У цяперашніх знешнепалітычных умовах роля РГА «Белая Русь» у палітычным працэсе Беларусі значна ўзрастае. Пад ціскам вонкавых чыннікаў перад дзеючым прэзідэнтам паўстала праблема знешняй легітымізацыі прэзідэнскай улады, у першую чаргу з боку заходніх краін, якія патрабуюць дэмакратызацыі беларускай палітычнай сістэмы як падставы для далейшага супрацоўніцтва у эканамічнай, палітычнай і іншых сферах. Канфлікты з усходнім суседам перайшлі ў стадыю перманентных інфармацыйных, нафтавых, газавых, малочных і іншых войнаў і становіцца ўсё болей відавочным, што расейскі дуумвірат звязвае будучыя адносіны з новым кіраўніцтвам Беларусі. Масква стварае ў Беларусі адпаведныя як унутраныя, так і знешнія перадумовы для пачатку гэтых зменаў, якія могуць прынесці плён на працягу некалькіх наступных год. Беларускае кіраўніцтва вымушанае лавіяваць паміж двух агнёў і выбіраць лепшы з горшых варыянтаў. Не жадаючы губляць кантроль над палітычным працэсам, адміністрацыя прэзідэнта ўсё большую вагу надае псеўдаграмадскім аб’яднанням, якія паступова замяняюць непадкантрольныя структуры грамадзянскай супольнасці. Роля гэтых праўладных НДА і палітычных сіл заключаецца ў стварэнні для захаду карцінку дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі. На гэтых прэзідэнскіх выбарах кіраўніцтва РГА «Белая Русь» спрабуе сябе ў ролі арганізатара агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі. Аб гэтым сведчыць тое, што кіраўніком ініцыятыўнай групы дзеючага прэзідэнта Беларусі прызначаны старшыня Белай Русі. Адначасова дзеючае кіраўніцтва дзяржавы настойліва «прадае» Захаду ідэю дэмакратызацыі Беларусі пасля правядзення гэтых прэзідэнскіх выбараў. Аб распрацоўцы сцэнару паступовай дэмакратызацыі палітычнай сістэмы Беларусі пасля выбарчай кампаніі сведчыць і ўзрастаючая роля праўладных палітычных сіл, галоўным чынам БР, у выбарчым працэсе.
Прызначэнне міністра адукацыі Беларусі і старшыні РГА «Белая Русь» Аляксандра Радзькова кіраўніком ініцыятыўнай групы нясе ў сябе некалькі сэнсаў. Па-першае, беларускае кіраўніцтва дае сігнал зацікаўленым асобам, у першую чаргу вонкавым актарам, што яно абрала мяккі сцэнар правядзення выбараў, хаця б на першым яго этапе падчас збору подпісаў. Ускосна гэта сведчыць пра абранне выразнага геапалітычнага вектару — на наладжванне стасункаў з Еўрасаюзам і сыходу з сферы ўплыву Расейскай Федэрацыі. Па-другое, прызначэнне кіраўніком ініцыятыўнай групы старшыні РГА «БР» павялічвае вагу і перспектывы гэтай арганізацыі ў будучай палітычнай сістэме, якую закладвае дзеючае кіраўніцтва дзяржавы.
Яшчэ ў кастрычніку 2009 годзе напярэдадні мясцовых выбараў 2010 года кіраўніцтва БР заявіла, што асноўнай палітычнай кампаніяй ў бліжэйшы час для Белай Русі будуць прэзідэнскія выбары. Мясцовыя выбары для функцыянераў БР з’яўляліся своеасаблівым палігонам для адпрацоўкі новаўвядзенняў у выбарчае заканадаўства, якія мелі досыць ліберальны характар. Праўладныя НДА і палітычныя партыі, у тым ліку РГА «Белая Русь», справіліся з пастаўленай падчас мясцовай кампаніі кіраўніцтвам дзяржавы задачай на выдатна і нават трохі перавыканалі план прэзідэнскай адміністрацыі. У мясцовыя саветы патрапілі лічаныя прадстаўнікі апазіцыйных сілаў, што сведчыла аб поўным кантролі за выбарчым працэсам, лаяльнасці і кіруемасці мясцовага чынавенства. Паспяховае правядзення мясцовых выбараў 2010 года ва ўмовах частковай лібералізацыі выбарчага заканадаўства дазволіла сённяшняму кіраўніцтву пайсці на саступкі Захаду і яшчэ болей адпусціць лейцы лібералізацыі, што падчас збору подпісаў прывяло да «разгулу дэмакратыі» ў разуменні сённяшняга кіраўніцтва.
