Электаральны рэйтынг прэзідэнта праз дзевяць месяцаў пасля выбараў апусціўся да свайго гістарычнага мінімума і склаў паводле вераснёўскага апытання НІСЭПД 20,5%[2], што засведчыла змяншэнне ролі прэзідэнта ў забеспячэнні стабільнасці палітычнай сістэмы і неабходнасці пошуку новых механізмаў утрымання ўлады кіруючымі элітамі акрамя харызматычнай асобы Аляксандра Лукашэнкі. У жніўні гэтага года, калі для кіруючых эліт стаў зразумелы працяглы характар трэнду на зніжэнне даверу да беларускіх дзяржаўных інстытутаў, было агучана некалькі прапаноў, якія павінны былі палепшыць пазіцыі дзеючага кіраўніцтва ў існуючай сітуацыі.
Адным з першых генератам ідэй выступіў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, які мае грунтоўны досвед у наладжванні дачыненняў з краінамі Захаду. Яго прапанова палягала ў правядзенні з\`езда патрыятычных сіл краіны пры ўдзеле Грамадска-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзідэнта [3], які павінен быў стаць «мяккай сілай» супрацьдзеяння нарастанню восеньскай актыўнасці беларускай апазіцыі напярэдадні акцыі «Народны сход». Гэты сцэнар прадугледжваў магчымасць аднаўлення адносінаў беларускага кіраўніцтва з Захадам і ўдзел беларускай дэлегацыі ў саміце кіраўнікоў краін-партнёраў па ЎсП, які павінен быў адбыцца 29-30 верасня 2011 г. Неабходнасць аднаўлення прэзідэнскай адміністрацыяй дзейнасці Грамадска-кансультацыйнай рады паўстала напярэдадні вераснёўскага саміту кіраўнікоў краін-партнёраў па ЎсП і павінна была засведчыць сур\`езнасць намераў беларускіх ўладаў распачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю, што з\`яўлялася адным з падставовых умоваў ЕС да пацяплення еўрапейска-беларускіх дачыненняў. Адначасова Анатоль Рубінаў падчас схода актыва раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» у Шклове даў старт працэсу трансфармацыі гэтага аб\`яднання ў палітычную партыю [1], што несла ў сабе пасланне вонкавым назіральнікам аб магчымай змене выбарчага заканадаўства напярэдадні парламенскіх выбараў 2012 г. У выпадку рэалізацыі гэтага сцэнару і нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін, беларускія ўлады маглі разлічваць на фінансавую падтрымку з боку Захаду, у тым ліку на чарговы стабілізацыйны крэдыт ад МВФ, прыезд місіі якога ў Беларусь планаваўся адразу пасля саміту ЎсП на пачатку кастрычніка.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка яшчэ за пару дзён да ініцыятываў сваіх падначаленых заявіў аб неабходнасці стварэння Следчага камітэта [8], які ўзмацняе кантроль прэзідэнта за сілавымі органамі. Гэта ініцыятыва кіраўніка дзяржавы сталася своеасаблівым прадвеснікам стаўкі прэзідэнта на ўзмацненнне сілавых органаў для супрацьдзеяння пратэстнай актыўнасці ў грамадстве, што і адбылося ў верасні-кастрычніку гэтага года, калі Аляксандр Лукашэнка вырашыў пайсці на заканадаўчае ўзмацненне магчымасцяў рэпрэсіўнага апарату і павелічэння вагі сілавых органаў у грамадстве. Павелічэнне вагі «сілавікоў» і градусу рэпрэсій у беларускім грамадстве аўтаматычна прывяло да ізаляцыі Беларусі ад ЕС і ўзмацнення залежнасці ад Расеі.
Пры гэтым узмацненне рэпрэсіўнасці дзяржаўнай машыны дазваляюць забяспечыць стабілізацыю палітычнай сітуацыі ў кароткатэрміновай перспектыве і дзеючае кіраўніцтва дзяржавы спадзяецца на паляпшэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў будучым, што створыць умовы для паслаблення ў беларускім грамадстве ролі рэпрэсіўнага апарата і пачатку чарговага цыклу «дыялога» з Захадам. У сваю чаргу пацяпленне ўнутрыпалітычнага працэсу і ціск звонку зноў запатрабуюць аднаўлення «ліберальных» праектаў і ініцыятыў «чыноўнікаў-рэфарматараў» сярод беларускіх эліт.
