Беларусь мае значны патэнцыял для развіцця транспамежнага супрацоўніцтва сваіх рэгіёнаў: пяць з шасці абласцей Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца прымежнымі, на тэрыторыі якіх пражывае 65% насельніцтва краіны. Пры гэтым чатыры беларускія вобласці ўжо ўключаны ў транспамежнае супрацоўніцтва з прылеглымі рэгіёнамі суседніх дзяржаў шляхам кааперацыі ў рамках 5 еўрарэгіёнаў: «Нёман» (1997 г., Беларусь-Польшча-Літва-Расія), «Буг» (1998 г., Беларусь-Польшча-Україна), «Азёрны край» (1999 г., Беларусь-Літва-Латвія), «Белавежская пушча» (2002 г., Беларусь-Польшча), «Дняпро» (2003 г., Беларусь-Україна-Расія).

Аднак нягледзячы на дванаццацігадовы досвед існавання еўрарэгіёнаў на тэрыторыі Беларусі вынікі іх дзейнасці ў дасягненні заяўленых задач па развіцці сацыяльна-эканамічнага, навуковага, экалагічнага і культурнага супрацоўніцтва прымежных рэгіёнаў Беларусі і краін-суседзяў нязначныя. Беларускія суб’екты еўрарэгіянальнага супрацоўніцтва займаюцца толькі імітацыяй гэтай формы транспамежнага супрацоўніцтва, якая базуецца на прынцыпах самакіравання, транспамежнай кааперацыі, роўных паўнамоцтваў бакоў і адпаведнасці ўнутраннаму заканадаўству.

Як зазначае ўкраінскі даследчык Расціслаў Дацкаў, эфектыўнасць рэалізацыі праектаў транспамежнага супрацоўніцтва залежыць ад стану палітыка-прававога асяроддзя як на ўзроўні прымежных рэгіёнаў канкрэтнай дзяржавы, так і на міжнароднай арэнеъ[3]. Аднак існуючая сістэма дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання ў Беларусі, заканадаўчае забеспячэнне прымежнага супрацоўніцтва і рэгіянальная палітыка не адпавядаюць еўрапейскім прынцыпам транспамежнага супрацоўніцтва, што перашкаджае развіццю еўрарэгіянальнай кааперацыі і адпаведна эфектыўнаму вырашэнню задачаў, якія ставяцца падчас заснавання еўрарэгіёнаў. Адначасова беларускім суб’ектам транспамежнага супрацоўніцтва на сённяшні час даступна магчымасць атрымання тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага Саюза праз шэраг праграм транспамежнага і транснацыянальнага супрацоўніцтва, якія аднак выкарыстоўваюцца беларускім бокам у недастатковай ступені. Акрамя таго, уключэнне Беларусі ў спіс краін-удзельнікаў ініцыятывы «Усходняе Партнёрства» стварае спрыяльныя ўмовы для беларускіх прымежных рэгіёнаў па прыцягненню дадатковых сродкаў на павелічэнне сваёй канкурэнтаздольнасці і вырашэнню праблем «перыферыйных» рэгіёнаў, асабліва на агульным форе скарачэння датацый беларускай дзяржаве з боку Расійскай Федэрацыі. Сярод накірункаў дзейнасці ініцыятывы УсП — спрыянне рэгіянальным інтэграцыйным працэсам, адной з формаў якіх ёсць транспамежнае супрацоўніцтва.

Мэтай гэтага артыкула з’яўляецца выяўленне праблем, якія замінаюць эффектыўнаму выкарыстанню ў Беларусі такога механізму рэгіянальнай палітыкі дзяржавы як транспамежнае супрацоўнітва, на аснове аналізу асаблівасцяў еўрапейскай і беларускай рэгіянальнай палітыкі.

Еўрарэгіёны як вынік рэгіянальнай палітыкі ЕС

Асноўным фактарам, што садзейнічаў развіццю супрацоўніцтва прымежных рэгіёнаў суседніх краінаў Еўропы, з’яўлялася рэалізацыя рэгіянальнай палітыкі Еўрапейскага саюза, якая асноўваецца на павелічэнні ролі мясцовых органаў улады ў вырашэнні задачаў па развіцці адпаведных тэрыторыяў і дэлегаванні часткі паўнамоцтваў ад цэнтральнага ўраду рэгіянальным і мясцовым органам самакіравання і кіравання.