Нягледзячы на тое што ініцыятыўную групу дзеючага прэзідэнта ўзначаліў старшыня такога шматлікага аб’яднання як РГА «Белая Русь», асабовы склад якога ўключае 102 тыс. чалавек, адміністрацыя прэзідэнта вырашыла не палохаць замежных назіральнікаў «народнай падтрымкай» і абмежавалася 8.403 сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнка, што зрабіла дзеючага кіраўніка дзяржавы нават не першым сярод роўных. Старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч падаў спіс ініцыятыўнай групы у складзе 10484 асобаў і ў гэтым апярэдзіў лідэра беларускай дзяржавы. У выніку С. Гайдукевіч вымушаны быў застацца «гледачом у спектаклі» і нават не падаваў дакументы на рэгістрацыю кандыдатам, хаця яго ініцыятыўная група здолела за пяць дзён сабраць 100 тыс. подпісаў. У гэтым С. Гайдукевіч аказаў прыстойную канкурэнцыю дзеючаму кіраўніку дзяржавы, каманда якога пад кіраўніцтвам старшыні РГА «Белая Русь» прадэманстравала аналагічныя поспехі ў зборы подпісаў: ініцыятыўная група А. Лукашэнка перасягнула 100 тыс. бар’ер за першыя пяць дзён збору подпісаў.
Да прэзідэнскай выбарчай кампаніі РГА «Белая Русь» канчаткова сфармавала такі грамадскі інстытут, які шырока выкарыстоўваўся раней незалежнымі структурамі грамадзянскай супольнасці, як грамадскія прыёмныя. Напярэдадні выбарчай кампаніі ў Беларусі пачалі працаваць каля 120 грамадскіх прыёмных БР, афіцыйная задача якіх маніторынг працы органаў мясцовай улады з насельніцтвам.
Відавочна, што наўпроставы кантакт паміж прэзідэнтам і насельніцтвам ужо пачынае губляць сваю значнасць і дзеючаму кіраўніцтву дзяржавы патрабуюцца новыя формы сувязі з грамадствам, якія будуць запатрабаваны ў сярэднетэрміновай перспектыве ў выпадку трансфармацыі палітычнай сістэмы, якая трымаецца на асабістай уладзе дзеючага прэзідэнта.
Акрамя таго, грамадскія прыёмныя вырашаюць кароткачасовыя задачы па маніторынгу сацыяльна-палітычнай сітуацыі і настрояў у грамадстве. Ужо падчас выбарчай кампаніі кіраўніцтва БР перанакіравала дзейнасць грамадскіх прыёмных для збору подпісаў за дзеючага кіраўніка дзяржавы.
Падчас гэтай выбарчай кампаніі прадстаўнікі БР спрабуюць новыя формы палітычнай агітацыі, якія дазволяць ім ажыццяўляць канкурэнцыю ў адносна дэмакратычных умовах. У Мінску сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнка з Белай Русі арганізавалі каля 180 пікетаў па збору подпісаў. Таксама была заўважна актыўнасць па арганізацыі пікетаў па збору подпісаў асобнымі рэгіянальнымі аддзяленнямі БР у буйных гарадах: Наваполацку, Баранавічах, Барысаве і інш. Нягледзячы на нешматлюднасць пікетаў па збору подпісаў у падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы ў Мінску, што рэзка кантраставала з наведвальнасцю альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты, ініцыятыўная група А. Лукашэнка перасягнула 100 тыс. бар’ер за першыя пяць дзён.
У тэрытарыяльных выбарчых камісіях РГА «Белая Русь» прадстаўлена 147 сябрамі (7,4% ад агульнага асабовага складу камісій), у участковых — 3925 (5,5% ад агульнага асабовага складу камісій). Гэтыя лічбы значна меншыя за лічбы папярэдняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы 2010 году, калі у працы выбарчых камісій рознага ўзроўню было задзейнічана 16506 сябраў арганізацыі (19,3% ад агульнага асабовага складу камісій). Празмерная руплівасць мясцовых функцыянераў БР падчас выбараў у мясцовыя саветы па нядопуску непажаданых асобаў у мясцовыя саветы і жаданне арганізаваць прыймальны для заходніх назіральнікаў выгляд выбарчага працэсу паўплывала на рашэнне беларускага кіраўніцтва паменшыць квоту гэтай арганізацыі ў выбаркамах.
