Прысьвячаецца Сяргею Каваленку й навагодняй яліне ў Віцебску

Вулічная актыўнасьць апошніх гадоў надта ж нагадвае копію копіі, зробленай пад капір. Контркультура, вулічныя пратэсты ў траўні 1968-га, Памаранчавая Альтэрнатыва ў сярэдзіне 1980-х у Польшчы (Pomaranczowa Alternatywa) — усё гэта, вядома ж, ужо было. І, на першы погляд, на асноведзі вычарпанасьці (у нашым сацыякультурным асяродку) фармату масавых вулічных акцыяў, ужо, у прынцыпе, не магчыма прыдумаць нешта новае. Аднак мы дазволім сабе з гэтым не пагадзіцца.

Мы хацелі бы засяродзіць увагу на ўнікальнай, на нашую думку, культурнай зьяве, якая ня толькі дадае дынамікі нашаму сацыякультурнаму полю, але і абсалютна выдзірае з пэрэфэрыйнай канвы нашую публічнасьць. Мы называем гэта — канцэптуальным вулічным супрацівам.

Практыка

Здавалася, ані напрыканцы ХХ-га, ані напачатку ХХІ-га стст. нельга гаварыць пра пасьпяховыя і эфэктыўныя вулічныя акцыі, калі ў іх удзельнічае менш за некалькі тысяч чалавек. Аднак адмаўленьне ад масавасьці і стаўка на іншыя каштоўнасьці дазваляе зірнуць на іншы капыл на акцыі невялікіх, мабільных і творчых згуртаваньняў.
Галоўнае адрозьненьне выказваньняў гэткага кшталту — канцэптуальнае напаўненьне і выяўленьне пазыцыі, рэзка адрознай ад афіцыйнага дыскурсу. Падобныя выказваньні можна параўнаць са спантаным карнавалам. Карнавал, які, разрываючы рэчаіснасьць на шматкі, зьмяняе й зашмальцаваны штодзённасьцю позірк. Папросту таму, што карнавальная форма вулічнага выказваньня, зьяўляючыся адначасова і зьместам, стварае вакол сябе іншую прастору.

Гэткага кшталту акцыі, безумоўна, можна і трэба трактаваць па-рознаму. Адныя бачаць у іх стоадсоткавы арт і выключна мастацкі сэнс, іншыя ўважаюць іх за апазыцыйныя пэрмормансы і г. д. Нам, у сваю чаргу, здаецца хібным і першае, і другое, таму і хацелася бы даць уласную назву гэтым акцыям і акрэсьліць іх месца ў публічнай прасторы.
Пра што менавіта гутарка? Мы называем гэта канцэптуальным вулічным супрацівам. Сутнасьць дадзенага фэномэну, пэўна, найлягчэй патлумачыць, абапіраючыся на канкрэтную фактуру. Мы вылучым толькі дзьве групы, якія, на нашую думку, найбольш яскрава адлюстроўваюць сэнс і лёгіку канцэптуальнага вулічнага супраціву. Зь беларускага боку — гэта Мірон. Калі ж гаварыць пра постсавецкую прастору, то, несумненна, — гэта арт-група «Вайна».

Безумоўна, трэба адзначыць, што ў беларускай культурнай прасторы былі, вядома ж, і акцыі, больш яскравыя за вывешваньне сьцягоў Міронам. Можна прыгадаць і «Падарунак прэзыдэнту» Алеся Пушкіна, і зашыты рот Славаміра Адамовіча. Аднак гэта былі аднаразовыя акцыі, і таму абсалютна не выпадае разглядаць іх у кантэксьце нашай размовы пра канцэптуальны вулічны супраціў.

Вяртаючыся ж да акцыяў Мірона, трэба адзначыць, што галоўнае для нас, калі мы гаворым пра акцыі гэтае групы, — пасьлядоўнасьць. І калі зь сярэдзіны 1990-х канцэптуальна ў дзеяньнях Мірона нічога не зьмянілася, то, зь іншага боку, не адбылося і адыходу ад першапачатковых каштоўнасьцяў.

Калі гаварыць пра дзеяньні Мірона сьцісла, варта адзначыць толькі тое, што ў асноўным яны абмяжоўваюцца вывешваньнем нацыянальных бела-чырвона-белых сьцягоў у цяжкадасяжных месцах. І былі распачатыя з нагоды рэфэрэндуму 1995 году, пасьля зьмены дзяржаўнай сымболікі.