«Еўрапейскі» і «сілавы» аспекты ўнутранай палітыкі
Аб\`яўлены прэзідэнтам на сустрэчы [5] з педагагічным актывавам 29 жніўня пасля сустрэчы з балгарскім міністрам замежных спраў дыялог з грамадзянскай супольнасцю прэзідэнт вымушаны быў дэзавуяваць 7 верасня[4], каб натхнёныя такой шчодрасцю грамадзяне не пацягнуліся на заклік апазіцыі на плошчы ўдзельнічаць у Народных сходах. 12 верасня прэзідэнт падпісвае ўказ аб стварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, а 23 верасня не дачакаўшыся вынікаў саміту УсП Уладзімір Макей распускае Грамадска-кансультацыйную раду пры адміністрацыі прэзідэнта, спроба рэанімацыі дзейнасці якой была здзейснена ў жніўні 2011 года. 29 верасня першы намеснік адміністрацыі прэзідэнта і кіраўнік «Белай Русі» робіць заяву, якой замарожвае працэс трансфармацыі БР у палітычную партыю.[6] Вызваліўшы адразу пасля саміту ЎсП яшчэ аднаго палітзняволеннага кандыдата на пасаду прэзідэнта Дзмітрыя Вуса, дзеючае кіраўніцтва канчаткова спрыпыняе працэс унутрыпалітычнага «пацяплення». У кастрычніку гэтага года парламентам прымаецца шэраг заканадаўчых актаў, якія яшчэ болей абмяжоўваюць дзейнасць грамадзянскай супольнасці і апазіцыі і павялічваюць паўнамоцтвы спецслужбаў, таксама пашыраецца кантроль дзяржавы за дзейнасцю ў Інтэрнеце. У сваю чаргу беларускі прэзідэнт імкнецца ўзмацніць свае пазіцыі сярод сілавых органаў за кошт стварэння дадатковых структур, як Следчы камітэт, які павінен паставіць пад кантроль блок «сілавікоў».
Пасля сустрэчы напрыканцы жніўня гэтага года з баўгарскім міністрам МЗС Мікалаем Младэнавым прэзідэнская адміністрацыя спадзявалася распачаць чарговы цыкл пацяплення адносін з ЕС «малой крывёй»: вызваліць палітзняволеных і імітаваць дыялог з грамадзянскай супольнасцю.
Прэзідэнт яшчэ ўлетку гэтага года пачаў працэс вызвалення палітзняволеных, якія ўжо выканалі адведзеную дзеючым кіраўніцтвам функцыю па нагнятанню страху ў грамадстве, а ў жніўні пачаліся перамовы аб аднаўленні дзейнасці Грамадска-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзідэнта, якой адводзілася роля пляцоўкі да дыялога з грамадзянскай супольнасцю, што ўдала атрымлівалася імітаваць падчас мінулага цыклу пацяплення дачыненняў паміж Беларуссю і ЕС у 2008–2010 гг. г.
Аднак пазіцыя ЕС, асабліва Польшчы як старшыні ЕС і арганізатара саміту ЎсП, засталася нязменнай: у абмен на лаяльнасць Захад настойваў на рэальных кроках па змякчэнню беларускай палітычнай сістэмы, дэмакратызацыя якой магла быць паступовай накшталт польскай трансфармацыі ў другой палове 1980-х. Афіцыйная Варшава дала зразумець беларускаму кіраўніцтву, што болей не атрымаецца наладжваць адносіны з ЕС на палітычным узроўні, імітаваць «дыялог» з грамадзянскай супольнасцю ўнутры краіны і прадаваць псеўдалібералізацыю за МВФаўскія крэдыты. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы Сікорскі быў яшчэ болей катэгарычны ў адным з сваіх публічных выступаў, калі прапанаваў Аляксандру Лукашэнка распачаць дыялог з апазіцыяй аб мірнай перадачы ўлады [7]. Аднак у Беларусі няма моцных палітычных актараў, якія маглі бы аказаць ціск на прэзідэнта і прымусіць яго пайсці на перамовы падобнага кшталту.