Адначасова кіраўніцтва БР наладжвае міжнародныя сувязі сваёй арганізацыі і спрабуе замацаваць партнёрскія стасункі з палітычнымі сіламі суседніх дзяржаў. Сувязі кіраўніцтва Белай Русь з польскімі палітыкамі вядомыя яшчэ з часу ўтварэння Гарадзенскага абласнога грамадскага аб’яднання БР, калі старшынёй арганізацыі стаў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту «этнічны паляк» Вітольд Песціс. Песціс мае някепскія сувязі з заходнімі навуковымі коламі: ён з’яўляецца ганаровым прафесарам Міжнароднага Венскага ўніверсітэту з 2008 г., а таксама атрымаў вышэйшую ўзнагароду ад Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта «Залаты Лаўр» за навуковыя дасягненні і міжнароднае супрацоўніцтва. Падчас канфлікту паміж двума беларускімі саюзамі палякаў Песціс быў адным з 31 «этнічнага паляку» з Беларусі, якія звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай «прыняць меры па спыненні разгулу фальшу ў польскіх медыях».
3 верасня гэтага года напачатку прэзідэнскай выбарчай кампаніі Беларусь наведала дэлегацыя польскай партыі «Самаабарона Рэспублікі Польшча», якая ў свой час нават уваходзіла ў урад парламенскай меншасці ў якасці аднаго з партнёраў партыі «Права і справядлівасць» (2005). Аднак падчас апошніх парламенскіх выбараў у 2007 годзе сябры гэтай палітычнай сілы не здолелі патрапіць у Сойм РП. Прадстаўнікі польскай непарламенскай апазіцыі сустрэліся з прадстаўнікамі адной з вядучых палітычных арганізацый нашай краіны — РГА «Белая Русь» з мэтай абмену досведам удзелу ў выбарчых кампаніях, абмеркавання беларуска-польскіх палітычна-эканамічных адносін, у тым ліку павелічэння таваразвароту ў паліўна-энергетычнай сферы і прадукцыі сельска-гаспадарчага машынабудаўніцтва. Дэлегацыю ўзначаліў старшыня Самаабароны Анжэй Леппэр, які мае даўнія стасункі з беларускім бокам.
У 2004 годзе Леппэр быў адным з тых міжнародных назіральнікаў падчас рэферэндуму па скасаванню абмежаванняў на прэзідэнскі тэрмін, якія выступілі ў якасці альтэрнатыўных міжнародных назіральнікаў і падтрымалі вынікі парламенскіх выбараў і рэферэндуму. Яшчэ напярэдадні рэферэндуму і ўтварэння Гарадзенскай абласной грамадскай арганізацыі «Белая Русь» у чэрвені 2004 года надзвычайны і паўнамоцтны пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы Павал Латушка сустрэўся з Анджэем Леппэрам (у студзені таго ж году), які на той час з’яўляўся старшынёй адной з вядучых апазыцыйных фракцыі ў Сойме Польшчы.
Візіты падобных замежных гасцей падчас выбарчай кампаніі, якія выказваюць падтрымку дзеючаму прэзідэнту Беларусі, скіраваны ў першую чаргу для ўнутранага карыстання. Аднак падчас гэтай выбарчай кампаніі хутчэй за ўсё іх паслугі будуць запатрабаваны ў меншай ступені: заходнія краіны гэтым разам настроены на прызнанне вынікаў прэзідэнскіх выбараў у Беларусі па шэрагу прычын.
Такім чынам, акрамя асноўнай задачы па забеспячэнню перамогі дзеючаму прэзідэнту Беларусі ў гэтай выбарчай кампаніі БР пераследуе і іншыя мэты. Сябры арганізацыі працягваюць набірацца досведу ўдзелу ў палітычных кампаніях і асвойваюць разнастайныя формы агітацыі і камунікацыі з грамадствам падчас выбарчай кампаніі, якія дазволяць пасля трансфармацыі Белай Русі ў палітычную партыю і паступовай дэмакратызацыі палітычнай сістэмы ажыццяўляць эфектыўную канкурэнцыю з апазыцыйнымі партыямі і кантраляваць палітычны працэс у краіне. Таксама арганізацыя спрабуе шукаць замежных партнёраў, з якімі можна было б наладзіць сталае супрацоўніцтва. Прычым, варта зазначыць, што грамадская арганізацыя (РГА «Белая Русь») наладжвае сувязі з палітычнай партыяй («Самаабарона РП») дзеля абмену досведу ўдзелу ў выбарчых кампаніях.