/Самаўдасканаленне/

Зацемкі на палях беларускай мэнтальнасьці

І. «Проста» беларус

1.1. Беларуса ніколі не бывае зашмат;

1.2. Чалавек, які не разумее, хто ён такі, як раз і ёсьць беларусам. Тое зусім не азначае, што іншыя ў ім нешта разумеюць;

1.3. Хованкі — улюбёная нацыянальная гульня беларусаў (В. Акудовіч);

1.4. Беларус баіцца думаць не таму, што ня ўмее, а таму, што асьцерагаецца выкрыць самога сябе;

1.5. Беларус ёсьць і яго адначасова няма. Таму яго адно можна альбо вылічыць, альбо высачыць. На беларуса трэба заўсёды «хадзіць» як на паляваньне;

1.6. Беларус думае адно, кажа другое, а робіць трэцьцяе. Праз тое спрабуе захаваць недатыкальнасьць і сувэрэннасьць свайго «я»;

1.7. У беларуса нават шчасьце і тое трывожнае;

1.8. За савецкім часам «Беларус» — гэта не нацыянальнасьць, а — трактар. Кансьпірацыя, згорнутая ў пэрспэктыву мадэрнасьці;

1.9. «Мы, беларусы, — мірныя людзі…» Самападман тых, хто прызвычаіўся хавацца ў бульбу;

1.10. «Мы, беларусы, з братняю Русьсю разам шукалі да шчасьця дарог.». Таму й не знайшлі, што ня з тымі шукалі;

1.11. З беларусаў былі найлепшыя камуністы, покуль быць камуністам было выгодна і бясьпечна;

1.12. Беларус — геній іншаформы. Перакінуцца ў ваўкалака — яму раз плюнуць;

1.13. Традыцыя для беларуса — ён сам, а таму пачынае ён яе заўсёды зь белага аркуша;

1.14. Беларусу ўвесь час баліць і смыліць, таму даволі часта ён не знаходзіць сабе месца, а калі й знаходзіць, дык ня там;

1.15. Зь беларусаў, як з кокана, часам выходзяць «рускія». Гэта мясцовыя шоўкапрады;

1.15. А «спракаветны» беларус можа быць і маладым чалавекам;

ІІ. Падпольны чалавек

2.1. Беларус — зазвычай падпольны чалавек. Падпольнасьць — прага забранай самадастатковасьці, якую ня могуць парушыць вонкавыя абставіны;

2.2. Дастаеўскі ніколі б не стварыў «падпольнага чалавека», калі б ня ведаў беларуса і ня меў сантымэнту да свайго этнічнага паходжаньня;

2.3. Раскольнікаў і Грынявіцкі — адзін і той жа тыпаж, паходжаньнем з «северо-западного края»;

2.4. Беларус, аднак, рэдка любіць казаць праўду, бо зазвычай пра яе пытаюцца ў яго розныя прыхадні;

2.5. Беларус да кожнай улады ставіцца зь недаверам і разглядае яе як акупацыйную (Л. Баршчэўскі), бо ня памятае, калі меў сваю;

2.6. Нарэшце, беларусу падалося, што ён яе займеў: атрымалася жахлівая карыкатура;

2.7. Лес для беларуса — родны бацька;

2.8. Хата для яго — часовае жытло;

2.9. Беларуса, які выправіўся ў сьвет, потым ужо ня знойдзеш;

2.10. С. Дубавец сьцьвярджае, што сучаснага беларуса сфармавала цяжкая ежа, г. зн., бульба з салам, а рухомасьць італьянца — вынік спажываньня спагецьці з таматамі і перцам. Праўда, дадаючы да скваркі чарку, беларус часам набывае рухомасьць італьянца;

2.11. Беларуская мова — знак бяды для беларуса (В. Акудовіч).