Напэўна, колькі словаў трэба сказаць і пра акцыі арт-групы «Вайна», згаданую вышэй. Вылучым адно некаторыя іх, на нашую думку, знакавыя акцыі. Групавы сэкс у Біялягічным музэі як партрэт сучаснага расейскага грамадзтва. Заварваньне рэстарацыі «Опричник» (актывісты групы заварылі дзьверы ў рэстарацыі Міхаіла Лявонцева ў Маскве). І акцыя «Мент у папоўскай рызе», якая ляканічна тлумачыць, што адбылося з расейскім грамадзтвам за «сытыя» гады (актывіст групы ў рызе праваслаўнага сьвятара, пад якой была апранутая форма супрацоўніка МУС, увайшоўшы ў краму, дэманстратыўна набраў пяць пакетаў прадуктаў і, не разьлічыўшыся, пранес іх наўпрост цераз касы).
І акцыі Мірона, і акцыі «Вайны» на сто адсоткаў адпавядаюць эстэтыцы карнавалу. Яны вобразна і зразумела ня толькі крычаць пра стан грамадзтва, але і разьдзіраюць на шматкі мэдыяпрастору, даючы гэтым магчымасьць карнавальнаму дыскурсу бурыць афіцыйныя догмы.

Тэорыя

Канцэптуальны вулічны супраціў не зьяўляецца ані гістарычным, ані структурным паняткам і пагатоў ня можа ўважацца за нейкі палітычны рух. Гэта ўсплёскі грамадзянскіх актыўнасьцяў, якія дазваляюць сабе выйсьці па-за межы трывіяльнай крытыкі інстытуцыяў у грамадзтве кантролю.

Напэўна, варта адразу ж пазначыць усе кропкі над і. Чаму канцэптуальны, чаму вулічны і чаму, урэшце, супраціў? Што датычна першага — гэта сапраўды найскладанейшы момант. Вызначыць мяжу паміж канцэптуальным выказваньнем і брутальным хуліганствам часьцяком здольныя адно інсайдэры пратэстнага руху. Аднак, не зважаючы на гэта, канцэпт адыгрывае выключную ролю як гэткі каталізатар да пераасэнсаваньня сацыяльнай рэчаіснасьці.

У якасьці прыкладу можна згадаць мэтафарычны вобраз Медзьведзяняці, да якога апэлюе арт-група «Вайна». З дапамогай мэтафарычнай адсылкі да вобразу сацыяльнай рэчаіснасьці, група дзеліцца сваім бачаньнем публічнасьці і адначасова правакуе зразумець ідэю свайго выказваньня. Іншая справа, што, у прынцыпе, канцэпт не падпадае пад адназначную, «слушную» інтэрпрэтацыю. Але пра гэта ніжэй.

Вуліца. Прастора вуліцы, як і іншае публічнае месца, у канцэптуальным вулічным супраціве выкарыстоўваецца як мэдыяканал, які дазваляе ажыцьцяўляць выяўленьне пратэсту. У дадзеным выпадку пратэст — супраціў уладзе, прычым улада не атаясамляецца зь дзяржаўнымі інстытутамі, а разумеецца ў шырэйшым сэнсе, як магчымасьць зьдзяйсьняць уплыў. Гэткім чынам, імкненьне стварыць альтэрнатыўную камунікатыўную прастору, у якой вонкавы ўплыў улады быў бы мінімізаваны, і зьяўляецца асноўным стымулам да супраціву.

Супраціў. Трэба выразна разьмяжоўваць і разумець розьніцу паміж, да прыкладу, гарадзкімі партызанамі (Urban Guerrilla) і канцэптуальным вулічным супрацівам. Гарадзкая партызанка — форма палітычнай барацьбы, хай і аформленая ня самым паліткарэктным спосабам. У сваю чаргу, канцэптуальны вулічны супраціў ня ставіць перад сабой ані палітычныя мэты, ані задачы, якія можна было бы інтэрпрэтаваць у палітычным кантэксьце.

Валянцін Акудовіч кажа, што «неўзабаве мы будзем адрозьнівацца адзін ад аднаго толькі воляй ды супраціву сытуацыі Нідзе і Ніхто». Калі так, то канцэптуальны вулічны супраціў сёньня — гэта калі Ніхто выходзяць з сытуацыі Нідзе, прапісваючы сябе ў вызначанай сацыяльнай рэчаіснасьці і ёй жа аказваючы супраціў. Ня шляхам падрыву або разбурэньня рэальна існых інстытуцыяў, а, хутчэй, інвэстуючы публічную прастору дыскурсам карнавалу. Тымсама групы канцэптуальнага вулічнага супраціву ня горш за прафэсійных грынмэйлераў шантажуюць рэчаіснасьць і банкрутуюць сацыяльныя інстытуты, пазбаўляючы іх якой-колечы надзеі на апэляцыю да разумнага сэнсу і г. д.
І калі верыць Славою Жыжэку, што мы «сапраўды жывем у грамадзтве рызыкоўных альтэрнатываў, але калі адныя робяць выбар, а іншыя рызыкуюць», то ўласна канцэптуальны вулічны супраціў і імкнецца збанкрутаваць сымбалічны капітал тых, хто гэтыя пастановы прымае. Ствараючы, калі заўгодна, прастору сымбалічнай свабоды.

