Цягам апошняга месяца тэма «нафтавай вайны» паміж Расіяй і Беларуссю стала нагодай для шматлікіх публікацы і навінных сюжэтаў у незалежных і дзяржаўных СМІ. Якія катэгорыі выкарыстоўвалі журналісты для апісання нафтавага канфлікта і ці супадалі стратэгіі выкарыстання дадзенай інфармацыйнай нагоды на дзяржаўным і незалежным тэлебачанні? Мы прапаноўвае разгледзець дадзеныя пытанні, выкарыстоўваючы канцэпцыю поля П. Бурдз’ё і аналіз тэлевізійных паведамленняў Джона Фіска.

Аналізуючы функцыяванне беларускіх СМІ, важна ўлічваць завостраную двупалярнасць палітычнага поля: прысутнасць дзялення (катэгорый) на дзяржаўны і апазіцыйныя блокі, — з чаго вынікае гэткая ж двупалярнасць поля СМІ. Пры гэтым, важна ўлічваць той факт, што, згодна Бурдз’ё, знаходзячыся ў апазыцыі, два полюса атрымліваюць узаемную выгаду, паколькі артыкулююць сваё існаванне, праз адрозненне. Дадзеная тэза падаецца нам асабліва важнай у кантэксце аналізу дзейнасці тэлеканала БелСат і шэрагу дзяржаўных тэлеканалаў (АНТ, БТ, СТВ, Лад): у большасці выпадкаў яны прадстаўляюць дыяметральна супрацьлеглыя пазіцыі, ва усялякім выпадку, ад іх чакаюць менавіта гэтага.

Аднак асвятленне чарговай «нафтавай вайны» падаецца нам цікавым выпадкам, паколькі найлепшым чаным выяўляе глыбіннае падабенства журналісцкіх тэкстаў апазыцыйных адзін да аднаго тэлеканалаў, гэтаксама як і існуючае паміж імі пагадненне адносна перадумоваў, якія абумаўляюць дзейнасць самога поля беларускага журналістыкі. Пад дадзенымі перадумовамі мы ў першую чаргу разумеем падзеленасць грамадства на «лагеры» («за”/”супраць» Лукашэнкі), дамінаванне дзяржаўнага бачання сацыяльнай рэчаіснасці, немагчымасць эфектыўнага супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ і неабходнасць усечаснай «інфармацыйнай вайны». Пры гэтым, мы не сцвярджаем, што дадзеныя перадумовы з’яўляюцца адзіна правільнымі, аднак, на нашую думку, менавіта яны структуруюць поле журналістыкі ў Беларусі.

Абапіраючыся на гэтую веду мы маглі б выказаць здагадку, што навінныя сюжэты, асвятляючыя сітуацыю з коштамі на нафту, у залежнасці ад іх вытворцаў будуць падзяляцца на тыя, у якіх дзеянні ўрада будуць рэпрэзентавацца як «станоўчыя, нармалізуючыя і г. д.» (дзяржаўныя СМІ), і «памылковыя, шкодныя для насельніцтва краіны» (незалежныя СМІ). Аднак у гэтым выпадку мы аналізуем толькі вонкавыя фактары функцыянавання поля журналістыкі. Выкарыстоўваючы ж тэзы Бурдз’ё, мы павінны звярнуцца да ўнутранай дынамікі поля журналістыкі. Менавіта тады мы ўбачым унутраную канкурэнцыю ўнутры яго. Варта адзначыць, што дадзеная канкурэнцыя падпарадкоўваецца ў першую чаргу жаданню «легітымнага гвалту», пераканання аўдыторыі ў надзейнасці толькі адной з крыніц інфармацыі. Аналізуючы навінныя матэрыялы, якія выходзілі на БелСаце, АНТ і СТВ цягам апошняга месяца, мы звярнулі ўвагу на прысутнасць тэмы нафтавага канфлікту ў «павесцы дня» тэлеканалаў.

Цікавым з’яўляцца той факт, што на дзяржаўных тэлеканалах у большасці навінных выпускаў дадзеная тэма ўзгадваецца альбо ўскосна (у сувязі з умацаваннем дзяржаўнай мяжы (СТВ), падпісаннем мытнай дамовы паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам (АНТ)), альбо як чарговая нагода для дэманстрацыі высілкаў кабінета Лукашэнка і яго асабіста па ўрэгуляванню дадзенай сітуацыі (Лукашэнка накіраваў ліст да Мядведзева, АНТ). Пры гэтым, у апошнія дні дадзеная тэма ўвогуле не падымалася ў навінны матэрыялах дзяржаўных тэлеканалаў (на АНТ апошні матэрыял на дадзеную тэму выйшаў 13.01.10, на СТВ — 10.01.10).

Важна адзначыць і тое, што зазвычай, паведамленні выключна палітычнага характару ідуць побач з забаўляльнымі альбо «лёгкімі» тэмамі: візіт Лукашэнка ў новы студэнцкі інтэрнат, наступствы моцных марозаў і г. д. і маюць тэндэнцыю да ўсечаснага паўтарэння толькі адной думкі: нягледзячы ні на якія абставіны, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі стабільная і нават можна казаць пра тэндэнцыі развіцця (шматлікія матэрыялы аб выніках мінулага году, планах на будучы, прыняцці разнастайных заканадаўчых актаў, накіраваных на ўнутраную і вонкавую бяспеку грамадзян). Дадзеная тэндэнцыя адлюстроўвае, на нашую думку, меркаванне Я. Палесскага [1] адносна таго, што «дамінаванне забаўляльнай інфармацыі і ёсць прапагандай», а ўбудаванне сюжэтаў аб палітычных падзеях у агульны забаўляльны навіны блок размывае сэнс навіны, пераўтвараючы дадзеныя матэрыялы ў паўтарэнне пэўных мантр (аб іх імпліцытным змесце яких пісалася вышэй).

