?В ходе рабочего визита в Турцию, который состоялся на минувших выходных, Александр Лукашенко заявил о том, что наша страна стремится выйти на уровень стратегического партнерства с Турцией и готова предложить турецкой стороне ряд перспективных направлений для совместной деятельности. Какие белорусско-турецкие договоренности в рамках этого визита вы бы выделили? В целом, каковыперспективы белорусско-турецких отношений?
Сяргей Богдан. 1. Да такіх заяваў трэба ставіцца вельмі асьцярожна. Рыторыка беларускага кіраўніка аб «стратэгічным партнэрстве» — гэта дзяжурная фраза ў яго лексіконе, якая абвяшчаецца падчас любога больш-менш сур\`ёзнага замежнага кантакту. У той самы час Беларусь сапраўды можа мець калі не стратэгічнае партнэрства, дык вельмі сур\`ёзнае супрацоўніцтва з Турэччынай — краінай, якая грае істотную ролю ў трох важных і ня надта аддаленых ад Беларусі рэгіёнох сьвету — у Паўднёва-Ўсходняй Эўропе (Балканах), Блізкім Усходзе і Каўказе.
2. Калі казаць больш канкрэтна, дык Беларусі, напрыклад, вельмі патрэбнае спрыяньне з боку Турэччыны ў такім пытаньні як дастаўка энэрганосьбітаў з касьпійскага і блізкаўсходняга рэгіёнаў. Безь яе такія праекты немагчымыя. А тое, што Беларусь цікавіць гэты напрамак забесьпячэньня энэргарэсурсамі вынікае як з афіцыйных заяваў, так і з жвавых кантактаў Менска з кіраўніцтвам Грузіі ды Азэрбайджана, ня кажучы ўжо пра нафтавы праект зь Іранам.
Касьпійска-блізкаўсходні варыянт забесьпячэньня Беларусі энэргарэсурсамі можа даць Беларусі мала таго, што большую ці меншую свабоду ад расейскіх паставак, але пры разьвіцьці яго да адпаведнага ўзроўню дазволіць стабільна атрымліваць нават таньнейшыя за расейскія нафту і газ.
Лішне казаць, што варыянт гэты цікавы ня толькі Беларусі, але і ўсёй Усходняй Эўропе, а таксама і ЭЗ. Лішне казаць і пра тое, што такі варыянт вельмі недаспадобы Расеі, бо нішчыць дазваньня ейны ўплыў у Эўропе. Таму разьвязаць гэтую праблему вельмі няпроста. Разам з тым, прыклад з касьпійскай нафтай паказаў, што пераадолець расейскае супрацьдзеяньне можна.
Іншая рэч, што ЗША зараз працівяцца любым спробам пашырэньня рынкаў іранскае нафты. Аднак праз Турэччыну можа ісьці нафта і зь іншых блізкаўсходніх краінаў, у прыватнасьці Ірака. А па-другое, цяперашні турэцкі ўрад апошнім часам даволі вольна паводзіцца з амэрыканскімі рэкамэндацыямі. Больш за тое Анкара мае мноства крыўдаў на ЗША і Ізраіль за іх супрацу з дэ-факта незалежным Ірацкім Курдыстанам. І ў сваёй крыўдзе Турэччына не спыняецца перад даволі радыкальнымі крокамі, як тое прадэманстравалі нядаўнія сутыкненьні з Ізраілем. Таму хто ведае, ці ў адказ на далейшыя крокі Захаду па ўмацаваньні курдзкай квазы-дзяржавы, Анкара дазволіць іранцам — за адпаведнае ўзнагароджаньне — прасунуць свае нафтавыя інтарэсы?
Наколькі гэта так — сказаць складана, бо такога кшталту рэчы заўчасна ніхто ня будзе афішаваць, аднак афіцыйны сайт прэзыдэнта Беларусі паведаміў, што прапрацаваць нейкія праекты з туркамі павінен у прыватнасьці канцэрн «Белнафтахім».
3. Разам з тым варта зазначыць, што візыт выглядаў даволі дзіўна. Па-першае, ён адбыўся пасьля вельмі доўгага перапынку, бо апошні раз сапраўдны візыт — а не наведваньне Турэччыны ў рамках саміту — меў месца аж у 1996 годзе. Пасьля таго мадэль стасункаў Турэччыны зь Беларусяй нагадвала мадэль беларускіх адносінаў з краінам Эўразьвязу — фактычна эканамічныя і бізнэсовыя сувязі разьвіваліся, але палітычныя кантакты амаль не выходзілі за межы кантактаў на ўзроўні намесьнікаў міністраў.