У сваю чаргу мясцовым органам улады было нададзена права заключэння міжнародных пагадненняў аб прымежным і міжрэгіянальным супрацоўніцтве, замацаванае ў палажэннях Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання (Страсбург, 15 лістапада 1985 г.) і Еўрапейскай рамкавай канвенцыі аб транспамежным супрацоўніцтве (Мадрыд, 21 траўня 1980 г.), а таксама ў трох дадатковых пратаколах да яе:

Пратакол ад 9 лістапада 1995 г. заключаны ў Страсбургу, у якім вызначаецца магчымасць стварэння органа па прымежнаму супрацоўніцтву;
Пратакол № 2 ад 5 траўня 1998 г. заключаны ў Страсбургу, у якім вызначаецца тэрмін «міжрэгіянальнае супрацоўніцтва» і ўмовы забеспячэння гэтага супрацоўніцтва;
Пратакол № 3 ад 16 лістапада 2009 г. заключаны ў Утрэхце, у якім прадугледжваецца наданне юрыдычнага статусу, стварэння і дзейнасці «еўрарэгіянальных груп супрацоўніцтва».

Органы самакіравання прымежных рэгіёнаў суседніх краін павінны мець аднолькавы ўзровень кампетэнцый, што ў сваю чаргу патрабуе ўніфікацыі заканадаўства ў сферы мясцовага самакіравання. Шмат у чым ўніфікацыі заканадаўства аб мясцовым самакіраванні спрыяла прыняццё еўрапейскімі краінамі Хартыі мясцовага самакіравання, дзе замацаваны гарантыі палітычнай, адміністрацыйнай і фінансавай незалежнасці муніцыпальных утварэнняў.

Ва ўмовах рынкавай эканомікі транспамежнае супрацоўніцтва скіравана на пераадоленне дыспрапорцый у развіцці рэгіёнаў у рамках адной нацыянальнай дзяржавы, а таксама выраўновання ўзроўня развіцця прымежных рэгіёнаў суседніх еўрапескіх краін. На агульнаеўрапейскім узроўні транспамежнае супрацоўніцтва разглядаецца як механізм вырашэння праблем унутры інтэграцыйнага аб’яднання заходнееўрапейскіх краін, а затым і дзяржаваў Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Балтыі: ліквідацыю адсталасці асобных «перыферыйных» еўрапейскіх рэгіёнаў і павелічэння іх канкурэнтаздольнасці.

Пры гэтым рэгіянальная палітыка Еўрасаюза арыентуецца не столькі на падтрымку дэпрэсіўных рэгіёнаў за кошт рэгіёнаў-донараў, а на стварэнне адпаведных умоў для мабілізацыі мясцовага патэнцыялу і прыродных рэсурсаў прымежных рэгіёнаў, якія праз супольныя дзеянні па вырашэнню канкрэтных праблем дасягаюць найлепшых вынікаў.[5]
Аднак неабходна зазначыць, што транспамежнае супрацоўніцтва нельга разглядаць выключна ў рамках эканамічнай эфектыўнасці сувязяў прымежных рэгіёнаў, яго варта ўспрымаць як цэласны механізм працэсу рэгіянальнай інтэграцыі ў Еўропе.[8]

