Прапануем вашай увазе праект КАНЦЭПЦЫІ РАЗВІЦЦЯ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
БЕЛАРУСІ, якая была рапрацаваная шэрагам экспэртаў і грамадзкіх аб’яднаньняў з ініцыятывы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў.
Канцэпцыя скіраваная на стварэнне спрыяльных умоў для ўмацавання грамадзянскай супольнасці (грамадскасьці) і развіцця дэмакратыі ў Беларусі на аснове канструктыўнага ўзаемадзеяння арганізацый трэцяга сэктару і органаў дзяржаўнай улады. Дакумент абвяшчае прынцыпы супрацоўніцтва, яе базавую структуру. У ім адзначаецца ўнёсак некамерцыйнага сектару ў развіццё грамадства, выкладаюцца агульныя намеры бакоў і канкрэтныя крокі з боку дзяржавы і грамадскіх арганізацый для стварэння практычных механізмаў рэалізацыі
прынцыпаў супрацоўніцтва.
Падобнага кшталту дакументы прынятыя ў краінах ЕС (напрыклад, у Харватыі, Вугоршчыне, Брытаніі, Францыі, Эстоніі ды інш.), а таксама ў некаторых краінах СНД — Украіне і Казахстане на ўзроні заканадаўства. Гэтая практыка вартая пераймання, бо дапамагае развіццю дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці.
На сёняшні дзень няўрадавыя аб’яднанні Беларусі маюць абмежаваныя магчымасці для развіцця і працы на карысць грамадскасці. Гэтаму перашкаджае надзвычай цяжкая працэдура рэгістрацыі, забарона на выкарыстанне ў якасці юрыдычнага адрасу прыватных кватэраў заснавальнікаў арганізацыяў, адсутнасць ільготаў на арандаваныя памяшканні, неадэкватна складаная сістэма атрымання ахвяраванняў, іншых формаў дапамогі. Канцэпцыя прапануе шляхі развязання згаданых праблемаў.
Цяпер адбываеца збор заўвагаў і прапановаў да Канцэпцыі, якія ў далейшым будуць разгледжаныя групай распрацоўшчыкаў і рэдактароў. Удакладнены і дапрацаваны варыянт Канцыпцыі прапануецца абмеркаваць на публічным мерапрыемстве з удзелам лідэраў і экспэртаў ад няўрадавых арганізацыяў, прадстаўнікамі ўладаў, міжнародных арганізацыяў.
Заклікаем вас прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні!
Свае заўвагі ды прапановы скіроўвайце, калі ласка, на адрас: ngo@belngo.info з пазнакай у тэме: «Kancepcyja».
Агульнае палажэнне
Развіццё грамадзянскай супольнасці ёсць адной з найважнейшых умоваў станаўлення Беларусі як дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай дзяржавы.
Шляхам аб’яднання ў дабраахвотныя асацыяцыі людзі ствараюць магчымасці для рэалізацыі сваіх інтарэсаў і мэтаў, для грамадскіх дыскусіяў, для самастойнага рашэння сваіх паўсядзённых праблемаў і для ўзаемадапамогі.
Удзел грамадзянаў у кіраванні краінай не можа быць абмежаваны толькі рэгулярным галасаваннем на выбарах. Для належнага ўзаемадзеяння дзяржаўнай улады і грамадства неабходнае існаванне іншых каналаў камунікацыі, якія б дазвалялі дзяржаўным органам улічваць меркаванне грамадскасці ў іх паўсядзённай кіраўнічай дзейнасці ў перыяд паміж выбарчымі кампаніямі. Адным з такіх каналаў з’яўляецца дзейнасць грамадзянаў у межах структураў грамадзянскай супольнасці.
Улік пазіцыі грамадскіх аб’яданняў і супрацоўніцтва з імі падвышаюць якасць працы органаў улады і садзейнічаюць легітымнасці публічнай палітыкі ў вачах грамадзянаў. Пры прыняцці рашэнняў, дзяржаўныя органы павінны ўлічваць спецыфічныя інтарэсы, каштоўнасці і мэты многіх членаў грамадства ды іх аб’яднанняў, а таксама сур’ёзна ставіцца да іх, нават калі група складае меншасць у грамадстве.
