Як ужо неаднаразова адзначалася аналітыкамі і даследчыкамі, парламент у сучаснай Беларусі выконвае дзве асноўныя функцыі. Па-першае разглядае і дапрацоўвае законапраекты, якія накіроўваюцца ўрадам і прэзідэнтам, выконваючы пры гэтым экспертную, дарадчую і лабісцкую функцыю. Па-другое, ажыццяўляе міжнародную дзейнасць праз розныя формы міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Пры гэтым, парламент практычна не вызначае знешнепалітычны курс і скарыстоўвае міжнародныя арганізацыі і пляцоўкі, як механізм агучвання і прасоўвання афіцыйнай пазіцыі выканаўчай ўлады.

Дзейнасць парламенту ў 2011 годзе нічым не парушала пазначаныя вышэй правілы беларускай палітыцы, што сфарміраваліся практычна адразу пасля рэферэндуму 1996 года. Любое значнае прыцягненне ўвагі да дзейнасці парламенту, як напрыклад разгляд спрэчных паправак у заканадаўства ўвосень гэтага года, мела ў аснове цікавасць да інтэнцый Адміністрацыі прэзідэнта, а не думак і настрояў парламентарыяў. Гэта лагічна, хаця варта мець на ўвазе, што пры разглядзе адносна палітычна нейтральных і галіновых нарматыўных актаў лабісцкія магчымасці дэпутатаў значна большыя. Парламент застаецца адным з адносна адкрытых элементаў існуючай сістэмы і разгляд яго дзейнасці дае карысную інфармацыю, якая дапаўняе разуменне палітычнае сітуацыі і перспектываў яе развіцця.

Узаемадзеянне з дзяржаўнымі інстытутамі.Напэўна найбольш важнай з фармальнага пункту гледжання падзеяй ў першай палове 2011 года стала праца сёмай пазачарговай сесіі (студзень-люты), асноўнай задачай якой была выказванне згоды на прызначэнне М. Мясніковіча новым прым’ер-міністрам. Рашэнне парламента падавалася вызначаным і хутчэй нагадвала фармальнасць.

Прадстаўляючы новага кіраўніка ўраду Лукашэнка адзначыў, неабходнасць «большай дынамікі развіцця краіны, сучасных падыходаў да кіравання эканомікай». Пры гэтым Мясніковіч можа не толькі «арганізаваць працу па дасягненню валавых паказчыкаў, але і забяспечыць належную эфектыўнасць эканомікі». Дэпутаты ў сваю чаргу адзначылі «высокі прафесіяналізм і арганізатарскія здольнасці»новага кіраўніка беларускага ўраду. Пасля гэтага, праз працэдуру таемнага галасавання, згода на новае прызначэнне была выказана.

У лютым, на наступным паседжанні ў рамках сесіі, Мясніковіч прадставіў Праграму дзейнасці Савета міністраў на 2011–2015 год, асабліва падкрэсліўшы што яна з’яўляецца «дарожнай мапай» па выкананню задач пастаўленых Усебеларускім сходам і даручэннямі прэзідэнта. Дэпутаты адзначылі «наватарскі характар праграмы і што за бліжэйшыя пяць год Беларусь павінна набыць новае аблічча». Дакументы быў прыняты пасля непрацяглага абмеркавання.

Падпарадкаваны стан Парламенту чарговы раз праявіўся і на чарговай сустрэчы Уладзіміра Андрэйчанкі з Аляксандрам Лукашэнкам 17 траўня, на якой Прэзідэнт адкрыта давай даручэнні фармальна аўтаномнай галіне ўлады па асобным аспектам заканатворчай дзейнасці, што з’яўляецца ўжо звыклай і ў пэўным сэнсе інстытуцыялізаванай практыкай.

Іншыя формы ўзаемадзеяння Палаты прадстаўнікоў з дзяржаўнымі органамі праходзілі ў форме рэгулярнага ўдзелу прадстаўнікоў парламенту ў пасяджэннях прэзідыуму Савета міністраў, а таксама мясцовых органаў улады. Канкрэтнай інфармацыі пра такія формы актыўнасці парламентарыяў мала, што не дазваляе зрабіць ацэнку эфектыўнасці. Відавочна асноўны эфект палягае ў інфармаванні і каардынацыі дзейнасці — прыкладна палова нарматыўных актаў, што разглядае парламент, рыхтуюцца структурамі ўраду.