Транспамежнае супрацоўніцтва і непасрэдна еўрарэгіёны аказалі значны ўплыў на эканамічную і палітычную інтэграцыю ў Заходняй Еўропе ў другой палове ХХ стагоддзя, а таксама выступілі ў якасці інструмента адаптацыі да нормаў і правілаў Еўрапейскага Саюза дзяржаў-кандыдатаў на ўступлення ў ЕС. Пагадненні аб транспамежным супрацоўніцтве ўяўляюць агульнасусветную станоўчую тэндэнцыю «мяккага» ўзгаднення інтарэсаў цэнтру і рэгіёнаў у кантэксце сучасных тэндэнцый адыходу ад ідэі «Еўропы-Айчызны» да «Еўропы-рэгіёнаў». У ходзе еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў адна з галоўных функцый дзяржаўнай мяжы — бар’ерная — паступова губляла сваю ролю, перадаючы яе функцыі кантактнай, а еўрарэгіёны становяцца свайго рода «палігонамі» для адпрацоўкі інтэграцыйных механізмаў. Асобныя ўкраінскія даследчыкі разглядаюць еўрарэгіянальнае супрацоўніцтва як найболей дзейсны інструмент паступовай еўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны, якая акрэсліла сваім стратэгічным прыярытэтам інтэграцыю ў еўрапейскае палітычную, эканамічную і прававую прастору.[1]

Фінансавыя механізмы ЕС даступныя беларускім прымежным рэгіёнам

Парадак дня ініцыятывы УсП знаходзіцца ў стадыі канчатковага афармлення: ужо вызначаны агульны бюджэт фінансавання на 2010–2013 гг. і асноўныя напрамкі дзейнасці ў рамках ініцыятывы, а таксама аб’ёмы іх фінансавання. Паводле кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі і Ўкраіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра зараз у стане распрацоўкі знаходзіцца праграма канкрэтных праектаў падтрымкі развіцця гандлю, грамадзянскай супольнасці, энергетычнай бяспекі і іншых ініцыятыў у Беларусі.[4] Еўракамісія плануе выдаткаваць 30 млн. еўра на рэалізацыю сумесных праектаў з Рэспублікай Беларусь на працягу чатырох гадоў, што значна меней чым іншым постсавецкім краінам-удзельнікам ініцыятывы УсП.

Згодна з заяўленымі прынцыпамі памер фінансавай дапамогі краінам-удзельнікам Усходняга Партнёрства залежыць ад шэрагу крытэраў, якія адлюстроўваюць «патрэбы» і «прагрэс у рэфармаванні» ў гэтых дзяржавах.[11] Што тычыцца патрэбаў Беларусі, дык аб іх надзённасці сведчыць той факт, што 8 снежня 2009 г. на першай з штогадовых сустрэчаў кіраўнікоў МЗС 27 краін Еўрапейскага Саюза і дзяржаваў-партнёраў па УсП, адзіным, хто размаўляў аб праектнаў дзенасці, быў беларускі міністр Сяргей Мартынаў.[9] Аднак нават такі аб’ём дапамогі можна лічыць своеасаблівым авансам беларускаму ўраду за эканамічную лібералізацыю, якая праводзіцца ў апошні час, таму што значнага прагрэсу ў палітычнай сферы не назіраецца.

Неабходна падкрэсліць, што прадастаўленне фінансавай дапамогі Беларусі абцяжарвае і той факт, што паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам дагэтуль не заключана адпаведная дамова аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Дамова была падпісана у сакавіку 1995 года, але дагэтуль не ўступіла ў сілу ў сувязі з пагаршэннем палітычнай сітуацыі ў Беларусі: з верасня 1997 года дзейнічае рашэнне Рады Еўрапейскага Саюза аб немагчымасці падпісання з Беларуссю прамежкавага пагаднення і Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Пры гэтым 18 снежня 2008 году паміж Урадам Рэспублікі Беларусі і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцяў было падпісана Рамкавае пагадненне і адпаведны Пратакол, якія вызначаюць прававыя асновы фармавання праграм і праектаў тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза, а таксама Фінансавае пагадненне.

Варта таксама падкрэсліць, што на шматбаковыя праекты Еўракамісяй у рамках Усходняга Партнёрства запланавала выдзяленне 350 млн. еўра, якія могуць быць прыцягнуты суб’ектамі еўрарэгіянальнага супрацоўніцтва, у тым ліку і з беларускага боку. Адным з асноўных накірункаў ініцыятывы УсП з’яўляюцца рэгіянальныя інтэграцыйныя працэсы, уключна з транспамежнай кааперацыяй.