Як паказвае досвед дэмакратычных краінаў, самаініцыяваныя дзеянні грамадзянаў з‘яўляюцца пазітыўным фактарам, які прыводзіць да больш эфектыўнага функцыянавання грамадства на аснове самарэгулявання. Праца няўрадавых арганізацыяў не з’яўляецца альтэрнатывай працы ўраду, органаў мясцоваў улады ці дзяржаўнага кіравання. Аднак, супрацоўніцтва з няўрадавымі арганізацыямі і спрыянне ім ідзе на карысць доўгатэрміновай стабільнасці і дэмакратычнаму правапарадку, часткова аблягчае «цяжар» дзяржавы і змяншае яе выдаткі. Такое партнёрства з’яўляецца ўвасабленнем ідэі сумеснай адказнасці дзяржаўных органаў і грамадзянаў за развіццё і прагрэс грамадства і за ўмовы жыцця ў краіне.
Канцэпцыя развіцця грамадзянскай супольнасці абапіраецца на каштоўнасці, якія адзначаныя ў дэкларацыі «Усходняга партнёрства», падпісанай усімі краінамі-удзельніцамі, у тым ліку і Рэспублікай Беларусь: дэмакратыя, вяршэнства закона, павага да правоў і свабод, прынцыпаў міжнароднага права, рыначная эканоміка, устойлівае развіццё.
Прававой асновай дакументу з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама міжнародныя стандарты, закладзеныя ў рэкамендацыі Савета Еўропы «Аб прававым статусе няўрадавых арганізацыяў у Еўропе». Канцэпцыя пацвярджае гатоўнасць дабрахвотных аб’яднанняў грамадзянаў і органаў дзяржаўнай улады да супрацоўніцтва ў справе падтрымкі самаініцыяваных арганізацыяў і дзеянняў народу.
________________________________________________________________________________
Для мэтаў гэтага дакумента тэрмін «няўрадавыя арганізацыі» азначае розныя тыпы арганізацыяў, створаных у межах рэалізацыі свабоды аб’яднанняў, якія не ставяць сваёй мэтай атрыманьне прыбытку — грамадскія аб’яднанні, фонды, каапэратывы, асацыяцыі і г. д.
Грамадскасьць («грамадзянская супольнасць») азначае самаініцыяванае супрацоўніцтва людзей для рэалізацыі сваіх інтарэсаў, абмеркавання праблем грамадства і ўдзелу ў працэсах прыняцця рашэнняў ды іх выканання, а таксама аб’яднанні, асацыяцыі, інстытуты, якія робяць магчымым такое супрацоўніцтва.
Мэты Канцэпцыі:
1. Стварэнне спрыяльных прававых умоў для ўмацавання грамадскасці і развіцця дэмакратыі ў Беларусі.
2. Наладжванне камунікацыі паміж органамі ўлады і аб’яднаннямі грамадзянаў.
3. Актывізацыя ўдзелу грамадзянаў у дзейнасці аб’яднанняў, працэсе прыняцця і выканання рашэнняў.
4. Развіццё валанцёрства і дабрачыннасці.
Прынцыпы і каштоўнасці, якія ляжаць у аснове супрацоўніцтва
Узаемадзеянне органаў улады з інстытутамі грамадскасці арганізуецца на аснове наступных каштоўнасцяў ды прынцыпаў:
1. Грамадская актыўнасць.
Грамадская актыўнасць, то бок самаініцыяваны і дабраахвотны ўдзел людзей у грамадскім жыцці і ў вырашэнні праблемаў мясцовых супольнасцяў з’яўляецца важнейшым элементам дэмакратычнага грамадства. Дзяржаўная ўлада падтрымлівае грамадскую актыўнасць шляхам стварэння спрыяльнага прававога асяродздзя, неперадузятага інфармавання людзей аб іх дзейнасці і прыцягнення грамадзян ды іх аб’яднанняў да планавання і выканання рашэнняў на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях.
