежна напрошваюцца розныя пытанні. Ці будуць канкурэнтназдольнымі па якасці і кошту штучныя беларускія фармсубстанцыі ў параўнанні з буйнатанажнай вытворчасцю сусветных гігантаў?

Субстанцыі для вырабу лекаў ствараюцца на невялікай колькасці заводаў у свеце, кожны з якіх мае спецыялізацыю, адпаведныя напрацоўкі і досвед працы. Нават калі навукоўцам і ўдасца сінтэз і ачыстка субстанцый, то ці будзе рэнтабельным прамысловы выпуск заяўленых невялікіх партыяў (фармвытворчасць у Беларусі па сапраўднаму апраўданая толькі тады, калі яна арыентаваная на экспарт)? Таксама этап клінічных выпрабаванняў: што калі вынік будзе горшы за існуючыя аналагі, ці хопіць смеласці заявіць, што прорва дзяржсродкаў патрачаная, мякка кажучы, «не так эфектыўна»? Акрамя таго, калі мы хочам экспартаваць у ЕС, то выпрабаванняў у сістэме беларускага Міністэрства аховы здароўя (больш няма дзе іх праводзіць), будзе недастаткова, бо адразу ўзнікне пытанне пра незалежнасць задзейнічаных экспертаў. Ясна, што для тэстаў «на старане» неабходныя істотныя дадатковыя сродкі. Я ўжо не кажу пра тое, што супрацьпухлінавыя прэпараты — гэта не «Гематаген», і для іх прасоўвання на любыя знешнія рынкі мала проста выставіць меншы кошт, давядзецца стварыць эфектыўную службу маркетынгу і продажаў. Усё пералічанае патрабуе укладанняў у разы большых за ўжо зробленыя. Улічваючы нядаўняе патрабаванне Лукашэнкі скараціць фінансаванне НАН на 30%, невядома ці будуць яны.

Інвестары таксама не спяшаюцца на наш рынак — спачатку мы іх не пускалі, а зараз ужо яны і самі не рвуцца. Узнікае пытанне — ці не вынаходзім мы ровар, замест таго, каб прыдумваць электрамабіль? Ёсць жа ў беларускіх навукоўцаў перспектыўныя распрацоўкі сусветнага ўзроўню, напрыклад ў галіне пошуку лекаў для тэрапіі ВІЧ [4] — чаму б не рэалізоўваць іх у супрацоўніцтве з міжнароднымі фундацыямі, якія фінансуюць навуковыя распрацоўкі ў гэтай галіне праз датацыі сусветных інавацыйных фармкарпарацый? Пакуль пытанняў больш чым адказаў, і тысячу разоў меў рацыю акадэмік Вайтовіч, які казаў, што прымушаць навукоўцаў займацца імпартазамяшчэннем няправільна — яны мусяць шукаць новыя веды і спосабы іх прымянення, якія павінны ўкараняць прадпрыемствы рэальнага сектару з інвацыйнай сферы. Таму існуючыя навукова-вытворчыя аб’яднанні павінны быць выведзены са складу НАН у галіну эканомікі, каб у іх быў стымул не імітаваць дзейнасць для атрымання чарговых дзярждатацыяў, а працаваць эфектыўна ў канкурэнтным асяроддзі.

Нават калі забыцца пра экспарт у ЕС, а разлічваць толькі на партнёраў па Мытным Саюзе, то і тут не так усё гладка. Напрыклад нядаўна прыйшло паведамленне пра павялічэнне долі недабраякасных беларускіх лекаў на расійскім рынку. За тры кварталы бягучага году на Беларусь прыйшлося 3,1% ад агульнага аб’ёму забракаваных у Расіі лекаў, а сярод недабраякасных замежных прэпаратаў беларускія займаюць трывалыя 8-10%. Улічваючы структуру і аб’ём вялікага расійскага рынку — гэта даволі шмат. Вядома, што функцыянеры «Белмедпрэпаратаў» запэўніваюць у жорсткім кантролі за лекамі на выхадзе з Беларусі, а таксама абвінавачваюць расійскіх рытэйлераў у неналежным захоўванні нашай фармпрадукцыі і празрыста намякаюць на мінулыя «малочныя войны» ды аперацыю «Антыбаржомі». Праўды, вядома, не дабіцца, але гэтая сітуацыя характарызуе ўмовы работы на «партнёрскім» рынку, дзе канкурэнтам таксама не рады, хаця б таму, што Расія развівае і сваю фармпрамысловасць, у тым ліку і з дапамогай прыватнага капіталу. Акрамя кампаній краін-партнёраў па Саюзе і ў Расіі і ў Казахстане прысутнічаюць сусветныя фармкампаніі, канкурэнцыю з якімі трэба будзе вытрымаць.

Добрым варыянтам было б тэрміновае прыцягненне іх у Беларусь разам з інвестыцыямі і тэхналогіямі для стварэння новых вытворчасцяў. Гэта ажывіла б вытворчы фармбізнэс без вымывання сродкаў дзяржбюджэту, але гэта работа ў нас відавочна не ладзіцца, нягледзячы на запэўніванні з самага верху, што «инвесторов привлекаем и всячески поощряем, создаем самые льготные условия». Зрэшты, часы, калі мы былі цікавыя сусветным фармгігантам, ужо мінулі. Гісторыі пра візіты прадстаўнікоў Bristol-Myers Squibb у канцы 90-х на «Белмедпрэпараты» для арганізацыі вытворчасці «Эффералгана» успрымаюцца як успаміны пра бел-чырвона-белы сцяг. Усё, што трэба было гэтым кампаніям для пашырэння сваёй вытворчасці ў нашым рэгіёне, яны ўжо без нас купілі ў былым соцлагеры.

Да таго ж сучасная фармвытворчасць — высокатэхналагічная і малалюдная. Напрыклад, адзін завод у Францыі выпускае «Фервексы» і «Эффералганы» для ўсёй геаграфічнай Еўропы і часткі Азіі, і пры гэтым там працуе толькі 1400 чалавек.

Так што наш шанец у прыцягненні фармінвестыцый — сусветныя брэнды з другой паловы спісу Top 100 — кампаніі з Індыі, Ізраіля ды інш. Прычым варта паспяшацца — каб не было непрыемна глядзець на індыйскі «Ібуклін» made in Kazakhstan.


[1] Беларусь 2011. Итоги. http://naviny.by/media/2011.12_w4/download/880.jpg

[2] Міністэрства аховы здароўя настойліва рэкамендавала ў першую чаргу прапаноўваць лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці http://news.21.by/health/2011/11/29/417671.html

[3] Стоп, грипп http://sb.by/print/post/107720/

[4] Игра еще не закончена, но ВИЧ-1 уже проигрывает. http://respublica.by/5282/science/article48166/print/