Неабходна зазначыць, что транспамежнае супрацоўніцтва з’яўляецца асноўным прыярытэтам Еўрапейскага інструменту добрасуседства і супрацоўніцтва, якое накіравана на спрыянне кааперацыі паміж краінамі-чальцамі Еўрапейскага Саюза і краінамі-партёрамі па перыметру знешняй мяжы Еўрапейскага Саюза.[12] У рамках гэтага інструменту распачалі дзейнасць праграмы транспамежнага супрацоўніцтва, у якіх прадастаўлена права ўдзельнічаць Беларусі: «Латвія-Літва-Беларусь», «Польшча-Беларусь-Україна» і транснацыянальнага супрацоўніцтва «Рэгіён Балтыйскага мора».

З беларускага боку ў праграме транспамежнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь» Еўрапейскага інструмента добрасуседства і супацоўніцтва ўдзельнічаюць Віцебская і Гродзенская вобласці, а таксама ў абмежаваным парадку Мінск, Мінская і Магілёўская вобласці. Гэтая праграма была зацверджана Еўракамісіяй у канцы 2008 г. і разлічана на перыяд да 2015 г. з агульным бюджэтам амаль 42 млн. еўра, або каля 2 млн. у год для кожнай краіны.[13]

З беларускага боку ў праграме транспамежнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь- Україна» Еўрапейскага інструмента добрасуседства і супацоўніцтва ўдзельнічаюць Брэсцкая і Гродзенская вобласці, заходнія раёны Мінскай вобласці (Мядзельскі, Вілейскі, Маладэчанскі, Валожынскі, Стаўбцоўскі, Нясвіжскі і Клецкі раёны), а таксама ў абмежаваным парадку ўсходнія раёны Мінскай вобласці, Гомельская вобласць. Гэтая праграма была зацверджана Еўракамісіяй у канцы 2008 г. і разлічана на перыяд да 2015 г. з агульным бюджэтам болей за 186 млн. еўра.[14]

Агульны фінансавы рэсурс даступных Беларусі праграм міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза складае 250-330 млн. еўра.[6] Аднак па выніках ужо падтрыманых Еўрасаюзам праектаў ступень удзелу беларускага боку ў рэалізацыі праграм добрасуседства значна меншая за ўкраінскіх або расійскіх партнёраў, нягледзячы на жаданне дзяржаўных структур актыўна ўдзельнічаць у прыцягненні еўрапейскіх сродкаў на рэалізацыю праектаў у Беларусі.[2] Дзеля эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу транспамежнага супрацоўніцтва, у тым ліку дапамогі Еўрапейскага Саюза, неабходна стварыць адпаведныя ўмовы ўнутры краіны.

Транспамежнае супрацоўніцтва ў рэгіянальнай палітыцы Беларусі

Рэгіянальная палітыка ў Беларусі працягвае традыцыі, якія засталіся ад часоў Савецкага Саюза і характэрызуюцца выразнай іерархіяй «Цэнтр-перыферыя», празмернай цэнтралізацыяй працэсу прыняцця рашэнняў. Як зазначае Яраслаў Раманчук, у Беларусі слаба развітыя фармальныя структуры і механізмы ўплыву раёнаў і абласцей на Цэнтр.[10] Мясцовыя адміністрацыі ў першую чаргу з’яўляюцца праваднікамі дзяржаўнай палітыкі, таму зваротная сувязь паміж грамадзянамі — мясцовай уладай — цэнтрам амаль адсутнічае. Рэакцыя Цэнтру на сігналы перыферыі адбываецца скрайне рэдка і толькі ў надзвычайных выпадках.

