«Пытанні энергетычнай бяспекі Беларусі ці любой іншай краіны не могуць вырашацца выключна на нацыянальным узроўні ці ў рэжыме „гульні з нулявой сумай“. Гэтая думка дамінавала падчас першага пасяджэння „Энергетычнага клубу“ ў Мінску 29 кастрычніка 2009 г. на тэму „Рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне энергетычнай бяспекі: выклікі і перспектывы для Беларусі“.

«Энергетычны клуб» паўстаў як сумесная ініцыятыва «Офісу за дэмакратычную Беларусь», Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і Фонду развіцця прававых тэхналогій пад патранажам ДэлегацыІ Еўрапейскай камісіі ў Мінску і пры падтрымцы Шведскага міжнароднага агенцтва па развіцці супрацоўніцтва.

Місія «Энергетычнага клубу» — стварэнне платформы для экспертнага дыялогу дзеля абмеркавання і падрыхтоўкі магчымых адказаў на найбольш актуальныя выклікі ў галіне развіцця энергетычнага сектару Беларусі, а таксама пытанняў энергетычнай бяспекі.

Першае пасяджэнне «Энергетычнага клубу» прыцягнула як незалежных экспертаў, так і прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, спецыялістаў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, аналітыкаў з Расіі і Украіны, дыпламатаў і журналістаў. На працягу дня абмяркоўваліся пытанні найбольш актуальных выклікаў у галіне энергабяспекі для Беларусі, перспектывы і рызыкі далучэння нашай краіны да рэгіянальных энергетычных праектаў, урокі нядаўніх «газавых войнаў» у рэгіёне і іх наступствы для энергетычнай бяспекі РБ. Удзельнікі вызначылі некалькі перспектыўных напрамкаў рэгіянальнага супрацоўніцтва, сярод іх — выпрацоўка «мераў даверу» па прадухіленню раптоўнага спынення паставак энерганосьбітаў, абмен досведам і развіццё інфраструктуры для прыняцця мераў хуткага рэагавання ў выпадку спынення паставак і выпрацоўка сумеснага адказу на рэгіянальныя выклікі ў галіне энергетычнай бяспекі, такія як, напрыклад, будаўніцтва БТС-2.

Арганізатары «Энергетычнага клуба» спадзяюцца на працяг дыялога дзеля лепшага разумення выклікаў у галіне энергетычнай бяспекі і дасягнення кансенсусу ў пытаннях энергетычнай палітыкі. Наступнае пасяджэнне энергетычнага клубу запланавана на люты 2010. Аналітычная паперу па выніках першага пасяджэння плануецца да выпуску ў пачатку наступнага года. З прэзентацыі ўдзельнікаў канферэнцыі ў хуткім часе можна будзе азнаёміцца на сайтах ОДБ, BISS і Наше мнение.

Мерапрыемства ў Мінску праходзіла ў супрацоўніцтве з аналітычным інтэрнэт-парталам «Наше мнение» і нямецкай фундацыяй Конрада Адэнауэра.

Арганізатары выказваюць падзяку ўсім партнёрам, дзякуючы якім гэты праект стаўся магчымым.