Па-другое, візыт беларускага прэзыдэнта дзіўны па сваёй форме ды месьце. Складваецца ўражаньне, што Лукашэнку краем трэба было трапіць у Турэччыну, так што нават не хацелася чакаць нейкіх афіцыйных запрашэньняў ды падрыхтоўкі. Ён, бясспрэчна, вядомы сваім часам імпульсыўным падыходам да правядзеньня візытаў — як падчас раптоўнага наведваньня Японіі ў 1998 годзе — аднак гэтым разам падобна ён сапраўды меў нейкую справу. Дзеля таго атрымалася нават выцягнуць Эрдагана і Гюля з Анкары. Прытым турэцкі бок быў куды менш зацікаўлены ў беларускім госьці — у аэрапорт яго прыехаў сустракаць ці то памочнік, ці то заступнік губэрнатара Стамбула.
Дзяжурнай вэрсіяй наконт гэтага візыту была вядома здагадка пра тое, што насамрэч беларускі прэзыдэнт прыехаў адпачыць. Але турэцкія СМІ не пішуць пра адпачынак, затое пішуць, што Лукашэнка прыехаў пабачыцца з Гюлем і Эрдаганам.
Нашто? Апрача высунутых вышэй стратэгічных меркаваньняў, Лукашэнку можа быць важная падтрымка турэцкага кіраўніцтва, няблага інтэграванага ў заходні палітычны сьвет. Нават нягледзячы на зьмены ў турэцкай палітыцы ў 2000-х гадох, зьвязаныя з прыходам да ўлады ісламістаў, Турэччына занадта цесна зьвязалася ўжо і з НАТО, і з ЭЗ, і з шэрагам ключавых заходніх краінаў (у тым ліку ЗША), каб сьпісваць яе зь ліку краінаў, блізкіх да Захаду.
Таму Лукашэнка цалкам мог разглядаць турэцкіх кіраўнікоў у якасьці каналаў і прамоўтэраў для перадачы сваіх пасланьняў на Захад — у чым яму, падобна, раней дапамагалі Юшчанка ці Саакашвілі.
Варта асобна зазначыць, што няма падставаў зьвязваць такі візыт (асабліва зважаючы на ўсе яго дзіўныя асаблівасьці) з прыходам да ўлады ў Турэччыне ісламістаў. Яны — ў той ці іншай форме і ступені — знаходзяцца там ва ўладзе ўжо прынамсі з 2003 году, але ад таго беларуска-турэцкія палітычныя стасункі ніколькі не палепшаліся.
Паўтаруся, няма пэўнасьці, што яны палепшаюць гэтым разам, бо абставіны візыту занадта дзіўныя, каб дапускаць, што візыт быў прысьвечаны гэтай задачы. Хутчэй «візыт» нагадваў або прыкрыцьцё для нейкага іншага занятку, або вельмі пільную і тэрміновую спробу вырашыць нейкае вельмі канкрэтнае пытаньне.
І апошняе: нягледзячы ні на што, далягляды стасункаў Беларусі з Турэччынай аб\`ектыўна вельмі добрыя. Толькі за першае сёлетняе паўгоддзе тавараабарот з Турэччынай склаў амаль 200 мільёнаў даляраў. Гэта шматкроць больш, чым з Іранам, нягледзячы на мізэрныя беларуска-турэцкія палітычныя стасункі і, адпаведна, мінімальную палітычную падтрымку. Турэччына ўжо даўно зьяўляецца своеасаблівым прагалам у беларускай вонкавай палітыцы — пры неблагім гандлі вялікага сяброўства паміж урадамі няма. Таму эканамічна пэрспэктывы выглядаюць вельмі добра.
Разам з тым Турэччына занадта блізкая да Беларусі, каб яе можна было ігнараваць. Нават гістарычна Турэччына — гэта самая знаёмая (і трэба сказаць некалі добра знаёмая беларусам) ісламская і блізкаўсходняя краіна. Першы беларуска-турэцкі размоўнік быў складзены яшчэ ў 1830-х гадох, шмат раней за ўсе іншыя мовы. Дадайце да гэтага, адсутнасьць у беларускай традыцыі ісламафобіі і туркафобіі, уласьцівай амаль усім славянскім народам.