Асноўным дакументам рэгіянальнай палітыкі ў Беларусі з’яўляецца Дзяржаўная комплексная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдных гарадскіх паселішчаў на 2007–2010 гг., галоўная мэта якой забеспячэнне дабрабыту насельніцтва на аснове рацыянальнага размеркавання вытворчых сіл, павелічэння ўзроўню развіцця, эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці эканомікі рэгіёнаў. Згодна з Праграмай рэгіянальным і мясцовым органам улады дэлегуюцца паўнамоцтвы надання падатковых ільготаў суб’ектам гаспадарання і даецца магчымасць разам з урадам распрацоўкі мераў па рэалізацыі праграмы. На гэтым кампетэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады сканчаюцца. У Праграме няма палажэнняў, у якіх быў бы закрануты аспект развіцця супрацоўніцтва беларускіх прымежных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак з прылеглымі рэгіёнамі суседніх дзяржаў.

Адзіным дакументам, у якім падкрэсліваецца заахвочванне стварэння і функцыянавання еўрарэгіёнаў з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутраннай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» [5]. Пры гэтым у ім не вызначаны ні сам тэрмін, ні ўмовы стварэння і функцыянавання гэтых транспамежных аб’яднанняў.
У новай рэдакцыі «Закона аб мясцовым кіраванні і самакіравання», які ўступіў у сілу 4 студзеня 2010 г., замацавана магчымасць рэгіянальнаых і мясцовых саветаў ажыццяўляць міжнародную дзейнасць, а выканкамаў удзельнічаць у міжнародным супрацоўніцтве. Аднак не вызначаны механізмы гэтага супрацоўніцтва, акрамя ўдзелу ў знешнеэканамічнай дзейнасці. Варта адзначыць, што Закон не пашырае паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіравання, а проста замацоўвае існуючыя практыкі і больш дакладна ў параўнанні з папярэднім варыянтам Закону аб мясцовым кіраванні і самакіраванні размяжоўвае кампетэнцыі мясцовых выканкамаў і саветаў.

Еўрарэгіянальнае супрацоўніцтва асноўваецца на прымяненні палажэнняў Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання (Страсбург, 15 лістапада 1985 г.), Еўрапейскай рамкавай канвенцыі аб транспамежным супрацоўніцтве (Мадрыд, 21 траўня 1980 г.) і дадатковых пратаколаў да яе. Аднак Рэспубліка Беларусь не толькі не далучылася да гэтых Канвенцый, а і ігнаруе прынцыпы, замацаваныя ў гэтых дакументах. Адначасова Беларуссю ратыфікавана «Канвенцыя аб транспамежным супрацоўніцтве дзяржаваў-удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў», пры распрацоўцы якой улічваліся палажэнні Еўрапейскай рамкавай канвенцыі аб транспамежным супрацоўніцтве. Канцэпцыя стварае магчымасці па ажыццяўленню кааперацыі прымежных беларускіх адміністрацыйны-тэрытарыяльных адзінак, у першую чаргу з прылеглымі рэгіёнамі краін-удзелькаў СНД. Аднак як і многія дамовы, заключаныя ў рамках гэтага рэгіянальнага аб’яднання постсавецкіх дзяржаў, яе палажэнні хутчэй за ўсё не будуць увасоблены ў жыццё, нягледзячы на тое ў рамках супольных органаў СНД штогадова распрацоўваюцца мерапрыемствы па транспамежнаму супрацоўніцтву краін СНД.

Такім чынам, беларускія партнёры па транспамежнаму супрацоўніцтву маюць значна меншы ўзровень кампетэнцый і зацікаўленасці ў развіцця мясцовых ініцыятыў у параўнанні з сваімі калегамі з краін-чальцоў Еўрапейскага Саюза, Украіны і Расіі, што перашкаджае эфектыўнай транспамежнай кааперацыі беларускіх рэгіёнаў.

Перашкоды для транспамежнага супрацоўніцтва ў Беларусі

На сённяшні час транспамежнае супрацоўніцтва беларускіх рэгіёнаў не разглядаецца беларускім кіраўніцтвам як механізм эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі. Сярод асноўных прычынаў, якія перашкаджаюць развіццю еўрарэгіянальнай кааперацыі ў Беларусі, у першую чаргу неабходна выдзеліць наступныя:

