Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода Беларусі Анатоль Рубінаў выказаўся за стварэнне партыі ўлады на базе рэспубліканскага грамадскага аб\`яднання «Белая Русь» на сустрэчы з шклоўскім актывам гэтай арганізацыі, што сведчыць аб разуменні часткі беларускай наменклатуры завяршэння этапу аўтарытарнай мадэрнізацыі і змяншэнні ролі прэідэнта ў беларускім грамадстве.
Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў вядомы як адзін з «бацькоў» існуючай ідэалогіі беларускай дзяржавы і яго выказванні шмат у чым акрэсліваюць далейшае развіццё беларускіх інстытутаў улады і агулам сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сістэмы, таму напярэдадні чарговых парламенскіх выбараў верагоднасць трасфармацыі РГА «Белая Русь» у палітычную партыю з адпаведным змяненнем выбарчай сістэмы краіны значна ўзрастае.
Анатоль Рубінаў выяўляе інтарэсы групоўкі беларускай наменклатуры, якая зацікаўлена ў добрых стасунках з Захадам і больш шчыльным супрацоўніцтве Беларусі з Еўрасаюзам. Дзеючы старшыня Савета Рэспублікі з\`яўляецца прыхільнікам эвалюцыйнай дэмакратызацыі беларускага грамадства, паступовай трансфармацыі беларускай мадэлі развіцця на заходні манер і неаднаразова падкрэсліваў, што «пераход да дэмакратыі, да заходнееўрапейскіх каштоўнасцяў павінен быць паступовым па меры развіцця эканомікі, пашырэння прыватнай уласнасці, росту палітычнай культуры і адказнасці ў грамадстве». Напачатку пацяплення адносінаў з Захадам у 2009 годзе Рубінаў заяўляў, што «наша будучыня наўпрост звязана з Еўрасаюзам, таму гэты кірунак для нас вельмі важны, не менш важны, чым расійскі». Варта зазначыць, што апора дзяржаўнага апарата на харызматычную асобу дзейснага кіраўніка Беларусі спрацоўвае ўсё меней. Па меры перарастання валютна-фінансавага крызісу ў хранічную стадыю незадаволенасць асобай А. Лукашэнка ўзрастае як сярод шараговых грамадзян, так і сярод чыноўнікаў у сувязі з няздатнасцю дзеючага прэзідэнта знайсці выйсце з існуючай сітуацыі. Згодна з чэрвеньскімі даследаваннямі НІСЭПД Аляксандр Лукашэнка губляе наўпроставую падтрымку сярод грамадства, якая апускаецца да найменшых паказнікаў за час усяго кіраўніцтва краінай, рэйтынгі іншых дзяржаўных інстытутаў падаюць і будуць працягваць змяншацца ў сувязі з нарастаннем крызісных з\`яваў у сацыяльна-эканамічным жыцці і адсутнасцю адказаў на праблемы ў эканоміцы краіны.
У такой сітуацыі беларускае кіраўніцтва знаходзіцца пад узрастаючым ціскам і верагоднасць змянення палітычнай сістэмы краіны павялічваецца ў сувязі з шэрагам чыннікаў.
Па-першае, дзеючаму кіраўніку неабходна забяспечыць падтрымку і маналітнасць наменклатуры. Аляксандру Лукашэнка доўгі час удавалася прадухіляць з\`яўленне сталых груповак сярод наменклатуры, якія бы неслі пагрозу яго асабістай уладзе з дапамогай адмысловай кадравай палітыкі. Зараз сітуацыя змяняецца вельмі хутка і рабіць кадравыя перастаноўкі становіцца ўсё цяжэй. Незадаволенасць няздатнасцю дзеючага кіраўніка дзяржавы дамовіцца як з Расеяй, так і Захадам і атрымаць адпаведныя палітычныя і эканамічныя дывідэнты ўзрастае не толькі сярод насельніцтва, а і наменклатуры, якая (акрамя сілавікоў) пачынае губляць болей, чым атрымліваць. А. Лукашэнка ўсё болей вымушаны саступаць у эканамічнай сферы пад ціскам Расеі і ісці на здачу дзяржаўнай маёмасці усходнім партнёрам, што не падабаецца «чырвонаму дырэктарату», які сам гатовы ўжо пачаць «раздзяржаўленне» маёмасці. Магчымасць надаць болей паўнамоцтваў наменклатуры, інтарэсы якой будзе прадстаўляць «партыя ўлады», створыць дадатковыя гарантыі для падтрымкі дзеючага кіраўніка дзяржавы, які ў сваю чаргу будзе выконваць ролю арбітра ў выпадку канфлікта інатэрсаў сярод чыноўнікаў і гаранта стабільнасці падчас наменклатурнай прыватызацыі.
Па-другое, Аляксандру Лукашэнка неабходна падзяліць адказнасць за тое, што адбываецца ці будзе адбывацца ў краіне, у тым ліку і за наменклатурную прыватызацыю дзяржаўнай маёмасці. Яшчэ ў 2006 годзе Анатоль Рубінаў падкрэсліваў, што «рынкавыя ўмовы, ад якіх мы нікуды не дзенемся, запатрабуюць ўрэшце і ад нас раздзяржаўлення асноўных сфераў вытворчасці і паслуг». Такі час ужо прыйшоў і ў кіруючых эліт назапасіліся рэсурсы для «раздзяржаўлення». У сваю чаргу наменклатура хоча забяспечыць сябе палітычнымі гарантыямі падчас маючага адбыцца распродажу дзяржаўнай маёмасці, а таксама захаваць стабільнасць у краіне і свой уплыў у перспектыве — пасля адыходу дзеючага кіраўніка дзяржавы ад кіраўніцтва.
Па-трэцяе, змяніўшы выбарчую сістэму напярэдадні парламенскіх выбараў 2012 года Аляксандр Лукашэнка здолее прадставіць гэтыя змены на Захадзе як значны крок па дэмакратызацыі палітычнай сістэмы і вярнуцца да палітыкі балансавання, атрымліваючы дапамогу з боку Захада па рэфармаванні эканомікі краіны. Беларускія ўлады ўжо прадпрынялі крокі, якія сігналізуюць аб жаданні распачаць дыялог з Захадам: нядаўна былі вызвалены дзевяць палітвязняў, асуджаных за ўдзел у масавых пратэстах пасля прэзідэнскіх выбараў. Зняволеныя кандыдыты ў прэзідэнты і іншыя апазіцыйныя лідэры пакуль знаходзяцца за кратамі, аднак іх пачнуць выпускаць бліжэй да парламенскіх выбараў ці з пачаткам выбарчай кампаніі, каб зменшыць уплыў радыкальных лідэраў на палітычную сітуацыю. Беларускае кіраўніцтва будзе таксама спрабаваць дамовіцца аб эміграцыі яскравых і харызматычных апазіцыйных лідэраў, якія настроены на змену палітычнага курса краіны.
Радыкальны варыянт трансфармацыі ўладнай сістэмы не задавальняе ніводную з груповак кіруючай эліты, аднак частка гэтай эліты ўжо выказвае жаданне змяніць умовы гульні на болей празрыстыя і цывілізаваныя, разумеючы што этап аўтарытарнай мадэрнізацыі краіны ўжо падыходзіць да свайго завяршэння. Вуснамі Анатоля Рубінава гэтая групоўка пачынае заяўляць пра свае інтарэсы і хацела бы мець палітычную сілу, якая была бы здольная гарантаваць інтарэсы кіруючых эліт ў сітуацыі, калі дзеючы прэзідэнт ужо губляе гэтую ролю.