ІІІ Прамежкавыя тыпы

3.1. «Тутэйшыя».Раней самы распаўсюджаны прамежкавы тып беларуса. «Пазыцыянаваў» сябе як мясцовую прыродную зьяву. Прыкінуцца травой, каменем, «нікім», «распусьціцца ў ляндшафце» — ягоная тыповая мадэль паводзінаў, прызначаная дзеля таго, каб выпасьці з поля зроку чарговага захопніка;

3.2. «Людзі на балоце». Генэтычна зьвязаныя з «тутэйшымі». Але ад апошніх адрозьніваюцца надзвычайнай архаічнасьцю лякальнай беларускай мэнтальнасьці. Мала схільныя да перайманьня прапанаваных ім мадэляў «мадэрнізацыі». Ніяк не імкнуцца акрэсьліць сябе ў сучаснай сацыяльнай і палітычнай прасторы;

3.3. Чалавек багны — найбольш хтанічная фігура беларускай мэнтальнасьці, звычайна бачная толькі па пояс;

3.4. «Босыя на вогнішчы» — сацыяльны тып беларуса-«тутэйшага». Зазвычай яны выяўлялі ці выяўляюць жахлівы драматызм любой прамежкавай/памежнай беларускай сытуацыі;

3.5. «Западно-русы». Упершыню дакладна апісаў А. Цьвікевіч. Насёньня, хоць і заўважная, але маргінальная групоўка. Хацелі б «увайсьці» ў Расею. Гэта — мясцовыя русафілы, схільныя да самакалянізацыі;

3.6. «Савецкія беларусы» — прадукт нэакаляніяльнай паітыкі, якая праводзілася ў форме саветызацыі і русыфікацыі. Маюць некаторыя агульныя рысы з «западно-русамі». Унутры краіны самавызначаюцца як беларусы. Але, патрапіўшы на Захад, у адпачынак ці на «шопінг», звычайна называюць сябе «русскими».

ІV. «Стандартны» альбо пост-савецкі/каляніяльны беларус

4.1. Не размаўляе ні на воднай мове, акрамя расейскай. А запытаўшыся ў яго пра родную мову, ён, падумаўшы, можа адказаць, што родная — беларуская;

4.2. Для адных зь іх беларуская мова — «грубая й некультурная», а для другіх — «мяккая»;

4.3. Увогуле ж, стандартнага ці каляніяльнага беларуса лёгка пазнаць па тым, што на «Опель» ці «Пэжо» ён кажа «іншамарка», а на «Москвич» — «автомобиль отечественного производства»;

4.4. Найбольш адукаваныя зь іх могуць гаварыць пра «отечественную философию». Калі ж запытаешся, што маецца на ўвазе, аказваецца, што гаворка йдзе пра «русскую философию». «Отцы» ў іх па-ранейшаму жывуць у іншай краіне і ў іншых стагодзьдзях;

4.3. А інтэлігенты сярод іх — тыя, хто навучыўся размаўляць па-расейску без акцэнту;

4.4. І ўсё ж па вялікім рахунку стандартны беларус гэта — «нерусская морда», «лицо нерусской национальности». І няма тут чаго крыўдзіцца, тым больш тым, у каго «отцы» засталіся у Расеі;

4.5. Увогуле ж, стандартнага беларуса цяжка пакрыўдзіць. Крыўдлівыя сярод іх — толькі мянты;

4.6. Рускія ж дужа крыўдзяцца на беларусаў, калі тыя не прызнаюць іх за сваіх. А некаторыя нават робяцца й глыбока няшчаснымі;

4.7. Зазвычай каляніяльны беларус ня любіць сваёй гісторыі. Бо ў ёй зашмат траўматычнага. А іншай, пазытыўнай і таксама сваёй, гісторыі не дае веры: яна не пацьвярджаецца ягоным уласным досьведам. Як можна, напрыклад, паверыць у тое, што беларус выдаў трэцьцюю па ліку перакладную Біблію ў сьвеце?! Не-маг-чы-ма!

4.8. Некаторыя зь іх, калі й думаюць, дык — зусім «ня там».

V. Віртуальны беларус

5.1. Неяк адзін з сяброў напаўжартам запытаўся ў мяне пра падставы «новага беларускага аптымізму (!)». Відаць, трэба было б пашукаць іх у «віртуальнай прасторы», прыпомніўшы час, калі нашыя душы блукалі ў сьвеце прыгожых і дасканалых ідэяў. А можа, варта было б абудзіцца да жыцьця ў іншых формах? (гл. Абдзіраловіча). Ці пачаць думаць там, дзе знаходзішся;

5.2. Покуль жа, — пра беларуса, што ні скажы, усё будзе няпраўдай.