празмерная цэнтралізацыя дзяржаўнай улады ў Беларусі, няразвітасць мясцовага самакіравання і безініцыятыўнасць рэгіянальных і мясцовых органаў улады, якія выконваюць ролю «вертыкалі прэзідэнскай улады»;
адсутнасць адпаведных кампетэнцый і самастойнасці мясцовых органаў самакіравання і выканаўчай улады па заключэнню дамоваў з суб’ектамі суседніх дзяржаваў на рэалізацыю праектаў па транспамежнаму супрацоўніцтву, у тым ліку заканадаўча аформленага механізму рэалізацыі транспамежнага супрацоўніцтва, які ўключае не толькі знешнеэканамічную дзейнасць, а з’яўляецца своеасаблівым «парасонам» для развіцця ініцыятыў па цэламу шэрагу напрамкаў у сацыяльна-эканамічнай, экалагічнай, навуковай, культурнай і іншых сферах;
адсутнасць адпаведнай дзяржаўнай палітыкі па арганізацыі транспамежнага супрацоўніцтва, у тым ліку адпавядаючай сучасным патрабаванням рэгіянальнай палітыкі. Ускосным вынікам унутранай палітыкі беларускага кіраўніцтва, якая прывяла да замароджвання адносінаў з Еўрапейскім Саюзам, з’яўляецца адсутнасць прафесійных кадраў, якія былі бы здольныя ажыццяўляць эфектыўнае кіраванне праектнай дзейнасцю ў адпаведнасці з патрабаваннямі еўрапейскіх донараў;
адсутнасць адпаведнага механізма сумеснага фінансавання праектаў транспамежнага супрацоўнітва. Памер су-фінансавання з сродкаў ЕС звычайна не перавышае 90% агульнага бюджэту кожнага праекту, астатнюю частку павінен прадставіць партнёр з беларускага боку. Аднак беларускае заканадаўства не прадугледжвае ў рэспубліканскім ці мясцовых бюджэтах дадатковых сродкаў, якія могуць быць скіраваны на да-фінансаванне транспамежных ініцыятыў.

нізкі ўзровень удзелу ў транспамежным супрацоўніцтве некамерцыйных арганізацыяў з беларускага боку. Дзейнасць недзяржаўных арганізацый, які павінны быць асноўнымі ініцыятарамі транспамежных праектаў, знаходзяцца ў неспрыяльных умовах з-за дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да развіцця грамадзянскай супольнасці ў краіне. Перашкоды таксама ўключаюць складаныя працэдуры атрымання замежнай тэхнічнай дапамогі некамерцыйнымі арганізацыямі.

