Гэты падкрэсліваецца і звесткамі чарговага, сакавіцкага, апытання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследавання (НІСЭПД), які месціцца ў Вільнюсе. Згодна з ім, электаральны рэйтынг А. Лукашэнкі за тры месяцы, якія прайшлі паміж цяперашнім і мінулым даследаваннем, апусціўся на 10,1 працэнтны пункт да 42,9%. Прычым яшчэ ў сакавіку мінулага году ён складаў 42,7%.
Рэйтынг даверу да Аляксандра Лукашэнкі за гэты ж перыяд таксама знізіўся, але не настолькі істотна, як электаральны рэйтынг — усяго на 7,1 пункт. У сакавіку 2010 года гэты рэйтынг быў на ўзроўні 49,8%.
Прычым усяго за тры месяцы колькасць тых, хто хацеў зноўку ўбачыць Лукашэнку прэзідэнтам паменшылася на 7,1 пункт. Колькасць жа тых, хто гэтага не хацеў павялічылася на 3,2 пункты. Пры гэтым павялічылася і колькасць людзей, якія не змаглі адказаць пэўна, ці хацелі яны бачыць у фатэлі прэзідэнта менавіта гэтую асобу.
Пытанне: Лукашэнка зноў стаў прэзідэнтам краіны. Асабіста вы гэтага хацелі?
Варыянт адказу | Снежань 2010 году | Сакавік 2011 году |
Так | 53.3 | 46.2 |
Не | 40.0 | 43.2 |
Цяжкасці пры адказе альбо няма адказу | 6.7 | 10.6 |
Крыху адпачыўшы ад выбараў, амаль траціна беларусаў (32,8%) прызналася, што лічыць, што другі тур выбараў прэзідэнта ўсё ж павінен быў адбыцца. У снежні рэспандэнтаў з такой пазіцыяй было на 9,5 працэнтных пунктаў менш. Да прыхільнікаў гэтай пазіцыі далучыліся людзі, якія адразу пасля выбараў не змаглі адказаць на гэтае пытанне. Іх колькасць у сакавіку склала толькі 9,4%, у той час як яшчэ ў снежні пэўнай пазіцыі не мела 19,2% апытаных.Зрэшты, павялічылася і колькасць упэўненых у тым, што Лукашэнка перамог у першым туры --57,8%. Праўда, не настолькі значна, як іх апанентаў — усяго на 0,3%, што менш за памылку выбаркі.
Зрэшты, пераканаўчая большасць насельніцтва (75,2%) лічыць, што Лукашэнка набраў на мінулых выбарах абсалютную большасць галасоў. З іх 35,4% упэўнены, што Цэнтрвыбаркам усё ж завысіў выніковыя лічбы галасавання.
Чаму ж беларусы ўсё ж вераць у справядлівы, хай і часткова, поспех Лукашэнкі на мінулых выбарах. На думку 40,4% насельніцтва, у Беларусі проста няма іншых асобаў, якія маглі б заняць гэтую пасаду. Яшчэ 29,2% шчыра спадзяюцца, што ў чатырохразовага прэзідэнта Беларусі атрымаецца палепшыць іх жыццё. 17,1% гавораць пра яго рэальныя дасягненні, а 7,4% — пра асабістыя і дзелавыя якасці. Усяго 30,8% з тых, хто не давярае А. Лукашэнку, адчулі цяжкасць пры адказе на пытанне аб прычынах поспеху А. Лукашэнкі на выбарах.
Пытанне: Чым, на Ваш погляд, тлумачыцца дастаткова высокая падтрымка А. Лукашэнкі ў беларускім грамадстве?
Варыянт адказу | Усе апытаныя | Давяраюць А. Лукашэнку | Не давяраюць А. Лукашэнку |
Няма нікога, хто быў бы лепшым | 40,4 | 37,8 | 40 |
Надзеяй на тое, што ў яго атрымаецца зрабіць у будучым наша жыццё лепшым | 29,2 | 34,2 | 25,9 |
Яго рэальнымі дасягненнямі | 17,1 | 32,3 | 1,6 |
Яго асабістымі і дзелавымі якасцямі | 7,4 | 12,1 | 2,3 |
Цяжкасці пры адказе | 16,9 | 4,7 | 30,8 |
Такім чынам, беларусы знаходзяць, чым апраўдаць перамогу А. Лукашэнкі на мінулых выбарах. Насельніцтва краіны, уключаючы і большасць апанентаў прэзідэнта хаця і крыху расчараваліся, але ўжо змірыліся, што ён будзе кіраваць краінай яшчэ 5 гадоў.
Апублiкавана ARCHE