У гэты ж час, тэлеканал БелСат прапаноўваў «нафтавы канфлікт» галоўнай тэмай выпуску навін у тым ліку і цягам апошніх дзесяці дзён (з 14.01 і да 23.01). Пры гэтым, у адрозненні ад дзяржаўных СМІ, дадзеная тэма рэпрэзетавалася востра, з прыцягненнем разнастайных экспертаў: эканамістаў, палітолагаў, журналістаў. Асноўны змест навінных матэрыялаў канцэнтраваўся вакол крытыкі ўрада, дараматычнасці наступстваў нафтавага канфлікта для грамадзян Беларусі, а таксама верагоднасці зніжэння рэйтынга Лукашэнка. Пры гэтым, вачавіднай з’яўляецца эксплуатацыя дадзенай тэмы для павышэння вострасці і сацыяльнай значнасці навінных прграм БелСата.

Дадзеная сітуацыя адлюстроўвае думку Дж. Фіска аб тым, што навінныя матэрыялы не настолькі адрозніваюцца ад мыльных опэр, як гэта хочуць прадставіць журналісты [2]. Паўтарэнне адной і той жа «тэмы нумара» з выдання ў выданне, драматызацыя сітуацыі (матэрыял ад 23.01 «Паліва падаражэла» звязвае павелічэнне коштаў на бензін з «нафтавай вайной», прадказваючы павышэнне коштаў на харчовыя прадукты, што з’яўляецца «новым паваротам» старой тэмы), з’яўленне ўсё новых і новых сюжэтных адгалінаванняў ад першапачатковай тэмы — усё гэта адсылае нас наўпрост да структуры мыльных опэр. Пры гэтым, аднак, ствараецца імітацыя знаходжання журналістаў ў эпіцэнтры падзеяў і валодання імі нейкай сакрэтнай інфармацыі (інфармацыі, якой няма ў канкурэнтаў — дзяржаўных тэелканалаў). Такім чынам, мы вяртаемся да развагаў П. Бурдз’ё адносна ўнутранай барацьбы ў межах аднаго поля: з аднаго боку — журналісты дзяржаўных СМІ, з іншага — незалежныя журналісты. Аднак і тыя, і другія, бліжэй да гетэрагеннай часткі поля журналістыкі, не маючы магчымасцей дзейнічаць аўтаномна. Пры гэтым абмяжоўваючым фактарам і для дзяржаўных, і для незалежных СМІ з’яўляецца іх датацыйны характар існавання: БелСат атрымлівае грошы ад заходніх фондаў, АНТ, СТВ — непасрэдна з дзярж. бюджэту. Дадзены фактар задае танальнасць матэрыялаў кожнага з тэлеканалаў, менавіта таму журналісты БелСата вымушаныя заўсёды быць у апазыці, а журналісты дзяржаўных СМІ — падтрымліваць дзеючую ўладу. Гэта і ёсць адна з перадумоў, якія абумаўляюць існаванне самога поля беларускай журналістыкі.

Аднак аналіз рэпрэзентацыі «нафтавай вайны» паказаў таксама і тое, што ўнутры самога поля канкурэтная барацьба практычна не адбываецца. Дакладней, толькі адна група гульцоў прызнае існаванне канкурэнтаў: незалежныя СМІ. Рэпрэзентацыя спрэчнага пытання, якое дзяржаўныя СМІ вымушаныя згладжваць, з’яўляецца пэўным шанцам для незалежнага тэлеканала прадэманстраваць сваю патрэбнасць беларускаму грамадству (і, адпаведна, спонсарам), зладзіўчы шматбаковы разгляд дадзенай праблемы. Пры гэтым ствараецца сітуацыя, пры якой з’яўляецца магчымасць прадставіць тэлеканал як пляцоўку для грамадскай дыскусіі (як прыклад — навінны выпуск ад 17.01.10, у якім у ролі экспертаў бралі ўдзел В. Мартіновіч, Л. Злотнікаў, А. Гулаг ды іншыя), што адлюстроўвае першасныя задачы праэкта незалежнага вяшчання на Беларусь. Такім чынам, атрымліваецца, што асвятляючы вострую тэму, прадстаўляючы разнастайныя погляды на яе, СМІ імкнуцца (імкнецца) не толькі выканаць свой дэкламуемы абавязак інфармавання грамадства, але і абыйсці канкурэнта, наблізіцца да авалодання магчымасцю ўсталёўваць нармаваныя катэгорыі ўспрыняцця рэчаіснасці. У сувязі з гэтым, цікавым падаецца тое, што дзяржаўныя СМІ быццам бы не маюць мэтай барацьбу з незалежнымі, цалкам упэўненыя ў сваіх лідуючых пазіцыях. І на дадзены момант яны маюць рацыю.
----------------

[1] Матэрыял круглага стала «Нашего мнения» на тэму «Проблемы и перспективы независимых СМИ», 2006.
[2] Fisk, J. Television Culture, 1987

Абмеркаваць