Высновы

Такім чынам, з другой паловы 1990-х гадоў беларускія прымежныя рэгіёны пачалі актыўна ўключацца ў транспамежнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі суседніх краін: на сённяшні час дзейнічае ўжо 5 еўрарэгіёнаў з удзелам прымежных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. Аднак у беларускіх умовах еўрарэгіянальнае супрацоўніцтва з’яўляецца своеасаблівай імітацыяй заходнееўрапейскай формы транспамежнай кааперацыі. Рэгіянальная палітыка незалежнай беларускай дзяржавы асноўваецца на падыходах, якія засталіся ў спадчыну з часоў Савецкага Саюзу. Нягледзячы на імкненне беларускага кіраўніцтва павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускіх «перыферыйных» рэгіёнаў, транспамежнае супрацоўніцтва не разглядаецца і не выкарыстоўваецца як інструмент рэгіянальнай палітыкі беларускай дзяржавы. Дагэтуль не сфармавана нарматыўна-заканадаўчае забеспячэнне супрацоўніцтва прымежных рэгіёнаў з прылеглымі рэгіёнамі суседніх дзяржаў, якое базуецца на прынцыпах субсідыярнасці, самакіравання, транспамежнай кааперацыі і роўных паўнамоцтваў бакоў. Адпаведна не прадугледжаны фінансавыя механізмы забеспячэння еўрарэгіянальнага супрацоўніцтва збоку беларускіх партнёраў і беларускія рэгіянальныя і мясцовыя органы улады не маюць дастатковых кампетэнцый на ўдзел у падобнай кааперацыі. Пры гэтым, ва ўмовах празмернай дзяржаўнай цэнтралізацыі, перадача паўнамоцтваў рэгіёнам ва ўнітарным і кансалідаваным беларускім грамадстве не паўплывае на паслабленне дзяржаўнай улады, а толькі можа паспрыяць прыцягненню дадатковых сродкаў на развіццё «дэпрэсіўных» тэрыторыяў.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніцаў
1. Про затвердження Стратегії інтеграції України до Європейського Союзу: Указ Президента України, 11.06.98 року, № 615 // Урядовий кур’єр. — 1998. — 4 лип.
2. Баранец Г. Программы трансграничного сотрудничества Евросоюза[Электронны рэсурс] / Г. Баранец // Наука и инновации: Научно-практический журнал Национальной академии наук Беларуси. — Минск, 2009. — № 3. — Рэжым доступу: http://innosfera.org/node/390. Дата звароту: 24.01.2010.
3. Дацків Р. М. Транскордонні економічні зв’язки карпатського єврорегіону та їх ефективність: автореф. дис… канд. екон. наук / Р. Дацків; Укр. акад. зовніш. торгівлі. — К., 1999. — 19 с.
4. Еврокомиссия выделила 7 млн. евро на реализацию программы БОМБЕЛ-3: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / БЕЛТА: Белорусское телеграфное агенство. — Рэжым доступу: http://www.belta.by/ru/news/politics/?id=477504. Дата звароту: 24.01.2010.
5. Нагорна І. В. Транскордонне співробітництво як напрямок євроінтеграційних процесів в Україні [Электронны рэсурс] / І. В. Нагорна // — Теорія та історія державного управління: Електронне наукове фахове видання, Національна академія державного управління при Президентові, — Київ, 2008. — № 2. — Рэжым доступу: http://www.nbuv.gov.ua/e-journals/tppd/2008-2/08nivepu.htm/odyframe.htm. Дата звароту: 24.01.2010.
6. Общий финансовый ресурс доступных Беларуси программ ЕС составляет свыше 330 млн. Евро: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / БЕЛТА: Белорусское телеграфное агенство. — Рэжым доступу: http://news.belta.by/ru/news/archive?date=25_11_2009&page=3&id=453897. Дата звароту: 24.01.2010.
7. О сотрудничестве между Республикой Беларусь и ЕС в политической области: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Министерство иностранных дел Республики Беларусь. — Рэжым доступ:http://www.mfa.gov.by/ru/foreign-policy/international-organizations/mo/fd2be694ad14f50f.html. Дата звароту: 24.01.2010.
8. Петренко З. О. Прикордонне співробітництво в контексті євроінтеграційного курсу України: автореф. дис… канд. екон. наук / З. О. Петренко; НАН України. Ін-т світ. економіки і міжнар. відносин. — К., 2001. — 17 с.
9. Рахлей М. Еврокомиссия поделила деньги на программы «Восточного партнерства»: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Белорусские новости: Интернет-газета. — Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/politic/2010/01/06/ic_articles_112_166151/. Дата звароту: 24.01.2010.
10. Романчук Я. Есть ли в Беларуси региональная политика: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Научно — исследовательский центр Мизеса. — Рэжым доступу: http://liberty-belarus.info/Тенденции/Есть-ли-в-Беларуси-региональная-политика.html. Дата звароту: 24.01.2010.
11. Eastern Partnership and EU Vademecum on Financing: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / The European Commission: official web-site of EU’s External Relations. — Рэжым доступу: http://ec.europa.eu/external_relations/eastern/docs/eap_vademecum_14122009_en.pdf.Дата звароту: 24.01.2010.
12. Cross-Border Cooperation within the European Neighbourhood and Partnership Instrument (ENPI): уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / The European Commission: official web-site of EU’s External Cooperation Programmes. — Рэжым доступу: http://ec.europa.eu/europeaid/where/neighbourhood/regional-cooperation/enpi-cross-border/index_en.htm. Дата звароту: 24.01.2010.
13. http://www.enpi-cbc.eu/
14. http://www.interreg.gov.pl/20072013/instrument+sasiedztwa/pl-bl-uk/