Пратэстны патэнцыял беларусаў нягледзячы на істотнае пагаршэнне іх дабрабыту невысокі і звязаны ў першую чаргу з адсутнасцю ўпэўненасці, што актыўныя формы пратэсту могуць паўплываць на змену сітуацыі ў краіне. Болей за тое, выкарыстоўваючы жорсткія спосабы падаўлення акцый, улады яшчэ болей заганяюць грамадзян «на кухні». Хвалю летніх акцый пратэсту, якія былі арганізаваны ў рамках «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі», уладам удалося збіць з адноснай лёгкасцю, а восень стала расчараваннем для тытульнай апазіцыі, якая планавала праз механізм «Народных сходаў» ачоліць пратэстную актыўнасць грамадства.
Акрамя таго дзеючае кіраўніцтва лічыць, што змякчэнне палітычнага рэжыму падчас сацыяльна-эканамічнага крызісу і падзення рэйтынгу дзяржаўных інстытутаў можа прывесці толькі да разбалансавання і выхаду з-пад кантролю ўсё грамадска-палітычнай сістэмы. Менавіта падчас гарбачоўскай адлігі канца 1980-х у Беларусі паўстаў масавы рух БНФ, які здолеў на пачатку 1990-х выводзіць на вуліцы сталіцы дзясяткі тысяч людзей. У сітуацыі, калі большасць грамадства ўжо не хоча бачыць Аляксандра Лукашэнка прэзідэнтам, дзяржаўная машына першага беларускага прэзідэнта магла не вытрымаць нават дэкаратыўнай лібералізацыі.
Адміністрацыя прэзідэнта з надзеяй перачакаць цяжкія часы дзейнічае на ўзор 2003 г, калі электаральны рэйтынг прэзідэнта апусціўся да 26,2%. Адрозненне складае толькі ўзровень уціску грамадзянскай супольнасці: у перыяд 2003–2004 гг пракацілася хваля ліквідацыі шэрагу грамадскіх аб\`яднанняў, якія аказвалі супраціў узмацненню аўтарытарным тэндэнцыям у краіне, зараз жа заканадаўча аформлены пераслед кожнай мірнай ініцыятывы грамадзян, накіраванай супраць палітыкі дзеючага кіраўніцтва дзяржавы.
Геапалітычныя арэлі беларускага прэзідэнта
Адначасова беларускае кіраўніцтва не ў стане падтрымліваць стабільнасць сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сістэмы без знешніх датацый і працягвае спробы атрымаць фінансавую падтрымку як з Усходу, так і з Захаду. Афіцыйны Менск імкнецца выкарыстаць фобіі кожнага з бакоў у адносінах адзін да аднаго і перыядычна карэктуе замежны вектар сваёй палітыкі. Пры гэтым прэзідэнт задзейнічае ў гульні розныя групоўкі сярод беларускіх эліт, якіх можна ўмоўна класіфікаваць як «рэфарматараў» і «сілавікоў».
У сітуацыі працяглага сацыяльна-эканамічнага крызісу прэзідэнт значна павялічыў ролю «сілавікоў» у грамадстве, што вылілася ва ўзмацненні ўсходняга вектару замежнай палітыкі і паглыблення залежнасці беларускага кіраўніцтва ад афіцыйнай Масквы. Нягледзячы на прыхільнасць да сілавых метадаў утрымання ўлады Аляксандр Лукашэнка на працягу ўсяго свайго прэзідэнства імкнецца да сбалансавання інтарэсаў розных груповак сярод беларускіх эліт, каб прадухіліць канчатковае ўзмацненне адной з іх.
Калі на ўсходнім кірунку дзеючы кіраўнік пільна сочыць за захаваннем за сабой ролі адзінага перамоўшчыка, які здольны дамовіцца з афіцыйнай Масквой, дык на заходнім ён дае пэўную свабоду дзеянням сваім падначаленым, што дазволіла пэўным колам беларускай наменклатурнай інтэлігенцыі дастаткова паспяхова рэалізаваць праект «Белая Русь». РГА БР з\`яўляецца праектам беларускай наменклатуры, якая па сваёй сутнасці зацікаўлена ў рэфармаванні беларускай палітычнай і эканамічнай сістэмы і не жадала бы ўзмацнення жорсткасці беларускага аўтарытарызма.
