На беларускіх экранах расейскае кіно пачынае выцясьняць амэрыканскае. Пасьля крызы 90-х колькасьць суседзкіх фільмаў заўважна павялічылася, адладжаны іхні пракат, расейцы старанна пераймаюць галівудзкія ўзоры.
Але чаму глядзець які-небудзь амэрыканскі баявік цікава, а ўдарнае расейскае кіно выклікае пазяханьне? Чаму «Код Апакаліпсісу» ці «Мяса» (Жесть) нудныя ўжо на ўзроўні ролікаў? Чаму перайманьне выглядае штучным?
Справа ня ў кадравым голадзе — працуюць расейскія кінашколы, выходзяць кіначасопісы, пашыраюць сваю дзейнасьць тэлеканалы.
Нельга казаць і пра адсутнасьць кінатрадыцый. З 20-х гадоў Расея ўвайшла ў шэраг кінадзяржаў — і адметная аўтарскім кіно. Але й жанравае кіно не было забытае (фільмы Аляксандрава, Гайдая, Матыля й Мяньшова).
Дый перайманьне раней праходзіла плённа. Эйзэнштэйн, Куляшоў, Пудоўкін вучыліся на творах Дэйвіда Ўорка Грыфіта, а рэвалюцыйныя ФЭКСы (Козінцаў, Траўбэрг, Юткевіч) абвяшчалі «амэрыканізацыю».
Падкрэсьліваюць, што расейскае кіно «сталася патрыятычным». Але амэрыканскае масавае кіно — бязьлітасны гімн амэрыканскаму ладу жыцьця. Абавязкова ёсьць сям\`я й яе каштоўнасьці, абавязкова маецца на ўвазе Бог (як справядлівы судзьдзя), абавязкова прамільгне ў кадры амэрыканскі сьцяг.
Але, як бы да Амэрыкі ня ставіліся, галівудзкае кіно нарасхват. Яго глядзяць у Расеі і Беларусі, у Швэцыі й Ірляндыі, у камуністычным Кітаі й тэакратычным Іране. І нават «Дзень незалежнасьці» Роланда Эмэрыха, дзе амэрыканскі прэзыдэнт узначальвае паветраныя сілы Зямлі супраць іншаплянэтнікаў — ня выклікае нуды.
А вось на якісьці «07 мяняе курс» не загоняць нават расейскіх школьнікаў.
Амэрыканскае масавае кіно — гэта адкрытае кіно ў адкрытай прасторы. Расейская «патрыятычная» вытворчасьць — гэта кіно ізаляцыянізму, якое ёсьць цалкам лякальнай зьявай. Пазычаюцца прыёмы й формы, але натужліва-пустыя пасланьні «1612» і «Антынаркаты» (Антидури) не кранаюць.
У галівудзкім кіно ёсьць унівэрсальны чалавек, які дзейнічае. Можна атаясаміцца з былым паліцэйскім, які хвалюецца за скрадзеную дачку, паспачуваць хатняй гаспадыні, якая згубіла мужа, зьлякацца з падлеткам, які знайшоў закінутым доме нештака страшнае. «Патрыятычныя знакі» ня ёсьць зьместам амэрыканскіх карцін, яны зьяўляюцца самі сабой — як звыклыя абставіны.
Зьмест пуцінскага масавага кіно — «патрыятычны знак». Трэба спачуваць «дзяржаўнасьці», хвалявацца за «імпэрскую ідэю» і гушкацца з «саборнасьцю». Не чалавек, а мундзір, не герой, а пасада, не ўласная воля, а чыноўная служба.
Спасылкі, што амэрыканцы — індывідуалісты, а рускія — «саборныя» — не пасуюць. Японія, Кітай, Карэя — краіны з канфуцыянскай (калектывісцкай!) культурай. Але японскія жахі й баевікі, ганконскія фільмы кун-фу, жорсткія карэйскія стужкі пераўзыходзяць «Антыкілераў», «Ваўкалакаў», «9 роту» і «Турэцкі гамбіт». У «баявых манахаў Шааліню» і «сямі самураяў» свой статут гонару і свая аўтаномія — якой няма ў «Стацкага дарадцы». Расейскія пэрсанажы ня маюць уласнае волі, акрамя волі крамлёўскіх інстанцый, яны падпарадкоўваюцца, але (як і рэжысэры) — ня вераць таму, чаму служаць.
Нават адмысловыя эфэкты ў «Дазорах» — гэта не забава для гледача, а сур\`ёзная ідэалягічная справа: паказаць, якая Расея «крутая» і таксама можа.
Мэта ізаляцыянісцкага кіно — шыхтаваць, мацаваць, абараняцца ад (заходніх) ворагаў з дапамогай чужых прыёмаў і чужой зброі. Але галівудзкія гарматы ў крамлёўскіх руках пазбаўлены «коду доступу» — і ўзламаць яго немагчыма.
На бадзёра-бязрадасным суседзкім фоне беларускае кіно выглядае яшчэ горш. Гэта ізаляцыянісцкія фільмы, «замкнёныя» нават ад уласнай кінагісторыі.
Нэасталінскую «Радзіму альбо сьмерць» саромеюцца паказваць у кінатэатрах, чаргінцоўскае «Вам заданьне» зрабіла бы фурор на любой сьметніцы — але яно не патрэбнае нават чыноўнікам.
Каб пазбавіцца ад ізаляцыі — трэба адкрыцца чалавеку.
Обсудить публикацию