(Правілы чытаньня)

Сэнс лякальнага канцэптуальнага супраціву часамі сапраўды складана зразумець. Часам жа дэкадаваць тую або іншую акцыю ў выразнае, лягічнае паведамленьне папросту немагчыма. Але гэта зусім не азначае адсутнасьць сэнсаў. Папросту іх варта шукаць на алягічным, на першы погляд, мастацкім узроўні.

У дадзеным выпадку, выйсьце па-за межы звыклых акцыяў пратэстных груп — ня патасная пастава, а хутчэй змушаная мера. І лёгіка гэтага рашэньня вельмі простая. Мы выдзелім толькі два моманты. Па-першае, гэтае нежаданьне атаясамляцца з апазыцыяй, якая фактычна зьяўляецца люстраным адбіткам дзейснай улады, яе эстэтычным клёнам. Дык вось гэтае нежаданьне і стымулюе пошук альтэрнатыўных формаў выказваньня. А па-другое, рэалізацыя прынцыпу, які быў сфармуляваны яшчэ Эбі Гофманам і працуе дагэтуль: «Выразнасць — ня нашая мэта. Нашая мэта — зьбіць усіх спанталыку. Нас не разумеюць — і гэта выдатна: разумеючы нас, яны знайшлі бы спосаб нас кантраляваць».
Выкарыстоўваючы палітычную, парнаграфічную, вострую сацыяльную фактуру ў якасьці зыходнага матэрыялу, канцэптуальны вулічны супраціў на выйсьці стварае прадукт, які яскрава й вобразна гаворыць пра сытуацыю ў грамадзтве больш, чым сотні публікацыяў, дакладаў і аналітычных справаздач.

Хоць, безумоўна, у канцэптуальным вулічным супраціве прысутнічаюць і слабыя месцы. Абвінавачваньні ў татальнай другаснасьці і лякальным змалёўваньні Флюксуса (Fluxus), самапіяры і адсутнасьці разумных стратэгіяў. Гэтым абвінавачваньням складана штосьці супрацьпаставіць. Акрамя аднаго. Нашае сацыякультурнае асяродзьдзе сёньня ня толькі спрыяльнае для капіяваньня вонкавых пратэстных практык. Яно прадугледжвае яшчэ і рэальную крымінальную адказнасьць — і, вядома ж, не за парушэньні капірайту. У гэтым сэнсе візуальная абгортка пратэсту, на першы погляд, і можа здавацца ідэнтычнай. Але зьмяняецца галоўнае — кантэкст пратэсту і адказнасьць за свае дзеяньні. Тобок памаранчавыя графіці на вуліцах нэдэрляндзкіх местаў у 1960-х і памаранчавыя графіці на польскіх вуліцах у 1980-х — гэта ўсё-ткі прынцыпова розныя паводле сэнсу формы вулічнага выказваньня.

Мякка кажучы, сыстэма ня любіць, калі зь яе ня толькі сьмяюцца, але й выстаўляюць у дурнях ды не ўспрымаюць сур’ёзна. Гэта як з абдзяўбанымі наркаманамі. Можна бясконца саджаць іх у турму й марнаваць на іх утрыманьне бюджэтныя грошы. А можна даць ім у рукі, умоўна кажучы, фарбы і атрымліваць свае 30% ад продажу пост-трыпавых карцін. Гэткім чынам, і кантралюючы, і павялічваючы паступленьні ў бюджэт за кошт маргінальнай і патэнцыйна пратэстнай групы. Мы хочам, каб нас слушна зразумелі: мы не параўноўваем актывістаў канцэптуальнага вулічнага супраціву з наркаманамі. Мы адно хочам паказаць лёгіку сыстэмы, якая тлумачыць, чаму на Захадзе падобныя рухі пайшлі на спад.