Заканатворчая дзейнасць.Падрабязны аналіз дзейнасці прынятых законаў не ўваходзіць у задачы гэтага агляду. Варта толькі адзначыць, што веснавая сесія Парламенту прыцягнула значна менш публічнай увагі чым восеньская. Па афіцыйным дадзеным па вынікам працы восьмай сесіі Парламента (красавік-чэрвень) ухвалена 59 нарматыўных актаў у другім чытанні (з іх 38 міжнародных дамоў), таксама да ведама былі прыняты сем дэкрэтаў прэзідэнта. Прыняцце ўсіх нарматыўных актаў было ініцыявана урадам і прэзідэнтам (дэпутатамі парламента быў прапанаваны толькі адзін нарматыўны акт, якія разглядаўся ў першым чытанні).

Значны блок прынятых законаў складалі нарматыўныя акты міжнароднага характару, што Уладзімір Андрэйчанка ў інтэрв’ю «Народнай газеце» назваў асноўным дасягненням сесіі. Былі ўхвалены акты звязаныя з мытным саюзам, Адзінай эканамічнай прасторай, стварэннем суда Еўразійскай эканамічнай супольнасці, двухбаковыя пагадненні з Украінай, Азербайджанам, Чэхіяй, Славеніяй.

Таксама быў ухвалены блок законаў і паправак эканамічнага і адміністратыўнага характару. У прыватнасці па спрашчэнню працэдур ліцэнзавання, рэгістрацыі, зваротах грамадзян, альтэрнатыўных працэдурах вырашэння спрэчак і некаторыя іншыя. Закраналіся і другія сферы грамадскага жыцця: сямейныя адносіны, ахова здароўя, дзейнасць прафесійных саюзаў.

Знешнепалітычная актыўнасць.У плане знешнепалітычнай дзейнасці прадстаўнікі парламенту паслядоўна адстойвалі афіцыйную палітычную лініі, што стала асабліва актуальна ва ўмовах значнага пагаршэння адносін з Еўрапейскім Саюзам і Захадам увогуле пасля снежня 2010. Асаблівая ўвага надавалася рэагаванню на рэзалюцыі і іншыя захады ў дачыненні Беларусі з боку міжпарламенцкіх структур і нацыянальных парламентаў.

Рэзалюцыя ПАСЕ «Аб сітуацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў» (ад 20 студзеня 2011) была ўспрынятая са «шкадаваннем» з-за яе «незбалансаваны і дэструктыўны характар», што было зафіксавана ў адмысловым прэс-рэлізе. У сваім інтэрв’ю «Советской Белоруссии» (26 студзеня) старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў аналагічную пазіцыю адзначыўшы, што «выцісканне Беларусі з агульнаеўрапейскай палітыцы не мае здаровага сэнсу і перспектываў».

Падобная рэакцыя была выказана на рэзалюцыю Еўрапейскага парламента па сітуацыі ў Беларусі ад 10 сакавіка, што ўводзіла некаторыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска. Прэс-рэліз Пастаяннай камісіі па міжнародных справах прадказальна нагадаў Еўрапейскаму саюзу, што ён робіць памылку, праводзіць палітыку двайных стандартаў і аказвае прамы ціск на судовую ўладу.

Працягам пагаршэння стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам стала падпісанне без удзелу беларускай дэлегацыі статутных дакументаў Парламенцкай асамблеі Еўранэст (3 траўня). Папярэднія кансультацыі па выпрацоўцы кампраміснага фармату ўдзелу Беларусі не далі выніку і такое рашэнне еўрапейскіх краін не было нечаканасцю. Кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў не засталося нічога як ад імя Прэзідыума прыняць спецыяльную заяву і адзначыць, што створаная такім чынам Парламенцкая асамблея «фактычна пераўтвараецца ў інструмент палітычнага ціску, што не адпавядае заяўленым мэтам супрацоўніцтва». Таксам было адзначана, што Нацыянальны сход Беларусі «не лічыць сябе абавязаным улічваць альбо прымаць пад увагу» пазіцыю новай структуры.

З большага, заявы гэта практычна ўсё што Парламент мог супрацьпаставіць дзеянням Еўрапейскага саюзу, якая была вызначана падзеямі 19 снежня 2010 года, кансультацыі і абмеркаванні не мелі сэнсу без нейкіх саступак беларускіх уладаў па асноўным палітычным пытанням, што ніякім чынам ад парламенту не залежыла. Спробы скарыстаць парламенты іншых краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» для прасоўвання пазіцыі афіцыйнага Мінска мелі абмежаваны эфект, які праявіўся пераважна ў дэкларацыях, але не канкрэтных захадах (асаблівую падтрымку Беларусі аказвалі прадстаўнікі парламенту Азербайджана).