2. Грамадскі ўдзел.
Аб’яднанні грамадзянаў з’яўляюцца каналамі для прадстаўлення розных інтарэсаў і каштоўнасцяў у грамадстве. Праз гэтыя каналы людзі атрымліваюць інфармацыю і выказваюць сваё меркаванне аб рашэннях. Калі асобы, якія прымаюць палітычныя рашэнні, уступаюць у дыялог з грамадствам ды ўлічваюць прапановы, выказаныя ў ходзе публічнага абмеркавання, падвышаецца ўзровень кампетэнцыі грамадства і ўзровень легітымнасці органаў дзяржаўнай улады.
3. Павага.
Пры распрацоўцы і рэалізацыі палітыкі грамадскія ініцыятывы і дзяржаўная ўлада выконваюць розныя ролі, аднак іх ролі дапаўняюць адна адну. Дзяржава паважае права грамадзянаў ставіць перад сабой мэты і рэалізоўваць сваю дзейнасць на падставе свабоды аб’яднанняў і ў парадку, вызначаным міжнароднымі пагадненнямі і нацыянальным заканадаўствам у гэтай сферы, стварае ўмовы для разнастайнай дзейнасці арганізацыяў, наладжвае ўзаемадзеянне з імі на прафесійна-профільнай аснове.
4. Партнёрства.
Партнёрства мае на ўвазе наладжванне канструктыўнага ўзаемадзеяння структур грамадзянскай супольнасці з органамі улады і мясцовага кіравання, заснаванага на разуменні агульнай адказнасці за больш эфектыўнае вырашэнне пытанняў жыцця грамадства.
5. Незалежнасць.
Дзяржаўныя органы паважаюць незалежнасць няўрадавых арганізацыяў і прызнаюць іх права на здзяйсненне кантрольных функцый ад імя грамадскасці дзеля павышэння эфектыўнасці дзяржавы і умацавання даверу да яе органаў. Органы улады не ўмешваюцца ў дзейнасць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці за выключэннем выпадкаў, усталяваных заканадаўствам.
6. Адказанасць.
Дзейнасць у інтарэсах грамадства мае на ўвазе, што аб’яднанні грамадзянаў, як і органы дзяржаўнай улады праяўляюць адкрытасць, адказнасць і справаздачацца грамадству аб сваёй дзейнасці.
7. Роўныя магчымасці.
Стварэнне органамі ўлады аднолькавых умоваў для дзейнасці няўрадавых арганізацыяў. Усе грамадзяне і іх аб’яднанні павінны мець роўны доступ да ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Формы супрацоўніцтва:
Супрацоўніцтва органаў дзяржаўнай улады і суб’ектаў грамадскасці можа адбывацца ў розных формах у залежнасці ад мэтаў і характару дзейнасці, упаўнаважанасці суб’ектаў, маштабу ўзаемадзеяння (агульнадзяржаўны, мясцовы):
- Законатворчасць — удзел прадстаўнікоў грамадскасці ў абмеркаванні і распрацоўцы законаў, нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць стварэнне і дзейнасць няўрадавых арганізацыяў, ў тым ліку — законаў аб сацыяльна-эканамічным развіцьці дзяржавы, інтарэсах групаў насельніцтва, правоў і свабод грамадзянаў, інш.
- Абмеркаванне дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх галінах (культура, адукацыя, ахова здароўя, занятасць, ахова навакольнага асяродздзя, сацыяльны дабрабыт ды інш.)
- Здзяйсненне грамадскага кантролю за дзейнасцю органаў улады што да вырашэння пытанняў, якія маюць грамадскае значэнне, у форме грамадскага маніторынгу падрыхтоўкі і выканання рашэнняў, экспертызы іх эфектыўнасці.
- Правядзенне органамі выканаўчай улады маніторынгу і аналізу грамадскай думкі, забеспячэнне своечасовага публічнага рэагавання на прапановы і заўвагі грамадства.