Патрэба Беларусі ў кампенсацыі ўсходняга вектару палітыкі працягвае заставацца актуальнай, а пасля прэзідэнскіх выбараў у Расеі толькі павялічыцца, і беларускае кіраўніцтва спрабуе згуляць на фобіях Захаду наконт узмацнення геапалітычнай вагі РФ. У нядаўнім артыкуле Аляксандра Лукашэнкі, надрукаваным у газеце «Известия», акрэсліваецца геапалітычны выбар Беларусі на карысць свайго ўсходняга суседа і падтрымка ідэі Уладзіміра Пуціна аб стварэнні Еўразійскага саюза. Аднак па сутнасці гэта супярэчыць інтарэсам самога А. Лукашэнкі, які працягвае ўсё болей саступаць афіцыйнай Маскве і паступова губляць самастойнасць. Падобныя захады прэзідэнта з\`яўляюцца сярод іншага і своеасаблівым ціскам на Захад, каб прымусіць ЕС прыняць беларускія ўмовы беларуска-еўрапейскіх дачыненняў, якія існавалі ў 2008–2010 гг і задавольвалі абодва бакі да 19 снежня 2010 г.
Пасля правалу на заходнім кірунку і дэмаршу Беларусі падчас саміта кіраўнікоў краін-партнёраў па ЎсП, калі беларуская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве, беларускае кіраўніцтва будзе чакаць пачатку новага 2012 года, каб напярэдадні парламенскіх выбараў распачаць чарговы цыкл дыялогу з Захадам ужо з новым старшынёй ЕС — Даніяй, з якой у афіцыйнага Менску меней канфліктных кропак судачынення. У сваю чаргу адміністрацыя прэзідэнта будзе і далей выкарыстоўваць групоўкі «рэфарматараў» і «сілавікоў» сярод беларускіх эліт у гульні з Захадам. Пасля зачысткі гэтай восенню ўнутрыпалітычнага поля «сілавікамі» можна зноў чакаць актывізацыі дзейнасці «рэфарматараў», асабліва ў выпадку празмернага «інтэграцыйнага» ціску з боку афіцыйнай Масквы, што будзе ўзмацняцца з моманту стварэння Адзінай эканамічнай просторы 1 студзеня 2012 г.
1. «Белая Русь» готова стать партией: партал [Электронны рэсурс] // БЕЛТА: Інтэрнет-сайт Беларускага тэлеграфнага агентства. — Рэжым доступу: http://www.belta.by/ru/person/opinions/Anatolij-Rubinov_i_512200.html Дата звароту: 27.10.2011.
2. Важнейшие результаты национального опроса: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. — Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/09-11-15.html Дата звароту: 27.10.2011.
3. Макей хочет созвать Всебелорусский съезд патриотических сил: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Агенства фінансавых навін. — Рэжым доступу: http://afn.by/news/i/156330 Дата звароту: 27.10.2011.
4. Лукашэнка адмовіўся ад перамоваў з апазіцыяй і крэдыту МВФ: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / «Беларускі Партызан». — Рэжым доступу: http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?newsPage=0&news=101957&backPage=52&page=100 Дата звароту: 27.10.2011.
5. Лукашенко хочет посмотреть в глаза оппозиции: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Сайт БДГ-online. — Рэжым доступу: http://bdg.by/news/society/15735.html Дата звароту: 27.10.2011.
6. Радьков затруднился спрогнозировать, будет ли «Белая Русь» преобразована в партию до парламентских выборов: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-газета Naviny.by. — Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/politic/2011/09/29/ic_news_112_377341/ Дата звароту: 27.10.2011.
7. Сікорскі заклікае Лукашэнку пачаць перамовы аб мірнай перадачы ўлады: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-сайт газеты «Наша Нiва». — Рэжым доступу: http://nn.by/?c=ar&i=58226 Дата звароту: 27.10.2011.
8. Станет ли следственный комитет прорывом? : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Электронная газета «Ежедневник». — Рэжым доступу: http://www.ej.by/news/sociaty/2011/08/03/stanet_li_sledstvennyy_komitet_proryvom_.html Дата звароту: 27.10.2011.