Цікавым сюжэтам таксама стаў удзел парламенту ў пастаноўцы «польскага пытання» ў адказ на абмеркаванне беларускай тэмы ў парламенце Польшчы. Пад час сёмай нечарговай сесіі дэпутаты звярнуліся ў Канстытуцыйны суд для прававой ацэнкі закону Польшчы «Аб карце паляка». (У афіцыйнай інтэрпрэтацыі запыт быў зроблены «па прапанове беларускіх грамадзян і структур грамадзянскае супольнасці»). Адпаведнае рашэнне Канстытуцыйны суд прыняў 7 красавіка, адзначыўшы што асобныя нормы закона Польшчы не адпавядаюць некаторым агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Праўда рашэнне КС з’яўляецца толькі ацэнкай і аўтаматычна не цягне за сабой прававых наступстваў.

Па палітычнай пазіцыі Польшчы пастаянная камісія Палаты па міжнародным справам і сувязям з СНД таксама прыняла спецыяльны прэс-рэліз, у якім расцаніла намер парламенту Польшчы прыняць рэзалюцыю па Беларусі, як непавагу на беларускага народу і, ужо традыцыйна, палічыла «умяшаннем ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы».

2 красавіка дэпутаты нават прынялі ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі на тэму «Сучасная геапалітыка Польшчы ў кантэксце Рыжскае мірнай дамовы 1921 года». Канферэнцыя мела не столькі навуковы, колькі палітычны характар і завяршылася прыняццем зварот да кіраўніцтва і грамадскасці Польшчы. Зварот падкрэсліў неабходнасць нармалізацыя стасункамі паміж дзяржавамі, але пры гэтым адзначалася недапушчальнасць ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, прымянення санкцый, выдаткоўвання сродкаў на дзейнасць «так званай апазіцыі» і пашырэння практыкі выдачы «карты паляка».

Пагаршэнне ў стасунках з Захадам праявіліся таксама ў тым, што прадстаўнікі беларускага парламенту сталі значна больш жорстка выказвацца па палітыцы заходніх краін. У прыватнасці старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі выказаў меркаванне, што дзеянні міжнароднай кааліцыі супраць Лівіі можна назваць вайной і парушэннем міжнароднага права.

У астатніх накірунках знешняй актыўнасці не адбылося значных падзеяў. Парламент працягваў удзельнічаць у розных міжпарламенцкіх структурах (Міжпарламенцкая асамблея Еўразійскай эканамічнай супольнасці і СНД, Парламенцкая асамблея АДКБ і іншыя), а таксама праводзіць двухбаковыя сустрэчы з прадстаўнікамі розных краін (Куба, Азербайджан, В’етнам, Арменія, Малдова…). У 2011 годзе споўнілася пятнаццаць год са стварэння Саюзнай дзяржавы, што асабліва адзначалася пад час паседжання Парламенцкага сходу гэтага ўтварэння.


З большага дзейнасць парламенту у першай палове 2011 года была дастаткова фармальнай і планавай. Парламент без значна абмеркавання зацвердзіў новага прым’ер-міністра і праграму ураду. Асноўнымі тэндэнцыямі ў знешнепалітычнай актыўнасці стала рэакцыя на пагаршэнне стасункаў з Захадам у выглядзе вострай крытыцы рэзалюцый у дачыненні Беларусі, узняцця «польскага пытання», агучванне афіцыйнай пазіцыі пра дэмакратычны характар выбараў 2010 года і лакальныя спробы ціску на еўрапейскія структуры. Галоўным чынам дзейнасць парламента ў гэтым накірунку мела сімвалічны характар. Супрацоўніцтва з іншымі краінамі праходзіла ў звычайным рэжыме ўзаемных візітаў і ўдзелу ў розных формах міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

Заканатворчы працэс быў дастаткова спакойным. Значная часта прынятых законаў тычыліся знешнеэканамічных стасункаў («усходняй інтэграцыі» і двухбаковым дачыненням), а таксама рэгулявання гаспадарчай дзейнасці і ўдасканалення адміністратыўных працэдур. Ніводны закон з ухваленых у другім чытанні законаў не быў ініцыяваны парламентам, ніводны з законапраектаў не быў адхілены.