- Падтрымка і ўмацаванне самаарганізацыі і дабраахвотнай дзейнасці грамадзянаў на карысць супольнасці.
- Выкананне супольных праектаў інфармацыйнага, аналітычна-дасьледчыцкага, дабрачыннага і сацыянага характару.
- Пашырэнне інфармаванасці грамадства аб спрыяльнай ролі грамадзянскай супольнасці дзеля фармавання грамадзянскай культуры і развіцця валанцёрства ды дабрачыннасці.
- Развіццё сацыянага прадпрымальніцтва як важнага кампаненту сацыяльнага развіцця.
- Пашырэнне механізмаў дзяржаўнага сацыяльнага заказу як эфектыўнага сродку дагаварнога партнерства дзяржавы і няўрадавых арганізацыяў дзеля вырашэння грамадскіх праблемаў.
Маніторынг рэалізацыі Канцэпцыі
Маніторынг рэалізацыі Канцэпцыі праводзіцца органамі ўлады і няўрадавымі арганізацыямі супольна альбо паасобку. Кожны год адбываецца ацэнка рэалізацыі Канцэпцыі (напрыклад, на сталадзеючай штогадовай канферэнцыі альбо слуханнях).
План дзеянняў
Канцэпцыя зяўляецца рамкавым пагадненнем, якое служыць агульнай асновай супрацоўніцтва паміж грамадскім сэктарам і ўладамі. Дэтальны план рэалізацыі Канцэпцыі, у якім адлюстраваны комплекс мерапрыемстваў і больш прадметныя рашэнні праблем, выпрацоўваецца дадаткова па ўзгадненні зацікаўленных суб’ектаў.
Дадатак
Напрамкі ўдасканалення прававога рэгулявання дзейнасці грамадзянскай супольнасці
Стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця грамадзянскай супольнасці на сучасным этапе мае на ўвазе:
- Адмена артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса і скасаваньне забароны на дзейнасьць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднаньняў.
- Набліжэнне да заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, як гэта ўжо зроблена для камерцыйных юрыдычных асобаў.
- Скасаванне забароны на выкарыстанне ў якасці юрыдычнага адрасу некамерцыйных арганізацыяў (грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў, а таксама іх арганізацыйных структур, фондаў, установаў) прыватных кватэраў, якія належаць заснавальнікам гэтых арганізацыяў. Цяпер гэтая забарона рэалізуецца на падставе артыкула 272 Грамадзянскага Кодэксу і артыкула 8 Жыллёвага Кодэксу. Скасаванне забароны можа быць ажыццёўленае праз прыняццё асобнага нарматыўнага акту паводле аналогіі з Дэкрэтам Прэзідэнта N29 ад 17 сьнежня 2002 г., які ўсталяваў законнасць размяшчэння юрыдычных адрасоў унітарных прадпрыемстваў па месцы жыхарства заснавальніка.
- Заканадаўчае замацаванне прадастаўлення грамадскім аб’яднанням, палітычным партыям, прафсаюзным арганізацыям права ільготнай арэнднай стаўкі пры размяшчэнні сваіх юрыдычных адрасоў у арэндаваных памяшканнях, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай альбо камунальнай уласнасці.
- Лібералізацыя заканадаўства па атрыманні ахвяраванняў з улікам рэальных патрэбаў беларусакага грамадства, у тым ліку удасканаленне заканадаўства аб атрыманні замежнай бязвыплатнай дапамогі.
- Распрацоўка адкрытай і празрыстай сістэмы фінансавання няўрадавых арганізацыяў з дзяржаўнага бюджэту ды інфармаванне грамадства пра такое фінансаванне.
- Распрацоўка працэдуры падпісання і выканання дамоваў аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнымі органамі і няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку праз нарматыўнае замацаванне механізмаў дзяржаўнага сацыяльнага заказу.
- Выкананьне рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН ды іншых міжнародных органаў што да выпадкаў неабгрунтаванага абмежавання і парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку па пытаньнях парушэньня свабоды аб’яднаньняў.