Днямі на Сацыяльным Маршы дэбютавала ўльтраправая арганізацыя пад назвай «Белая Воля». Некалькі дзесяткаў «белавольцаў» пабіліся са сваімі апанэнтамі з супрацьлеглага лягеру анархістаў. Хто зь іх стварыў патрэбную карцінку для тэндэнцыйных рэпартажаў БТ — цяпер не істотна. Важна іншае: пустая да нядаўняга часу ніша ўльтранацыяналістычных арганізацыяў на беларускім палітычным полі можа неўзабаве быць занятай.
Варта зрабіць агаворку, што ранейшыя праварадыкальныя структуры кшталту прарасейскай РНЕ і нацыяналістычныя «Белы легіён», «Край» не здабылі сымпатыяў прыхільнікаў радыкальнага дзеяньня ў сілу розных прычынаў.
РНЕ захлынулася ў паўкрымінальных разборках і практычна не знайшла ў Беларусі прыхільнікаў расейскага нацыяналізма. Кропка ў справе беларускага аддзяленьня РНЕ была пастаўленая ў 2006 годзе. Тады на сябраў Гомельскай філіі РНЕ камітэт дзяржбясьпекі ўзбудзіў крымінальную справу па факце дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі. Праўда, КДБ так і не прызнала РНЕ экстрэмісцкім аб’яднаньнем, абмежаваўшыся куды больш мяккай фармуліроўкай. Так, улады прадэманстравалі, што дзейнасьць РНЕ у Беларусі непажаданая.
«Белы легіён» і «Край», хоць і мелі выразную прабеларускую скіраванасьць, былі варожымі сыстэме каштоўнасьцяў беларускіх уладаў і малазразумелыя для шэраговых жыхароў краіны з размытай нацыянальнай ідэнтычнасьцю.
Што тычыцца «Белай Волі», ейнае зьяўленьне можна назваць нечаканасьцю. Эпатажны ўдзел прыхільнікаў дадзенай арганізацыі ў пратэстным Сацыяльным Маршы выклікаў большы рэзананс, чым сама акцыя апазыцыі. З гэтага пункту гледжаньня шэсьце групы «Белая Воля» падчас Сацыяльнага Маршу можна сапраўды лічыць «пераможным».
Калі казаць пра ідэалёгію «Белай Волі», то для яе ўласьцівыя папулізм, а таксама спэкуляцыя на тэмы сацыяльных праблемаў — ад нелегальнай міграцыі да падзеньня ўзроўня нараджальнасьці. Натхняльнікі «Белай Волі» вызначылі некалькі патэнцыйных пагрозаў для беларускага грамадзтва: транснацыянальныя карпарацыі, расейскія алігархі, лібэралізм. Як бачым, ідэі не зьдзіўляюць сваёй навізной і цалкам упісваюцца ў схему дзяржаўнай ідэалёгіі.
Для распрацаванай афіцыйнай дактрыны характэрныя часам супярэчлівыя пастуляты. Напрыклад, з аднаго боку, дэкляруецца арыентацыя на інтэграцыйныя працэсы з постсавецкімі краінамі, пераважна з Расеяй, а, зь іншага, абвяшчаецца курс на стварэньне новага грамадзтва, якое пойдзе па асаблівым беларускім шляху.
Альбо яшчэ, за дэмакратычным фасадам хаваецца патрэба ў моцным лідэры, які абапіраецца на маналітны народ, што мусіць падзяляць агульнапрынятыя каштоўнасьці. Супярэчлівыя на першы погляд прынцыпы афіцыйнай ідэалёгіі насамрэч робяць сыстэму дзяржаўнага кіраваньня максымальна ўстойлівай і гнуткай, паколькі дазваляюць кіраўніцтву краіны адносна лёгка манэўраваць у зьменлівых вонкавых і ўнутрапалітычных варунках. Гэта дазваляе ахопліваць і мабілізаваць пры патрэбе шырокія колы насельніцтва Беларусі.
Зрэшты, для ідэалёгіі новага ўльтранацыяналістычнага праекта «Белая Воля» таксама ўласьцівы постмадэрновы набор супрацьлегласьцяў кшталту наяўнасьці ў эмблеме арганізацыі афіцыйнага сьцяга — каляніяльнай спадчыны — і нацыянальнага бел-чырвона-белага штандара. Хоць на афіцыйнай інтэрнэт — старонцы руху выкарыстоўваюцца дзьве дзяржаўныя мовы, але асноўная колькасьць прапагандысцкіх і справаздачных матэрыялаў «Белай Волі», напісаныя на расейскай мове. Стваральнікі ўльтраправага руху адмяжоўваюцца як ад лібэральных апазыцыйных партыяў, так і ад уладаў, калі тыя прымаюць непапулярныя рашэньні кшалту скасаваньня ільготаў. Аднак разыходжаньні з афіцыйнай лініяй — нязначныя, паколькі стратэгічныя мэты (моцная дзяржава, сацыяльная роўнасьць, дэмаграфічная і энэргетычная бясьпека, незалежнасьць ад Захада) радыкалаў з «Белай Волі» і апалягетаў рэжыму супадаюць.
Адсюль вынікае, незалежна ад таго, хто ініцыяваў стварэньне «Белай волі», пастуляты гэтай арганізацыі ўпісваюцца ў сыстэму дзяржаўнай ідэалёгіі і маюць нерасейскую скіраванасьць, а таму могуць быць выкарыстаныя ўладамі.
Вядома, на дадзены момант беларускія ўлады вымушаныя рабіць сымбалічныя саступкі Захаду ў выглядзе дазволу на правядзеньне альтэрнатыўных акцыяў, адкрыцьця ў Менску Прадстаўніцтва Эўракамісіі etc. На гэтым фоне тактыка гвалтоўных разгонаў АМАПам апазыцыйных мерапрыемстваў будзе выглядаць недарэчнай. У такім разе арганізацыі, падобныя «Белай Волі», могуць выконваць функцыю натуральнага стрымліваючага фактара росту грамадзкай актыўнасьці напярэдадні наступных парлямэнцкіх выбараў.
P. S. На Сацыяльным Маршы ролю АМАПу, а менавіта запалохваньне ўдзельнікаў акцыі, сьвядома ці несьвядома выканалі «белавольцы». Такім чынам, у будучым існуе імавернасьць таго, што «Белая Воля» можа выкарыстоўвацца ў якасьці інструмэнта сілавога кантролю. Пры гэтым, улады забіваюць адным стрэлам некалькіх трусаў: дыскрэдытуюць тытульную апазыцыю, зьмяншаюць колькасьць ўдзельнікаў акцыяў праз імавернасьць быць зьбітым ультранацыяналістамі, апраўдваюць разгоны пры канфліктах «белавольцаў» і дэманстрантаў. У выніку, аўтарытарная сутнасьць дзяржавы чарговы раз будзе схаваная пад маскай квазідэмакратыі.
Обсудить публикацию