Найпрасьцейшае тлумачэньне — зьмянілася карціна сьвету, зьмяніліся выклікі грамадзтву і г. д. Усё гэта, мабыць, слушна, але нам усё-ткі хацелася бы акцэнтаваць увагу на іншым. Разнастайныя саміты (ад G8 да G20), офісы транснацыянальных карпарацыяў, парлямэнты, асамблеі і працоўныя групы, якія прымаюць рэзалюцыі ў абарону правоў якіх заўгодна меншасьцяў… Дзеля пасьпяховай камунікацыі з гэтымі структурамі трэба ня толькі быць зь імі на адной хвалі — трэба быць часткай інфармацыйнага мэйнстрыму, каб заняць годнае месца ў праграме дня. Іншымі словамі, выклікі заходняга грамадзтва змушаюць пратэстныя рухі ня толькі бясконца падвышаць колькасьць, але і ў цэлым стала павялічваць сваю капіталізацыю на рынку грамадзянскай супольнасьці. Адначасова пратэстныя арганізацыі самыя ўсё больш і больш узалежніваюцца ад тыхсама знакаў, супраць якіх, уласна, і выступаюць. Гэтак, бадай найбольш пашыраным, сапраўды глябальным рухам сёньня стаўся рух… антыглябалістаў. Пры гэтым далейшае пашырэньне шэрагаў руху яго ўдзельнікамі толькі вітаецца. Вобраз антыглябаліста, закручанага ў «арафатку» і з «кактэйлем Молатава» ў руцэ, сёньня ўжо ня менш брэндавы за «Coca Cola» альбо McDonalds.

Адпаведнасьць

Вяртаючыся да культуры канцэптуальнага пратэсту, на Захадзе яна зрушылася ў бок гэпэнінгаў, флэш-мобаў і папросту арт-праектаў, якія, у пэўнай ступені, адлюстроўваюць актуальныя сацыяльныя праблемы. Гэта зьвязана, безумоўна, не зь перамогай дэмакратыі, а са здольнасьцю сыстэмы інкарпараваць і ўбудоўваць у сябе сацыяльную меншасьць, якая думае крытычна. Адныя атрымліваюць свабоду ў межах унівэрсытэцкіх аўдыторыяў, другія — у сьценах Эўрапарлямэнту, трэція — у галерэйным фармаце. Тобок, па сутнасьці, тыя сацыяльныя групы, якія і былі ініцыятарамі ды выканаўцамі канцэптуальнага вулічнага супраціву ў Паўночнай Амэрыцы і Заходняй Эўропе, сёньня маюць празрыстыя далягляды й неабсяжную ніву для самарэалізацыі па-за маргінальнымі пратэстнымі групамі.

Адначасова няздольнасьць і нежаданьне нашай сыстэмы ўпісваць у сябе крытычную сацыяльную меншасьць дазваляе ня толькі цьвердзіць пра канцэптуальны вулічны супраціў тут і цяпер. На нашую думку, можна гаварыць і пра тое, што менавіта групы канцэптуальнага вулічнага супраціву найбольш адпавядаюць нашаму ўзроўню публічнасьці, узроўню нашай публічнай палітыкі і ўзроўню ўсёй нашай публічнай культуры.

Той цырк, які ўяўляе зь сябе сёньня нашая публічная прастора (у тым ліку і палітычная) не прадугледжвае адваротнай сувязі, не прадугледжвае ратацыі эліт, па вялікім рахунку, не прадугледжвае нават адказнасьці — як з боку ўлады, гэтак і з боку апазыцыйных лідэраў. Менавіта таму карнавал і зьяўляецца найбольшым увасабленьнем сацыяльна-палітычнага пратэсту, які абсалютна адпавядае нашай постсавецкай сацыяльнай рэчаіснасьці.

Немагчыма й папросту бессэнсоўна ўсе няўдачы нашых пратэстных рухаў тлумачыць страхам людзей перад уладай або перад рэпрэсіямі з боку тойсама ўлады. Слабы аўтарытарызм — абсалютна ня тая палітычная сыстэма, якая здольная здушыць усе грамадзянскія актыўнасьці. Асабіста нам праблема бачыцца ў іншым. А менавіта — у камунікатыўнай неадпаведнасьці.

Ува ўмовах анамальнай постсавецкай публічнасьці, якая не прадугледжвае сытуацыі дыялёгу, недальнабачна дый папросту безразважна выглядаюць спробы гуляць паводле правілаў ды выступаць у ролі суб’екту. Рыфмуючыся з тактычнымі мэдыя й сучаснымі формамі камунікацыі, канцэптуальны вулічны супраціў для нас сёньня — адна зь нешматлікіх, калі не адзіная форма публічнага выказваньня, цалкам адпаведнага нашым магчымасьцям. Пагатоў ува ўмовах грамадзтва «татальнай iнфармацыi”менавіта гэткае выказваньне здольнае быць заўважным — а гэта азначае, быць адпаведным.

Обсудить публикацию